Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: УСТАНОЎКА ДЭКАРАЦЫЯЎ

(Выступ на чэрвеньскім Сойме Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

У жніўні 2005 года, перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі (2006 г.) і антызаконным трэцім тэрмінам А. Лукашэнкі, Масква стварыла вядомы плян падтрымкі рэжыму (плян Паўлоўскага) з удзелам падстаўных так званых “двух апазыцыйных лідэраў”. Плян быў выкананы дакладна. Наша спроба перакуліць яго канцэпцыяй Народнага галасаваньня была спаткана адкрытым ужываньнем сілы і афіцыйнымі ўльтыматумамі. Усё гэта пацьвердзіла, што пры існуючай дыктатуры любая форма выбарчай барацьбы шляхам удзелу ў выбарах, практычна, немагчымая.

Адзначым істотны момант у крамлёўска-лубянскай тактыцы тайнага ўдзелу ў беларускіх выбарах, пачынаючы з 1994 года. Робіцца стаўка на генэральную фігуру і адначасна ствараецца яму свая ж альтэрнатыва. Абодва кандыдаты-прэтэндэнты павінны быць (абавязкова!) залежнымі ад спэцслужбаў.

У 1994 годзе стаўка была зроблена на Кебіча (прэм’ер-міністар ураду і афіцэр КГБ з правам нашэньня мундзіру). Адначасна яму ствараецца свая альтэрнатыва (А. Лукашэнка), якая павінна была дзейнічаць на пратэстным полі кандыдата БНФ. Такім чынам барацьба супраць кандыдата БНФ вялася з двух бакоў (што пацьвердзіў потым Кебіч у сваіх успамінах).

Перавага крамлёўскай альтэрнатывы дазволіла Маскве скарэктаваць тактыку, адмовіцца ад Кебіча і канчаткова паставіць на Лукашэнку. Дададзім, што пасьля 1-га туру з нашага боку Кебічу быў прапанаваны шанц не пусьціць Лукашэнку, але ён, параіўшыся “зь кім трэба”, адмовіўся ад яго.

Аналягічная парадыгма дзейнічала і на выбарах 2001 года. “Альтэрнатыве” (былому члену бюро ЦК КПБ-КПСС і залежнаму ад спэцслужбаў Уладзімеру Ганчарыку) Масква абяцала поўную падтрымку. Але потым спыніла яе, бо сытуацыя “элегантнай перамогі” патрабавала толькі прысутнасьці фармальнага статыста (што Ганчарык і адрабіў).

Схема 2006 года прайшла па прынцыпу імітацыі “сапраўднай альтэрнатывы”, хоць сэнс і вынік яе быў зразумелы адразу. Нечаканасьцяў не павінна было стацца, бо альтэрнатыва “двух лідэраў” была падабраная адпаведна абавязковых крамлёўска-лубянскіх патрабаваньняў.

Асаблівая шкоднасьць гэтага пляна і ганебная роля “абодвух лідараў” выявілася ў тым, што вялікая колькасьць беларусаў шчыра паверыла ім і гатовая была змагацца, нават ісьці на ахвяры. У выніку згодніцкай дзкйнасьці “лідараў” і спусканьня пратэсту на тармазах, у людзей зьявілася вялікае расчараваньне і нявера ў барацьбу.

Па якой схеме рэжым будзе рыхтаваць выбары 2011 года і як стане на іх уплываць Масква – можна прадбачыць. Па адпрацаванай схеме. Гэта значыць абавязкова будзе імкнуцца сфармаваць тут сваю альтэрнатыву з асобы, залежнай ад КГБ-ФСБ (іншае выключаецца). Якую ролю будзе адыгрываць альтэрнатыва – пасыўную, актыўную ці рэальную – усё будзе залежыць ад пастаўленай задачы. Тактычная (але неабавязковая) ўмова – лубянская альтэрнатыва мусіць быць падтрымана існуючай падстаўной апазыцыяй і ісьці пад яе шыльдай. Гэтае пытаньне (пры неабходнасьці) Масква вырашае адным прыёмам – грашыма.

Пастаўленую задачу Крэмль цяпер голасна паўтарае – ён, маўляў, падтрымлівае Лукашэнку. Сцьвярджэньне адпавядае сапраўднасьці. Але альтэрнатыву Лубянка рыхтуе больш сур’ёзную. Адпаведна, можа быць і больш сур’ёзнае яе выкарыстаньне. Аб гэтым можна меркаваць па каласальнай суме грошай, якія ўкідваюцца ў прамаскоўскую падрыхтоўчую акцыю на Беларусі пад назовам “Говори правду”. Першы транш — дзесяць мільёнаў даляраў (як стала вядома з публічных заяваў некаторых апазыцыйных асобаў), цяпер актыўна выкарыстоўваецца.

Зьвяртае на сябе ўвагу хуткасьць, зь якой былі “арганізаваныя” структуры “Говори правду” па Беларусі (офісы, людзі і г. д.), а таксама мэтады дзейнасьці, у корані не характэрныя для грамадзкай арганізацыі. За кароткі час былі падкупленыя журналісты мясцовых і раённых газэтаў з пастаўленай задачай даваць інфармацыю пра “Говори правду” (прытым ня важна якую, станоўчую ці адмоўную). Такія дзеяньні такога размаху ў таямніцы не існуюць. Месячная даўка журналісту – 200 даляраў, плюс 400 уступных (за прадажнасьць).

У Беларусі 120 раёнаў. Тэхналягічна, каб навязаць кантакты з журналістамі па ўсёй краіне і ажыцьцявіць хабарніцкую акцыю, патрэбна было б вельмі шмат часу, наяўнасьць шчыльных разгалінаваных структураў па ўсёй Беларусі і наяўнасьць людзей, здольных на крымінал, якія не баяліся б “адказнасьйці”. Тут жа — усё адбылося хуценька, на працягу некалькіх тыдняў. Пытаньне амаль рытарычнае: якія людзі і якія структуры былі ў гэтым задзейнічаны?

Мэтады дзейнасьці і каласальная першая сума, адпушчаная на гэтую справу, дазваляе прадбачыць яе ў разьвіцьці. Бо калі здолелі падкупляць журналістаў, то здолеюць папрацаваць у гэтым стылі і ў выбарчых камісіях. Тым больш, што расейскі крымінальны вопыт пад бокам.

Выглядае, што “траянскі конь” “Говори правду” – ініцыятыва з двайным прыкрыцьцём: прыкрыцьцё выбарчай структуры і прыкрыцьцё маскоўскай палітыкі. Акрамя ўсяго — гэта русіфікацыйная кампанія.

Невыпадкова, што “Говори правду” абапіраецца на прамаскоўскую партыю АГП (Лябедзька). Тым часам у самой АГП у сувязі з гэтым выявіліся цікавыя нюансы. Зьявіўся невядомы раней чалавек Андрэй Дзімітрыеў, які адразу пачаў адыгрываць ключавую ролю і ў АГП, і ў “Говори правду”. У “Говори правду” ён зьвязаны з фінансамі, у АГП стаў кіраваць справай міжнародных дачыненьняў і дамогся выстаўленьня Яраслава Раманчука на кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі.

Зьява з такімі дзеячамі, якія ўзьнікаюць нямаведама адкуль, увогуле стандартная, тым больш, што вылучэнец Я. Раманчук цалкам адпавядае схеме і патрабаваньням крамлёўска-лубянскай альтэрнатывы.

Крэмль выкарыстоўвае выбары і стараецца загнаць свайго васала і “саюзьніка” Лукашэнку ў кут, каб забраць нашу эканоміку і народную маёмасьць. (Ратуючы сваю ўладу і скуру, Лукашэнка ўсё аддасьць.) Маскоўцам патрэбны такі кіраўнік улады ў Беларусі, якога яны будуць трымаць за горла. Але на гэты раз магчымасьць зьмены дэкарацыяў Масква разглядае больш сур’ёзна, улічваючы працэс страты падтрымкі рэжыму ў беларускім грамадзтве. (Сытуацыя крыху падобная, як з Кебічам у 1994 г.) Абодва варыянты (стандартны і альтэрнатыўны) выгадныя Маскве. Цяпер становішча набліжаецца да той мяжы, калі зьмяняюцца прыярытэты, і перавага можа хіснуцца ў бок перамены дэкарацыяў. Невыпадкова агентура ўжо пачала казаць “абы не Лукашэнка” (успомнім ранейшае: “абы ня Кебіч”).

Для таго, каб у выпадку становішча “ІКС” ня даць магчымасьці Маскве рэалізаваць сваю “перамогу” над сваім рэжымам і зьмяніць стаўленьніка на іншага (гэтак сама як для таго, каб не дазволіць рэжыму легітымізавацца і зрабіць “элегантную перамогу”), патрэбна адзінае дзеяньне беларусаў – байкот. Гэта значыць ня даць магчымасьці выкарыстаць беларусаў ні рэжыму, ні падстаўной апазыцыі разам са стаўленьнікамі. Ініцыятыва ў гэтым выпадку будзе пераходзіць у рукі беларускіх людзей. Прадугледжваецца новая якасьць барацьбы, якая вылучыць беларускую альтэрнатыву ўсяму гэтаму рэжымна-маскоўскаму і “апазыцыйнаму” маразму, які яны разам стварылі на Беларусі.

Мы павінны ўлічваць, што наша народная партыя Беларускі Народны Фронт (КХП-БНФ) – адзіная, якая рэальна выяўляе зараз інтарэсы і настрой грамадзтва. Дзесяць гадоў асьветніцкай працы не прапалі дарма. Галоўная наша праца цяпер – арганізацыя і прапаганда байкоту. Людзі самы прышлі да такой высновы і ўспрынялі добрыя ідэі, як свае.

Сьцягам і арганізацыйнай формай нашых дзеяньняў павінна быць ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць”.

Гэбізм ёсьць нябачаная раней сістэма ўлады і ўціску грамадзтва. Шмат хто не разумее гэтага і не арыентуецца ў абставінах, альбо, зразумеўшы, кідаецца ў роспач, ня ведаючы, як з тым гэбізмам змагацца. Мы, аднак, ужо шмат што ўбачылі, і галоўнае ёсьць апора, на якую трэба абапірацца. Гэта — наш народ.

13 чэрвеня 2010 г. Зянон ПАЗЬНЯК

14/6/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2010
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024