Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Расейцы пра вайну

За шэсьць з паловай дзесяцігоддзяў пасьля вайны афіцыйная і неафіцыйная расейская гісторыяграфія здавала адну пазыцыю за другой. Спачатку здалі канцэпцыю, паводле якой немцы былі фанатычнымі і недалёкімі дурачкамі, а іхных генэралаў лёгка абводзілі вакол пальца савецкія разьведчыкі з тварам акцёра Кадачнікава. Потым здалі геніяльнага генэралісімуса Сталіна – Хрушчоў гукнуў з трыбуны ХХ зьезду, што “Сталін кіраваў войскамі па глобусе”. Вельмі доўга яны насіліся з “вероломным нападеніем фашістской Германіі на Советскій Союз”. Гадоў пяць-сем таму абвалілася і гэтая фальшыўка. Надта шмат людзей удзельнічала ў падрыхтоўцы савецкага нападу на нямецкія войскі ў траўні-чэрвені 1941 года, яшчэ больш (у Заходніх Беларусі, Украіне і Малдове) назіралі за нябачанай у гісторыі канцэнтрацыяй савецкіх войскаў і тэхнікі зусім блізка ад лініі, што падзяляла саветы ад немцаў. Гэтыя людзі ўжо не хацелі маўчаць. Надзвычай доўга трымалася пазыцыя наконт маласур’ёзнага ўдзелу заходніх саюзьнікаў СССР у вайне і наконт такзванага “другога фронту”. Гадоў 40-45 падсавецкім людзям даказвалі, што “амэрыканцы і брытанцы маршыравалі парадам па Эўропе, а іх сустракалі нямецкія шыхты, гатовыя здацца ў палон”, “на Западе не было настояшчеё войны, товарішчі” і г.д. Недзе пасьля 1990 года дэмагагічную пазыцыю аслабілі, прызналі, што “вайна ўсё ж была і на другім фронце, але там немцы трымалі свае палкі з пэнсіянэраў і хворых”. І вось ужо сёлета на парад у Маскву запрасілі вайскоўцаў з ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі. У цэлым здалі і гэтую пазыцыю. Што ж засталося?

Засталіся дзьве пазыцыі, на якіх расейцы (нават інтэлектуалы, якія ня любяць пуцінізм) зьбіраюцца трымацца насьмерць. Першая зь іх – гэта Сталін, ужо не геніяльны, ужо гад і злачынец, але ўсяроўна “у іканастасе”. Другая – гэта Савецкі Саюз. Нават у пэўныя моманты савецкага пэрыяду часам рабіліся рытуальныя паклоны ў бок нерасейскіх герояў вайны. Былі нават створаны такія шэдэўры, як кінафільм “Бацька салдата” (фільм-казка, але зроблены з вялікім рэспэктам да грузінаў). Апошнімі сярод тых, каго “соізволілі” успомніць, былі беларусы. Васіль Быкаў меў рацыю, калі прызнаваў няўдачнымі ўсе спробы экранізаваць ягоныя творы. Сапраўды ў гэтых фільмах з душы быкаўскіх твораў вырвана самае галоўнае, і пастаўлены яны не на беларускай мове. Паўпраўда так і ня стала кінапраўдай пра беларусаў на вайне.

Я добра памятаю, зь якім размахам у саўдэпіі канца 60-х – пачатку 70-х гадоў дэманстраваўся шыракафарматны сэрыял “Освобожденіе”. Сапраўды, такіх шматлюдных і манумэнтальных кіназдымак яшчэ ня ведаў савецкі кінематограф. Пасярод ідэалізаваных вобразаў вайны ў фільме час ад часу сустракаліся рэалістычныя па драматызму эпізоды. На здымкі мабілізавалі ўсё акцёрства “страны советов”. Грузіны ігралі грузінаў, украінцы ўкраінцаў, армяне армян, нават Гітлера і немцаў – немцы з ГДР. Цэлая сэрыя была прысьвечана апэрацыі “Баграціён”, у выніку якой немцаў выбілі з Беларусі. Акцёры-маршалы нават згадалі пра беларускіх партызан. І вось пачаўся кінашэраг. Савецкія ўступаюць у Бабруйск, насельніцтва сустракае іх кветкамі. Наперад з караваем вызодзіць асоба ў амплуа і грыме “былінного русского старца” і на нейкім белагвардзейскім слэнгу пачынае прамову да чырвонага камандзёра: “Ваше превосходительство, мы истинно счастливы приветствовать вас, извольте откушать…” И далей у тым жа стылі. Аказалася, што мабілізацыя нават на гэтую “чыста беларускую” сэрыю зусім не закранула нашых тэатралаў. Беларускіх акцёраў не пусьцілі нават у эпізоды. А Беларусь здымалі недзе пад Масквой. Вось, напрыклад, ідзе калёна чырвоных танкаў па лясной дарозе. Сустракае беларускіх партызанаў. Партызанскага камандзёра ўдае расейскі акцёр з разанскай фізіяноміяй, які ўсё жыцьцё іграў калгасьнікаў нечарназем’я. Ён крычыць падначаленым па-разанску: “Хлопци, садитесь на танки!” І “хлопци” у пацешных картузах залазяць на машыны вызваліцеляў…

Чаму так? А таму, што брэжнявізм ужо канчаткова выкрэсьліў беларусаў з шэрагу нават падсавецкіх народаў. Менавіта ў той час гэбэ запусьціла ў грамадзтва ідэялагему (як кажа непаўторны Падгол): “Нет такой нации – белоруссы”. Пачуць гэта можна было ня толькі ад стукачоў і агрэсіўна-недалёкіх расейцаў. Гэта нам у твар спакойна і без выкліку казалі прадстаўнікі “чітаюшчей публікі”, маладыя студэнты і г.д. Ім гэта падабалася. У сэнсе кінатрактоўкі працэс гэты знайшоў свой апагей у камэдыі, зьлепленай з БССР-аўскага драматурга Дударава, — “Белые росы”. І тут галоўныя ролі “обрусевшіх руссов” прынялі на сябе запісныя маскоўскія акцёры, мясцовы Гарбук мільгануў у эпізодах. Але пад іронію і гумар канчаткова сфармулявалася: “нет такой націі”. Праз тры гады маскоўцы вачам сваім не маглі паверыць, калі паўстаў Беларускі Народны Фронт, беларусы ўзьнялі над сваімі шыхтамі свой Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Ім дагэтуль ня верыцца. Але гэта іхная праблема. Галоўнае, каб у нас была наша вера.

Ня трэба ўвязвацца зь імі ў спрэчкі, трэба ісьці сваім шляхам. Прадстаўляем вашай увазе артыкул Ігара Далуцкага, апублікаваны ў расейскім інтэрнэт-выданьні Grani. Ru 9 траўня. У тэксьце маскоўца выразна праступаюць дзьве апошнія пазыцыі расейскага імпэрыялізма на тэму мінулай вайны. Яны ўспомняць нават пра “усё чалавецтва”, але не згадаюць пра народы сваёй імпэрыі, якія выратавалі іхную Маскву.

Валеры Буйвал

***

Ігар Далуцкі

Не савецкая Перамога

Самая вялікая хлусьня пра Вялікую Айчынную вайну – гэта тое, што Савецкі Саюз самотны выйграў вайну супраць Нямеччыны. Нават Сталін меркаваў, што Савецкі Саюз самотны супраць Нямеччыны ня выстаяў бы. Перамога, якую дасягнулі ў траўне антыфашыстоўскія сілы, — гэта перамога ўсяе кааліцыі, гэта перамога ўсяго чалавецтва над фашызмам.

Мы ў гэтую перамогу зрабілі істотны ўнёсак. Але ён быў бы значна большы і ахвяры нашы былі б значна меншымі, калі б краінай кіраваў ня Сталін і калі б краіна не была сацыялістычнай.

Таксама зусім відавочна: у 1939-41 гадах, у першы пэрыяд Другой сусьветнай вайны, Савецкі Саюз апынуўся супраць чалавецтва, у той фашыстоўскай кааліцыі, якая адстойвала ідэю перавагі расы, нацыі, а мы ў ёй адстойвалі сваю камуністычную ідэю.

Мы патрапілі ў кааліцыю супраць фашызма зусім выпадкова – Гітлер на нас напаў. Лічбы, якія прыводзяцца як сапраўдныя, накшталт таго, што на нашым фронце зьнішчана да 70 адсоткаў нямецкай тэхнікі, — гэта хлусьня. Але яна лёгка правяраецца.

Напрыклад, большая частка флёту, практычна ўвесь германскі флёт, быў задзейнічаны ў змаганьні супраць нашых саюзьнікаў на акеянах. Немцы ў 43-м годзе з 290 падводных чаўноў страцілі 245. А кожны падводны човен – гэта 28 сярэдніх танкаў. Калі падлічыць, колькі “танкаў” пусьцілі на дно саюзьнікі, патапіўшы падводныя чаўны, атрымаецца прыкладна 7000 танкаў. Для параўнаньня – Нямеччына ў 42-м годзе выпусьціла 6200 танкаў і штурмавых гармат. Гэта значыць, саюзьнікі пусьцілі на дно за адзін год фактычна гадавую вытворчасьць нямецкіх танкаў. Цяпер уявіце сабе гэтыя танкі ў 43-м годзе на Курскай дузе. Калі пачалася бітва, у немцаў было ў два разы менш танкаў супраць нашых, і падчас Курскай бітвы яны зьнішчылі ў чатыры разы больш нашых танкаў, чым страцілі сваіх. Яшчэ б дзьве тысячы танкаў у немцаў, і ўсё б ляснула, яны прарвалі б нашую абарону.

Авіяцыя. Лічбы лёгка праверыць. У Расеі, на ўсходзе, на савецка-германскім фронце загінула траціна лётнага складу нямецкай авіяцыі. Яны ж гінулі ня проста так, яны ж з самалётамі гінулі. Немцы з канца 42-га года большую частку авіяцыі трымалі на захадзе, гэта зразумела – яны ваявалі супраць амэрыканскіх лятаючых крэпасьцяў. А што значыць авіяцыя на захадзе? Гэта значыць, што на ўсходзе немцы трымаюць штомесячна ў 43-44-м годзе 400-600 зьнішчальнікаў. Што такое 400-600 зьнішчальнікаў у немцаў, калі ў нас супраць іх 4-6 тысячаў зьнішчальнікаў? У нас ў 10 разоў болей зьнішчальнікаў, але немцы страчваюць 1300 у сярэднім зьнішчальнікаў, а мы ў 44-м годзе – амаль 12 тысячаў зьнішчальнікаў. І калі б Нямеччына лепшыя свае авіяцыйныя сілы, якія яна трымала на захадзе, кінула сюды, “сталінскія сокалы” зусім бы зьніклі з прастораў радзімы.

А вайна кааліцыйная ішла яшчэ і на Ціхім акіяне. Вось мой бацька вызваляў Кітай, сапраўды вызваляў, і іх сапраўды сустракалі як вызваліцеляў – нашых жаўнераў. Але калі ён прышоў пасьля Сталінграда, пасьля Кёнігсбэрга ў Кітай, яго ўразіла цішыня – аніводнага японскага самалёта. Дзе японская авіяцыя? Яе ўсю зьнішчылі амэрыканцы. Дзе японскі флёт? Ён увесь зьнішчаны амэрыканцамі.

А што такое японскі флёт? Напрыклад, авіяносец. На яго йдзе ў сярэднім 50 тысячаў тон сталі (на цяжкі танк – 50 тон). Уявіце сябе, майго бацьку сустракае тысяча цяжкіх японскіх танкаў. І нічога б мы не зрабілі.

Кожная краіна зрабіла свой унёсак. Спрачацца можна колькі заўгодна, чый большы, чый меншы. У 43-м годзе ў Курску мы разьбілі, мы перамаглі немцаў. Гітлер ня здолеў зьдзейсьніць сваю апэрацыю “Цытадэль”, яна правалілася. Але і нашыя апэрацыі “Сувораў” і “Кутузаў” не завершыліся посьпехам. Немцаў пацясьнілі з флангаў – і ўсё.

Канчаецца 43-ці год, дзе ён канчаецца? На рубяжы Дняпра. Мы Днепр фарсіравалі, Кіеў узялі. Мы ўрэшце пад канец 43-га года, праз два з паловай гады вайны, выйшлі туды, куды немцы дайшлі праз два з паловай месяцы 41-га года.

Сталін у сьнежні 43-га года просіць, каб адкрылі другі фронт. Ён ня можа без другога фронта выйграць. Але ў гэты час немцы ваююць супраць саюзьнікаў на Балканах, немцы ваююць у Італіі, немцаў ужо разьбілі ў Паўночнай Афрыцы, немцы трымаюць паветраную абарону Рэйха, немцы ваююць у Атлантыцы. Гэта значыць, як мінімум чатыры франты існуюць. Немцы трымаюць на захадзе і на поўдні Эўропы траціну сваіх сілаў. Яны там трымаюць амаль увесь свой флёт, яны трымаюць траціну сухапутных сілаў, яны трымаюць прыкладна дзьве траціны сваёй авіяцыі. А Сталін да таго бяздарны, што, калі ў нас у 43-м годзе ёсьць перавага ў сілах і сродках амаль чатырохразовая, мы ня можам наступаць. Вось у чым трагедыя.

І як толькі немцы вымушаны былі перакінуць палову сваіх бранетанкавых рухомых сілаў летам 44-га года на захад, толькі пасьля гэтага завершылася бліскучая апэрацыя “Баграціён”. Але як яна завершылася: мы разьбілі немцаў, але нашыя страты ў людзях – 800 тысячаў супраць 400 тасячаў немцаў.

Цяпер паглядзім: а саюзьнікі нам што паставілі? Яны паставілі 20 тысячаў танкаў. 20 тысячаў танкаў – гэта нашыя страты ў год. Саюзьнікі нам паставілі прыкладна 13 тысячаў самалётаў. Гэта значыць, што цэлы год мы маглі ваяваць на саюзьніцкай тэхніцы. А былі ж і іншыя пастаўкі. Наогул, лэнд-ліз – гэта 11 з лішнім мільярдаў даляраў. Гэта пастаўкі тэхнікі, абсталяваньня, харчаваньня, бензіну… Партызаны рэйкі ўзрывалі, а саюзьнікі нам рэйкі пастаўлялі, мы паравозы не рабілі, а яны нам іх пастаўлялі, у нас не было высокадакладных прыбораў навядзеньня для бамбавікоў – яны нам пастаўлялі. Гэтыя пастаўкі дазволі сэканоміць працу 7-8 тысячаў чалавек. Цяпер складзіце гэтыя лічбы. Саюзьнікі дазволілі нам ваяваць цэлы год. Без іхнай дапамогі мы б проста не пратрымаліся. Саюзьнікі нам сэканомілі ня толькі сілы і сродкі, яны нам цэлы год вайны сэканомілі.

Калі ўсё гэта скласьці і супаставіць, вы ўбачыце, што пакуль мы былі, як нам кажуць, “сам-насам супраць усяе Эўропы”, мы былі здольныя дайсьці да Дняпра і тольку палову захопленых тэрыторыяў вызваліць. Як толькі пастаўкі па лэнд-лізу дасягнулі максімума, здарыўся кардынальны пералом – у адрозьненьні ад таго, што Сталін сьцьвярджаў, і таго, што напісана ў нашай гісторыяграфіі. І зусім не пад Сталінградам здарыўся гэты пералом – хаця гэта і страшная для немцаў параза была, яны былі ў стане яе перажыць.

Мы, Савецкі Саюз, начале са Сталіным такі малы ўнёсак зрабілі таму, што сістэма наша была такая: мы дрэнна жылі, дрэнна працавалі і ваявалі дрэнна. Мой бацька ваяваў з 41-га года, ён 23-га года нараджэньня. Ён шэсьць разоў паранены, тры разы забіты – бабуля тры пахаронкі на яго атрымала. А бальшыня з тых, хто цяпер жывы, гэта тыя хлапчукі, якім было па 17 гадоў – толькі спаўнялася 17 гадоў, іх адразу мабілізавалі. Зразумела, язык не павернецца сказаць, што бацька дрэнна ваяваў. Але ён навучыўся ваяваць пасьля таго, як яго шэсьць разоў паранілі і тры разы забілі. Такіх, як ён, засталося на прыканцы вайны ня больш за тры тысячы чалавек. Вось у іх досьвед зьявіўся, а астатніх ня стала. Таму, як гэта ні сумна, нават навучыўшыся, яны не змаглі б перамагчы самотныя.

Нам трэба гэта зразумець. Нам трэба не спрачацца аб тым, ці месца Сталіну ў іканастасе пасярод ягоных маршалаў. Зразумела, месца. Мой бацька атрымліваў званьні, узнагароды, загады за подпісам вярхоўнага галоўнакамандуючага наркама абароны Сталіна. Сталін ня быў проста галоўнакамандуючым, ён быў старшынём ураду. Сталіна немагчыма аддзяліць ад перамогі і жаўнераў ад Сталіна.

Але нам не аб гэтым трэба спрачацца. Мы не дзякуючы Сталіну і не насуперак перамаглі. Мы далучыліся да мацнейшай кааліцыі, нам проста пашэнціла ў гэтым сэнсе. Пашэнціла, што мы апынуліся на слушным баку. Мы апынуліся на баку чалавецтва. Трэба разьбірацца, якім коштам даліся злачынствы Сталіна, якім коштам далася нам гэтая вайна.

Гэта ня наша перамога – не савецкая. Гэта ёсьць перамога ўсяго чалавецтва над фашыстоўскай кааліцыяй. Вось так я думаю.

Крыніца: http://grani.ru/blogs/free/entries/177848.html

(Пераклад з расейскай)

10/5/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Травень 2010
П А С Ч П С Н
« Кра   Чэр »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024