Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Пётр Хлябовіч: Змагарная Салідарнасьць

(частка І)

Жнівеньскія страйкі ў Гданьску ў 1980 годзе распачалі новы пэрыяд ня толькі ў польскай гісторыі, але і ў гісторыі Эўропы. 30 гадоў таму мільёны палякаў пачалі змаганьне супраць маскоўскіх акупантаў і іхных мясцовых васалаў. Ужо ў 1988-89 гадах камуна абвалілася ў Польшчы, адбываўся развал маскоўскага панаваньня ў падпарадкаваных краінах і самым СССР. Прыкметна, што адбывалася ўсё гэта не шляхам перамогі на выбарах (выбараў не было пры антынароднай уладзе, былі выбарчыя фарсы). Народная перамога была дасягнута ў працэсе адкрытага змаганьня супраць ворага і падпольнай працы многіх патрыётаў.
Прадстаўляем вашай увазе ўспаміны выдатнага дзеяча патрыятычнага падпольля Польшчы Пятра Хлябовіча. За гераізм і грамадзянскую мужнасьць ён быў узнагароджаны высокімі польскімі ўзнагародамі.

***

Пётр Хлябовіч

Змагарная Салідарнасьць

Падпольная арганізацыя “Змагарная Салідарнасьць” узьнікла ў чэрвені 1982 г. ва Уроцлаве (на пачатку пад назовам “Пагадненьне Змагарная Салідарнасьць”). Ініцыятарам утварэньня арганізацыі і яе старшынём стаў Карнэль Маравецкі, дзеяч падпольнай “Салідарнасьці”, які тады дзейнічаў у падпольлі. У пэрыяд легальнай “Салідарнасьці” Карнэль быў дэлегатам І Зьезду прафсаюза “Салідарнасьць” у Гданьску (1981 г.). У адрозьненьні ад “Салідарнасьці” – грамадзкага і прафсаюзнага руху – “ЗС” стала з самага пачатку арганізацыяй з строгім сяброўствам (кадравай арганізацыяй) і набыла палітычны характар. Большасьць сяброў “ЗС” прышлі з “Салідарнасьці”, у арганізацыю ўвайшлі таксама прадстаўнікі іншых напрамкаў, якія змагаліся за незалежнасьць. “ЗС” не выключала сілавых дзеяньняў, але лічыла, што магчымасьць іх прымяненьня магла ўзьнікнуць толькі ў пэўных умовах (напрыклад, масавыя сілавыя дзеяньні на прамысловых прадпрыемствах, дзе ўлада магла ўжыць зброю, маштабныя рэпрэсіі, — мы дзейнічалі б у рамках паняцьця шырокай самаабароны). Былі таксама ідэі публічнага раскрыцьця агентаў і калабарантаў (як гэта рабілася падчас нямецкай акупацыі). Па гэтай прычыне некаторыя дзеячы падпольнай “Салідарнасьці” называлі нас ненармальнымі і тэрарыстамі.

Па той жа прычыне мы былі пад адмысловым ціскам з боку службаў бясьпекі ПНР (Польскай Народнай Рэспублікі). Праз многа гадоў стала вядома, што дзейнасьцю “Змагарнай Салідарнасьці” вельмі цікавіліся Штазі ГДР і савецкі КГБ. Асабліва актыўна яны спрабавалі распрацоўваць прадстаўніцтва “ЗС”. Нямецкія і савецкія рэзыдэнтуры, не давяраючы сваім польскім калегам, спрабавалі пранікнуць у нашы арганізацыі ў Польшчы. У Інстытуце Гаўка ёсьць гэтаму пацьверджаньні. Чаму саветы так цікавіліся “Змагарнай Салідарнасьцю”? Адказ просты: па-першае, “ЗС” была антыкамуністычнай арганізацыяй і не хавала гэтага. Па-другое, яна заклікала да барацьбы супраць СССР і прадказвала хуткі развал як Савецкага Саюза, так і ўсяго сацыялістычнага лягеру. Мы вялі буйнамаштабную прапагандысцкую кампанію ў гарнізонах савецкай арміі, што знаходзіліся ў Польшчы. “ЗС” друкавала ўлёткі на расейскай мове і распаўсюджвала іх сярод савецкіх жаўнераў. І можна ўявіць сабе, якім быў зьмест гэтай падпольнай прадукцыі. Не па густу саветам была і інфармацыя аб канфлікце ў Аўганістане і аб парушэньнях правоў чалавека ў самым СССР, якую мы распаўсюджвалі. Такім чынам, мы былі пад прыцэлам галоўнай камуністычнай краіны. Гэта было даволе небясьпечна.

У “ЗС” рашэньні прымаліся Радай “ЗС” (ад 11 да 13 сяброў) і старшынём, які быў абавязаны падпарадкоўвацца рашэньням Рады. Толькі ў надзвычайных палітычных сітуацыях, калі немагчыма было склікаць Раду, а было неабходна прыняць важнае рашэньне тэрмінова, Карнэль вырашаў такія пытаньні адзінаасобна, а на Радзе “ЗС” зацьвярджаў сваё рашэньне. Стварэньне заканспіраваных з самага пачатку ячэяк гарантавала “чысьціню” арганізацыі, недапушчэньне ў яе рознага роду даношчыкаў, агентаў спэцслужбаў і г.д. Каб стаць сябрам “ЗС”, кандыдат павінен быў мець двух гарантаў – сяброў “Змагарнай Салідарнасьці”, якія ўжо прынесьлі прысягу. Яны ўводзілі навічка ў структуру арганізацыі, а пасьля канчатковай праверкі прымалі ў яго прысягу. Новыя сябры арганізоўвалі свае групы, але ня ведалі іншых нашых цэнтраў. Сістэма сувязі зьдзяйсьнялася праз такзваныя шлюзы.

Дзейнічалі два віды шлюзаў. Для працы пошты і інфармацыйнай сувязі служылі скрынкі (кватэры), не зьвязаныя ні зь якой структурай. Існавала асобная група, якая займалася пошукам такіх скрынак. Напр., у Глівіцах Ядвіга Рудніцка (цяпер сэнатар ад партыі “Права і Справядлівасьць”) атрымала ад сьв. памяці Яна Сэміньскага адрэсу дзьвюх сёстраў, былых сувязных АК (Арміі Краёвай) – сьв. памяці Марты Прайснэр (памерла ва ўзросьце 102 гадоў) і сьв. памяці Хэлены Таталандэ. Абедзьвюм было тады за 90 гадоў. Гэтая скрыня рэгулярна дзейнічала раз на месяц. Другую скрыню-шлюз вяла пані Гасткоўска, удава прафэсара Політэхнічнага інстытута (даваеннага доктара Львоўскай Політэхнікі). Там праводзіліся таксама кантактныя сустрэчы розных глівіцкіх арганізацый. “Прафэсаршы” тэлефанавалі, і яна паведамляла час сустрэчы, не забываючы пра коды (адпаведна перастаўляючы дні і гадзіны). Размовы вяліся пра вугаль, пакупкі, краўчыху, кухню і г.д. Варта ўспомніць аб выдатным “шлюзе” Ірэны Вітэшчаковай. Кватэра на вул. Герояў Гета ў Глівіцах у двух кроках ад вакзала выконвала ролю базы для сустрэчаў. Нехта прыязджаў у Верхнюю Сілезію, прыходзіў туды і называў пароль. Пані Ірэна частавала яго гарбатай і канапкамі, а госць чакаў, пакуль пасьля праверкі на наяўнасьць “хваста” сувязны прымаў яго і пераводзіў у наступны шлюз. Да Ядвігі Хмялёўскай прыходзіла (у залежнасьці ад групы, якая забясьпечвала сустрэчу) часамі да васьмі асобаў. Яны гарантавалі бясьпеку ўсім удзельнікам кантактнай сустрэчы. Былі і актыўныя шлюзы. У гэтым выпадку людзі, якія ішлі на кантакт, фізычна адзін з адным не сустракаліся. Адзін чалавек прыносіў нешта ў “скрыню” (шлюз), потым дзяжурны сувязны (пасрэднік) з гэтай “скрыні” пераносіў пасланьне ў іншую кватэру, а адтуль ужо яго забіраў наступны сувязны. У выпадку правала, нават калі нехта пачаў “калоцца” і ўся група была б накрыта, то на стадыі актыўнага шлюза ланцуг абарваўся б. Не было такзванай ланцуговай рэакцыі. Трэба прызнаць, што правалаў у самой “ЗС” было мала. Правалы здараліся перш за ўсё пры кантактах з прафсаюзнай “Салідарнасьцю”, у якой ня надта строга прытрымліваліся правілаў канспірацыі. На шчасьце, у большасьці такіх выпадкаў польскім спэцслужбам – СБ – не было вядома, што ў іхныя лапы патрапілі сябры “ЗС”.

Важным элемэнтам была таксама выведка “ЗС”. Сістэматычна вялося праслухоўваньне радыёстанцый і сувязі міліцыі і СБ. Ў гэтай справе вызначыўся галоўным чынам уроцлаўскі цэнтар, які ўзламваў адзін да адным шыфры СБ. Дзей нічалі юрыдычныя ячэйкі, у склад якіх уваходзілі ня толькі адвакаты і суддзі, але і пракуроры. Выключна добра дзейнічала такая служба ў Верхняй Сілезіі. Для гарантыі бясьпекі кантактаў гэтыя структуры абслугоўваліся асабіста кіраўніком Катавіцкага аддзела Ядзьвігай Хмялёўскай і яе сувязным.

Ва Уроцлаве і Труймесьце (Гданьск-Гдыня-Сопат) удалося прыцягнуць да супрацоўніцтва ў “ЗС” нават афіцэраў СБ, ад якіх мы атрымлівалі каштоўную інфармацыю. Дзякуючы строгай канспірацыі і патрабавальным правілам да сяброўства ў арганізацыі правалы ў “ЗС” былт адносна рэдкай зьявай, а калі і адбываліся, то ніколі не наносілі шкоды структуры выведкі. Мы здолелі абараніць сябе ад лавіны агентаў – а гэта было вялізнай праблемай падпольнай “Салідарнасьці”, таму што ў грамадзкі рух, якім была “Салідарнасьць”, мог прысьці кожны, чым службы бясьпекі ПНР хватка карысталіся.

Мой удзел у жнівеньскіх пераменах 1980 г. пачаўся ў малапольскіх структурах “Вясковай Салідарнасьці”, якія ўтвараліся тады. Я дапамагаў майму бацьку Ежы Хлябовічу, калі ён засноўваў ў акрузе вясковыя і раённыя аб’яднаньні прафсаюза “Вясковая Салідарнасьць” і нават быў сябрам ваяводзкай адміністрацыі. Мне тады не было яшчэ і 18 гадоў…

31 жніўня 1982 г. разам з прыяцелем Стасям Дэмбоўскім мы паехалі ў Гданьск, дзе ўзялі ўдзел у вулічных дэманстрацыях, якія пазьней былі названы самымі буйнымі выступамі ў часы ваеннага становішча. Было арыштавана шмат людзей, і мы патрапілі ў лапы ЗОМО (ОМОНа). Нас вазілі з аднаго міліцэйскага ўчастка ў другі, з адной КПЗ у другую. Нідзе не было месцаў, таму што ўсе камэры былі запоўнены арыштаванымі ў той дзень дэманстрантамі. Пару гадзінаў мы правялі ў перапоўненым “варанку”, без ежы, без вады, ня маючы магчымасьці задаволіць фізычныя патрэбы (ехалі ў машыне, набітай людзьмі, як сялёдкай). Пасьля гэтага нас прывезьлі ў турму ў Старагардзе Гданьскім, дзе быў наш часовы “дом”. Шматгадзінныя допыты, “доказы злачынства” (часьцей за ўсё камяні і цэглы, якія абмяралі эсбэкі). Нас білі і прыніжалі, выводзілі на паседжаньне такзванай судовай калегіі па парах у кайданках. Адбывалася пародыя на працэс і выносіўся прысуд: пара тыдняў арышту або штраф. Такім чынам, сем’і выкуплялі сваіх блізкіх, як толькі да іх даходзілі чуткі аб арыштах. Я правёў у камэры каля двух тыдняў. На пачатку ў камэры на 12 чалавек нас было… больш за трыццаць! Мы сядзелі з крымінальнікамі, якія ставіліся да нас з вялікай павагай як да “палітычных”. Многія зь іх мелі ў паслужным сьпісе забойствы, гвалтаваньні і крадзёж. Аднак я ўспамінаю іх добрым словам. Штраф за мяне заплаціў мой гданьскі дзядзька Марыян Хлябовіч. Праз пару тыдняў мяне выклікалі на паўторнае паседжаньне калегіі па той жа справе. У Гданьску я зьвярнуўся да ксяндза Генрыка Янкоўскага, які пры неабходнасьці абяцаў фінансавую або юрыдычную дапамогу. Аднак “прысуд” быў пакінуты ў сіле, і на наступны дзень я быў ужо дома.

Перш чым далучыцца да “ЗС” у 1983 г., я ўжо дзейнічаў у дзьвюх падпольных структурах. Пачалася мая “сапраўдная” падпольная дзейнасьць летам 1982 г., калі грамадзкі работнік Курыі Кракаўскага Мітрапаліта Вэсэк Заблоцкі прывёз у наш дом у Загужанах сябру кіраўніцтва бохэнскай арганізацыі “Салідарнасьці” Юзіка Мрочку, які быў у вышуку. 13 сьнежня 1981 г. (дзень абвяшчэньня ваеннага становішча ў Польшчы) ён быў у сьпісах на арышт, але уцёк з прадпрыемства і з тае пары хаваўся. Ён вымушаны быў мяняць падпольныя кватэры і прытулкі, і толькі ў нас прабыў даўжэй, хаваючыся ў нашым доме больш за год. Мы вырашылі разам прадпрыняць што-небудзь. Устанавіўшы сувязь з падпольнымі структурамі Бохні і Кракава (Юзік даў мне свае кантакты), мы пачалі выдаваць газэту “Кур’ерэк Б” (бюлетэнь Акруговай выканаўчай камісіі ў Бохні), якая распаўсюджвалася ў Бохні, Бжэску, Тарнаве, а таксама ў Кракаве і Новай Гуце. Я пазнаёміўся тады з дзеячамі бохэнскай арганізацыі і сябрую зь імі дагэтуль. Гэта былі Юзік Мрочэк, Ежы Ожэл, Станіслаў Курнік, Тэафіл Вайцэхоўскі, Кшысек Швец, Эва і Збышэк Ройкавы… Пазьней мы наладзілі супрацоўніцтва з бюлетэнем, які выдаваўся ў Новай Гуце – “Салідарнасьць Пераможа”, арганізавалі дадатковы яе наклад для Бохні, Тарнава і Бжэска. Праз пэўны час мы сталі сябрамі рэдакцыі і ўзялі на сябе друкаваньне ўсяго накладу. Трэба дадаць, што “Салідарнасьць Пераможа” урэшце рэшт стала бюлетэнем Кракаўскага аддзела “Змагарнай Салідарнасьці”.

Спачатку мы друкавалі яе спосабам “рамкі”, але гэтая тэхналогія паглынала надта шмат сілаў і давала нізкі вынік. Спачатку на друкаванай машынцы рабілася пэрфарацыя бялковых матрыц. Потым матрыцы ўкладываліся на спэцыяльную рамку. Фарбу пракатвалі валікам і друкавалі з вялікай цяжкасьцю старонку за старонкай. Утваральнікам бюлетэня “Салідарнасьць Пераможа” быў Марыян Стахнюк, дзеяч навагуцкіх структураў падпольнай “Салідарнасьці” і адначасова адзін з лідэраў Кракаўскай арганізацыі “ЗС”.

На першую кантактную сустрэчу са “Змагарнай Салідарнасьцю” я паехаў ва Уроцлаў, здаецца, увесну 1983 г. На канспірацыйнай кватэры (у пані Мацэліньскай?) мяне чакала таямнічая асоба пажылога ўзросту. Мы абмяняліся паролем і адказам, але пасьля гэтага пажылы пан усё яшчэ не давяраў мне і распытваў аб кракаўскіх дэталях і аб іншых дэталях, якія я павінен быў ведаць. Гэтыя роспыты працягваліся доўга. Урэшце рэшт ён даверыўся мне, і з тае пары я стаў на многія гады зьвяном для рэгулярных кантактаў паміж Кракавам і Уроцлавам. Я езьдзіў у Кракаў раз на месяц, перавозіў то інфармацыю, то друкаваныя матар’ялы, сустракаўся з дзеячамі ўроцлаўскай арганізацыі “ЗС”. Тут, мабыць, я магу раскрыць, што той таямнічай асобай быў Стэфан Маравецкі (аднафамілец Карнэля), жаўнер АК і сябра арганізацыі “Свабода і Незалежнасьць”, палітычны вязень 1950-х гадоў, сябра “ЗС”. Зь ім, ягонай жонкай Уладзяй і ўсёй іхнай сям’ёй – дачкой Малгосяй (Аўрэліяй) і яе мужам Юркам Леманьскім, а таксама сынам Янкам Маравецкім – мы сябруем дагэтуль.

У Гданьск і Сопат я таксама езьдзіў рэгулярна раз на месяц. Кантакт са структурамі Труймяста я вёў праз сям’ю Маркоўскіх з Сопата (Ірэна і яе сын Пётр, а таксама пан Войцэх Казлоўскі, вядомы лекар). У гэтым выпадку я сустракаўся ня толькі з дзеячамі “ЗС”. Зразумела, мы вялі абмен падпольнай прэсай і інфармацыяй.

Да самага 1985 г. мне ўдавалася пазьбягаць вайсковай службы. Дзякуючы “ліпавым” даведкам я дамогся адтэрміноўкі ад прызыву, аднак у 1985 г. мяне прыперлі да сьценкі – хацелі накіраваць на два гады ў казармы. Прызыўной камісіі я заявіў проста, што лепш пайду ў турму, чым у такую армію. Думаў, што мяне пасодзяць на два гады. На маё зьдзіўленьне, не было ніякай рэакцыі. Увесну 1986 г. мяне зноў выклікалі і вырашылі: такіх, як я, трэба пасылаць укалваць (альтэрнатыўная вайсковая служба) у Місьленіцы. Ад панядзелка да пятніцы – цяжкая фізічная праца на будоўле дарог, ходнікаў і запруды ў Добчыцах (водазабор пітной вады для Кракава на рацэ Рабе), у суботу і нядзелю – такзваныя заняткі ў чорных мундзірах (муштра і іншыя формы ідыятызму). Самы сябе мы называлі “арганізацыяй Тодт”. Сутнасным было тое, што кожны дзень пасьля працы я прыязджаў дадому і да таго ж яшчэ зарабляў (паўзаробка рабочага). Мы працавалі са звычайнымі рабочымі брыгадамі. Спачатку я думаў, што настаў канец маёй падпольнай дзейнасьці. Аказалася, аднак, што я памыляўся: двухгадовае знаходжаньне на альтэрнатыўнай службе было цудоўным прыкрыцьцём для канспірацыйнай працы! Друкаваў я, як і раней. У надзвычайных сітуацыях браў выходныя на працы – для некаторых майстроў хапала пляшкі гарэлкі, каб яны прыкрылі мяне на два дні адсутнасьці на працы. І што самае галоўнае, пры пакупцы чыгуначных і аўтобусных квіткоў я меў армейскія ільготы (да 50%) і такім чынам мае паездкі ва Уроцлаў і Гданьск каштавалі ўдвая таньней. Часам я прыязджаў з заданьнямі ў Познань, Конін, Варшаву, Ярослаў, Бжузу Крулеўску.

(працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

1/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024