Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Дэкаланізацыя

Паўстагоддзя таму ў сьвеце адбыліся падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю чалавецтва як Год Афрыкі. На працягу ўсяго аднаго года, — 1960-га, — набылі незалежнасьць ажно 13 былых эўрапейскіх калоній у Афрыцы (у асноўным французкіх) і былі ўтвораны новыя незалежныя дзяржавы. Падобнай палітычнай актыўнасьці і сэрыі народных перамог давялося чакаць яшчэ больш за 30 гадоў – да 1991-га, калі пасьля правальнага жнівеньскага путча пачала сыпацца савецкая імпэрыя і на мапе ўзьніклі адна за адной 15 незалежных краінаў. Кур’ёзным чынам аб сваёй “незалежнасьці” абвясьціла тады і сама мэтраполія – Расея, што выклікала ў сьвеце сьмех і пацісканьне плячыма. (Падчас распаду ўласных імпэрыяў такое не прыходзіла ў галаву кіраўніцтву Францыі або Вялікай Брытаніі).

Для сьвету белай расы утварэньне новых афрыканскіх краін было роўным адкрыцьцю новых планэт у космасе. Абсалютная большасьць чалавецтва да гэтага нічога ня ведала пра гэтых афрыканцаў, імёны вызваленых этнасаў нічога не казалі эўрапейцам і амэрыканцам і былі вядомыя толькі нямногім спэцыялістам у лінгвістыцы, этнаграфіі і фальклёры. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо на працягу стагоддзяў каланіяльнай залежнасьці афрыканскія народы існавалі выключна як аб’екты сацыяльна-палітычнай практыкі, суб’екты (каланізатары) бязлітасна эксплуатавалі іх і іхныя багацьці, упэўненыя, што так будзе працягвацца вечна. Большасьць з гэтых народаў зусім ня мелі дзяржаўнай традыцыі і існавалі ў родава-племянным ладзе. Нямногія выключэньні (дзяржаўныя цывілізацыі Эгіпту, сярэднявечная імпэрыя Малі, каралеўствы Дагамэя і Бэнін, ніколі не каланізаваная Эфіёпія) толькі падкрэсьліваюць амаль поўную ўнівэрсальнасьць гэтага правіла. Гэта дало магчымасьць мэтраполіям нават ва ўмовах развалу сваіх імпэрый дзейнічаць агрэсіўна і без уліку жаданьняў і аспірацыяў афрыканцаў. Межы паміж новымі дзяржавамі праводзілі менавіта каланізатары, якія адвольна вызначалі гэтыя рысы па межах былых калоній, па рэках, а вельмі часта проста і прымітыўна па мэрыдыянах і паралелях. Вялікія этнічныя групы былі такім чынам раздзелены па жывому, народы апыналіся ў некалькіх дзяржавах, закладваўся падмурак міждзяржаўных і міжэтнічных крыўдаў і крывавых канфліктаў.

А пачалося ўсё ў Другую сусьветную вайну. Пад ударамі краінаў, якія ня мелі, але хацелі мець калоніі і сваю імпэрыю (Нямеччына, Італія, Японія), заходне-эўрапейскія краіны і разам зь імі СССР ратаваліся менавіта дзякуючы сваім імпэрскім валадараньням і рэсурсам. Генэрал Дэголь у сваім знакамітым звароце 17 чэрвеня 1940 года з Лёндану да французкай нацыі пасьля разгрому Францыі немцамі так і заявіў: “Мы павінны працягваць змаганьне. У нас ёсьць Імпэрыя…” З калоній мэтраполіі чэрпалі ня толькі жыцьцёва неабходную сыравіну, але і мабілізавалі мільёны падпарадкаваных ім людзей з этнасаў, для якіх гэтая вайна была чужой справай каланіялістаў. Для мяне трагічным сымвалам, апафеозам гэтага тытанічнага змаганьня ёсьць Бітва пры Монтэ-Касіна (Італія, травень 1944 года), дзе беларускія жаўнеры і афіцэры ў мундзірах Войска Польскага наступалі на нямецкія пазыцыі па трупах індыйскіх палкоў брытанскай арміі, якія палеглі ў папярэдніх атаках. Зразумела, што слава перамог дасталася ў гэтай і безьлічы іншых бітваў выключна палякам і брытанцам. Людзі і народы без свайго дзяржаўнага ўтварэньня заставаліся пасіўным матар’ялам чужой гісторыі (пры тым, што вельмі часта нашы “праваслаўныя палкі” і афрыканскія аддзелы пасылаліся гаспадарамі на самыя небясьпечныя ўчасткі, іх выкарыстоўвалі ў самых безвыходных сітуацыях). Яны ўсяроўна заставаліся “народамі без імя”.

Калі немцы падыходзілі да Масквы, то крамлёўская хунта адразу ўспомніла, што ў імпэрыі ёсьць народы, мовы і культуры. У Трацьцякоўскай галерэі нават арганізавалі выставу пад выразным тытулам “Белоруссия жива и будет жить”. Прыязныя дэманстрацыі, жэсты і кніксэны рабіліся ў бок іншых падсавецкіх народаў. Але маскоўскі тэрор супраць народаў і элітаў працягваўся. Не забывайма, што Янку Купалу ў Маскве забілі ў 1942 годзе. На фронце камісарства абяцала жаўнерам, што пасьля вайны абавязкава будзе палёгка і ня будзе калгасаў. Афрыканцам каланіялісты абяцалі незалежныя дзяржавы і вольнае разьвіцьцё. І народы ваявалі пад сьцягамі мэтраполіяў, ахвяраваліся і працавалі на агульную перамогу над фашызмам. Вэтэраны дзьвюх сусьветных войнаў з рэспэктам успаміналі афрыканскія палкі. Калі бэрбэрскія або экватарыяльныя часткі маршыравалі на фронт, яны пыталіся толькі аб тым, дзе вораг. Немцы любым спосабам імкнуліся не дапусьціць іх у свае траншэі, бо негры і арабы ня бралі палонных, а зьбіралі галовы ў мяшкі…

Пасьля вайны і заходнія дэмакратыі, і саўдэпія адмовіліся выконваць свае абяцаньні. Вялікі падман, аднак, ня выратаваў імпэрыі. Першымі ўзьняліся на вызвольную барацьбу народы Азіі. І гэта было цалкам лагічна, бо азіяцкія калоніі мелі тысячагадовую традыцыю дзяржаўнасьці. Напрыклад, в’етнамцы не чакалі доўга, а абвясьцілі сваю незалежнасьць ад Францыі адразу пасьля заканчэньня сусьветнай вайны, 2 верасьня 1945 года. У 1940-я – 50-я гады большасьць азіяцкіх краін вярнулі сябе дзяржаўнасьць у выніку вызвольных войнаў і перамог над эўрапейскімі каланіялістамі.

Мэтраполіі ведалі і прадчувалі гэта. Найбольш подлы і дэманстрацыйны ўдар нанесла ў плечы народам Францыя. 8 траўня 1945 года натоўпы людзей сьвяткавалі ў алжырскіх гарадах заканчэньне вайны. Французы скінулі на галовы людзей дэсантнікаў, якія расстралялі сьвяткуючых. Загінулі дзесяткі тысячаў алжырцаў. У Афрыцы гаспадарам удалося затрымаць рэвалюцыйныя працэсы яшчэ на 10-15 гадоў. Злачынныя дзеяньні каланіялістаў паказалі, што няма дэмакратычных імпэрыяў, імпэрыя і дэмакратыя – рэчы несумяшчальныя. У саўдэпіі, як заўсёды, усе рабілася таемна, пад покрывам начы. Ужо ўвечары, пасьля салютаў перамогі 9 траўня 1945 года СМЕРШ арыштаваў усіх прадстаўнікоў рэпрэсаваных народаў, якія прайшлі ўсю вайну на фронце (чачэнцаў, калмыкаў, балкарцаў і г.д.), і яны былі высланы ў ГУЛАГ. У якасьці падзякі за абарону Масквы і Ленінграда крамлёўская хунта разгарнула масавыя рэпрэсіі супраць падсавецкіх народаў, зьнішчаючы перш за ўсё эліты грамадзтваў. На Каўказе, у Прыбалтыцы, у Заходніх Беларусі і Украіне партызанская вайна супраць расейскіх акупантаў палала да канца 1950-х гадоў.

Падчас навучаньня ў Пецярбурзе афрыканскія студэнты распавядалі мне пра рэвалюцыйны ўздым канца 50-х гадоў. Як іхныя бацькі выходзілі на дэманстрацыі ў сваіх сталіцах. Людзі ішлі да палацаў каланіяльнай адміністрацыі з крыкамі “Воля! Незалежнасьць!” Вэтэраны зрывалі з сябе французкія і брытанскія ўзнагароды і кідалі іх у знак пратэсту праз агароджу заморскім гаспадарам (праз гады, у студзені 1991-га я ўбачыў падобныя сцэны каля будынка парляманту Летувы ў Вільне, дзе летувісы з праклёнам Маскве кідалі ў сьнег савецкія мэдалі за аўганскую вайну). Нішто, нават забойства лідэраў рэвалюцыі, не магло спыніць развалу імпэрыяў. З большасьці афрыканскіх тэрыторыяў каланіялісты сышлі ў выніку агульнанацыянальных страйкаў і масавых кампаній грамадзянскага непадпарадкаваньня. Дзе-нідзе акупантаў прысьпешвалі партызанскімі акцыямі. Найбольш доўгім і крывавым (1 мільён загінуўшых) было змаганьне за вызваленьне Алжыра ў 1956-62 гадах. Менавіта таму, што французы лічылі Алжыр ужо не калоніяй, а заморскай тэрыторыяй Францыі.

Працэс дэкаланізацыя Афрыкі расцягнуўся на 1970-я – 80-я гады. Апошняй абвалілася 500-гадовая Партугальская імпэрыя, пасьля дэмакратычнай рэвалюцыі ў мэтраполіі ў 1974 годзе. Да 1990 года абсалютная большасьць афрыканскіх тэрыторыяў набылі незалежнасьць. А вось у маскоўскай імпэрыі ўсё толькі пачыналася. На вачах уражанага сьвету народы, “ашчасьліўленыя” Гарбачовым і ягонай “перастройкай”, узьняліся на змаганьне за вызваленьне ад Масквы. Заходнікі надрываліся, выхоўваючы нас. Мы наслухаліся безьліч маналогаў такога кшталту: “Как вы смеете ему мешать? Вы против перестройки и демократии! Вы – националисты!” Але выратаваць саўдэпію (на захаваньне якой Захад выплаціў толькі хунце Гарбачова 50 мільярдаў даляраў) ужо не ўдалося. На прасторах, заселеных ва ўяўленьні заходнікаў “русскімі людьмі”, паўсталі дзяржавы з незнаёмымі імёнамі і мовамі. У прынцыпе фармальна паўтарылася сітуацыя 1960-га года. Але фармальны характар сэнсацыі толькі сьведчыў пра неадукаванасьць большасьці заходнікаў, іхную заспакоенасьць у навязанай маскоўскай гэбельсаўшчынай стэрэатыпнай мадэлі “СССР=Расея”. Хаця ўсе савецкія дзесяцігоддзі на Захадзе існавалі кнігі і іншыя матар’ялы, прысьвечаныя культры і гісторыі падсавецкіх народаў. Ды амаль ніхто іх не чытаў.

Хаця некаторыя з вызваленых народаў Азіі стварылі ў 1991 годзе першую ў сваёй гісторыі адзіную нацыянальную дзяржаву (кыргызы, казахі, узбэкі), у эўрапейскай частцы імпэрыі адбывалася аднаўленьне дамаскоўскіх дзяржаваў. Найвялікшую дзяржаўную традыцыю мелі беларусы – ВКЛ, БНР. Нават Украіна магла ўспомніць толькі некалькі дзесяцігоддзяў імпэрыі Кіеўскай Русі, заходнюю Русь Чырвоную з раньняга сярэднявечча і кароткае дзяржаўнае інтэрмэцца 1918 года. А заходнікі ўсё пыталіся: “Адкуль вы ўзяліся? Мы пра вас нічога ня чулі, вы ўсе для нас былі рускімі….”
У Афрыцы 1960-х дзяржаўнымі мовамі сталі мовы былых каланіялістаў (па-за выключэньнем дзьвюх высокакультурных і вялікіх моваў – арабскай і суахілі). Іншага выйсьця не было. Напрыклад, у Нігэрыі толькі буйнейшых этнічна-моўных супольнасьцяў 32 (!). Стракатыя мазаікі незьлічоных дыялектаў монга, балуба, банту і г.д. не маглі выконваць культурна- і дзяржаўнастваральнай ролі, яны засталіся на родава-племянным узроўні і працягваюць жыць у вуснай традыцыі. У большасьці постсавецкіх краін існавалі нягледзячы на зьнішчальную русіфікацыю вялікія і культурныя мовы з тысячагодовай кніжнай і дзяржаўнай традыцыяй. Вызваленыя дзяржавы пачалі натуральны пераход на свой моўна-культурны матар’ял. Беларуская мова зьяўляецца адной з найбольш разьвітых у гэтай сям’і вызваленых моваў.

У 1991 годзе абваліўся яшчэ адзін маскоўскі міф, у які заходнія грамадзтвы паслужліва верылі на працягу ўсіх стагоддзяў расейскай акупацыі. Маецца на ўвазе міф пра “богоізбранность” Расеі. Маўляў, расейцы ўсіх асьвяцілі, пахрысьцілі ў правільную веру, навучылі гігіене, культуры, дзяржаўнасьці і г.д. Міф ня вытрымаў планэтарных адкрыцьцяў 1991 года. Агаломшаныя заходнікі даведаліся, што армянскія царствы ваявалі яшчэ супраць рымскіх легіёнаў, і першая дзяржаўная хрысьціянская Царква была заснавана яшчэ ў 301 годзе ў Арменіі. Што правінцыйны Самарканд існаваў як вялікі цэнтр пэрсідскай культуры за паўтары тысячы гадоў да першай згадкі ў летапісе вёсачкі па імені Масква. Што Кіеў і Полацк былі найвялікшымі культурнымі цэнтрамі славянскай культуры, калі фэномэну “русскіе” яшчэ не існавала ў сьвеце. Аказалася, што першы расейскі ўнівэрсітэт, заснаваны ў Маскве ў 1755 годзе, ёсьць далёкім водгукам і наступствам адукацыйнай традыцыі, якая існавала ў захопленых расейцамі дзяржавах. У нашай Вільне ўнівэрсітэт быў абвешчаны ў 1579 годзе, а акадэміі і каледжы існавалі яшчэ раней. Ня кажам ужо пра старажытныя мэдрэсэ ў Цэнтральнай Азіі. І г.д.
Што, аднак, было роднасным афрыканскай каланіялісцкай мадэлі, дык гэта палітыка вызначэньня межаў. Як вядома, у саўдэпіі маскоўскія каланіялісты адвольна і з выгадай выключна для сабе кроілі па жывому тэрыторыі і народы, падуладныя ім. У шэрагу выпадкаў гэтым займаліся асабіста Ленін і Сталін. Быў утвораны шэраг “дзяржаўна-тэрытарыяльных пастак”, якія дазволілі Маскве дзейнічаць паводле старажытнага прынцыпу акупантаў: divida et impera (падзяляй і ўладар). Гэта прывяло ў мінулым да многіх крывавых трагедый. Нагорны Карабах, падзеленая Асэція, Трансністрыя, Ошская вобласьць – гэтыя драматычныя канфлікты служаць Маскве цудоўным прэтэкстам для падступных маніпуляцыяў і злачынстваў. Беларускія пярліны Вільня і Смаленск былі адабраныя маскоўскай імпэрыяй і адарваныя ад Айчыны.

Вызваленая Афрыка за 50 гадоў перажыла шмат міждзяржаўных і грамадзянскіх войнаў. Большасьць з краін так і ня вырваліся з эканамічнай адсталасьці і залежнасьці ад былых мэтраполій. Зразумела, што яны знаходзяцца на значна больш нізкай ступені сацыяльна-дзяржаўнага разьвіцьця ў параўнаньні з эўрапейскімі постсавецкімі краінамі, якія больш разьвітыя, чым былая маскоўская мэтраполія. Але трэба зрабіць яшчэ адно параўнаньне. У новай Афрыцы было і ёсьць шмат дыктатараў і тыранаў, якія прыгнятаюць свае народы і эксплуатуюць іх. Але ніхто зь іх, ні Ідзі Амін, ні Бакаса, ні Німэйры не рабіў сваёй палітыкай разбурэньне ўласнай дзяржавы і культуры. Ніхто зь іх не заяўляў і не заяўляе, што “мы – адзін народ з французамі або брытанцамі”, што “самыя разьвітыя мовы ў сьвеце – гэта ангельская і расейская”. Усе яны – па свойму, часта вельмі жорсткімі мэтадамі ўмацоўвалі і ўмацоўваюць сваю дзяржаўную сістэму. Умацоўваюць, а не разбураюць. Афрыцы ня сьніўся Лукашэнка зь ягонымі маналогамі пра “Скарыну ў Піцеры” і “беларусы гатовы паміраць за Расею”, з палітыкай разбурэньня духоўнага і культурнага жыцьця тытульнай нацыі краіны. Такога Афрыка і цэлы сьвет яшчэ ня бачылі – зьнішчэньня ўсяго нацыянальнага і сьвятога ў імя задавальненьня імпэрскіх інтарэсаў былой мэтраполіі.
Народы, якія вызваляліся ад каланіяльнай залежнасьці ў 1960-м і ў 1991-м гадах, ведалі, што дзяржаўная незалежнасьць не была выпадковым падарункам лёсу, а дасталася ім у выніку змаганьня супраць ворагаў і эксплуататараў. А таксама, што сваю незалежную дзяржаву і свае нацыянальныя інтарэсы трэба абараняць на ўсіх этапах разьвіцьця. Каб вызваленьне, вялікая плынь дэкаланізацыі не адхілілася ў рэчышча нэакаланіалізма і вяртаньня былых гаспадароў і зьнішчальнікаў. Каб не адбылося таго, што берлінскія хаўрусьнікі маскоўскіх імпэрыялістаў называюць “рэінтэграцыяй”. Нямецкім тэарэтыкам можна нагадаць, як рабіў сваю “рэінтэграцыю” у хаўрусе з Крамлём Гітлер, “рэінтэгруючы” спачатку Аўстрыю, Чэхаславакію, Польшчу, а потым Францыю, Італію і г.д. Тая “рэінтэграцыя” была разгромлена народамі. Толькі народны супраціў, народная салідарнасьць могуць спыніць вяртаньне гэтых антычалавечых працэсаў, якія зноў разгортваюць Масква і Берлін.

Валеры Буйвал

12/7/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2010
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024