Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Подзьвіг біблейскага Давіда для многіх пакаленьняў людзей і народаў стаў эталонам мужнасьці і духоўнай сілы. Літаратары, скульптары і жывапісцы на працягу стагоддзяў зноў і зноў зьвярталіся да вобраза юнака, які адзін выйшаў перад шыхтамі і трапным ударам забіў гіганта Галіяфа, які насьмяхаўся над ізраільскім войскам, што складалася з земляробаў, пастухоў і рамесьнікаў. Натхнёныя сьмелым учынкам маладзёна, ізраільцяне разграмілі ворагаў, што значна перавышалі іх колькасьцю, прафэсіяналізмам і якасьцю ўзбраеньня. Дух перамогі быў мацнейшы за рацыянальныя калькуляцыі і імпэрскую пыху агрэсараў. У беларусаў быў свой Давід – князь Давыд Гарадзенскі. Ён кідаў, як рыцарскую пальчатку пад ногі ворагам, свой іррацыянальны выклік: “Нас мала – літасьці не чакайце!” І беларусы перамагалі, гналі чужынцаў са сваёй зямлі. Часам такія падзеі ў гісторыі ўспрымаюцца сучаснікамі як цуд. Яны так і застаюцца ў біяграфіі чалавецтва зьявай з арэолам надзвычайнага. Напрыклад, “Цуд над Віслай” – разгром маскоўска-бальшавіцкай агрэсіі ў 1920 годзе на подступах да Варшавы, калі ўжо ўвесь сьвет унёс Польшчу ў сьпіс ахвяраў монстра “сусьветнай рэвалюцыі”. Увесь сьвет, але не самы палякі, якія не пагадзіліся са сваёй паразай. Пагроза нацыянальнай катастрофы выклікала ў палякаў не здранцьвеньне і адчай, а ланцуговую рэакцыю народнай салідарнасьці. З усяе краіны на фронт ішлі тысячы дабраахвотнікаў. Народ не хацеў вяртацца ў маскоўскі палон, не лічыў цемру маскоўскай арды, не баяўся яе. Ленінская хунта ў Крамлі доўга яшчэ не магла зразумець, што адбылося, калі “пралетарыі” пад камандваньнем Тухачэўскага і Сталіна панічна пабеглі на Усход пад ударамі дубіны народнай вайны. Праз дваццаць гадоў (у 1939-40 гг.) маленькая тэрыторыяй і колькасьцю насельніцтва Фінляндыя паўтарыла гэты цуд у змаганьні супраць маскоўскага Галіяфа. Яшчэ старажытныя заўважылі, што стан грамадзтва і дзяржавы вызначаецца не колькасьцю войскаў і нават не сумарным валавым прадуктам. На вачах уражаных сучасьнікаў валіліся пад цяжарам геданізма і дэмаралізацыі велічныя і магутныя імпэрыі, якія скарылі народы і тэрыторыі і зьбіраліся існаваць яшчэ тысячагоддзі: Вавілон, Асірыя, фараонскі Эгіпет, Рым… Здавалася, што іхныя сацыяльна-эканамічныя мэханізмы функцыянавалі задавальняюча, эліты карысталіся вынікамі працы арганізаваных натоўпаў рабоў, штодзённае жыцьцё рабаўладальнікаў і сталічнага охласа праходзіла ў вытанчанай асалодзе і вычварэнскіх забавах. І раптам усё ператваралася ў руіны пасярод пышнай гулянкі. Зло, якое імпэрыя тварыла над народамі, вярталася ў самае сэрца імпэрыі. Гігант на гліняных нагах падаў і разьбіваўся на аскепкі. І наадварот, растаптаны, загнаны ў кут народ, ад якога ўсе адвярнуліся і сьпісалі яго ў шлак гісторыі, уздымаўся, выпрастоўваўся, граміў ворага-забойцу і ратаваў сябе ад пагібелі. Усё велічнае і ўзьнёслае ў існаваньні чалавечай цывілізацыі ёсьць перамогай духа. Пра гэта ведаюць здаўна і самы зьнішчальнікі-акупанты. У цяжкі час, які мы перажываем цяпер, мы павінны ўспомніць, што беларусы – ня першыя ў гісторыі, хто апынуўся ў, здавалася б, безвыходнай сітуацыі. Народы і іх нацыянальныя авангарды ў трагічныя моманты свайго існаваньня ня раз дэманстравалі моц духа і выратоўваліся, перамагалі магутных ворагаў. Каб жыць у сваёй дзяржаве, у сваёй праўдзе, у сваёй культуры. Незнаёмае слова — Воля Рэвалюцыйная Францыя ішла ад паразы да паразы. Увесь 1792 год яе войскі, — слабыя шыхты галодных людзей у парваных мундзірах, — адступалі, а часта беглі ад армій фэадальнай кааліцыі. Вораг займаў гарады і крэпасьці, упэўненым маршам ішоў на Парыж. З апошніх сілаў на шляху агрэсараў трымаўся толькі горад-фартэца Ліль. Бурбонская эміграцыя ўжо рыхтавалася да рэваншу і лютай помсты. Яе агенты расклеілі на вуліцах Парыжа ўлёткі з заявай Бурбонаў, поўнай пагрозаў і зьняваг. Фэадалы разьлічвалі, што народ напалохаецца і пашле насустрач прускіх “вызваліцеляў” парляманцёраў з прапановай дабраахвотнай здачы ў палон. Але атрымалася наадварот. Правакацыйная заява вытураных гаспадароў краіны выклікала ўздым рэвалюцыйнага патрыятызму і жаданьне біць ворага. Паўсюль юнакі і мужчыны зьяўляліся на рэкруцкія пункты, што зьмяшчаліся проста на бруку плошчаў і вуліц, і запісваліся ў палкі. 20 верасьня 1792 года прусакі ўбачылі перад сабой французкія шыхты, якія стаялі на ўскраіне вёскі Вальмі. Зладжаная ваенная махіна маршыравала прускім крокам насустрач новым, ледзь абучаным рэвалюцыйным войскам. Генэралы школы Фрыдрыха разьлічвалі ў чарговы раз лёгка патрэніравацца на парыжскіх аматарах. У ранішнім тумане перад французкімі шыхтамі адбыўся нейкі рух. Гэта генэрал Шарль-Франсуа Дзюмур’е выехаў на кані перад жаўнерамі, ўзьняў высака над галавой сваю афіцэрскую шапку на шаблі і крыкнуў: “Vive la liberte!” З-за вэлюма тумана немцы пачулі аглушальны крык тысячаў людзей: “Vive la liberte!” (“Жыве Воля!”). Яны не зразумелі таго, што крычалі французы. І не таму, што словы былі па-французку. Рабы пад камандай рабаўладальнікаў, дрэсіраваныя палкай халопы ня здольныя былі скеміць, які адказ даваў французкі народ тым, хто хацеў вярнуць яго ў прыгон. У гэты дзень рэвалюцыйныя палкі стаялі непахісна, як мур. Пруская артылерыя спрычыняла сваім агнём сур’ёзныя страты. Некаторым французкім афіцэрам здавалася, што ўчорашнія рэкруты вось-вось пакідаюць зброю і пачнуць уцякаць, хавацца ад карцечы і ядраў. Але людзі зацята стаялі на сваіх пазіцыях і стралялі па нямецкіх шыхтах, якія здаваліся незьлічонымі. Праз некалькі гадзінаў бою прусакі так і не змаглі наблізіцца да французаў і распачаць бліжні бой. Іхныя генэралы разгубіліся і загадалі трубіць адступленьне, якое адразу ператварылася ў хаатычныя ўцёкі з тысячамі жаўнераў, памерлых ад дызэнтэрыі і голаду. Французкая перамога была настолькі сэнсацыйнай, што журналісты і камэнтатары адразу ж пачалі шукаць нейкую містычную яе прычыну. Была створана нават анэкдатычная легенда аб тым, што французам дапамог тэатральны хітрык. Маўляў, напярэдадні бітвы ў штаб-кватэры прускага караля Фрыдрыха Вільгельма ў Вэрдэне зьявіўся таямнічы госьць, гэткі “цень бацькі Гамлета”. Прывід прадставіўся духам дзядзькі караля — Фрыдрыха Вялікага і зрабіў маналог голасам памерлага манарха. Цень заклінаў караля не ісьці на Парыж, дзе яго чакае пагібель і г.д. На самай справе дэкламацыю ў грыме рабіў вядомы парыжскі акцёр Флёры, які з посьпехам ствараў вобраз Фрыдрыха на парыжскіх сцэнах. Уражаны прадказаньнямі, забабонны прускі начальнік не паслаў галоўныя сілы пад Вальмі, дзе ягоныя падначаленыя нібыта “абмежаваліся некалькімі дэманстрацыямі, замест сапраўднай атакі”. Увесь ход далейшай ваеннай кампаніі абвяргае гэтую містыку. Французкія войскі далёка перад сабой пагналі інтэрвэнтаў, а ў наступным годзе на раўніне ў Нідэрляндах нават разьбілі расейскі экспэдыцыйны корпус. Эўропа, якая жыла ўчорашнім днём, не магла зразумець (як не зразумелі гэтага і нямецкія вайскоўцы), за што можна змагацца ня гледзячы ні на што. Не зважаючы на невыгодныя суадносіны сілаў, колькасьці і якасьці зброі, майстэрства афіцэраў і г.д. Яны ня ведалі, што значыць змагацца за Волю. “Бог разам з трывалымі…” Ішла першая сусьветная вайна. Асманская імпэрыя ўступіла ў гэты няшчасны для яе канфлікт пад ціскам свайго галоўнага хаўрусьніка – кайзэраўскай Нямеччыны. Турэцкія караблі абстралялі чарнаморскія порты расейскай імпэрыі. Заходнія саюзьнікі пачалі распрацоўку ваеннай апэрацыі з мэтай хуткага разгрому Турцыі. Аўтар праекту Першы лорд Адміралцейства Уінстан Чэрчыль меркаваў, што саюзны флёт прарвецца праз пратокі Баспор і Дарданэлы і забясьпечыць захоп асманскай сталіцы Стамбула (які эўрапейцы традыцыйна называлі па-візантыйску Канстанцінопалем). Пасьля падзеньня сталіцы ўся імпэрыя павінна была рассыпацца. Для ўдзелу ў сухапутных апэрацыях запрасілі грэкаў, паабяцаўшы аддаць элінам Канстанцінопаль. Грэцкі манарх выказаў згоду. Але з гэтага нічога ня выйшла, бо Мікалай ІІ Раманаў наладзіў шумны скандал і запатрабаваў, каб Канстанцінопаль аддалі яму. На фоне гэтага скандалу брытанцы распрацоўвалі плян апэрацыі. Штабісты падлічылі паводле разьведдадзеных, колькі батарэяў знаходзіцца на берагах пратокаў. Яны ведалі, што большасьць з гарматаў была састарэлых мадэляў і што гарматаў было няшмат. Вырашылі, што флёт дасьць рады з самастойным прарывам на Канстанцінопаль. Туркі заўважылі канцэнтрацыю брытанска-французкага флёту паблізу ад сваіх пратокаў. У Стамбуле пачалася ўсеагульная паніка. Людзі тысячамі пакідалі горад. Разьнесьліся чуткі, што эўрапейцы ўжо падступаюць да сталіцы. Эвакуяваліся міністэрствы і чынавенства. Пачалося мініраваньне ключавых аб’ектаў ў горадзе. Замініравалі і гатовыя былі ўзарваць нават знакаміты візантыйскі храм Св. Сафіі (6-е стагоддзе). Аднак, калі 18 сакавіка 1915 года, эўрапейскі флёт увайшоў у Дарданэлы, на турэцкіх батарэях не было ніякай панікі. Калі пачаўся бой, германскія афіцэры (якія на працягу гадоў рыхтавалі турэцкую армію) аслупянелі ад відовішча, якое разгарнулася перад імі. Пазьней у сваіх рэляцыях у Берлін яны пісалі пра “стан трансу, які ахапіў турэцкіх вайскоўцаў”. Жаўнеры і афіцэры ў фесках не схіляліся пад выбухамі і аскепкамі, не баяліся сьмерці, арганізавана ўвіхаліся каля гарматаў. На кожнай батарэі стаяў імам у яркім халаце і пасярод грукату боя пранізьлівым голасам сьпяваў суры Карана: “Чым бы вы ні ахвяраліся дзеля Божага шляху, вам за гэта будзе ўзнагарода… Прарок! Натхняй вернікаў на бітву. Калі будзе вас дваццаць чалавек трывалых, яны перамогуць дзьвесьці. Калі будзе вас сто, яны перамогуць тысячу няверных… Калі будзе вас тысяча, яны, з ласкі Божай, перамогуць дзьве тысячы. Бог разам з трывалымі ў бітвах”. Натхнёныя верай жаўнеры ведалі, што ад іх залежыць лёс сталіцы і ўсяе Турцыі. З сваіх састарэлых гармат яны патапілі флагманскі французкі карабель разам з французкім адміралам і ўсёй камандай і сьмяротна пашкодзілі два вялікіх брытанскіх судна. Лёндан высадзіў на паўвысьпе Галіпалі, якая кантралюе пратокі, вялікі дэсант. Але там яго сустрэлі турэцкія войскі, якімі камандваў генэрал Мустафа Кемаль, будучы Ата-цюрк (Бацька турак) – лідэр нацыянальнага адраджэньня турэцкага народу. Лідэр таксама ўмеў натхняць жаўнераў і весьці іх да перамогі. Пасьля некалькіх месяцаў цяжкіх баёў эўрапейцы пакінулі Галіпалі, апэрацыя правалілася. Чэрчыль хадзіў па Адміралцейству спалатнелы і разгублены, як ніколі. Міколка Раманаў застаўся без Канстанцінопаля. Эўрапейскія стратэгі вымяралі сілу турак паводле калібраў гармат, запасаў амуніцыі і настрояў у міністэрствах. Падчас штабных абмеркаваньняў яны аніразу не згадалі пра нацыянальную і рэлігійную традыцыю народу, пра патрыятызм турэцкага жаўнера, які гэтым разам змагаўся не за імпэрскія валадараньні султана, а за сваю родную зямлю і за сваю сям’ю. Штабная арыфмэтыка аказалася бязмоцнай ў сутыкненьні з духоўнай субстанцыяй, якая стала матэрыяльнай сілай. Абісінскія львы Прыказка “Ніхто не хацеў паміраць за Гданьск” стала ўнівэрсальнай формулай фальшывага міралюбства высокаразьвітых грамадзтваў, якія спадзяваліся адкупіцца ад цынічных і нахабных фашыстоўскіх агрэсараў коштам слабейшых краінаў, пакінуўшы іх сам-насам з захопнікамі. Але гэтая формула ўзьнікла не адразу, у 1939 годзе, калі на Польшчу напалі фашыстоўская Нямеччына і камуна-фашыстоўскі СССР, а заходнікі наладзілі фашыстам “дзіўную вайну”, больш падобную на шоў у пацешных строях. Нескладаную тэарэму міжнароднай здрады заходнія дэмакратыі выводзілі на працягу ўсіх 1930-х гадоў, робячы саступку за саступкай Гітлеру, Мусаліні і Сталіну, у спадзяваньні, што дапежнікі праглынуць чарговую ахвяру і заспакояць урэшце свае апэтыты. “Аншлюс” Аўстрыі, акупацыя Чэхаславакіі пасьля ганебнай Мюнхенскай змовы 1938 года паміж фашыстамі і заходнімі дэмакратыямі былі крокамі да сусьветнай вайны, якая абрынулася на народы, падманутыя хітрамудрымі чэмбэрленамі. Але міжнароднае злачынства, якое паспрыяла ўзмацненьню фашыстоўскіх агрэсараў, мела сваім першым актам трагедыю Абісініі (як называлася раней Эфіёпія) у 1935 годзе. Мусаліні пераканаў італьянскае грамадзтва, што Італія нічым ня горш за іншыя сусьветныя імпэрыі і павінна ўзбагаціцца заморскімі калёніямі. Імпэрыялісты ўжо захапілі ў 1920-я гады Лівію і заплянавалі падпарадкаваць адзіную афрыканскую краіну, якая не была пад каланіяльным прыгнётам эўрапейцаў, — Абісінію. Італьянцам хацелася рэваншу за паразу ў бітве пры Адуа (1896 г.), дзе абісінская армія ўшчэнт разьбіла агрэсараў і вытурыла іх з сваёй зямлі. Гэтым разам яны спадзяваліся на лёгкую перамогу над тэхналагічна адсталай краінай. Абісінская армія мела адну гармату і тры кулямёты. Грамадзтва, багатае культурай і традыцыяй, існавала ў стане сацыяльнай летаргіі, спыніўшыся недзе ў сярэднявеччы. Італьянскія войскі маршыравалі да абісінскай мяжы весела і бадзёра. Рымская гэбельсаўшчына актыўна апрацоўвала мясцовую і міжнародную думку, падкрэсьліваючы цывілізатарскі і культуртрэгерскі характар выправы. Маўляў, яны пасунуліся ў Абісінію, каб ашчасьлівіць яе людзей. Але абісінцы не хацелі чужынскага шчасьця. 28 верасьня 1935 года вялікія масы народу сабраліся перад імпэратарскім палацам у Адзіс-Абэбе. Імпэрытар Абісініі Хайле Селасье выйшаў да людзей і зачытаў свой зварот да нацыі. Варта прывесьці тэкст звароту цалкам: “Італія ў другі раз зьбіраецца ўварвацца на нашу тэрыторыю. Настае цяжкі час. Кожны з вас павінен падняцца, узяць сваю зброю і пасьпяшацца на заклік краіны на яе абарону. Няхай душы напоўняцца гневам. Шыхтуйцеся вакол вашых старэйшын, адзінадушна падпарадкоўвайцеся ім і ганіце прэч агрэсара. Вы атрымаеце зямлю ў Эрытрэі і Самаліландзе (правінцыі пад італьянскай акупацыяй – В.Б.). Тых, хто будзе пустошыць краіну і красьці ежу ў сялянаў, будуць хвастаць і расстрэльваць. Тыя, хто па слабасьці здароўя або нямогласьці ня можа браць актыўны ўдзел у сьвяшчэнным змаганьні, павінен дапамагаць нам малітвамі. Увесь сьвет адчувае агіду да агрэсараў, якія напалі на нас. З намі Бог. Усе на бітву. За Імпэратара, за Айчыну!” Народ з энтузіязмам прывітаў імпэратарскі зварот. Большасьць плямёнаў і этнасаў шматнацыянальнай Абісініі накіравалі на змаганьне свае атрады, узброеныя старамоднымі паляўнічымі рушніцамі, дзідамі і доўгімі нажамі. Абісінцы атакавалі “культуртрэгераў” лавінамі, не клаліся пакуль жывыя пад кулямётным агнём. А калі дабягалі да італьянскіх шыхтоў, то секлі акупантаў на кавалкі. Італьянцы не чакалі такой жудаснай вайны. Двойчы італьянская армія была пад пагрозай поўнага зьнішчэньня. Але яе выратавала нежаданьне некаторых племянных лідэраў ваяваць пад цэнтральным камандваньнем. Італьянцы пачалі прымяняць супраць абісінскіх войскаў і мірнага насельніцтва хімічную зброю, іхная авіяцыя беспакарана бамбавала вайсковыя калёны, гарады і вёскі. Эўрапейскія газэты публікавалі паведамленьні з Адзіс-Абэбы: “Ягоная Вялікасьць Імпэратар залез на дах палаца і страляў з пісталета па самалётах ворага, якія атакавалі сталіцу…” Пасьля разгрому арміі і захопу краіны акупанты пачалі зьдзяйсьняць палітыку генацыду абісінскага народу, у першую чаргу зьнішчалі інтэлектуальныя, рэлігійныя і палітычныя эліты. Народ адказаў агрэсарам бязлітаснай партызанскай вайной. Тысячы людзей падаліся ў суседнія краіны, дзе пачалося фармаваньне нацыянальных вайсковых частак для будучага вызваленьня радзімы. Ліга Нацыяў фармальна асудзіла італьянскіх агрэсараў, але “ніхто не хацеў паміраць за Адзіс-Абэбу”. Міжнародная супольнасьць абмежавалася дэкларацыямі і слабымі эканамічнымі санкцыямі ў адносінах да фашыстоўскага Рыму. Усе былі зацікаўлены захаваць сваё спакойнае “статус-кво”. Але ваяваць за Абісінію ўсяроўна давялося. Ужо пасьля таго, як расперазаныя фашыстоўскія агрэсары напалі на заходніх падпісантаў ганебных змоваў. Увесну 1941 года брытанскія войскі з абісінскім авангардам, узброеным і навучаным брытанцамі, разграмілі італьянскіх акупантаў. 26 траўня 1941 года імпэратар Хайле Селасье ўрачыста ўехаў у сваю сталіцу, дзе яго вітаў змагарны народ. А на абшарах сусьветнай вайны ў тыя дні ўсё толькі пачыналася… Сіндром паразы Аб’явіўшы вайну Нямеччыне 3 верасьня 1939 года, Брытанія і Францыя нічога не зрабілі, каб дапамагчы Польшчы, на якую напалі Гітлер і Сталін. Не зрабілі нават масіраваных бамбардовак нямецкіх аб’ектаў і войскаў (тое мінімальнае, аб чым прасілі палякі). На дзіўным фронце дзіўнай вайны на Захадзе стаялі сотні тысячаў жаўнераў, якім не было чым заняцца. За восем месяцаў нічоганерабленьня арміі расклаліся і дэмаралізаваліся. Гэта была маса, ужо ня здольная на сур’ёзны супраціў. Калі гітлерцы ўдарылі па Францыі 10 траўня 1940 года, то пачалася драма нацыянальнай ганьбы французкага народу. Цэлыя дывізіі адыходзілі з ліній абароны, не зрабіўшы аніводнага стрэлу па немцах. Адыходзілі з ліній, якія цягам гадоў пазыцыйнай вайны французы абаранялі падчас І Сусьветнай вайны. На давераных ім пазыцыях быліся да канца толькі часткі чэхаславайкай арміі і Войска Польскага (тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў), якія патрапілі ў Францыю пасьля капітуляцыі сваіх дзяржаваў у 1938-39 гг. Выключэньнем з сумнага правіла была бранетанкавая брыгада палкоўніка Шарля Дэголя (генэралам ён стаў толькі 1 чэрвеня 1940 г.), якая раз за разам урывалася ў нямецкія калёны бліцкрыгу і граміла агрэсараў. Няма нічога выпадковага ў тым, што менавіта Дэголь пасьля разгрому Францыі зьвярнуўся да французаў з Лёндану з заклікам працягваць змаганьне супраць захопнікаў разам з антыгітлерскай кааліцыяй. Марыянэткавы пранямецкі ўрад, якому немцы выдзелілі сталіцу ў курортным горадзе Вішы, абвясьціў Дэголя здраднікам і вынес яму сьмяротны прысуд. Прыстасаванцы зьбіраліся камфортна праіснаваць пад крылом гітлерскага рэйху. Яны адмовіліся перадаць антыгітлерскай кааліцыі французкую эскадру, якая стаяла ў алжырскай базе Мэрс-эль-Кэбір. Каб караблі не захапілі немцы, брытанскі флёт атакаваў і патапіў усю эскадру 3 ліпеня 1940 г. Цяпер у здраднікаў быў аргумант для распальваньня нянавісьці да Дэголя і ягоных брытанскіх саюзьнікаў. Французкую нацыю ахапіла глыбокая дэпрэсія. Разгром у маланкавай вайне, рэжым калабарантаў, абылганы гебэльсаўшчынай генэрал Дэголь, які дзейнічаў на эміграцыі, – усё гэта склалася ў хваравіты сіндром непаўнавартасьці і разгубленасьці пасярод тытанічных падзеяў вакол краіны, у сіндром паразы. З такім сіндромам (які па-майстэрску падтрымлівалі гітлерскія акупанты і іхныя мясцовыя прыслужнікі) народ ня здольны на супраціў. Гэта ёсьць стан прастрацыі, прыстасаванскай пасіўнасьці, поўнай залежнасьці ад лёсу і волі ворага. Сіндрому не паддаліся толькі Дэголь і купка людзей, якія далучыліся да яго з першых дзён стварэньня змагарнай арганізацыі “Вольная Францыя”. З кожным месяцам да арганізацыі і яе арміі далучаліся тысячы французаў, якія бачылі адзіны шлях выратаваньня радзімы – канцэнтрацыю нацыянальных сілаў у замежжы, а потым вызваленьне Францыі разам з антыгітлерскай кааліцыяй. Але і гэтыя патрыёты жылі пад цяжарам сіндрома паразы. На працягу двух гадоў існаваньня арміі “Вольнай Францыі” яны мелі некалькі перамогаў над сіламі рэжыму Вішы ў заморскіх тэрыторыях французкай імпэрыі. Але аніразу не змагаліся супраць немцаў. Саюзьнікі не хавалі зьняважлівых адносінаў да эмігранцкай структуры, увесь час спрабавалі замяніць няўступлівага і прынцыповага Дэголя на нейкую “акцэптабельную і лагодную” асобу, якая выконвала б іхную волю. Дэголь разумеў, што далейшае існаваньне ў такім стане немагчымае. Французы павінны былі вярнуць свой гонар і даказаць здольнасьць змагацца і перамагаць. Момант ісьціны настаў на прыканцы траўня 1942 года, калі Афрыканскі корпус маршала Ромэля ўдарыў па брытанскіх частках у Лівіі і разгарнуў магутны наступ з мэтай поўнага зьнішчэньня брытанскай арміі. Брытанцы пасьпешліва адступалі ў бок Эгіпта. Дэголь зьвярнуўся да Чэрчыля з прапановай, каб французкія часткі выканалі самую цяжкую задачу: прыкрылі б сабой адступленьне ўсёй арміі. Пазыцыі ў раёне аазіса Бір Хакэйм заняў невялікі атрад – 1-я брыгада генэрала Кёніга арміі “Вольнай Францыі”. З 26 траўня па 11 чэрвеня 1942 года 3700 французаў адбівалі атакі 40-тысячнага Афрыканскага корпуса. Увесь сьвет сачыў за няроўным боем Давіда і Галіяфа. Брытанская армія здолела адарвацца ад немцаў і была выратавана. Брытанскія самалёты вывезьлі ўсіх ацалелых французаў з нямецкага акружэньня. Комплекс паразы быў назаўжды пераадолены, больш ніхто не сьмяяўся з французаў. Вызваленьне Парыжа і ўсяе айчыны пачалося з подзьвіга ў пясках Лівійскай пустыні. Зямля абяцаная Амаль два тысячагоддзя таму габрэйскі народ згубіў сваю дзяржаву пад ударамі рымскіх легіёнаў і быў расьсеяны па сьвеце. Яшчэ раней да гэтага зьнікла з грамадзкага ўжытку мова, на якой напісана Біблія. Але ў народа заставалася галоўнае – вялікая духоўная традыцыя (“нішто”, “надстройка” ва ўяўленьні перакананых матэрыялістаў). На прыканцы ХІХ стагоддзя (стагоддзя нацыянальных адраджэньняў многіх народаў) габрэйскія эліты таксама пачалі працу ў адраджэнцкім накірунку. Але ідэалогія і рух сіанізма доўгі час заставаліся дзялянкай, на якой працавалі ў асноўным прадстаўнікі габрэйскай эліты (многія зь іх былі з Беларусі). Першая сусьветная вайна паставіла пытаньне аб ліквідацыі Асманскай імпэрыі і стварэньні новых нацыянальных дзяржаваў на яе руінах. Найбольш пасьлядоўна абгрунтоўваў ідэю стварэньня габрэйскай дзяржавы ў Палестыне Зееў Жабацінскі (1880-1940), выхадзец з Адэсы, выдатны журналіст і літаратар, выпускнік Рымскага ўнівэрсітэта, дзеяч правага сіанізма. Ён зьвярнуўся да ўраду Вялікай Брытаніі з прапановай стварэньня Габрэйскай брыгады ў складзе брытанскай арміі дзеля змаганьня супраць асманаў у Палестыне. Тут спатрэбіўся ягоны досьвед: Жабацінскі быў адным з арганізатараў у Адэсе першага атрада габрэйскай самаабароны (1903 год) на тэрыторыі расейскай імпэрыі, дзе пад патранажам царскіх спэцслужбаў і дзяржадміністрацыі лютавалі тэрарыстычныя “чорныя сотні”. Брытанцы ўзброілі Габрэйскую брыгаду, якая мужна ваявала супраць турак. Аднак пасьля вайны нягледзячы на прыгожыя абяцаньні брытанцы адмовілі габрэям у стварэньні сваёй дзяржавы ў Палестыне і ўзялі тэрыторыю пад свой мандат. Жабацінскі і многія іншыя зразумелі, што з чужой ласкі не атрымаецца адраджэньне ўласнай дзяржавы, што габрэям трэба самым бараніць свае нацыянальныя інтарэсы. На працягу 1920-х і 30-х гадоў Жабацінскі езьдзіў па ўсёй Эўропе і ЗША, выступаў перад габрэйскімі абшчынамі і спрабаваў пераканаць аўтарытэтаў: “Габрэі павінны мець сваю дзяржаву і сваю армію. Наша радзіма – у Палестыне. У Эўропе наступае фашызм, гэта вялікая небясьпека для нашага народу…” Большасьць не ўспрымала ягоныя аргуманты сур’ёзна. Ім было камфортна на кафэдрах, на дырэктарскіх пасадах у картэлях і банках, у сваіх крамах і выдавецтвах у Вене, Мюнхене, Берліне, Рыме, Парыжы. Не хацелася ехаць у пяскі далёкай прарадзімы. Камфортна было не прыслухоўвацца да папярэджаньняў, якія рабіў чалавек, здольны зазірнуць у будучыню. Жахлівыя падзеі Галакоста пацьвердзілі найгоршыя прадбачаньні Жабацінскага. Пасьля заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны ідэя стварэньня сваёй дзяржавы стала набыткам многіх людзей. Ніхто, акрамя іх ня быў зацікаўлены ў рэалізацыі гэтай ідэі на практыцы. Урады Брытаніі і ЗША адкрыта выступілі супраць габрэйскай дзяржавы ў Палестыне, разглядалі гэта як парушэньне статус-кво, выгаднага для іхных інтарэсаў на арабскім Усходзе. Разбураная вайной Эўропа была занята сабой. Улады брытанскага мандата не дазвалялі габрэям вясьці падрыхтоўку да вайны за незалежнасьць. Але народ ужо не пытаўся іхнага дазволу. У падпольлі фармаваліся баявыя атрады габрэйскага апалчэньня, з розных краін штодня прыбывалі ў Палестыну сотні рэпатрыянтаў, якія прарываліся праз брытанскую блакаду і далучаліся да суродзічаў. Ужо ўвесну 1947 года разгарнуліся баявыя дзеяньні паміж габрэйскімі і арабскімі атрадамі. У гэтых драматычных умовах вялікае значэньне мела салідарнасьць габрэйскай дыяспары ва ўсім сьвеце. У сьнежні 1947 года Нацыянальны габрэйскі камітэт паслаў свайго сябру Голду Мэір у ЗША дзеля сбору сродкаў на змаганьне. У сваіх мэмуарах яна апісала свой выступ перад габрэйскай элітай у Маямі: “За вялікімі шыбамі канфэрэнц-залі лагодна шумеў прыбой. На цёплых хвалях вячэрняга мора зьзяла адлюстраваньне месяца. У залі сядзелі багата апранутыя людзі. На жанчынах блішчэлі брыльянтавыя ўпрыгожваньні. Я з трывогай падумала, што можа дарэмна прыехала сюды. Ці зразумеюць яны мяне? Але сабралася з духам і пачала свой выступ. Я гаварыла аб цяжкасьцях і нягодах, якія цярпела наша армія. Аб тым, як на пазыцыях, у пікетах і патрулях мерзнуць нашыя жаўнеры, бо ня маюць зімовай вопраткі. Яны спакойна выслухалі мяне. Потым усе разышліся. На наступны дзень мне перадалі чэк на суму, дастатковую для закупкі васьмі тысячаў шынялёў – на ўсю нашу армію…” У траўні 1948 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку адбываліся гарачыя дыскусіі над лёсам Палестыны, якую пакідалі брытанцы. Для прыняцьця рэзалюцыі аб стварэньні габрэйскай дзяржавы не хапала аднаго голасу. Вырашальным аказаўся голас СССР, які падтрымаў ідэю (саўдэпія разьлічвала атрымаць на Блізкім Усходзе падкантрольную сябе сатэлітную краіну, але, як вядома, моцна пралічылася). З самай яркай у сваёй кар’еры прамовай (няхай сабе і з паперкі) выступіў у Нью-Ёрку вядомы А.А. Грамыка з вёскі Старыя Грамыкі Гомельскага раёну. 14 траўня 1948 года ў Тэль-Авіве была абвешчана незалежная Дзяржава Ізраіль. На наступны дзень шэсьць краінаў Арабскай лігі (Эгіпет, Ірак, Ліван, Савудаўская Аравія, Сірыя і Трансіарданія) абвясьцілі Ізраілю вайну, іхныя арміі пачалі наступ на габрэйскія тэрыторыі. Асабліва цяжкім быў першы пэрыяд вайны, калі ў габрэяў было мала артылерыі і зусім не было авіяцыі. Брытанскі маршал Мантгомэры, які меў вялікі досьвед вайны на Блізкім Усходзе, публічна заявіў, што габрэйскае апалчэньне пратрымаецца ня больш за 15 дзён. Спэцыялісты з Пэнтагона давалі ізраільцянам два тыдні. Сьвет быў уражаны гэтым няроўным змаганьнем, сітуацыя паступова мянялася на карысьць Ізраіля. Брытанцы здалі свой мандат, пасьпяшаліся вывесьці свае войскі з Палестыны і зьнялі блакаду. Габрэі закупілі некалькі нямецкіх самалётаў, якія пачалі эфэктыўна дзейнічаць супраць ворагаў. ЗША пачалі пастаўкі зброі на ізраільскія аэрадромы. Праз паўгода вайны Ізраіль адбіў усе атакі і даказаў сваё права на існаваньне насуперак усім прадказаньням скептыкаў. х х х У найноўшай гісторыі беларускі народ таксама меў свой цуд, у магчымасьць якога ў Беларусі і ў сьвеце верылі нямногія людзі. У жніўні 1991 года пасьля двух стагоддзяў зьнішчальнай расейскай акупацыі была абвешчана незалежная Беларуская дзяржава. Завершылася перамогай змаганьне авангарда беларускай нацыі – Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”, тысячаў ахвярных людзей-фронтаўцаў і невялікай групы фронтаўскіх дэпутатаў у Вярхоўным Савеце БССР (10% ад складу парляманту). Абвалілася савецка-маскоўская імпэрыя, якая зьбіралася існаваць тысячагоддзямі і нават пабудаваць камунізм. Некаторыя недалёкія розумам назіральнікі дагэтуль кажуць, што “дзяржава проста ўпала ў рукі беларусам”. Упэўненасьць, зь якой яны паўтараюць гэты “тэзіс”, становіцца, аднак, зразумелай, калі высьвятляецца, што яны даўно запісаны ў спэцслужбы альбо атрымліваюць свае “ганарары” з Масквы. Але, як слушна напісаў Зянон Пазьняк, “вораг зноў захапіў народную крэпасьць”. Крэмль-Лубянка здолелі ўсталяваць у нашай вызваленай краіне антынародную прамаскоўскую дыктатуру. З 1994 года імпэрскі вораг праз свае структуры ў Беларусі праводзіць палітыку зьнішчэньня ўсяго жывога, нацыянальнага і сьвятога ў дзікім памкненьні падарваць сілы беларускага народу, зганьбіць ягоную душу, давесьці краіну да эканамічнага краху і поўнай залежнасьці ад імпэрскай Масквы. У 1996 годзе імпэрскі вораг паспрабаваў гвалтоўным наскокам ліквідаваць Беларускую дзяржаву і захапіць нашу зямлю. Але беларусы адстаялі незалежнасьць у змаганьні супраць паліцэйшчыны і гэбоўшчыны на вуліцах сваёй сталіцы. Тады вораг зьмяніў тактыку і разгарную паэтапную палітыку русіфікацыі і павольнага здушэньня нацыянальнай культуры, адукацыі, бізнэсу і прамысловасьці. Вынікам гэтай злачыннай палітыкі стала сьмерць 850 тысячаў беларусаў (настолькі зьменшышалася насельніцтва Беларусі з 1994 года), дэмаралізацыя многіх нашых людзей, асабліва маладых, настрой безнадзейнасьці і адчаю, які ахапіў многія душы. Адной з важнейшых мэтаў злачыннай маскоўскай палітыкі стала здушэньне волі да супраціву, для чаго ворагі карыстаюцца самымі подлымі спосабамі інфармацыйнай і псіхалагічнай вайны. Ім важна пераканаць беларусаў, што “беларуская мова ня мае будучыні”, што “без Россіі нікуда”, што мы – талерантныя і слабыя. Усе гэтыя злачынствы Імпэрыя Зла творыць у Беларусі і іншых постсавецкіх краінах на фоне гуманітарнай катастрофы ўласна расейскага народу і заняпаду імпэрскай эканомікі. Масква імкнецца зацягнуць разам з сабой у магілу вызваленыя народы, кінуць іх у свой крывавы разлом. Перакананая ў сваёй перамозе, Масква прыступіла да адкрытага, цынічнага наступу на ўсё беларускае. Ганебная русіфікатарская кампанія “Говори правду” ёсьць знакавай зьявай інтэнсіфікацыі гэтага дэструкцыйнага працэсу. Нашым адказам на імпэрскую агрэсію павінна быць нацыянальная Беларуская Салідарнасьць усіх людзей, якім дарагая Беларусь. Мы не павінны паддавацца на правакацыю маскоўскага нячысьціка, не паўтараць ягоныя фальшывыя заклінаньні аб тым, што мы “слабыя і пакорлівыя”. Усенародны супраціў імпэрскаму Злу трэба пачынаць цяпер. Сьвет убачыць, што мы супраціўляемся, і падтрымае нас у нашым змаганьні. Першы крок нацыянальнага супраціву – гэта народны Байкот фальшывых “выбараў” дыктатуры. Людзі павінны адвярнуцца ад крымінальных фальсіфікатараў і падманшчыкаў, ад рэжыма і прысьцёбнутай да яго псэўдаапазыцыі, якая за шалёныя нячыстыя грошы выстаўляе сваіх “кандыдатаў” і заклікае ісьці на выбарчы фарс. Няма нам што рабіць на “выбарчых участках” дыктатуры, на якіх шулеры тусуюць бюлетэні, каб забясьпечыць чарговую “элегантную перамогу” дыктатуры. З Байкоту рэжымнага фальшу пачнецца перамога над Імпэрыяй Зла, шлях да вызваленьня нашай краіны і да нармальнага нацыянальна-дзяржаўнага, чалавечагна жыцьця. Валеры Буйвал 28/6/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |