Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: Пра сэнс антыбеларускай палітыкі

(Выступ на лютаўскім Сойме
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

…Кожная новая рэпрэсія этнацыду ўражвае нашу сьвядомасьць ня толькі фактам свайго зьяўленьня, ня толькі вычварнай тэхналёгіяй правядзеньня, але найперш паступовай стратай адпорнасьці нашага грамадзтва на вынішчальны працэс. Гэта сапраўды непакоіць і трывожыць найбольш, бо сьведчыць, што працэс нішчэньня нацыі ідзе незваротна і цемра ўсяляецца ў душы людзей.

Я ўжо неаднаразова зьвяртаў нашу ўвагу на тое, што адбываецца сістэмнае вынішчэньне ўсіх нацыянальных каштоўнасьцяў народа ў паэтапным раскладзе (пасьля адпрацоўкі аднаго этапу пачынаюць другі) і што маштабнасьць і вырабленая логіка разбурэньня не карэлюецца з інтэлектуальным узроўнем узурпатара прэзыдэнцкай улады ў Беларусі. Тым ня менш усе драконаўскія акцыі супраць беларускай нацыі і культуры праходзяць праз яго рукі і зыходзяць ад яго.
Удары йдуць, вось ужо шаснаццаць гадоў, па ўсіх стратэгічных накірунках разьвіцьця нацыянальнай культуры: сымволіка, мова, гісторыя, школа, адукацыя, асьвета, літаратура, навука, этнічныя групы насельніцтва (сацыяльнае разбурэньне вёскі), моладзь, грамадзянская супольнасьць і, нарэшце, носьбіты культуры і нацыянальных ідэй.

Вынікі разбурэньня каласальныя. За 16 гадоў існаваньня груба арганізаваны аўтарытарны рэжым, без асэнсаванай ідэалёгіі і сацыяльнай мэты, абапіраючыся на бюракратыю і спэцслужбы (найперш КГБ) практычна паралізаваў увесь культурны нацыянальны працэс. Вынішчэньне тым больш разбуральнае, што пачалося яно ў адпаведным моманце, калі маладая незалежнасьць пусьціла першыя парасткі новага жыцьця. Парасткі былі зьнішчаны і разьвіцьцё спынілася, пайшло па збочаным шляху, спараджаючы хімеры і ракавыя пухліны перараджэньня.

Пазбавіўшыся зьнешняй акупацыі і вырваўшыся з Савецкага Саюзу, мы неўзабаве трапілі пад акупацыю ўнутраную з прычыны існаваньня старой акупацыйнай каляніялісцкай улады і старой савецкай адміністрацыі, якая аблегчыла шлях татальнага пранікненьня расейскіх спэцслужбаў у Беларусь і прыход крэатуры гэтых спэцслужбаў (Лукашэнкі) да аднаасабовай улады ў Беларусі.

Антыбеларускі рэжым ёсьць непасрэдным вынікам унутранай прарасейскай акупацыі, а палітыка этнацыду, якую ён праводзіць супраць беларускай культуры, па зьместу і характару свайму ёсьць тыповай акупацыйнай палітыкай. Яна працягваецца штодзённа. Ёсьць дзеяньні, якія руйнуюць асновы існаваньня культуры. Такія разбурэньні праводзяцца пастаянна і зыходзяць не з сытуацыі, не з абставінаў, а згодна разьмеркаванага плану і вызначанай задачы.

Найбольш злосным і антыпраўным ударам па нацыі ў пачатку 2010 года ёсьць санкцыя на сацыяльны перасьлед беларускіх пісьменьнікаў за прыналежнасьць да творчага саюза, што выявілася ў антыпраўнай забароне на прафэсіі (дакладней, на працу).
Нядаўна быў спушчаны загад усім адміністрацыям установаў звольніць з працы беларускіх пісьменьнікаў сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Пакінуць на працы дазволена толькі тых, хто выйдзе з Саюзу пісьменьнікаў. Гэта значыць з таго легендарнага творчага саюзу Купалы, Коласа, Чорнага, Караткевіча, Быкава. З таго Саюзу, які ўжо быў амаль поўнасьцю расстраляны ў 30-х гадах.

Пачынаючы з 1994 года, “30-я гады”, прыстасаваныя ў новых умовах, вяртаюцца зноў. Тады, у 90-х, казаць пра будучую ліквідацыю літаратуры і вынішчэньне пісьменьнікаў было бяссэнсоўна. Людзі адэкватна не ўспрымалі нават відавочных падзеяў – пагрозы рускага імпэрыялізму, — ня тое што небясьпекі для існаваньня беларускай літаратуры.

Гісторыя мае тую асаблівасьць, што не засвойваецца ў дэнацыяналізаваным грамадзтве. Высілкі і геніі асобных людзей губляюцца ў тумане часу альбо забіраюцца іншымі народамі. Нават масавы генацыд не пакідае глыбокіх адбіткаў у калектыўнай душы, калі вэрсія нацыі аслаблена і не арганізавана ў нацыянальнай дзяржаве, асэнсаванай як сацыяльна-культурнае ўтварэньне. Тым часам рэпрэсіі супраць беларускай літаратуры былі цалкам відавочныя і прагназуемыя нават у дэталях.
Улада ў Беларусі пасьля фатальных прэзыдэнцкіх выбараў 1994 года была сфармавана пад шчыльным уплывам савецкіх спэцслужбаў, цэнтар якіх знаходзіўся (і знаходзіцца) у Маскве. Адразу можна было зразумець якая пачнецца палітыка беларусафобнай прэзыдэнтуры. Яна будзе арганізаваная ў сістэму згодна стратэгічных задачаў Расеі на заходнім кірунку. Што гэта за задачы, мы добра ведаем. Яны былі сфармуляваныя ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Вялікае Княства Літоўскае павінна было быць разбурана, ліквідавана, тэрыторыя далучана, насельніцтва вынішчана і зрусіфікавана. Наўрад ці пад сілу была адной Маскве гэтая мангольская задача, але тым ня менш яна была ажыцьцёўлена супольна з Заходняй Эўропай, найперш зь немцамі. Заўважу, што нямецка-маскоўская вынішчальная парадыгма адносна Усходняй Эўропы датрывала да сёньняшніх дзён.

Вынішчэньне культуры, эканомікі, насельніцтва і памяці пра Вялікае Княства ніколі не спынялася і трывала праз усё ХІХ стагоддзе. Тым ня менш у пачатку ХХ стагоддзя Фэнікс Беларусі стаў адраджацца з попелу (аб’яўленьне БНР і г.д.). Таму наступныя дзесяцігоддзі рускі бальшавізм распачаў масавыя рэпрэсіі і вынішчэньне насельніцтва ў Беларусі і на Украіне. Цэнтрам расейска-нямецкага генацыду ў Эўропе зноў стала Беларусь.
Масавае забіваньне насельніцтва Беларусі агулам трывала 36 гадоў (да сьмерці Сталіна ў 1953 г.). За гэты час амаль дазваньня былі вынішчаныя нашчадкі беларускай шляхты, разбурана сялянская гаспадарка, ліквідавана бальшыня інтэлігенцыі, расстраляныя сотні пісьменьнікаў і паэтаў (70% усіх літаратараў) – усяго зьнішчана больш трох мільёнаў беларусаў.

1939-1944 гады 2-й Сусьветнай вайны засьведчылі, што ў беларусаў не было альтэрнатывы. Нямецкі нацыянал-сацыялізм (скарочана “нацызм”) і рускі камунізм абодва планавалі ліквідацыю беларускага насельніцтва і засяленьне новай “лебэнсраўм” (для расейцаў “искони русской земли”) немцамі (руска-савецкімі людзьмі).
Пасьля сьмерці Сталіна спосабы ліквідацыі беларусаў зьмяніліся. Былі спыненыя масавыя рэпрэсіі і забойствы, на ўзбраеньне ўзялі дактрыну пабудовы камунізму і стварэньне “савецкага народу”. Асноўным мэтадам стала русіфікацыя, зьнішчэньне беларускай мовы, школы, асьветы, адукацыі, гістарычнай памяці, разбурэньне традыцыйных сацыяльных структур.

Гэтая палітыка (найбольш характэрным яе адэптам быў П. Машэраў) выклікала каласальны разбуральны эфект. Праз трыццаць гадоў вынарадавеньня вытаптана было так, што некаторыя з функцыянэраў саветызму пачалі сьвяткаваць перамогу, адкрыта плявалі ў твар: “какая Беларусь? Вас уже нет и никогда не было, разговаривайте по-человечески”.

(У дужках заўважу – наша нацыянальная рэвалюцыя канца 80-х – пачатку 90-х выклікала ня тое што шок – псіхічную прастрацыю ў лубянскай Маскве і ў яе падхвосьнікаў на Беларусі).

Мэтадалогія вынішчэньня нацыянальнай культуры і беларускай Беларусі ў цяперашнім рэжыме – гэта працяг машэраўска-брэжняўскага саветызму, але з папраўкамі на ўлік чыньнікаў, якія прывялі да нацыянальнай рэвалюцыі 1988-1991 гг. І (што істотна) на адсутнасьць камуфлюючай ідэалогіі, у якасьці якой раней выкарыстоўвалі камунізм (марксізм-ленінізм). Таму цяперашняя антыбеларуская палітыка рэжыму больш арыентаваная на лабавую дактрыну, на непасрэднае глумленьне беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў, на сьлізганьне ў сталінізм і гістарычнае чарнасоценства (паняцьці “западно-русизма” і інш.). Тут сімбіёз русіфікатарскага саветызму, чарнасоценнага “западнорусізму” і сталіншчыны, што ў комплексе выяўляецца як тыповы акупацыйны этнацыд, падложжа якога нам добра вядомае з гістарычнага вопыту. Прагназаваньне канкрэтных разбуральных дзеяньняў рэжыму з гэтай прычыны не складае цяжкасьцяў. Высьвятленьне пэрспэктывы дае магчымасьць добра ўсьвядоміць, што адбываецца цяпер, у рэчаіснасьці. Аднак, на жаль, менавіта гэта якраз робіцца шмат для каго каменем перашкоды для разуменьня рэальнасьці. Эфэктыўна змагацца з этнацыдам можна толькі калектыўна пры масавым усьведамленьні яго небясьпекі і сэнсу палітыкі ўлады, якая яго праводзіць.

Нацыянальная літаратура ёсьць грунтуючая каштоўнасьць нацыі, зьяўляецца яе родавай прыкметай. Нацыя нараджае нацыянальную літаратуру, а літаратура фармуе нацыю. Калі няма нацыянальнай літаратуры, то няма і нацыі.

Адразу было зразумела, што антыбеларускі рэжым абавязкова будзе нішчыць беларускую літаратуру. Ня трэба было мець ніякіх ілюзіяў. З гэтага неабходна было зыходзіць, выбудоўваць пазыцыю абароны і змаганьня.
Этапы нішчэньня беларускай літаратуры выглядаюць па парадку так: ліквідацыя шэрагу беларускіх часопісаў; ліквідацыя шэрагу беларускіх выдавецтваў, стварэньне “холдынгу” і ўзяцьце пад адміністрацыйны і агентурны кантроль шэрагу літаратурных перыядычных выданьняў і выдавецтваў; узяцьце пад рэжымны кантроль усіх друкарняў; адабраньне Дома літаратара з уласнасьці Саюзу пісьменьнікаў; выгнаньне пісьменьнікаў з Дому літаратара; выгнаньне бібліятэкі і архіву Саюзу пісьменьнікаў з Дому літаратара; ліквідацыя Літфонду, ліквідацыя дамоў творчасьці, немагчымасьць друкавацца ў дзяржаўных выдавецтвах, немагчымасьць публічна спатыкацца з чытачамі; зьдзек над вялікім Васілём Быкавым, прысьпешваньне яго сьмерці; раскол Саюзу пісьменьнікаў і стварэньне падстаўной рускай пісьменьніцкай арганізацыі з графаманаў і імітатараў ліатаратуры і, нарэшце, апошняя нядаўняя рэпрэсія – забарона на працу па культурна-нацыянальных матывах (прыналежнасьць да беларускага творчага саюзу). Тут адкрыты, цынічны жандармскі этнацыд. Груба зламаны шэраг артыкулаў нават рэжымнай Канстытуцыі і законаў, груба парушаны шэраг правоў асобы і грамадзяніна.
Ізноў жа, паўтаруся, трывожыць ня толькі аб’ём варварства супраць нашай культуры і цынізм зь якім яно адбываецца. Шакуе маўчаньне грамадзтва. Нават інфармацыі аб гэтай злачыннай падзеі году практычна няма (акрамя паведамленьня замежнага радыё “Свабода”).

У такім выпадку накрэсьліць працяг рэпрэсій можна цалкам канкрэтна: перарэгістрацыя-нерэгістрацыя; перасьлед за друкаваньне кніг без рэгістрацыі, без санкцыяў, за выданьне за мяжой, за неўплату падаткаў і схаваньне “даходаў” ад літаратуры (хоць цяпер ад літаратуры даходаў ніхто ня мае, даходы робяць на псэўдалітаратуры); урэшце на працу ня будуць прымаць з-за прыналежнасьці да неадпаведнага роду заняткаў. Назву “беларускі пісьменьнік” хочуць зрабіць рэжымным кляймом, як КХП-БНФ, пры прыёме на працу. (Іронія лёсу ў тым, што шмат якія пісьменьнікі ўсе гэтыя 20 гадоў асьцярожна дыстансаваліся, як маглі, ад БНФ, ад ідэі нацыянальнага адраджэньня, не разумеючы, што справа не ў БНФ, а ў іх самых). Усё гэта ўжо было ў 30-х (і больш таго), усё гэта рабілі тыя ж самыя ворганы і тая ж палітыка. І пра ўсё гэта ўсе (амаль усе) забыліся.

У канцы лінейкі такой мангола-візантыйскай палітыкі мусіць быць цалкам зьменена насельніцтва. Русіфікацыя – гэта толькі стварэньне ўмоў для непрыкметнай замены людзей. Палітычныя спраўцы на Усходзе, якіх мы часам грэбліва называем варварамі, разумеюць больш за нас, што пакуль існуе пастаяннае беларускае насельніцтва Беларусі, то нават калі яно цалкам стане рускамоўным (а яно ня стане), нават калі яго цалкам асіміляваць па-японску ці на мове “хіндзі”, то пакуль яно будзе існаваць тут, на гэтай зямлі, Беларусь рана ці позна можа паўстаць, а за ёй і прывід Вялікага Княства. Шок 1988-га і 1991-га не дае ім спакою.

Традыцыйная вайна – гэта перш за ўсё захоп чужой тэрыторыі. Доўгатэрміновыя (гістарычныя) вынікі вайны забясьпечвае поўная асіміляцыя альбо поўная замена насельніцтва. Прыкладаў дастаткова. І не абавязкова казаць пра былое сэрбскае Косава. Сучасны сьвет, працэсы глабалізацыі, левыя ўрады ў Эўропе і нэгатыўная рэакцыя людзей на лібэральныя каштоўнасьці гэтых урадаў спарадзілі новы від вайны – шляхам перамяшчэньня насельніцтва. І мы са зьдзіўленьнем ужо назіраем пачатак другога падзеньня Рыму (гэта значыць Эўропы) перад сярэднявечнай экспансіяй арабскага Усходу. Прытым усе шансы на баку Усходу, чалавечыя рэсурсы якога невычарпальныя, а рэпрадуктыўныя ўласьцівасьці ў 5-10 разоў пераўзыходзяць эўрапейскія.

Расея такіх рэсурсаў і ўласьцівасьцяў ня мае і тым ня менш яна ўжо пачала праводзіць перасяленчую вайну, ствараючы пад гэта ў Беларусі (са згоды рэжыму, вядома) жыльлёвую, матэрыяльную і эканамічную базу.
Паўстае пытаньне як нам, беларусам, змагацца супраць рэжымнага этнацыду, супраць вынішчэньня культуры, супраць выцясьненьня нас з грамадзтва на маргінэс, з гары ў ніз, з цэнтру на ўскраіну. Як абараніць нашыя каштоўнасьці ў краіне, дзе няма дэмакратыі і беларускае пад перасьледам, дзе паралізаваная грамадзянская супольнасьць, дзе законы пішуцца і выкарыстоўваюцца як сродак палітычных рэпрэсіяў, дзе поўная воля і беспакаранасьць спэцслужбаў і палітычнае бяспраўе людзей.

Істотна ведаць мэханізм існаваньня дыктатуры, выявіць канкрэтную сілу, якая гэты мэханізм прыводзіць у рух, яе мэтады, прынцыпы, спосабы дасягненьня мэты, урэшце яе зброю, якой яна зьнішчае нашу культуру, і прычыну, у выніку якой стала магчымай такая разбуральная палітыка. Пра такія зьявы я хацеў бы напісаць у наступным лісьце.

14 лютага 2010 г.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага
Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

7/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024