Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

“ПРЫМУШЭНЬНЕ ДА ЗДАЧЫ СУВЕРЭНІТЭТУ” — НОВАЯ ПАЛІТЫКА РУСКАГА ГЭБІЗМУ

(Выступ на ліпеньскім Сойме БНФ “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

Мы перажываем пэрыяд гісторыі, калі ў суседняй агрэсіўнай краіне ўстаноўлена поўная і абсалютная ўлада КГБ – рэпрэсіўнай спэцслужбы Савецкага Саюза, якая фігуруе цяпер пад назвай ФСБ. Але гэта адна і тая ж зьява, адна і тая ж структура. Трымаючы абсалютную ўладу ў Расеі, КГБ-ФСБ праз шматлікую агентуру кантралюе ўсё грамадзтва і выступае ў ролі напоўтаемнай палітычнай супэрпартыі, якая мае свае кадры і офісы ва ўсіх вугалках Расеі, фінансуецца з бюджэту і знаходзіцца пад аховай карпаратыўнай улады. Гэта ёсьць дзяржаўная структура, палітычная ўлада і ўладная партыя адначасова, якая (гэта істотна!) імкнецца ўплываць на міжнародны парадак і палітычныя працэсы ў сьвеце.

Сацыяльна-палітычную сістэму, якая ўтварылася ў Расеі пад уладай ФСБ-КГБ, мы называем “гэбізмам” (альбо “чэкізмам”, як абазначаюць яе самы расейцы). Гэбізм сваімі карэньнямі прарастае з расейскай эўра-азіяцкай мэнтальнасьці і заглыблены ў гісторыю Расеі, пачынаючы ад Залатой Арды. Тым ня менш у сучаснай палітыцы гэбізм – зьява новая і, як ня дзіўна, грамадзтвам яшчэ агулам не ўсьвядомленая і, практычна, цалкам незразумелая на Захадзе.

Сацыяльная сутнасьць рускага гэбізму – улада карпарацыі, узбагачэньне любым спосабам за кошт улады. Ідэалёгія – імпэрыялізм. Сістэма ўлады – кантроль над грамадзтвам. Гэбізм адмовіўся ад канцэнтрацыйных лягераў, прыдуманых яшчэ Леніным, і ўсклаў рэпрэсіўныя функцыі на спэцаддзелы Гэбэ ды на крымінальны сьвет. Шчыльны кантроль над крымінальнікамі, выкарыстаньне іх у палітычных рэпрэсіях (кілеры, правакацыі, імітацыі і т. п.) прывяло да зрастаньня ўлады з крымінальным сьветам.

Уплыў велізарнага крымінальнага капіталу на рускія інстытуты ўлады становяцца цяпер відавочным фактам. У гэбісцкай Расеі ўсё стала пераварочвацца з ног на галаву. Рэчаіснасьць паказвае, што не міліцыя і КГБ-ФСБ кантралююць крымінал, а наадварот, крымінал, галоўным чынам, уплывае на КГБ-ФСБ і іншыя ахоўныя інстытуты ўлады ў Расеі. Месцамі расейская міліцыя ператварылася ўжо ў надзеленыя ўладай крымінальныя банды, якія тэрарызуюць насельніцтва. Супраць міліцэйскага крыміналу зафіксаваныя нават узброеныя партызанскія выступы расейскіх людзей.

Суд і пракуратура (асабліва ў правінцыйнай Расеі) знаходзяцца шмат дзе пад кантролем крыміналу і крымінальнага капіталу і сталі прыладай крымінальных дзеяньняў. Гэта ёсьць ня толькі тэндэнцыя, але рэчаіснасьць, якая пашыраецца. Рускі гэбізм дрэйфуе ў накірунку закончанай мафійнай дзяржавы лаціна-амэрыканскага ўзору. (Людзям, якія жывуць у такой краіне, не пазайздросьціш.) Адначасна імпэрская ідэалёгія ўлады і імпэрская структура краіны спрыяюць у гэтых умовах (пагаршэньня жыцьця людзей) фашызацыі ўлады і грамадзянскай супольнасьці.

Расейскі гэбізм існуе ў карпаратыўным выглядзе. Тым часам гэбісцкая ўлада ў Беларусі была ўстаноўлена на шэсьць гадоў раней і існуе ў аўтарытарным выглядзе, дзе аўтарытарызм верхняй асобы фармальна выступае абмежавальным чыньнікам уладных структур, але на справе зьяўляецца квінтэсэнцыяй гэтага роду ўлады, сканцэнтраванай у адных руках.

Прарыў рускага гэбізму ў Беларусі адбыўся ў 1994 годзе па тыповай схеме ўнутранай акупацыі (захоп улады ў краіне знутры пры выкарыстаньні спэцслужбаў іншай краіны і дэмакратычных працэдур). Палітыка ўнутранай акупацыі, якая стала праводзіцца на Беларусі прамаскоўскім рэжымам, накіраваная на нацыянальна-культурнае разбурэньне краіны, на зьнішчэньне асноваў нацыянальнай сьведамасьці і нацыянальнага духа і на падрыхтоўку такім чынам да здачы пад Расею беларускай эканомікі, маёмасьці і тэрыторыі. Грамадзтва, пазбаўленае нацыянальнага духа, нацыянальных карэньняў культуры і нацыянальнай сьведамасьці, няздольнае абараняць свае нацыянальныя інтарэсы, захаваць дзяржаву і супраціўляцца любой форме агрэсіі.

Дзяржава гэбізму, усе яе уладныя і грамадзкія структуры прасякнутыя агентурай спэцслужбаў. У гэтым выяўляецца спосаб існаваньня такой дзяржаўна-палітычнай сістэмы. Інакш яна існаваць ня можа. Агентура ўвесь час пашыраецца, і сам працэс пашырэньня імкнецца да абсурду, да стварэньня паралельных агентурных пластоў у сытуацыі поўнай беспакаранасьці і беззаконьня.

Людзі, якія займаюцца ў Беларусі рэальнай беларускай палітыкай, добра бачаць схему і прынцып існаваньня такой сістэмы ўлады. Яны шукаюць адпаведныя мэтады змаганьня з гэбізмам. Грамадзтва, на жаль, падвержана інэрцыі думаньня і ўплыву прапаганды і ў масе сваёй цяжка разумее новыя палітычныя абставіны, у якіх яно апынулася. Яно мяркуе аб зьявах на падставе састарэлых стэрэатыпаў. Распаўсюджаныя неадэкватныя ацэнкі і высновы. Пашырэньню неадэкватных ацэнак і камуфляваньню гэбісцкай сутнасьці ўлады спрыяе афіцыйная прапаганда і агентура (у журналістыцы, у грамадзка-палітычных структурах і г.д.). Гэбізм, які выйшаў на паверхню ўлады, тым ня менш імкнецца захаваць сваю таемнасьць як палітычнай сілы рэжыму.

Перашкодай, на якую напаролася Масква, паставіўшы на Лукашэнку ў сваёй палітыцы захопу Беларусі, аказалася паранойная, усепаглынаючая цяга Лукашэнкі да аўтарытарнай улады. Ён зразумеў (да яго дайшло), што здача дзяржавы стане канцом ягонага кіраваньня.

У 2005 годзе Масква зьмяніла тактыку. Сутнасьць новай крамлёўскай палітыкі можна акрэсьліць як “прымушэньне да здачы Беларусі пад Расею”. Масква рашыла выкарыстаць паталёгію ўзурпатара да аўтарытарнай улады і паставіць яго пад пагрозу страты гэтай улады, каб, ратуючыся, ён здаваў Маскве беларускую маёмасьць, эканоміку, заводы, прыярытэты, зямлю і г.д., пакуль усё не пяройдзе ў лапы мафіёзнай Масквы і пакуль ад беларускага сувэрэнітэту нічога не застанецца. Масква пачала газавыя, нафтавыя, малочныя, цукровыя, мясныя і т.п. войны з рэжымам, стала выстаўляць прэтэнзіі на беларускія заводы і газаправоды, павышаць цэны на нафту ды газ і г.д., словам, пачала палітыку заганяньня ўзурпатара ў кут, хапаньня яго за горла (з наступным патрабаваньнем тыпу “кашалёк альбо жыцьцё”, то бок – улада).

Гэткім чынам была падрыхтавана для яго “мытная пастка”, аб чым я пісаў у нядаўнім артыкуле.

Тут разбой без правілаў. Але такія ў іх норавы. Прэлюдыяй да заганяньня ў “пастку” паслужыла чарговая газавая вайна, якую Масква распачала штучна, як кажуць, “на роўным месцы”. Масква шантажавала ўзурпатара груба і цынічна. Нават пракруцілі па расейскім тэлебачаньні НТВ даўно падрыхтаваны фільм з паказам ягонай, узурпатара, жорсткасьці, неадукаванасьці і хлусьні (намякаючы на матэрыяльную непадтрымку ў выбарах).

Вынік быў дасягнуты. Узурпатар падпісаў статут і ўсе ўмовы “грабавога” для Беларусі “мытнага саюзу” з Расеяй і Казахстанам. Расейцы зрабілі, аднак, яму пэўную палёгку (да 2011 года) з пошлінамі на нафту і заплянавалі іншыя часовыя саступкі.

Я кажу “заплянавалі”, бо з таго часу, як Масква схапіла ўзурпатара за горла, ён стаўся для яе залатой курыцай, што пачне несьці залатыя яйкі. Душачы яго, яна рупіцца, каб ён застаўся пры ўладзе ў Беларусі. Гэтакі ён Крамлю вельмі патрэбны. Гэта кліент, якога “захамуталі”. Засталося толькі гнаць яго пугай перад сабой, пакуль усё ні аддасьць. І толькі тады, калі ўсё аддасьць, яму канчаткова дадуць каленам пад адно месца (маўляў, гэтаму “апошняму дыктатару ў Эўропе”) на радасьць новым беларускім дэмакратычным рабам.

Пры гэтым Масква пачала адкрыта зьвяртацца да масавах інстынктаў і да масавага няведаньня закулісься крамлёўскай палітыкі, сцьвярджаючы, што яна фінансуе лукашысцкі рэжым, што дала яму за ўвесь час 50 мільярдаў даляраў і што больш фінансаваць яго ня хоча, хай плаціць, маўляў, за нафту і газ па высокіх цэнах; прытым стварае ўражаньне, што яна бескарысна давала яму мільярды (от так сабе, ад “дабрыні”), а ён, няўдзячны, спажывае іхныя грошы, ды яшчэ й “вякае”.

Людзі, якія цікавацца палітыкай, павінны, аднак, ведаць, што ў дрэннай палітыцы (назавём гэта так) прынята купляць “неабходныя паводзіны” палітычных лідэраў, урадаў і, адпаведна, цэлых дзяржаў. На гэтым некалі добра набіў руку Савецкі Саюз, рухаючы камунізм ва ўсім сьвеце. Злучаныя Штаты, напрыклад, распачынаючы ў 2001 годзе вайну ў Аўганістане, купілі разрыў дыпляматычных адносінаў Пакістана з Талібанам і спрыяньне прэзыдэнта Мушарафа за 40 мільярдаў даляраў (скасаваўшы дзяржаўны доўг Пакістану). Тут — шырокая шкала паводзінаў, ад прагматызму да міжнароднай карупцыі і нацыянальнай здрады (якая аплочваецца).

Дачыненьні Лукашэнкі з Крамлём укладваюцца ў схему нацыянальнай здрады, якая дорага каштуе ў палітычнам злачынным сьвеце. Ведаючы гэта, Лукашэнка абураецца, што прадзешавіў. Масква тым часам, прывыклая хапаць задарма, лямантуе, што пераплаціла. Прытым крык быў узьняты Масквой пасьля таго, калі ўзурпатар выканаў усе істотныя ўмовы нацыянальнай здрады – перавёў беларускую вытворчасьць і энэргетыку на расейскі газ, пераарыентавааў усё спажываньне энэргарэсурсаў на расейскія крыніцы дастаўкі, пераарыентаваў усю вытворчасьць беларускіх тавараў на расейскі рынак і расейскага спажыўца (вытворчасьць мяса, напрыклад, амаль на сто адсоткаў) і самае галоўнае — падарваў асновы існаваньня і разьвіцьця беларускага нацыянальнага духу (разбурэньне нацыянальнай школы, асьветы, адукацыі, навукі, культуры, кнігавыдавецтва і друку, забарона нацыянальнай сымволікі, вынішчэньне беларускай мовы і грамадзянскай супольнасьці). Палітыка этнацыду працягваецца.

Так што “не задарам” Масква заплаціла свае нікчэмныя мільярды Лукашэнку, а за яго антыбеларускую і прамаскоўскую палітыку, за нацыянальную здраду. Масква ведала, што рабіла, за што плаціла і чаму нелегетымны рэжым прызнавала. (Дарэчы, калі палічыць ўсё ў таварным, эканамічным эквіваленце, то, аказваецца, што нічога Расея і не пераплаціла ўзурпатару, нават сама засталася пры выгадзе. Падтрымка яго дзеля расейскіх палітычных інтарэсаў была відавочнай. “Ён, вядома сукін сын, — пісалі расейскія цынікі (“Коммерсант”), — але наш сукін сын”.) Цяпер Крэмль вырашыў сваёй “давальнай” палітыкай скарыстацца, так бы мовячы, вярнуць свой капітал і забраць усё астатняе (беларускае).

Расейская агентура (і розныя адукаваныя прафаны, якіх заўсёды хапае) зараз пачалі распускаць чуткі, што “усё”, фініш – Масква, быццам бы, кінула свайго сатрапа і больш ня будзе яго падтрымліваць; канец ягонаму “прэзыдэнцтву”. Нават заходнюю “ляжачую” агентурную “шацію” паднялі, і яна пачала папісываць за мяжой кшталтам, што нібыта Эўразьвяз і Масква дамовіліся разам “тапіць” Лукашэнку.

Маштаб загону, “дзічыны” канешне, ўражвае. Але гэта не “канец”, а толькі працяг шантажовага ціску на ўзурпатара. Будуць яшчэ крытычныя фільмы, артыкулы, пагрозы, “разьвенчваньні”, каб баяўся і здаваўся, згаджаўся на расейскі рубель для Беларусі, на “адзіную” эканамічную прастору з Расеяй, на продаж за бясцэнь беларускіх прадпрыемстваў і г.д. Масква ня выпусьціць цяпер свайго зашворанага кліента, будзе яго палохаць і старацца зноў пасадзіць на царства ў Беларусі. (Але Беларусь — ня царства.)

Калі я кажу пра небясьпеку ягонага існаваньня ва ўладзе для ўсіх нашых нацыянальных інтарэсаў, для ўсёй Беларусі, то цяпер гэтая небясьпека дасягнула прынцыповага значэньня. Трагедыя нашай краіны ў тым, што яе лёсам і лёсам усяго грамадзтва распараджаецца адзін недалёкі, некантралюемы, малаадукаваны і антыкультурны чалавек. Такога нельга цярпець, бо паталягічны працэс здачы краіны ўзамен за ўладу ўзурпатара пачынае набываць новыя рэальныя і пагрозьлівыя формы.

Істотны і галоўны аргумант для беларусаў у тым, што рэжым нелегітымны і незаконны. Лукашэнка ёсьць захопнікам, узурпатарам улады, ягонае “прэзыдэнцтва” нелегітымнае і незаконнае, непрызнанае бальшынёй беларусаў і міжнароднай супольнасьцю. Заключаючы пагадненьні з такой асобай, маскоўцы павінны ведаць, што яны робяць зьдзелку са злодзеем. Беларусы не прызнаюць такіх зьдзелак.

Але пакуль узурпатар застаецца на пасадзе, Масква будзе нішчыць нашу краіну. Лукашэнка ня мае права і не павінен удзельнічаць у выбарах. Пра гэта намі афіцыйна заяўлена. Ягоны ўдзел у выбарчым працэсе аўтаматычна павінен выклікаць байкот выбараў з боку выбаршчыкаў, бо такія выбары незаконныя.

Змагаючыся з цемрай прамаскоўскага рэжыму, аб’яўляючы байкот яго фальшывым выбарам, мы, беларусы, павінны сьведчыць, што мы хочам мець беларускую ўладу, такую ўладу, дзейнасьць, кіраваньне і справы якой будуць павернутыя да інтарэсаў беларускай дзяржавы і ўсяго беларускага грамадзтва. Гэта такая ўлада, якая кіруецца нацыянальнай ідэяй дзеля дабра ўсяго народу і кожнага чалавека, якая не кідаецца то на Ўсход, то на Захад, не шукае апекуноў, крэдытораў і грантадаўцаў, а працуе і жыве з уласным народам, верыць у яго здольнасьці і сілы, дапамагае яму адукавацца, узбагаціцца, рэалізавацца ў свабодзе і нацыянальнай культуры.

Рыхтуймася да байкоту. Гэта першы крок, які паспрыяе салідарнасьці нашага грамадзтва ў барацьбе з узурпацыяй улады. Выбараў няма. Гэта ўсе кажуць. Нават апазыцыйныя імітатары гэта прызнаюць (заклікаючы адначасна на фальшывае галасаваньне).

Мы павінны ўзмацніць нашу працу па падрыхтоўцы і прапагандзе байкоту незаконных выбараў прэзыдэнта. Усе за байкот! Ніхто — на фальшывыя выбары!

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту
“Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі – БНФ
11 ліпеня 2010 г.

15/7/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Ліпень 2010
П А С Ч П С Н
« Чэр   Жні »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024