Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Пётр Хлябовіч: Змагарная Салідарнасьць

(частка ІІ)

У 1985-86 гг. наша кракаўска-навагуцкая структура “Змагарнай Салідарнасьці” ужо грунтоўна выкрышталізавалася. Цэнтральны стрыжань арганізацыі налічваў больш за 10 чалавек (кадравыя сябры, але дагэтуль іхная колькасьць не ўдакладнена). І прыхільнікаў “ЗС” было, безумоўна, пару сотняў чалавек. Згадаю толькі некалькі прозьвішчаў найбольш актыўных сяброў “ЗС” у Кракаве. Гэта Мар’ян Стахнюк, адзін з лідэраў нашай структуры, стваральнік бюлетэня “Салідарнасьць Пераможа”. Гэтую назву надаў яму сам Стахвюк (першы нумар быў надрукаваны 16 траўня 1982 г.), пазьней бюлетэнь быў перайменаваны ў “Змагарная Салідарнасьць Пераможа”. Гэта Марэк Бэсяда і Кшыштаф Охэль (пасьля выйсьця з падпольля ён стаў легальным прадстаўніком арганізацыі, памёр у 1990-х гадах). Гэта Пётр Варыш (мастак, які стварыў большасьць плякатаў, заставак і ў цэлым графічнае афармленьне газэты “Змагарная Салідарнасьць Пераможа”); незамяняльны Збышак “Эдзю” Новак, зь якім разам я друкаваў матар’ялы ў сакрэтным бункеры ў Загужанах на працягу двух гадоў. Аднойчы яго нават арыштавалі памылкова, прыняўшы за вядомага дзеяча падпольля Эдварда Новака. Уладэк Глова, Эва Тарнаўска-Вэяха, Анджэй Тарнаўскі (брат Эвы), вядомы кракаўскі юрыст, гатовы абараняць нас у выпадку правала і магчымых судовых працэсаў. Мы пакінулі ў яго чыстыя аркушы з нашымі подпісамі, каб у выпадку арышта ён мог напісаць ад нашага імя заяву на даручэньне і адразу мог выступіць нашым афіцыйным адвакатам. Мой бацька Ежы Хлябовіч і швагер Ян Брыяк таксама супрацоўнічалі з “ЗС” (яны таксама дапамагалі будаваць бункер, дастаўлялі паперу і друкаркі і адвозілі надрукаваныя газэты ў Кракаў і Бохню). У невялікім маёнтку Анэты і Стася Пятрушкаў у Грушаве праводзіліся важныя канспірацыйныя сустрэчы, а арганізаванае тут навагодняе сьвята з 1983 на 1984 гг. запомнілася дзеячам з Бохні, Кракава і Новай Гуты, мабыць, на ўсё жыцьцё. Пробашч грушаўскага касьцёла Казімэж Пухала ня толькі хаваў у сваім доме пры касцеле дзеячаў, якім пагражала небясьпека (сярод іх Юзіка Мрочка), але і дзяліўся з намі гуманітарнай дапамогай, якую атрымліваў з Курыі Кракаўскай Мітраполіі. Сотні кіляграмаў салёнага масла і аранжавага сыру, соевага алею і парашковага малака, а таксама іншых дэфіцытаў (тады ўсё было па картках) мы развозілі сем’ям арыштаваных і рэпрэсаваных. Атрымлівалі таксама адзеньне і абутак.
Спачатку мы друкавалі, дзе маглі: у прыяцеляў на лецішчы (у Эвы Тарнаўскай), у Вялічцы ў сьв. памяці палкоўніка ў адстаўцы Войска Польскага Рака, часам у доме ў Загужанах. Аднак у доме мы рабілі гэта вельмі рэдка, толькі ў надзвычайных сітуацыях. Трэба было быць вельмі асьцярожнымі, асабліва пасьля ператрусаў, якія кракаўская СБ правяла ў нас у 1983 і 1984 гг. На шчасьце, яны тады нічога не знайшлі, а Юзік Мрочэк, які хаваўся ў нас, пасьпеў уцячы (ён прышоў тады ў Грушаў, дзе яго схаваў ксёндз Пухала, а праз колькі дзён, калі ўсё супакоілася, ён вярнуўся да нас). Падчас ператруса мне ўдалося вынесьці праз вакно ў парк усе матар’ялы і друкаркі, пакуль бацька прымаў пахмурных паноў у іншым пакоі. Наш дом быў невялікім старым маёнткам 18-га стагоддзя. Гэта быў комплекс з гаспадарчай часткай (пара будынін, у сярэдзіне – вялікі двор з сажалкай). Пад адной з будынін (“майстэрняй”) мы вырашылі пабудаваць сакрэтную друкарню ў выглядзе бункера з схаваным уваходам пад парогам. Працу мы распачалі яшчэ ўзімку 1982/83 гг. з Юзікам Мрочкам, а будаўнічымі працамі кіраваў Вітольд Батор, інжынэр-будаўнічы і пчаляр, які трымаў пчалярню ў нашым садзе. Зямлю мы вывозілі ў парк і рассыпалі на вялікай плошчы, каб суседзі нічога не западозрылі. У выніку атрымаўся бункер плошчай 10-12 кв. мэтраў і вышынёй больш за 2 м. На ягонае будаўніцтва было выдаткавана каля дзьвюх тонаў каркаснага дроту і цэмэнта (у той час для пакупкі цэмэнта і будматар’ялаў трэба было мець разнарадку з гміны, і нам даводзілася здабываць іх самымі рознымі спосабамі, такія былі часы) і каля двух кубоў дошак для падлогі. Будаўніцтвам займаліся таксама мой бацька Ежы, Юзэф Янішэўскі і Вітольд Батор з Кракава, Мар’ян Стахнюк і Збігнеў (“Эдзю”) Новак з Новай Гуты. Мар’ян здабыў неабходныя фонды, а Эдзю ўсталяваў электраправодку і пабудаваў сістэму водаадтока (яна была незамяняльнай падчас дажджоў).

З 1984 г. у падпольнай друкарні “Вільно” ім. Генэрала Акуліцкага “Нэдзьвядка” (камандуючы Арміі Краёвай, падпольная мянушка “Нэдзьвядэк”) пачалося друкаваньне газэт, бюлетэняў, улётак, плякатаў, кніг і іншай прадукцыі. На пачатковым этапе мы мелі ручны памнажальны апарат на бялковай матрыцы (ад Казімежа Світаня), а потым мы дасталі электрычны апарат. Пазьней – калі мяне не падманвае памяць, на пачатку 1985 г. – зьявіўся доўгачаканы афсэтны станок. Праўда, мы яго пазычылі ў структураў навагуцкай “Салідарнасьці”, і ён быў стары і спрацаваны. Часам ён ламаўся, але мы неяк давалі рады, хаця да станка не было ніякіх інструкцый або тэхнічных чарцяжоў. Я ніколі раней афсэта ў вочы ня бачыў, а тут раптам трэба друкаваць на ім. Крок за крокам, пераадольваючы памылкі, мы навучыліся абслугоўваць яго і ўкалвалі па-чорнаму днямі і начамі. Пласьціны нам рабілі на замову мэтадам парашковага накладаньня на старых ксэрографах. Якасьць была някепская, але гэты мэтад меў свае недахопы: не атрымліваліся фотаздымкі і вялікія чорныя паверхні. Літары ня мелі ідэальна роўных краёў, друк часам быў не па ўсёй плошчы або з бледнымі фрагмэнтамі. Але ў параўнаньні з бялковым апаратам, рамкай або сітадрукам гэта быў рывок на цэлую эпоху наперад у сэнсе тэхналогіі і якасьці. Зразумела, ідэальную якасьць давалі сьвятлочуйныя пласьціны з адпаведнай фотаапрацоўкай (добра зробленыя дыяпазытывы і адпаведнае асьвятленьне пласьціны, апрацоўка шчолачным праяўляльнікам, а потым замацавальнікам – артафосфарнай кіслатой).

Толькі ў 1986 г. мы навучыліся рабіць фотаапрацоўку пласьцін. Дзеля гэтага я паехаў разам з Ядзьвігай Хмялёўскай на навучаньне ў сакрэтную друкарню познаньскага аддзела “ЗС” (Мацей Франкевіч), дзе мы набылі неабходныя навыкі. З тае пары мы сталі самадастатковымі. Мы купілі стацыянарны фотаапарат з гармонікам “Глобік” фармата А5 вытворчасьці ГДР, фотастужку для яго з нізкай адчувальнасьцю (гэта падвышала кантрастнасьць), адмысловыя лямпы для асьвятленьня макетаў пры фотакапіраваньні, галагенныя лямпы для апраменьваньня пласцін, фотахімічныя рэактывы, запас чэхаславацкіх фотаадчувальных афсэтных пласцін. Усё гэта было ў нас у Загужанах. Мы пачалі рабіць пласьціны прыстойнай якасьці, са здымкамі. Макеты мы друкавалі на добрай белай паперы праз капіравальную стужку на электрычнай машынцы “Эрыка” (таксама вытворчасьці ГДР). Гэта была навінка на рынку, мы атрымалі яе ад “ЗС” з Ястжэнбя. Хмялёўска дамовілася аб вялікай пасылцы з Берліна, у якой прыслалі некалькі сучасных друкарскіх машынак. За гэта мы друкавалі для Верхняй Сілезіі бюлетэнь “Пункт”, рэдактарам якога быў Кшыштаф Луцык з Бытомя. Як бачым, структуры, хаця кожная зь іх была незалежнай і заканспіраванай, шчыльна супрацоўнічалі між сабой. Адабраныя сувязныя не былі вядомыя тым, з кім яны кантактавалі. На выпадак правала кожная група была цалкам ізалявана ад іншых. У некаторых структурах былі таксама падрыхтаваны людзі для выкананьня спэцзаданьняў – менавіта яны ўсталёўвалі кантакт з “праваленымі” групамі.

Якасьць макетаў, падрыхтаваных на прафэсійным абсталяваньні, была ідэальнай. Раней мы друкавалі тэксты на звычайных мэханічных машынках, выкарыстоўваючы стужку з тушшу. У нас былі дзьве такія машынкі. Адну зь іх нам даў ксёндз-пробашч Казімеж Пухала з Грушава. Ён сам зрабіў нам гэтую прапанову, хаця застаўся без машынкі ў фарнай канцылярыі… Гэта была наша першая машынка. Потым мы атрымалі яшчэ адну, перадваенную, якая працавала яшчэ падчас падпольнай дзейнасьці АК. Ядзьвіга Шаняўска (маці Ядзьвігі Хмялёўскай) вырабляла на ёй матрыцы для бюлетэняў у Станіслававе. Мы перанялі гэтыя традыцыі. Каб друкаваць газэты, брашуры, улёткі і розную літаратуру – да таго ж у вельмі вялікай колькасьці, — быў неабходны запас паперы і друкарскай фарбы. Калі пры сітадруку можна было выкарыстоўваць камбінаваную фарбу (сумесь з пральнага парашка “Камфорт”, сажы з печкі плюс крыху афсэтнай фарбы – хаця газэты і давалі такі моцны пах, што іх цяжка было перавозіць), то ў тэхніцы афсэта трэба было мець арыгінальную фарбу. Папера ў нас была з дзьвюх крыніц. Па-першае, мы куплялі яе ў крамах – аднак нельга было купляць адразу вялікую колькасьць, таму што гэта адразу ж выклікала падазрэньне і пагражала правалам. Так што пакупкай паперы займаліся цэлыя сем’і, знаёмыя. Акрамя таго, вялікую колькасьць прытрымлівалі для нас нябожчыкі ўжо ксяндзы пробашч Адольф Хайнацкі з Кракава-Бежанава Старога і пробашч фары ў Містжэёвіцах (Новая Гута) Казімеж Янцаж. На пікапе “Тарпан” паперу перавозіў для нас ўжо згаданы пчаляр Вітольд Батор. Ён ведаў карацейшыя шляхі да Кракава, дзе не было міліцэйскіх патрулёў (трэба адзначыць, што на самым пачатку ваеннага становішча заслоны на дарозе і дазволы на праезд, напрыклад, з адной гміны ў другую або з ваяводзтва ў ваяводзтва былі паўсюднай зьявай), і аніразу наш транспарт ня быў затрыманы. Фарбу нам даставаў Мацей Лазаруў – дзеяч падпольля, які працаваў у кракаўскай друкарні. Ён атрымліваў яе ў кладаўшчыка за хабар. Фарба была вельмі дэфіцытным таварам у падпольлі, ёю “расплочваліся” за паперу, пласьціны і іншыя матар’ялы, неабходныя ў паліграфіі. Таварны абмен паміж рознымі падпольнымі ячэйкамі быў штодзённай зьявай. Папера таксама служыла агульнапрынятай формай аплаты за друкарскія паслугі. У доме Фрыдэрыкі і Мацея Лазаруў у Кракаве таксама былі друкарня і месца, дзе хаваліся людзі. Туды перапраўлялі многіх дзеячаў падпольля, што хаваліся, асабліва з Уроцлава, у тым ліку сяброў “ЗС”. Памятаю, што ў склепе ў Лазаруў жылі сярод іншых Пётр Бяляўскі і Ян Сэнь, якія пасьля ўцёкаў з турмы ў Жэшаве-Залэнжу ў ліпені 1982 г. некаторы час правялі і ў доме Эвы Тарнаўскай-Вэяхі ў Пракоціме. Фрыдэрыка, скульптар па адукацыі, вырабіла з лінолеюма шмат плякатаў, якія друкавала ўся сям’я з дзецьмі ўключна. Мы выкарыстоўвалі таксама яе лінагравюры.

У 1985 або 1986 г. нашу сакрэтную друкарню наведаў сябра Палаты Абшчынаў Вялікай Брытаніі. На жаль, я не запомніў ягонае імя і пасаду. Яго прывёз з Загужан Мар’ян Стахнюк. Каб той не запомніў дарогу і каб пазьбегнуць магчымага “хваста” спэцслужбаў, ён езьдзіў некалькі гадзін па розных дарогах (з Кракава да Загужан усяго 35 км, аўтобусам можна даехаць за гадзіну). Ня памятаю, ці завязвалі яму вочы і ў які час дня яны прыбылі да нас. Анлічаніну вельмі спадабалася друкарня. Мы прадэманстравалі яму ўвесь працэс друку (у нас якраз ішла праца). Ён быў у захапленьні, абяцаў расказаць у Вялікай Брытаніі пра нашу падпольную працу і, калі ўдасца, арганізаваць дапамогу з абсталяваньнем. У 1986 г., здаецца, улетку, Мар’ян зьбіраўся ляцець у Англію. Хацеў там папрацаваць пару месяцаў, а таксама сустрэцца з нашым госьцем і абмеркаваць магчымасьць дапамогі для нашай арганізацыі. Аднак гэтым плянам не было наканавана зьдзейсьніцца. Калі ён сядаў з жонкай Мартай у самалёт, на аэрадром пад’ехала служба бясьпекі і арыштавала яго за ўдзел у знакамітай справе “тэрарыстаў”. На Стахнюка данёс дзеяч “Салідарнасьці” Марэк Хэбда. Як аказалася, Хэбда быў агентам СБ. Сябра нашага аддзела распаўсюджваньня Зьдзіслаў (Адам) Хэбда на самой справе зламаўся пад сьледствам і даў паказаньні ў “справе тэрарыстаў”, аднак не нанёс асаблівай шкоды галоўным абвінавачаным. Мар’яну Стахнюку і Ежы Ожэлу быў вынесены прысуд як выканаўцам акцыі, раскрытай СБ. Ім прыпісвалася падрыхтоўка “тэрарыстычнага акта” (нібыта яны зьбіраліся стрэліць з парахавых гармат, усталяваных на дахах, сотнямі тысячаў улётак падчас дэманстрацыі). З прычыны падабенства прозьвішчаў я спачатку напісаў, што ў супрацоўніцтве з СБ падазраюць Зьдзіслава Хэбду, і гэты матар’ял быў зьмешчаны ў інтэрнэце. Цяпер я карыстаюся магчымасьцю выправіць сваю памылку: пасьля кансультацыі і ўдакладнеьня фактаў высьветлілася, што ў гэтай справе зьявіліся два чалавекі з адным прозьвішчам. Прыношу Зьдзіславу Хэбду мае прабачэньні.

З ксяндзом Адольфам Хайнацкім мы сустракаліся ў той час вельмі часта. У 1985 г. у бежанаўскім касьцёле, дзе пробашчам быў Хайнацкі, пачалася галадоўка пратэсту многіх вядомых дзеячаў “Салідарнасьці”. Галадоўку праводзілі па чарзе: адны прыязджалі, другія ад’язджалі. На мэце мелася прыцягнуць увагу да рэпрэсіяў уладаў супраць грамадзтва і да праблемы ўціску народа. Галадоўка працягвалася некалькі месяцаў. Удзельнічалі ў ёй з большага “апальныя” дзеячы падпольля, якія мелі за плячыма арышты і турмы. З удзельнікаў галадоўкі я памятаю Ганну Валентыновіч. Ня выключана, што былі таксама Гвяздовы. Мноства падпольшчыкаў імкнуліся ў Бежанаў, жадаючы падтрымаць удзельнікаў гэтай акцыі пратэсту, аднак была строгая забарона нават набліжацца да касьцёла, бо гэта пагражала раскрыцьцём. Паўсюль віравалі агенты, удзень і ўначы фатаграфавалі ўсіх, хто ўваходзіў і выходзіў з памяшканьня, дзе праводзілася галадоўка. Ксёндз Хайнацкі стаў для Курыі Мітрапаліта ў Кракаве няёмкім сьвятаром. Ціск з боку ўладаў даў вынік: ксяндза Адольфа перавялі ў прыход у Юшчыне каля Макава Падгаляньскага ў спадзяваньні, што ён згубіць значэньне як сьвятар апазыцыі – да Кракава было далёка, мясцовасьць у асноўным вясковая. Але яны памыляліся. На службы ксяндза Хайнацкага ішлі натоўпамі. І ня толькі з Кракава. Людзі прыязджалі з розных куткоў Польшчы. Міліцыя станавілася на дарогах і без лада прычыны штрафавала кіроўцаў з немясцовымі нумарамі, якія ехалі на сьвяточную службу. Аднак і гэта не дапамагала. У тых краях жывуць людзі цьвёрдыя, горцы. Дагэтуль тут пануе культ знакамітага партызана Юзэфа Курася па падпольнай мянушцы “Агонь”. Некалькі разоў Служба Бясьпекі прыязджала ў Юшчын, каб забраць ксяндза Адольфа на допыт. Тады па ўсім навакольлі гучаў заклік, і СБэшнікаў сустракала мноства людзей з сякерамі, віламі і косамі. А з горцамі агенты задзірацца не хацелі…

(працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

3/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024