Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Сто крокаў

…У драматычныя моманты, калі, здаецца, усё згублена, многае (а часам і ўсё) залежыць ад рашэньняў лідэраў і паводзінаў элітаў. Сапраўдныя лідэры разумеюць, што ў цяжкі пэрыяд самае галоўнае – захаваць сілы, зьберагчы людзей, ня даць ворагу зьнішчыць змагарны авангард.

У жыцьці чалавека, народа, дзяржавы бываюць моманты, калі здаецца, што ўсё згублена і няма паратунку. Слабыя біялагічныя і сацыяльныя арганізмы здаюцца на волю лёсу і нават ідуць на суіцыд. “Няма выйсьця!” – даюць сігналы трывожныя сістэмы арганізма, “Не выжыве…” – гучаць ацэнкі зацікаўленых і незацікаўленых назіральнікаў. “Перамога наша!” – радуюцца ворагі… Але там, дзе ёсьць нязломны дух і сьветлая вера, адбываецца ня проста працэс выжываньня насуперак абставінам, але і адраджэньне праз барацьбу і працу, сьцьверджаньне ў вечнасьці. Больш таго, гісторыя дае шэраг прыкладаў, калі зьнешне магутныя і стабільныя дзяржаўныя ўтварэньні абвальваліся ня столькі пад ударамі ворагаў, колькі пад цяжарам уласнага маразму і выраджэньня. Так рассыпаліся ўсе наднацыянальныя імпэрыі. Так выратаваліся ўсе народы, якім няпрыяцелі і раўнадушныя сьведкі падзеяў ужо пасьпяшаліся выставіць перадсьмяротны дыягназ, але самы людзі не пагадзіліся з чужынскім прысудам.

У драматычныя моманты, калі, здаецца, усё згублена, многае (а часам і ўсё) залежыць ад рашэньняў лідэраў і паводзінаў элітаў. Сапраўдныя лідэры разумеюць, што ў цяжкі пэрыяд самае галоўнае – захаваць сілы, зьберагчы людзей, ня даць ворагу зьнішчыць змагарны авангард. У такі момант прынятае рашэньне можа быць непапулярным, выклікаць пратэсты ў большасьці ўдзельнікаў падзей.

Класічны прыклад парадаксальных паводзінаў дае нам гісторыя напалеёнаўскіх войнаў, дакладней самы фінал яе – бітва пры Ватэрлоо (1815). Увечары дня бітвы брытанская армія знаходзілася на ўскрайку паразы, Напалеён ужо паслаў быў у Парыж гончыка з паведамленьнем пра сваю перамогу. І тады Вэлінгтон аддаў сваёй абескроўленай арміі нечаканы загад: “Адступіць на сто крокаў!” Калі Банапарт убачыў, што шыхты ў чырвоных мундзірах адступаюць з поля бою, ён загадаў кінуць на іх апошнія рэзэрвы, сваю Старую гвардыю. Але брытанцы спыніліся і адкрылі па гвардыі зьнішчальны агонь. Тут падасьпелі прускія палкі, якія маршыравалі да Ватэрлоо цэлы дзень, і настала канчатковая параза напалеёнаўскай Францыі.

Шлях да перамогі не бывае роўным. Часам трэба адступіць, не падставіцца пад удар ворага, сабраць дадатковыя сілы. Пра гэта сьведчыць досьвед кожнай нацыянальнай рэвалюцыі. Пасярод кожнага рэвалюцыйнага змаганьня гучалі крыкі правакатараў і дурняў: “На марш! Мы ім пакажам, пакладзем усіх людзей!” Пракрычаўшы, правакатары заўсёды хаваліся за плечы падманутых людзей…

ерамогі ў нацыянальна-вызвольным змаганьні дасягаюцца пад кіраўніцтвам сапраўдных лідэраў, а не падстаўных, аплочаных ворагам афэрыстаў.

“Наша прыўкрасная краіна”

Велічны подзьвіг французкага народу, які перамог англічан у бясконцай Стогадовай вайне і вызваліў сваю айчыну. У тытанічным творчым намаганьні сотні мільёнаў кітайцаў стварылі шэдэўр чалавечай цывілізацыі – Вялікі Мур. Германскія плямёны спынілі на Рэйне пераможны марш рымскіх легіёнаў, якія скарылі паўсьвета… Але непараўнальнае захапленьне ў кожнага, хто любіць гісторыю, заўсёды выклікае подзьвіг колькасна невялікага, але магутнага духам народу, які ня ўкленчывае перад моцным і шматлікім ворагам, змагаецца і перамагае ў няроўнай барацьбе, ратуе сваю культуру і цывілізацыю. Для нас такія старонкі гісторыі асабліва дарагія, таму што беларусы належаць да ліку такіх народаў і заўсёды ўмелі супрацьстаяць цемрам агрэсіўных чужынцаў. І ў нашы дні сустрэчы і размовы пра нацыянальныя лёсы з прадстаўнікамі розных эўрапейскіх краін пацьвярджаюць унівэрсальнасьць правіла ўзаемаразуменьня. Лепш за ўсё, з паўслова нас разумеюць менавіта прадстаўнікі “малых” народаў, якія ведаюць, што значыць агрэсіўны імпэрскі сусед: каталонцы, баскі, скандынавы. Якраз скандынаўская гісторыя дае нам узорны прыклад змаганьня за сваё.

У сярэдзіне 19-га стагоддзя маленькая Данія разам з іншымі эўрапейскімі народамі перажывала ўздым. Пасьля доўгага пэрыяду разбуральнай германізацыі (калі сацыяльныя вярхі грэбавалі “мовай рыбакоў і сялян”, размаўлялі толькі па-нямецку) у Даніі набірала сілу нацыянальна-культурнае адраджэньне. Намаганьнямі ахвярнай творчай эліты разгортвалася культурніцкае рушаньне скандынавізму – адраджэньня ўсяго свайго, нацыянальнага, вяртаньне да крыніцаў роднай культуры, пазбаўленьне ад чужынскага сурагату. Фармавалася сучасная дацкая мова, расквітнела нацыянальная літаратура, разьвівалася гістарычная навука. Невялікі народ вяртаў сябе сваю душу.

Але на поўдзень ад Даніі мацнеў германскі вораг – Прусія, якая знаходзілася на пачатку шляху “собіранія земель прусскіх” (сапраўды, як пад капірку выкананы праект пашырэньня расейскай “жыцьцёвай прасторы”). Сваё “собіраніе” Берлін вырашыў распачаць з Шлезвіга і Гальштэйна, германскіх княстваў, якія з сярэднявечча знаходзіліся ў пэрсанальнай вуніі з Дацкім каралеўствам. Прусія падрыхтавала і справакавала праз сваю агентуру нямецкае паўстаньне ў княствах, а на Вялікдзень 1848 года распачала агрэсію супраць Даніі, разлічваючы на хуткую перамогу. Але дацкі народ не напалохаўся і не скарыўся, а пачаў энэргічна абараняцца супраць ворагаў. Ня вытрымаўшы першых удараў прусакаў, датчане адышлі на лінію ракі Альс. Але ўжо ў траўні-чэрвені прусакі былі разьбіты ў бітвах пры Нюбёле і Дзюбёле. Нямецкую агрэсію ўдалося спыніць. Дацкія гарнізоны трымалі аброну ў фартэцах пасярод тэрыторыяў, захопленых прусакамі. 6 ліпеня 1849 года дацкая армія перайшла ў наступ і канчаткова разграміла немцаў пры Фрэдэрыцыі. Усе паняволеныя народы Эўропы віталі невялікі пераможны народ. Капэнгаген сустракаў сваіх герояў народным сьвятам, гірляндамі на брамах дамоў і морам нацыянальных сьцягоў. Тысячы людзей па ўсёй Даніі сьпявалі нацыянальны гімн “Наша прыўкрасная краіна”.
Аднак, датчане разумелі, што вораг вернецца і рыхтаваліся да абароны айчыны, будавалі ўмацаваньні, вучылі армію і флёт, заручаліся міжнароднай падтрымкай. Прускі рэванш пачаўся 1 лютага 1864 года. Датчане меркавалі арганізаваць абарону на ўмацаванай лініі Данэвіркэ. Яны мелі дамову на вайсковую дапамогу з Швэцыяй на выпадак вайны. Але швэды адмовіліся падтрымаць скандынаўскага суседа (так гэтыя баязьліўцы рабілі і ў наступныя крызісы, пакідаючы скандынаваў у бядзе). Датчанам не хапала войскаў, каб абараняць шырокі фронт каля мяжы. Было вырашана зрабіць свае “сто крокаў”. Пакуль не падышоў прускі авангард, датчане адступілі на лінію Дзюбёльскіх рэдутаў і занялі больш вузкі фронт. Умовай тактычнага посьпеху было перамяшчэньне артылерыі на новыя пазыцыі. Жаўнеры і афіцэры цягнулі на сабе гарматы. Адступаючы і ратуючы гарматы, яны ратавалі радзіму. Армія выканала свой абавязак. Лабавую прускую атаку сустрэў зьнішчальны агонь з рэдутаў. Вораг панёс вялікія страты і перайшоў да аблогі. На працягу двух месяцаў немцы абстрэльвалі рэдуты і занялі іх, калі яны былі цалкам разбураны. Дацкая армія і флёт працягвалі абараняцца. Быў выйграны час, пачалі працаваць дыпляматычныя мэханізмы. За Данію на міжнароднай арэне ўступілася Францыя, якая была не зацікаўлена ва ўзмацненьні Прусіі. У ліпені 1864 года ў Вене быў заключаны мір. Данія згубіла васальныя княствы. Але з бліскучай перамогай і парадам у захопленым Капэнгагене ў немцаў нічога ня выйшла. Пасьля сканчэньня І Сусьветнай вайны Данія вярнула сябе некалькі ўездаў з большасьцю дацкага насельніцтва. Невялікі колькасьцю народ абараніў сваю прыўкрасную краіну.

Захаваць людзей, абараніць Беларусь

Побач з нашай краінай таксама знаходзіцца дзікі і агрэсіўны сусед. Але ня трэба забывацца, што Расея перажывае не пэрыяд уздыму, а паласу старэчага маразму, самаразбурэньня і канчатковага распаду сваіх сацыяльна-палітычных і эканамічных схем. Замест таго, каб заняцца самалячэньнем Імпэрыя выдаткоўвае сродкі і сілы на злачынствы і дэстабілізацыю ў суседніх і далёкіх краінах. Імпэрыя Зла здольная жыць толькі злом. Побач з каласальным імпэрскім утварэньнем любая краіна, ня толькі Беларусь выглядае маленькай. Але наш народ не пагадзіўся на рабскае існаваньне пад імпэрскім ярмом і, калі настаў крызіс савецка-маскоўскай імпэрыі, нацыянальны авангард пачаў Беларускую нацыянальна-вызвольную рэвалюцыю.

Наша нацыянальная рэвалюцыя мела свае трыюмфы – 1988 год, калі паўстаў Беларускі Народны Фронт і да яго далучаліся дзесяткі тысячаў людзей па ўсёй яшчэ тады “савецкай рэспубліцы”; 1991 год, калі фронтаўскі авангард дасягнуў аднаўленьня незалежнасьці Беларускай Дзяржавы; 1996 год, калі ў драматычнай барацьбе патрыёты сарвалі пляны акупацыі Беларусі расейскай імпэрыяй. Наша барацьба заўсёды была няроўнай, але патрыятычны авангард зрабіў такія зьдзяйсьненьні, у магчымасьць якіх верылі далёка ня ўсе. На працягу апошніх 16 гадоў няспынна ўзмацняецца антыбеларуская рэакцыя. Яна становіцца ўсё больш цынічнай, адкрытай і расперазанай. Многім здаецца, што яе немагчыма спыніць і гвалтаўнікі вечна і беспакарана будуць таптаць Беларусь. Многія разуверыліся і адышлі ад змаганьня. Маскоўскі вораг вядзе агрэсіўны наступ на Беларусь і рукамі сваіх мясцовых наймітаў разбурае адну за другой беларускі пазыцыі: нацыянальную адукацыю, беларускі бізнэс і народную гаспадарку ў цэлым, беларускую культуру і мову, дэмаралізуе людзей. Ня ўсе ў сьвеце бачаць гэтыя працэсы (альбо робяць выгляд, што ня бачаць). Агрэсія супраць Беларусі вядзецца падступным спосабам унутранай акупацыі пры фармальным захаваньні дзяржаўнага фасада. Трэба надта добра ведаць маскоўскага ворага, каб разабрацца з тым, што сапраўды адбываецца за фасадам.

З дапамогай лібэральнага Захаду (перш за ўсё Берліна і Брусэля) Масква ўтварыла ў Беларусі “пятую калёну” правакатараў і прадажных дзялкоў, якіх амаль не было ў часы змаганьня іншых народаў, напрыклад датчан. Калі па дамоўленасьці з немцамі Масква пачала ўзмацняць рэпрэсіі ў Беларусі і цэмэнтаваць рэжым антыбеларускай паліцэйшчыны-гэбоўшчыны (канец 1990-х – пачатак 2000-х) наперад выскачылі вінцучкі-хадыкі-лебедько і пачалі вадзіць беларусаў на свае “маршы за лучшую жізнь”. Правакатары заводзілі тысячы людзей у тупік і пад удары рэжыма. Яны давялі да абсурда ўсе формы палітычнага змаганьня, заблыталіся ў хлусьні і дэмагогіі, у прадажніцкім калабаранцтве з Масквой і рэжымам. Яны заявілі (вуснамі праф. Хадыкі), што “нацыянальная ідэя зжыла сябе, пара Народны Фронт злучаць з АГП”. Праз некалькі гадоў беларусы разабраліся з гэтай публікай і пакінулі яе. Але быў згублены час і змарнаваны сілы.

Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка ўвесь час заклікае людзей не паддавацца на правакацыі і ня слухаць падстаўную псэўдаапазыцыю, якая зьяўляецца неад’емнай часткай прамаскоўскага рэжыму. Цяпер галоўнае – захаваць змагарных людзей, сабраць сілы, абараніць дасягненьні нашай рэвалюцыі. Ва ўмовах абароны нельга хадзіць у лабавыя атакі па закліку псэўдаапазыцыйных папоў-гапонаў. Яны ў чарговы раз заклікаюць беларусаў пайсьці на шулерскія выбары дыктатуры, дзе даўно нішто ўжо не вырашаецца. Правакатарам вельмі важна стварыць натоўп, масоўку на выбарчых участках рэжыму і тым самым забясьпечыць рэжыму прэтэкст для “элегантнай перамогі”. Ужо зараз агентура (у асноўным з АГП) мітусіцца сярод беларусаў і гукае: “Все на выборы, а потом пойдём на плошчадь, все на плошчадь!” Гэта ёсьць подлая і злачынная, антыбеларуская палітыка.

На цяперашнім этапе наша грамадзтва павінна дзейнічаць у абароне і не хадзіць за папамі-гапонамі нікуды. Трэба не дапусьціць, каб яны правярнулі маштабную правакацыю. Наша народная абарона – гэта Байкот выбарчага фарсу, байкот рэжыма і прысьцёбнутых да яго прадажных з падстаўной псэўдаапазыцыі. Беларусы павінны цьвёрда стаць на абарону Закона і Канстытуцыі, праваліць Байкотам спробу падмануць усё наша грамадзтва фальшывымі “выбарамі”, сарваць легалізацыю імпэрскага рэваншу ў Беларусі. Час для наступу, для вяртаньня страчаных пазыцый, для вызваленьня Бацькаўшчыны наперадзе. А цяпер трэба не дапусьціць, каб папы-гапоны зноў змарнавалі народныя сілы і за кошт людзей выканалі сваю правакатарскую місію.

Усе на Байкот! Усе на абарону Беларусі!
Валеры Буйвал

2/8/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2010
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024