Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Пётр Хлябовіч: Змагарная Салідарнасьць (частка ІІІ, заключная) Ксёндз Хайнацкі ня раз распавядаў мне пра замахі на яго. Езьдзіў ён тады на аўтамабіле “Сырэна”, часта ўвечары. Бывала, у машыну кідалі цэглы і каменьне, адкручвалі колы, увесь час праколвалі шыны. Ад афіцэра (мабыць, капітана) бельска-бяльскага СБ Казмежа Сулкі, а таксама з іншых крыніцаў ксёндз даведаўся, што існаваў адмысловы сьпіс вызначаных для ліквідацыі ксяндзоў, непажаданых для ўлады. Сьпіс меў кодавую назву “Крук”. У ім быў упісаны і ксёндз Хайнацкі. Калі я добра памятаю, мы атрымалі ад Сулкі вытрымку са сьпіса – і апублікавалі яе. Сулка дорага заплаціў за раскрыцьцё таямніцы: калегі арыштавалі яго, і ён атрымаў турэмны тэрмін. Цудам ён застаўся ў жывых: за такую здраду ворганы бясьпекі звычайна расплочваліся, ліквідуючы непатрэбных сьведкаў, не выбачалі і разглашэньня сакрэтнай інфармацыі. Сулка ня “зьнік” галоўным чынам дзякуючы розгаласу аб справе ксяндзом Хайнацкім і міжнароднымі арганізацыямі. Адвакат Сулкі з Кракава (здаецца, Анджэй Розмарыновіч) сустрэўся ў суддзі Эвы Габэрле – каардынатара “юрыдычная групы” сілезкага падпольля – з кіраўніком Катавіцкага аддзела “ЗС” Ядзьвігай Хмялёўскай. Паказаў ёй вырабленыя ў СБ і атрыманыя ад Сулкі ўлёткі, у якіх быў паклёп на ксяндза Хайнацкага. Сулку прад’явілі крымінальнае абвінавачваньне – “крадзеж сеткі з шахты”. На заклік Хмялёўскай пра неабходнасьць абнародваць інфармацыю аб справе Сулкі адгукнуліся многія падпольныя бюлетэні, і ня толькі зьвязаныя з “ЗС”. Па сёньняшні дзень справа “акцыі Крук” так і ня высьветлена да канца. Гэтым павінен заняцца Інстытут Нацыянальнай Памяці. Наша прэса трапляла ў архівы Ягелёнскай бібліятэкі ў Кракаве. Гэтаму спрыяў наш сябра Адам Раліньскі, які працаваў там. Ён зьбіраў усе падпольныя выданьні і ў сьцянах бібліятэкі ўтварыў тайную калекцыю, якую папаўняе вельмі актыўна і цяпер. Дзякуючы яму Ягелёнская бібліятэка мае адзін з лепшых збораў падпольнай літаратуры. Канспірацыя Калі казаць пра асновы канспірацыі, якіх мы імкнуліся прытрымлівацца, то найлепшымі для нас прыкладамі для насьледваньня была канспірацыйная дзейнасьць Юзэфа Пілсудскага (ягоныя ўказаньні на гэтую тэму ёсьць у літаратуры) і Арміі Краёвай. Як паказала жыцьцё, асновы канспірацыі не зьмяніліся на працягу апошняга стагоддзя, як засталіся нязьменнымі і асновы працы палітычнага вышуку. Толькі тэхніка зрабіла вялізныя крокі наперад. У той час былі яшчэ жывыя многія з тых, хто дзейнічаў у вайну ў АК (а пасьля вайны ў арганізацыях “Свабода і Незалежнасьць” і NSZ). Некаторыя зь іх энэргічна ўключыліся ў падпольле “Салідарнасьці”, дзейнічалі ў “Змагарнай Салідарнасьці”. Яны раілі нам, паказвалі, як засьцерагчыся ад пранікненьня ворага, вучылі асноўным правілам бясьпекі. Найбольш вядомай постацьцю гэтага кола быў Юзэф Тэліга, дзеяч падпольля, які тады хаваўся. Ён быў двойчы арыштаваны падчас ваеннага становішча і быў самым старым палітычным зьняволеным у ПНР. Падчас вайны ён быў капітанам АК, начальнікам выведкі і контрвыведкі ў Свентакжыскай акрузе. Ён не паспеў прыехаць на знакамітую сустрэчу камандваньня Падпольнай Польшчы з савецкім генэралам Піменавым у Прушкаве і таму пазьбегнуў лёсу “шаснадцаці” (шаснаццаць кіраўнікоў польскага нацыянальнага супраціву былі арыштаваны НКВД на той сустрэчы, накіраваны ў Маскву і пасьля катаваньняў зьнішчаны ў ГУЛАГу – заўвага рэдактара). Я меў гонар шчыльна супрацоўнічаць з панам Юзэфам, часта бываў у Загужанах разам з пані Антанінай Камароўскай. Ён даў мне шмат парадаў, дзякуючы якім маё канспіратыўнае жыцьцё працякала спакойна і без правалаў. Юзэф Тэліга быў заснавальнікам падпольнай арганізацыі OKOR (Угульнапольскі Камітэт Сялянскага Супраціву) і выдаўцом бюлетэня “Жывяць і Бароняць”, які мы таксама пару разоў друкавалі. Я таксама быў сябрам OKOR, а Юзэф Тэліга шчыльна супрацоўнічаў са “Змагарнай Салідарнасьцю”, часта сустракаўся з Карнэлям Маравецкім і ягоным навакольлем. З Юзэфам Тэлігай шчыльна супрацоўніцаў сялянскі дзеяч OKOR Юзэф Баран з Кракава (пасьля арышта і адсідкі ён выехаў у Нарвэгію). З Юзэкам я часта кантактаваў у сувязі з выдавецкімі плянамі бюлетэня “Жывяць і Бароняць”. Зазвычай мы называлі пана Тэлігу “дзядуля Тэліга”. У гэтай структуры працавала таксама Люцына Лубаньска. У сярэдзіне васьмідзесятых гадоў я супрацоўнічаў з юрыстамі ў Ягелёнскім унівэрсітэце. На просьбу пані Ганны Радзікоўскай я падрыхтаваў і выдаў (на ручной машыне “Сьвітоня”) два нумары бюлетэня “Вольны Голас, Што Дае Свабоду”. Зразумела, матар’ялы для газэты забясьпечылі ўнівэрсітэцкія юрысты. Наколькі памятаю, “Вольны Голас…” праз некаторы час ператварыўся ў вядомае ўсёй Польшчы падпольнае выданьне “Параграф”. З гэтым выданьнем былі зьвязаны сярод іншых Юзэк Мрочэк, Вэсэк Заблоцкі, Казю Барчык і Аляксандр Гэрцаг. Ад самага пачатку мы вырашылі арганізаваць нашу падпольную працу так, каб спэцслужбы не маглі нас раскрыць. Так, пра нашу друкарню ведала толькі вузкае кола людзей, частка арганізацыйнай структуры “ЗС” у Кракаве ня мела аніякага ўяўленьня аб тым, хто і дзе займаецца друкаваньнем матар’ялаў. Акрамя друкаваньня, некаторыя з нас уваходзілі ў склад рэдакцыі выданьня “Салідарнасьць Пераможа”, а таксама ўдзельнічалі ў палітычных акцыях “ЗС”. Надрукаваную літаратуру мы развозілі па вызначаных кантактных кватэрах у Кракаве і Новай Гуце. Нельга было кантактаваць з людзьмі, якія прымалі наклад для шырокага распаўсюджваньня. Больш за ўсё матар’ялаў паступала на мэталургічны камбінат (тады “імя Леніна”, цяпер Сендзіміра), і бальшыня распаўсюджвальнікаў нас ня ведалі. Кантактныя кватэры (такзваныя скрыні) мелі рознага роду прызначэньне. Адны служылі для таго, каб пакінуць там літаратуру і перадаць яе для далейшага распаўсюджваньня. Іншыя выкарыстоўваліся для сустрэчаў кіраўніцтва “ЗС” і падпольных структураў. Былі такія, што служылі ў якасьці складаў паперы, фарбы, запчастак да друкарак. На адмысловых яўках зьбіраліся рэдакцыі газэт і бюлетэняў пад выглядам сьвяткаваньняў. Былі таксама кватэры, у якіх мы сустракаліся з прадстаўнікамі іншых падпольных групаў. Яны ня ведалі нашых апэратыўных “скрыняў”. Найбольш важнымі скрынямі былі кватэры: Элі Зямняк, дзе праводзіліся важнейшыя сходы кракаўскай арганізацыі “ЗС” і рэдакцыі “Салідарнасьць Пераможа”; Ёлі Курнік у Бэданаве (бохэнскі напрамак, інфармацыная база рэдакцыі “Кур’рка Б”); Яніны Кляк і ейнай дачкі Ганны Мрочэк у Бэжанаве Старым; у Пракоціме – дамы Эвы Тарнаўскай-Вэяхі і ейнага брата Анджэя Тарнаўскага, адваката; кватэра маёй цёткі сьв. памяці Ірэны Стжалкоўскай, а таксама брата майго дзеда сьв. памяці Яна Хлябовіча ў Падгужы. Адрасоў было значна больш, але памяць часам падводзіць. На напрамку Бохня – Бжэска – Тарнаў у нас быў стары кур’ер – пэнсінэр Зьдзісь Вахэль з Бохні. Ён аніразу не падвёў нас, нават у экстрэмальных сітуацыях. Зьдзісь памёр колькі гадоў таму. Ён быў узорным канспіратарам. Гаспадары “скрыняў” звычайна ня надта актыўна ўключаліся ў падпольную працу, каб не “праваліць” кватэру. У большасьці кантактных “скрыняў” мы вызначылі ўзгодненыя сігналы на выпадак налёту спэцслужбаў СБ і арганізацыі імі “катлоў” – адмысловых засадаў (у расстаўленую такім чынам пастку яны ўпускалі кожнага, але трымалі там на працягу многіх гадзінаў). Гаршчкі, фіранкі, розныя прадметы ў вокнах або іх адсутнасьць падказвалі нам, ці можам мы спакойна ўвайсьці туды альбо трэба тэрмінова зьнікаць і паведамляць іншым аб пагрозе. Я прынамсі двойчы пазьбегнуў “катла” і дэканспірацыі дзякуючы гэтым сігналам. Ідучы на сустрэчу, мы зважалі. Заўсёды зьвярталі ўвагу на падазроныя нумары машынаў (былі пэўныя асаблівасьці ў нумарацыі службовых машынаў спэцслужбаў СБ, якія мы больш-менш ведалі) і прыглядалі, каб не было “хваста” (каб за намі не сачылі супрацоўнікі СБ). Заўважыўшы перасьлед, мы павінны былі адмовіцца ад сустрэчы і адарвацца ад “хваста”, што было рызыкоўна. Пару разоў, калі я ехаў з Загужанаў у Кракаў, то заўважаў на прыпынку “дзіўнага” пэрсанажа, які хадзіў за мной па горадзе і часам перадаваў мяне іншаму супрацоўніку спэцслужбаў СБ. Гэта было для мяне настолькі відавочным, што ў такой сітуацыі я блукаў па горадзе, цягаючы за сабой “хваста”-небараку, а потым вяртаўся дахаты. У такім выпадку мы пераносілі сустрэчу на іншы час. Дзякуючы такой практыцы (падобныя сітуацыі ўзьнікалі ў многіх) мы выходзілі сухімі з вады і пазьбягалі правалаў. Шмат ведаў пра канспірацыю я атрымаў таксама ад вэтэранаў-жаўнераў ІV i V Віленскіх брыгадаў АК (“Шчэрбца” і “Лупашкі”). Пачынаючы з 1986 г. я езьдзіў у Гданьск разам з прафэсарам Лешакам Бэднарчуком на штогадовыя сустрэчы ў гонар апэрацыі “Вострая Брама”. Вельмі карыснай публікацыяй для падпольшчыкаў быў “Малы Канспіратар”. Выдадзены на самым пачатку ваеннага становішча, ён стаў свайго роду зборнікам інфармацыі аб асновах эфэктыўнай і бясьпечнай канспірацыі, а таксама аб грамадзянскіх правах падчас затрыманьня, допыту і ў іншых падобных сітуацыях. Аказалася, што нават у ПНР мы мелі нейкія правы, аб якіх наша “любая” улада не парупілася нам паведаміць!!! Напрыклад, міліцыя і СБ мелі права ўваходзіць у жыльлё толькі ў пэўныя гадзіны і толькі з ордэрам пракурора. Хто гэтага ня ведаў, упускаў да сябе гэтую арду ў любы час сутак, беэ ордэра, а потым шкадаваў, што сваечасова не даведаўся аб сваіх правах. Падчас допыту грамадзянін меў права адмовіцца ад дачы паказаньняў. Ня ведаючы пра гэта, многія ламаліся. Падчас ператруса можна было прыцягнуць сьведкаў, якія маглі назіраць за дзеяньнямі СБ. Бывалі выпадкі, калі супрацоўнікі спэцслужбаў падкідвалі рознага роду “рэчдокі”, каб атрымаць зачэпку для затрыманьня, і г.д. і да т.п. Я чуў, што “Малы Канспіратар” быў распрацаваны юрыстам і пазьней прэм’ерам Польшчы Янам Альшэўскім. Гэтая брашура аказалася надзвычай павучальнай і карыстнай чытанкай. У мяне было некалькі падпольных мянушак, якімі я карыстаўся ў кантактах з іншымі сябрамі “ЗС”, а таксама ў публікацыях: Грабя (Граф), Жмудзін, Пётр Высоцкі. Для кантактаў з Усходам (так звычайна палякі называлі СССР, а цяпер называюць Расею і постсавецкія краіны – заўвага рэдактара) я карыстаўся псэўданімам Павел Падольскі. Зразумела, мы не маглі раскрываць сваіх сапраўдных імёнаў: гэта пагражала дэканспірацыяй і арыштам. У падпольнай канспірацыі ў нас дзейнічала маса асноўным правілаў, якіх неабходна было прытрымлівацца. Мы імкнуліся быць стрыманымі ў спажываньні алкаголя, ведаючы прыклады, калі спэцслужбы СБ бралі на мушку і арыштоўвалі цэлыя рэдакцыі нелегальных выданьняў і падпольныя структуры з-за таго, што людзі часта зазіралі ў келішак і шмат балбаталі. Мы абмяжоўвалі ўдзел нашых людзей у дэманстрацыях і рознага роду патрыятычных мерапрыемствах, таму што там можна было лёгка патрапіць у рукі спэцслужбаў, часам зусім выпадкова. Памятаю прыезд Папы Рымскага ў 1983 г. і імшу ў кракаўскіх Блонях. Мы пайшлі туды цэлай групай і падчас імшы разгарнулі вялікі транспарант з “неадпаведным” лёзунгам. Праз некаторы час падыходзяць да нас некалькі паноў, вырываюць транспарант, трое хапаюць мяне за рукі і ногі, тое ж робяць з маім прыяцелем – і цягнуць у невядомым накірунку. Яны былі ўпэўнены ў сябе. Мы вырываемся , але іх надта шмат. Астатнія нашы сябры пачынаюць рэагаваць на гэта, кідаюцца на супрацоўнікаў СБ і заклікаюць людзей праявіць патрыятызм. Доўга чакаць не давялося: некалькі чалавек прыходзяць нам на дапамогу. Нейкая пажылая жанчына з крыкам “Бандыты, забойцы!” б’е цяжкой тэчкай супрацоўнікаў СБ, астатнія калоцяць іх парасонамі і палкамі ад транспарантаў. Нас паступова адпускаюць, супрацоўнікі СБ атрымліваюць у морду і па храбце і ўрэшце ратуюцца ўцёкамі. Перамога. Але гэта і папераджальны сігнал аб тым, што нам ня трэба афішаваць сябе. Такія паводзіны можна было назваць глупствам. Мноства правалаў адбывалася з-за таго, што людзі запісвалі адрэсы, тэлефоны і рабілі зацемкі ў каляндарыках і нататніках. То быў верх глупства. Усе дадзеныя трэба было трымаць у галаве, а пэўную інфармацыю запісваць шыфрамі, вядомымі толькі нам. Адрэсы звычайна мы пакідалі ў каго-небудзь з сваёй сям’і, хто быў не звязаны з падпольлем. Непісанымі правілам у працы з рэдакцыямі і друкарнямі некаторых падпольных выданьняў было тое, што ў выпадку правала тыя, хто заставаўся на волі, павінен быў замяніць няўдачнікаў. Гэта значыць, трэба было рэдагаваць (у падобным стылі, для чаго рэдакцыі мелі запасныя тэксты і матар’ялы на некалькі нумароў наперад) і друкаваць газэту. Да самага пераможнага канца – гэта значыць, да поўнай дэзарыентацыі апарата спэцслужбаў. У нас быў шэраг такіх выпадкаў. Правалілася група навагуцкага бюлетэня “Гутнік”. Мы выпусьцілі, здаецца, два нумары, “закасілі” пад іх. СБ патрапілася на кручок і ў хуткім часе іх выпусьціла. І “Гутнік” зноў пачаў выходзіць. Пасьля 1987 г. мы атрымалі праз цэнтар “База” (Варшава) навюсенькі афсэтны станок AB DICK. Вельмі сваечасова, таму што той станок, які мы пазычылі ў іншых, трэба было вяртаць. Новы станок быў цудоўнай машынай. Цалкам аўтаматызаваны, наладжаны. Атрымалі мы яго “пасылкай” (прывезьлі, здаецца, з Швэцыі). Мы ведалі, што некаторыя каналы перакідкі дзейнічалі пад кантролем спэцслужбаў ПНР. Асабліва кепскай славай карыстаўся канал з Брусэля (кіраўнік брусэльскага бюро “Салідарнасьці” Ежы Мілеўскі, як потым аказалася, быў агентам спэцслужбаў). У некаторыя афсэтныя і іншыя друкаркі былі ўстаўлены “жучкі” (мікраперадатчыкі), дзякуючы якім СБ магла знайсьці друкарні. На ўсякі выпадак мы праверылі наш новы набытак. Афсэт аказаўся “чыстым” і служыў да 1991 г. Здаецца, у 1983 (або 1984) годзе па ініцыятыве нашага кола, блізкага да выданьня “Салідарнасьць Пераможа”, узьнікла Інфармацыйная Асацыяцыя “Салідарнасьць Пераможа” (ІА “СП”), у якую ўвайшлі газэты: з Бохні (“Кур’ерэк Б” пад рэдакцыяй Юзіка Мрочка, Юрэка Орла, Кшысека Швэца, Ёлі і Стася Курнікаў, Тэафіла Вайцахоўскага і іншых; я таксама ўдзельнічаў у працы рэдкалегіі), з Тарнава (“Тарніна”), Уроцлава (“Vade Mecum” – у склад рэдакцыі ўваходзілі Малгося і Юрэк Леманьскія, Уладзя Маравецка, вядомы сатырык Станіслаў Шэльц і я); з Падкарпацьця – “Аса” (бюлетэнь рэдагаваў Раман Срока, актыўны супрацоўнік “ЗС”, арыштаваны ў 1984 г.), з Кракава – школьнае выданьне “Наш Глос” (яго выпускалі ліцэісты Павел Тарнаўскі, Томаш Вэяха і Ганна Дрэсьлер, дапамагаў ім Анджэй Гарапіх); з Коніна – “Салідарныя Конін” (Павел Катлярскі). Пасьля 1985 г. пачалі выпускаць “Дадатак Палітычны” – яго мы распаўсюджвалі разам з выданьнем “Салідарнасьць Пераможа”. Пасьля таго як у 1986 г. быў арыштаваны Марыян Стахнюк, мы вырашылі на пэўны час зьмяніць назву нашага бюлетэня на “Змагарная Салідарнасьць Пераможа”, каб тым самым публічна ідэнтыфікаваць сябе з арганізацыяй “Змагарная Салідарнасьць”. Прадстаўнікі некаторых кракаўскіх і навагуцкіх падпольных цэнтраў адрэагавалі адразу ж: мы страцілі некалькі структураў па распаўсюджваньню і нас часам сталі называць тэрарыстамі і экстрэмістамі. Праз некаторы час да многіх “дайшло”, і ўсё вярнулася на сваё месца. На працягу доўгага часу мы рабілі для Малапольскі дадатковы наклад самага, здаецца, папулярнага і вядомага ў Польшчы падпольнага выданьня – “Тыгоднік Мазоўша”. Наш кур’ер рэгулярна еьдзіў у Варшаву, прывозіў адтуль рознага роду прэсу і гатовыя пласьціны для друкаваньня часопіса. У Варшаве нам абяцалі, што мы можам разьлічваць у будучым на афсэтны станок з замежнай пасылкі (варшаўскі цэнтар заўсёды меў першанства ў чарзе па абсталяваньне, а тое, што заставалася, яны скідвалі на “правінцыю”). Дадатковы наклад (даволі немалы – пару тысячаў асобнікаў) мы рабілі бясплатна і на сваёй паперы. Выкарыстоўвалі для распаўсюджваньня сваю сетку. Выдаўцы часопіса былі вельмі задаволены нашай працай – бывала нават, што “Тыгоднік Мазовшэ” выходзіў у Кракаве раней за Варшаву. Аднак калі мы пазьней нагадалі ім пра абяцаньне, яны адказалі адмовай. Мы больш не рабілі дадатковых накладаў. “Тыгоднік”, праўда, час ад часу зьяўляўся ў Кракаве, але ў малым накладзе і дрэннай якасьці (шаўкаграфія). І толькі цэнтр варшаўскага выданьня “База” падзяліўся з намі атрыманым абсталяваньнем, перадаўшы згаданы “AB DICK”. Толькі нядаўна я пазнаёміўся з сужонствам Пэрнах, якія, як аказалася, працавалі ў выдавецтве “Базы”. Якраз яны і перадалі нам афсэтны апарат. Карысным прыборам быў сканэр для праслухоўваньня размоваў у эфіры. У нас быў адзін такі прыбор, таксама з замежнай пасылкі. Наколькі памятаю, ён быў амэрыканскай прадукцыі. Мы маглі падслухоўваць міліцэйскія радыёстанцыі і радыётэлефоны падчас дэманстрацый і падрыхтоўкі да рэпрэсіяў. Больш за ўсё нас цікавілі хвалі ваяводзкай управы міліцыі ў Кракаве. Можна было даведацца шмат цікавага… Мы супрацоўнічалі з многімі падпольнымі арганізацыямі як у Кракаве, так і ў іншых рэгіёнах краіны. Зразумела, вельмі важна было падтрымліваць добрыя стасункі з рэгіянальным кіраўніцтвам прафсаюза “Салідарнасьць” і яе кіраўніцтвам на прадпрыемствах (само сабой, гэта былі падпольныя структуры), але тут хутчэй не было праблем. У нас былі добрыя кантакты з Канфэдэрацыяй Незалежнай Польшчы, Агульнапольскім Камітэтам Сялянскага Супраціву, Незалежным Прафсаюзам Студэнтаў, Фэдэрацыяй Змагарнай Моладзі, Рэспубліканскай Лігай, Сялянскай Салідарнасьцю, Лібэральна-Дэмакратычнай партыяй Незалежнасьці. Мы супрацоўнічалі зь імі па многіх накірунках. Клопатам пра здароўе і імкнучыся лепш ведаць мясцовасьць, мы пару разоў арганізоўвалі курсы ў Бэскідах. Вяла іх Ядзьвіга Хмялёўска, якая ўжо тады думала над праектам будучай Акадэмічнай Лігі ў ВНУ. На гэтых курсах маладыя людзі з розных рэгіёнаў мелі магчымасьць сустрэцца, абмяняцца досьведам канспіратыўнай дзейнасьці і прадэманстраваць у нялёгкіх прыродных умовах свае фізычныя здольнасьці. Памятаю такі лягер у раёне Рыцэркі – Мілюўкі – Вянгерская Гурка. Натуральна, мы карысталіся партыйнымі мянушкамі і ня ведалі сапраўдных прозьвішчаў сяброў з іншых падраздзяленьняў. Базы для лягяроў рыхтаваў Януш Зачык з Хожава. Месца для начлегу ўсім хапала (часта ў гаспадарчых будынінах у гаспадароў, нашых прыхільнікаў). Зачык клапаціўся і аб харчаваньні. З Карнэлям Маравецкім, які хаваўся ва Уроцлаве, я сустракаўся некалькі разоў, калі вырашаліся важныя пытаньні Кожная сустрэча з Карнэлям рыхтавалася цэлым штабам з меркаваньняў бясьпекі. Йшлося аб тым, каб выключыць магчымасьць арышту Карнэля спэцслужбамі. Ён быў тады адным з самых расшукваемых людзей у Польшчы (іншымі былі Юзэф Тэліга, Ядзя Хмялёўска, Буяк і Фрасынюк). СБ вылузвалася са скуры, каб натрапіць на ягоны сьлед. Бясьпекай Карнэля займаліся людзі зь яго бліжэйшага атачэньня, сярод іх Ян Паўлоўскі, Марыя Казебродска, Ганя Лукоўска-Карней, Павел Фаліцкі, Цэзары Лэсіш, Анджэй Зарах і іншыя. Менавіта яны арганізоўвалі сустрэчы і правяралі, ці “чысты” маршрут, па якім мы праходзілі. Пётр Мэдань з Войтэкам Мысьлецкім везьлі мяне (на машыне “Вартбург”) да Карнэля галоўным чынам уначы, калі лягчэй было выявіць магчымае сачэньне. Часам яны рабілі далёкія аб’езды, праязджаючы правераныя двары. Карнэль ня жыў доўга ў адным месцы – не даўжэй за некалькі дзён. Каб зьмяніць зьнешнасьць, ён адрасьціў бараду і перасоўваўся вельмі асьцярожна. Для сустрэчы з дзеячамі “ЗС” у яго было некалькі кватэраў ва Уроцлаве і па-за горадам. Але адразу ж пасьля сустрэчы ён пакідаў гэтыя кватэры. Я быў малады, мне вельмі падабаліся такія сітуацыі – ну, проста як у кіно! Часы ў падпольлі 1980-х гадоў я ўспамінаю сэнтымэнтальна, нават са сьлязьмі ў вачах… Пераклаў з польскай Валеры Буйвал 6/9/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |