Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Новая кніга пра абвяшчэньне незалежнасьці У Варшаве ў выдавецтве «Беларускія Ведамасьці» выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці». У ёй адлюстраваныя падзеі 1990-1991 гадоў. «Наша кніга прымеркаваная да 20-годдзя аднаўленьня незалежнасьці Беларусі, якое будзе адзначацца праз год, — паведаміў з Прагі Сяргей Навумчык у інтэрвію «Белорусским новостям». — 25 жніўня 1991 года — важная дата ў беларускай гісторыі. Можа быць, самая важная, бо менавіта ў гэты дзень ажыцьцявілася мара пакаленьняў беларусаў — з гэтага моманту Беларусь існуе як незалежная краіна». Сяргей Навумчык падкрэсьліў: «Канечне, 19 гадоў — вельмі малы тэрмін для таго, каб грамадзтва ўсьвядоміла сапраўднае месца гэтай падзеі, але абавязак яе ўдзельнікаў — зафіксаваць усё для гісторыі. Так, захаваліся стэнаграмы пасяджэньняў Вярхоўнага Савета, але што ўплывала на прыняцьце рашэньняў, як выпрацоўвалася тактыка — у стэнаграме не адлюстравана, пра гэта могуць распавесьці толькі непасрэдныя ўдзельнікі». Са слоў суразмоўцы, «акрамя аналізу працэсаў таго часу і іх уплыву на сёньняшняе становішча, дасьледваньня пераемнасьці ідэі незалежнасьці ад ВКЛ і БНР, нам з Пазьняком падалося мэтазгодным разбурыць некаторыя міфы, якія ўзьніклі за апошнія гады. Напрыклад, пра тое, што Захад нібыта падтрымліваў памкненьне савецкіх рэспублік да сувэрэнізацыі (на самой справе актыўна і пасьлядоўна перашкаджаў), ці што Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам незалежнасьці». Насамрэч, паводле Сяргея Навумчыка, у 1990-1991 гадах Шушкевіч «не ўспрымаў ідэю незалежнай Беларусі і крытыкаваў БНФ за тое, што мы гэтага дамагаліся». «Асобны разьдзел, — паведаміў Навумчык, — прысьвечаны Васілю Быкаву, чыя маральная падтрымка была для нас вельмі важнай. І, канечне, мы пішам пра сваіх калег — дэпутатаў Апазыцыі БНФ, дзякуючы якім сталася магчымай перамога 25 жніўня 1991 года». А вось што сказаў пра новае выданьне ў інтэрвію «Белорусским новостям» з Варшавы Зянон Пазьняк: «У дэмакратычнай беларускай дзяржаве пры легітымнай беларускай уладзе пра вялікую гістарычную падзею здабыцьця незалежнасьці было б ужо напісана шэраг акадэмічных манаграфіяў і мноства дасьледваньняў. Былі б зьнятыя кінафільмы і пастаўленыя спэктаклі аб рэалізацыі двухсотгадовай барацьбы нацыі. Гістарычных асобаў і змагароў, датычных да гэтай вялікай перамогі, ведалі б усе. На жаль, сталася тое, што сталася. Краіна трапіла ў пастку ўнутранай акупацыі, прамаскоўскай палітыкі і антыбеларускага рэжыму. Вынішчэньне беларускай культуры, школы, мовы, навукі, гістарычнай памяці стала галоўнай палітыкай антыбеларускай улады. Вялікія падзеі Беларускай нацыянальнай рэвалюцыі 1990-1991 гадоў сталі татальна замоўчваць, вытоптваць факты, зьнішчаць дакуманты і матэрыялы, фальсіфікаваць дзейнасьць асобаў, зьневажаць барацьбу за волю і незалежнасьць, паклёпнічаць на змаганьне і перамогу Народнага фронту». Са слоў Пазьняка, «праз 19 гадоў пасьля здабыцьця незалежнасьці ў збочаным, перавернутым сьвеце і душнай атмасфэры рэжыму вырасла пакаленьне беларусаў, якія ўжо жывуць у незалежнай краіне, але ня ведаюць, як была здабыта наша суверэнная свабода і які цяжкі і доўгі быў да яе шлях. Нічога ня ведаюць пра тое, што яшчэ нават ня стала нашай гісторыяй. Што абазначае такое няведаньне для будучыні нацыі — лепш не казаць». Палітык таксама зазначыў: «Вядома, дасьледваць і апісаць працэсы змаганьня і здабыцьця незалежнасьці павінны б былі прафэсійныя гісторыкі, якія разьбіраюцца і разумеюць, што такое нацыянальная палітыка, заснаваная на нацыянальных інтарэсах. Аднак антыбеларускі рэжым за 16 гадоў душэньня грамадзтва вытравіў нацыянальную гістарычную навуку, загнаў яе ў падпольле, напладзіў павярхоўных недавучак, выхаваных на «гістарычных ведах» пра «Скарыну ў Піцеры». Паводле Зянона Пазьняка, «усё гэта ёсьць той антыгістарычны фон, які прымушае заняцца аналізам і гістарычным асэнсаваньнем падзей саміх удзельнікаў нядаўняй барацьбы за нацыянальную свабоду і дзяржаўную незалежнасьць». Так, падкрэсліў палітык, «зьявіліся «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)» Сяргея Навумчыка, мае працы «Новае стагоддзе», «Нацыянальныя каштоўнасьці», «Беларуска-расейская вайна», «Прамаскоўскі рэжым», «Развагі», «Цяжкі час», нядаўняя праца пра прыняцьце Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі і, нарэшце, нашая сумесная кніга «Дэпутаты незалежнасьці». «Тут, у гэтай кнізе (напісанай да надыходзячага дваццацігоддзя незалежнасьці Беларусі), аналіз, асэнсаваньне і ўспаміны злучаны ў адно, прытым паказаны з двух пунктаў бачаньня двумя асобамі — дэпутатамі Апазыцыі БНФ, якія былі тады ў цэнтры падзей», — сказаў Зянон Пазьняк. 11 жніўня 2010 г. Алесь ВАЛОШКА 20/8/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |