Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: БЕЛАРУСЬ, УКРАІНА, УСХОДНЯЯ ЭЎРОПА – ТЭРЫТОРЫЯ ГЕНАЦЫДУ У ХХ-м стагоддзі таталітарныя рэжымы Расеі і Нямеччыны забілі дзясяткі мільёнаў людзей мірнага насельніцтва. У Нямеччыне гэта рабілі ў канцэнтрацыйных лягерах сьмерці і часткова ў працоўных лягерах. У Савецкім Саюзе забівалі ў цёмных лясах, у падвалах НКВД, у прыстасаваных пад турмы беларускіх крэпасьцях і замках. Забойствы былі строга засакрэчаныя і да 1988 года пра іх амаль ніхто ня ведаў. Афіцыйна саветы прызналі ГУЛАГ, і гаворка была толькі пра яго. Але ГУЛАГ было сістэмай працоўных лягераў. Пытаньне: дзе дзеліся мільёны людзей, якіх потым не далічыліся народы? Расейскі камунізм трымаўся на НКВД і на хлусьні. Але ў 80-х гадах хлусьня лопнула, і камунізм абваліўся. Тым часам колькасьць забітых у СССР дакладна не падлічана да гэтага часу. Называюць лічбу ад 5 да 70 мільёнаў чалавек, і нават больш. Істотна, аднак, іншае. За часы камуна-савецкай акупацыі (да сьмерці Сталіна ў 1953 годзе), і за часы нямецка-фашысцкага нашэсьця Беларусь, і ў цэлым Усходняя Эўропа (акрамя Расеі) была тэрыторыяй найбольш жорсткіх масавых забойстваў і вырабленага генацыду з абодвух бакоў. Гэтая тэма пачала, нарэшце, дасьледвацца і на Захадзе. Цімаці Снайдэр (амэрыканскі дасьледчык галакосту) сцьвярджае, што эпіцэнтар масавых забойстваў сярэдзіны ХХ стагоддзя ляжыць у Беларусі, Украіне і Польшчы – на тэрыторыі, якую і Гітлер, і Сталін хацелі расчысьціць ад насельніцтва для рэалізацыі сваіх геапалітычных праектаў. У Расеі падчас 2-й Сусьветнай вайны ад рук немцаў загінуў кожны дваццаць пяты цывільны жыхар, на Ўкраіне і ў Польшчы – кожны 10-ы; тым часам у Беларусі – кожны пяты. Пасьля вайны савецкія камуністы называлі лічбу – “кожны чацьвёрты”, негалосна дадаўшы сюды тых забітых беларусаў, якіх зьнішчылі самы перад вайной. Але калі падлічыць беларускія ахвяры, забітыя камуністамі з 1917 года, і скласьці іх з ваеннымі, то атрымліваецца жахлівы лік – каля паловы цывільнага насельніцтва Беларусі. Тое ж самае даводзіць Цімаці Снайдэр, сцьвярджаючы, што “Нямецкія войскі ў 1941-1944 гадах, морачы голадам савецкіх ваеннапалонных, душачы газам габрэяў, расстрэльваючы мірных жыхароў падчас антыпартызанскіх акцыяў, ператварылі Беларусь у мясцовасьць з найвышэйшай сьмяротнасьцю ў сьвеце. Палова жыхароў Савецкай Беларусі на працягу Другой Сусьветнай вайны былі забітыя ці гвалтам выселеныя; нічога падобнага нельга сказаць ні пра адну іншую эўрапейскую краіну”. У гэтай сувязі брытанскі дасьледчык злачынстваў таталітарызму Марк Мазовер ( на якога спасылаецца Снайдэр) адзначыў, што калі Эўропа была ў той час “змрочным кантынентам”, то Ўкраіна і Беларусь – “сэрцам змроку”, уяўлялі суцэльны магільнік. Тым ня менш рускім (у адрозьненьне ад немцаў) удавалася даволі глыбока схаваць сьведчаньні і інфармацыю пра генацыд у Беларусі і на Ўкраіне, прыкрываючыся тэрмінам “сталінскія рэпрэсіі”, ГУЛАГам і разьвенчаным “культам асобы Сталіна”. У 1988 годзе змову маўчаньня ўзарвала адкрыцьцё Курапатаў пад Менскам. Потым была выяўлена “Біківня” пад Кіевам, пачалі друкавацца зьвесткі пра “Галадамор” на Ўкраіне, зьявіліся новыя адкрыцьці ў Беларусі. Мне вядома больш дзясятка расстрэльных месцаў вакол Менска, і нават у цэнтры беларускай сталіцы. Горад-магіла, што стаіць на касьцях і сымвалізуе нашу гісторыю. Як гэта ўсё сталася, — застаецца ў памяці пакаленьняў (якая, на жаль, зьнікае). Дасьледуючы Курапаты, Лошыцу і іншыя мясьціны ў Менску, удалося высьветліць шмат уражваючых фактаў. Але найперш я стараўся знайсьці і апытаць сьведкаў, разумеючы, што час няўмольны, і трэба сьпяшаць. Усе сьведкі адзначалі, што кожную ноч па гарадах і вёсках езьдзілі крытыя машыны-фургоны НКВД (“хапуны”) і забіралі людзей. Сьведка Тацяна Вікенцеўна Матусевіч (1906 году нараджэньня) зь вёскі Зялёны Луг, хата якой стаяла пры дарозе на Курапаты, успамінала, што перад вайной на расстрэл вазілі цэлымі днямі безь перапынку, машына за машынай. У гэта час, сьведчыла Матусевіч, “хапун” НКВД ноччу прыехаў у іхнюю вёску і забралі 25 чалавек. Людзям не было куды дзецца і куды ўцякаць, бо ўсюды езьдзілі фургоны і ўсюды хапалі. Ацалелыя сьведчылі, што спалі не распранаючыся, чакаючы, што прыедуць забіраць. Высьветлена, што бальшыня людзей не разумела, чаму іх забіраюць і чаму забіваюць. Літаральна ўсе сьведкі з ваколічных вёсак ля Курапатаў, якія на працягу пяці гадоў (з 1937 па 23 чэрвеня 1941 года) кожны дзень і ноч чулі крыкі і словы людзей, якіх расстрэльвалі, а таксама тыя, хто бачылі працэс расстрэлу, — літаральна ўсе адзначалі, што перад сьмерцю, перад расстрэльнай ямай усе задавалі сваім катам адны і тыя ж пытаньні: “За што?”, “За што, у чым мая віна?”, “Скажыце, за што?”. Гэта паказвае на тое, што іх расстрэльвалі без суда. Ці ў іншым выпадку завозілі ў суд, дзе аб’яўлялі толькі прысуд, судовага разьбіральніцтва не было. Ды й немагчыма было пры тым канвееры сьмерці. Сьведка Галіна Сьцяпанаўна Жукоўская зь Менску расказала мне, што калі ноччу фургон забраў яе бацькоў, назаўтра яна кінулася ў НКВД даведацца, што зь імі і за што забралі. У калідорах і ў двары НКВД былі тысячы людзей і дзяцей такіх, як яна. Ёй прышлося некалькі сутак стаяць у чарзе да сьледчага, і нават начаваць у гэтай чарзе на падлозе ў калідоры. Сьледчы ўсім адказваў адно і тое ж (нават у сьпісы не глядзеў): “Десять лет без права переписки”. Потым Жукоўская даведалася, што бацькоў расстралялі ў Курапатах. Усё, што казалі сьледчыя, было звычайнай рускай хлусьнёй. Усіх схопленых расстрэльвалі, але сваякам манілі, каб людзі ня ведалі, што адбываецца. І машына сьмерці круцілася далей. Акрамя таго шырока практыкавалася пазасудовае вынясеньне прысуду, які рабілі так званыя “тройкі” – гэта кампанія з трох партыйных функцыянераў, якіх прызначала камуністычнае кіраўніцтва і надавала ім права выносіць сьмяротныя і іншыя прысуды схопленым людзям. Шмат якія беларусы не знаходзілі ніякага рацыянальнага вытлумачэньня таму, што адбывалася. Сьведка Надзея Апанасаўна Мікуліч (настаўніца з калякурапацкай вёскі Цна) расказвала мне, што калі НКВД прыехаў у яе вёску Малышэвічы пад Слуцкам, то забралі яе бацькоў і яшчэ мноства сялян і настаўнікаў. Сярод іншых схапілі шасьцідзесяцігадовую жанчыну Марылю Шпак. Яна была непісьменная і абсалютна глухая, жыла адна ў пограбе (склепе) ў страшэннай беднасьці, нават хаты сваёй ня мела. Рускія яе катавалі жорстка і з “творчай” выдумкай: сыпалі ў горла пясок, дамагаліся ад яе нейкіх прызнаньняў. Потым, назьдзекваўшыся ўволю, яны стукнулі яе па галаве і забілі. Тыя беларусы, што засталіся жыць, не разумелі зьместу такіх паводзінаў з боку энкавэдзістаў. Неразуменьне выяўлялася, як правіла, сярод людзей, якія ўспрымалі савецкую ўладу не як расейскую акупацыю, а як сваю савецкую беларускую ўладу (фармальна яно так выглядала). З гэтай жа прычыны такія людзі схільныя былі верыць камуністычнай прапагандзе пра барацьбу з “ворагамі народа”, “дыверсантамі”, “трацкістамі” – усім тым выдумкам, што служылі прыкрыцьцём для генацыду беларусаў. Калі нямецкія фашысты забівалі габрэяў, усе габрэі ведалі і разумелі, што іх забіваюць за тое, што яны габрэі. Немцы пра гэта адкрыта казалі. Калі рускія энкавэдзісты забівалі беларусаў, беларусы ня ведалі, чаму, і задавалі пытаньне “за што?”. Наш народ ня мог усьвядоміць сэнс генацыду, ня мог зразумець, што іх забіваюць за тое, што яны беларусы, бо забойцы нічога не казалі, альбо казалі нешта незразумелае пра “ворагаў народа” ды “шпіёнаў”. Вынішчэньне людзей у Беларусі расейскімі бальшавікамі было рацыянальна і адміністрацыйна прадумана, адбывалася метадычна і пад строгім кантролем Масквы. На кожны год у Маскве ствараўся плян для кожнай адміністрацыйнай тэрыторыі ў Беларусі на пастаўку адпаведнай колькасьці “ворагаў народа”. Гэта не было асаблівай таямніцай, бо амаль у кожным міністэрстве быў створаны Аддзел ГУЛАГа, задача якога заключалася ў тым, каб паставіць заплянаваную колькасьць людзей за калючы дрот на патрэбы эканомікі сацыялізма. Таямніцай была толькі заплянаваная колькасьць забойстваў. Гэтым плянам валодала выключна Масква і выключна кіраўніцтва НКВД. Пракуроры, сьледчыя і суддзі ў Беларусі, якія недастаткова шмат выносілі сьмяротных прысудаў, самы траплялі пад расстрэл. Канвеер сьмерці працаваў бязьлітасна. Наркома ўнутраных справаў НКВД БССР Аляксея Наседкіна, які кіраваў расстрэламі ў Беларусі ў 1938 г., самога арыштавалі і расстралялі. (Гэта было звычайнае правіла ў сталінскім СССР.) Але перад расстрэлам ён напісаў запіскі ў турме, якія дзіўным чынам захаваліся, і ў 80-х гадах былі надрукаваныя. (дарэчы, у газэце “Навіны БНФ”). Наседкін пісаў, што кожны дзень у адпаведны час павінен быў паведамляць у Маскву па адпаведным тэлефоне колькасьць расстраляных у Беларусі за “справаздачны” дзень з разьмеркаваньнем па раёнах. Плян на пастаўку “ворагаў народа” на адпаведны квартал, месяц і год спускаўся на кожнага начальніка адміністрацыі (ад вобласьці да сельсавета) і на кожнага кіраўніка партыйнай арганізацыі камуністаў. Сьведкі зь вёскі Цна пад Курапатамі расказвалі мне, што з пастаўкамі ня справіўся аднойчы іхны старшыня сельсавета Цімох Бацян (трэба было здаваць сваіх людзей, і ён выкручваўся). Энкавэдзісты забралі яго, адвезьлі ў Курапаты на край расстрэльнай ямы і, прыставіўшы наган да горла, крычалі: “Давай врагов народа”. Аналіз матэрыялаў археалагічных раскопак, праведзеных намі ў 1988 г., таксама ўскосна пацьвярджае пазасудовую расправу над людзьмі. Археалагічнымі раскопкамі даказана, што магілы былі раскапаныя ў канцы 40-х гадоў, і асноўная колькасьць чалавечых касьцей была выбраная з магіл. Тое ж самае пацьвярджаў адзін са сьведкаў. Рускія энкавэдзісты выдатна разумелі, што яны тварылі ў Беларусі, і стараліся замятаць сьляды. Але — не ўдалося. Расстрэлы людзей энкавэдзістамі ня мелі ніякага праўнага абгрунтаваньня. Адпаведна не выконвалася і “праўная” працэдура. У прынцыпе яе немагчыма было прыстасаваць да масавых забойстваў. Таму рабілася толькі бачнасьць некаторых фармальнасьцяў, а па сутнасьці адбываліся забойствы людзей з палітычнымі мэтамі, зьмест якіх ведалі толькі ў Маскве. Выканаўцы расстрэлаў, магчыма, верылі, што выконваюць волю камуністычнай партыі і ліквідоўваюць “ворагаў народа”. Але (як паказвае вопыт сутыкненьняў з такімі людзьмі) яны былі закончанымі забойцамі, дном чалавечай генэрацыі. Тут у масавым маштабе было зламанае асноўнае права людзкасьці – права на жыцьцё, недатыкальнасьць асобы (што, дарэчы, фармальна было запісана нават у “сталінскай” канстытуцыі СССР (арт. 127). Надзвычай пачварныя формы набыў генацыд беларусаў у гады 2-й Сусьветнай вайны. Масква ськінула на Беларусь ў тыл немцам мноства энкавэдзісцкіх групаў, задача якіх была арганізаваць партызанскія атрады шляхам дэманстратыўнага забойства немцаў каля беларускіх вёсак, з мэтай справакаваць нямецкі тэрор супраць беларускага насельніцтва, каб у выніку яно ўцякала ў лес да партызанаў. Ноччу беларускіх людзей рабавалі і забівалі савецкія партызаны, днём — нямецкія карнікі. З партызанска-энкавэдзісцкіх справаздачаў, якія адсылаліся ў Маскву, вынікае. Што толькі 10 адсоткаў ад агульнай колькасьці забітых партызанамі былі немцы. Астатнія – беларускія настаўнікі, інтэлігенцыя, сяляне, служачыя ў нямецкай адміністрацыі і іншыя беларусы. Летам 1944 года, калі саветы зноў захапілі Беларусь, тысячы беларускіх мужчынаў мабілізавалі на фронт і потым гналі іх у наступ пад нямецкія кулямёты бяз зброі, паставіўшы за плячыма “заградотряды” НКВД. Забітых такім чынам беларусаў сьпісвалі як “загінулых на вайне”. Паўстае пытаньне, чаму расейскія камуністы зьнішчалі беларускі народ, зь якімі мэтамі і навошта? Карэньні гэтай палітыкі сягаюць у гісторыю нашай цывілізацыі, якая існавала паміж двума экспансіямі: усходняй (мангола-маскоўскай) і заходняй (нямецкай). Барацьба нашых продкаў на два канцы заканамерна павінна была прывесьці да аб’яднаньня агрэсіўнай палітыкі Захаду і Ўсходу. Так яно і сталася ўжо ў канцы ХVIII стагоддзя. Далейшы працяг гісторыі – гэта непасрэднае сутыкненьне паміж усходнімі і заходнімі сістэмамі (эканомікамі). Гэта дзьве сусьветныя вайны і вынішчэньне Беларусі (былога Вялікага Княства Літоўскага) з абодвух бакоў. Гітлераўцы мелі два праекты зьнішчэньня людзей у Беларусі, Украіне, Польшчы, Чэхіі і Славакіі. Першы праект – гэта (як яны плянавалі) – “канчатковае вырашэньне габрэйскага пытаньня” (гэта значыць – ліквідацыя габрэяў); і другі праект – зьнішчэньне і анямечваньне славян. Другі праект падзяляўся на два пляны: “плян голаду” (Hungerplan), згодна якога ў Беларусі, на Ўкраіне і ва ўсёй Усходняй Эўропе ў выніку створанага немцамі голаду павінны б былі памерці 30 мільёнаў чалавек. Пасьля гэтага мусіў бы ўступіць у дзеяньне “Generalplan Ost” – плян калянізацыі Ўсходняй Эўропы, які прадугледжваў фізічнае вынішчэньне 50-ці мільёнаў чалавек. (Адзначу, што некаторыя дасьледчыкі сумняваюцца ў існаваньні “Генэральнага пляна Ост”, — пытаньне як бы адчыненае, — але практыка гітлерскага фашызму, гэтак жа як і ленінскага камунізму, гаворыць у карысьць існаваньня такога пляна.) Аналягічны плян адносна Беларусі і Ўкраіны мелі расейскія камуністы. Але крамлёўцы “перагналі” немцаў і пачалі ажыцьцяўляць сваю палітыку яшчэ ў 30-х гадах. Адносна Ўкраіны быў прыняты плян голаду, у выніку якога вымерлае насельніцтва Ўкраіны зьбіраліся замяніць рускімі. Галадамор 30-х гадоў, арганізаваны бальшавікамі, забраў тры мільёны ўкраінскіх жыцьцяў — па заходніх (заніжаных) ацэнках. Украінцы падаюць колькасьць ахвяр каля 10 мільёнаў. Адносна Беларусі, крамлёўцы ўжывалі іншую матрыцу, сфармаваную яшчэ ў ХVII ст. рускімі царамі – фізічнае зынішчэньне насельніцтва, з наступнай русіфікацыяй рэшты жывых беларусаў. Гэтая палітыка прадугледжвала абавязковае вынішчэньне беларускай мовы, культуры, гістарычнай памяці і адукацыі пры наступным засяленьні “вызваленай” тэрыторыі і сацыяльнай сфэры прыбышамі з расейскай Эўразіі. (Дарэчы, антыбеларускі рэжым Лукашэнкі цяпер адкрыта праводзіць такую русіфікацыйную палітыку.) Так званыя “сталінскія рэпрэсіі”, якія адбываліся ў СССР, па колькасьці ахвяраў былі ў 6-7 разоў большыя ў Беларусі і на Ўкраіне, чым у Расеі, бо вастрыём сваім былі накіраваныя супраць беларускага і ўкраінакага нацыянальнага існаваньня. Чым небясьпечны цяпер расейскі камунізм (хаця фармальна ён ужо як бы і не існуе)? Небясьпека ў тым, што галоўная рэпрэсіўная сіла расейскага камунізму, якая здзяйсьняла генацыд, зараз знаходзіцца ва ўладзе ў Расеі і праводзіць аналягічную палітыку кантролю над грамадзтвам, якую праводзілі камуністы (у тым ліку і міжнародную палітыку). Вынікам гэтай палітыкі ёсьць унутраная акупацыя Беларусі і падтрымка Расеяй прамаскоўскага пра-кагэбісцкага і антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі. Нешта падобнае, як на Беларусі, рускі гэбізм хоча ўсталяваць на Ўкраіне, на Каўказе і ў іншых месцах сьвету. Рускі гэбізм – гэта абсалютная ўлада КГБ у Расеі, дзе КГБ(ФСБ) выступае як галоўная палітычная сіла, як супэрпартыя, якая зьяўляецца адначасна дзяржаўнай структурай, што сканцэнтравала ў сваіх руках усю ўладу і кантроль над грамадзтвам. Ідэалёгія і мэтодыка гэтай супэрпартыі ёсьць КАМУНІЗМ (хоць слова гэтае не называецца). Яна рэалізуе культ Сталіна, культ НКВД і савецкую гісторыю, зрабіла гімн СССР дзяржаўным гімнам сваёй улады. У дзеяньнях і ўнутраным разьвіцьці “супэрпартыі” мы назіраем сімбіёз камуністычных і фашысцкіх прынцыпаў, адбываецца фашызацыя яе камуністычнай ідэалёгіі на аснове прэтэнзіяў і інтарэсаў рускага імпэрыялізму. Небясьпека расейскага таталітарызму застаецца. Сьвет павінен супрацьстаяць гэтай небясьпецы супольнымі сіламі. Грамадзтва Ўсходняй Эўропы мусіць разьвітацца з метастазамі камунізму. Палітыка масавых зьнішчэньняў людзей, якую праводзіў Савецкі Саюз у 1920-50-х гадах ва Ўсходняй Эўропе (і найперш – у Беларусі і на Ўкраіне), павінна быць прызнана генацыдам супраць народаў і злачынствам супраць чалавецтва. 18 лютага 2010 г. Зянон ПАЗЬНЯК 11/6/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |