Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка IV)

Чачэнская “рэвалюцыя” 1991 г.

Жнівеньскі путч у Маскве, які ў выніку прывёў да ўлады Барыса Ельцына, стаў дэтанатарам выбуху ў Чачэніі. Народ ўзяў справу незалежнасьці ў свае рукі.

Ужо ўвосень 1990 г., калі Кангрэс Чачэнскага Народу абвясьціў сувэрэнітэт Чачэніі, савецкі Вярхоўны Савет рэспублікі пасьпешліва ратыфікаваў дэкларацыю аб сувэрэнітэце. Савет спадзяваўся, што гэты крок дазволіць яму захаваць уладу. Але яны не заўважылі пэўнага нюанса – у момант прыняцьця дэкларацыі аб сувэрэнітэце Вярхоўны Савет, як рэлікт савецкай эпохі, беззваротна губляў свае заканадаўчыя функцыі. Так пастанаўляюць міжнародныя стандарты: на сцэне зьявілася зусім новая дзяржава.

Уначы з 3 на 4 верасьня 1991 г. Доку Заўгаеў, які ад імя камуністычнай партыі кіраваў рэспублікай, выдаў пастанову аб увядзеньні надзвычайнага становішча. Тройчы абвяшчалася трывога для службы бясьпекі і міліцыі – і кожным разам безвынікова.

6 верасьня разьюшаны натоўп узяў штурмам сядзібу Вярхоўнага Савету Чачэна-Інгушэціі. Разьюшаныя жанчыны за валасы выцягнулі Заўгаева з будынку. Праз вакно выкінулі ягонага намесьніка. Угодкі тых падзеяў адзначаецца ў Чачэніі як Дзень Незалежнасьці і зьяўляецца найважнейшым нацыянальным сьвятам рэспублікі.

15 верасьня 1991 г. Савет зьняў з сабе свае паўнамоцтвы і абвясьціў аб спыненьні сваёй дзейнасьці, што азначала канец савецкай улады ў рэспубліцы. Рэальная ўлада перайшла ў рукі Дудаева.

Скарб рэспублікі

Гвардзейцаў размясьцілі на спартовай базе ў Прыгарадным, далёкім прадмесьці Грознага. Аддзел налічваў 70 чалавек. Басаеў, які ў маленстве захапляўся спортам, праводзіў сем навучальных курсаў, у тым ліку па баявых мастацтвах. Ён выпрацаваў праграму фізічнай падрыхтоўкі.

Праз тры дні на базу прыбылі шасьцёра маладых людзей, сярод якіх быў Умалт Дашаеў. Яны прышлі са зброяй. Дашаеў валодаў каратэ і запрапанаваў, што будзе працаваць інструктарам па гэтым спорце. “Гэта адзіны чалавек, які на працягу тых шасьці гадоў зьняў з мяне частку цяжару і ўзяў яго на сабе”. – казаў Басаеў.

5 кастрычніка 1991 г. маладая гвардыя атрымала загад: заняць штурмам сядзібу КГБ у Грозным. Гэта была апошняя інстытуцыя ў рэспубліцы, якая падпарадкоўвалася Маскве. Быў выпрацаваны дакладны плян. У ім адчувалася рука Шаміля, які пазьней праявіў сябе як бліскучы стратэг. На той момант у аддзеле ўжо засталося толькі 50 чалавек, зь якіх 34 мелі зброю.

Сядзібу КГБ занялі без адзінага стрэлу. Моладзь пашла на штурм, маючы 4 архаічныя аўтаматы ППШ, 2 аўтаматы Дзегцярова ДП з дыскавым магазінам, некалькі карабінаў і пісталетаў, вучэбны АКМ, дубальтоўкі і 50 гранат. Адзін з ППШ ня меў ударніка, а хлопцу, якому дасталася гэтая бракаваная зброя, нават нічога не сказалі пра дэфэкт. Ён доўга потым папікаў за гэта Шаміля.

Без ахвяраў, аднак, не абышлося. Штурм ужо быў пасьпяхова закончаны, і пераможцы адчулі смак першага посьпеху, калі са штаба кангрэса прыбеглі на дапамогу некалькі сотняў разгарачаных людзей. У тузаніне быў выпадкова застрэлены адзін з афіцэраў КГБ, палкоўнік.

У збраёўне гвардзейцы знайшлі 12 аўтаматаў Калашнікава і скрынкі з патронамі і гранатамі. Яны ўважліва абшукалі сутарэньні і знайшлі там там яшчэ адзін склад. Чатыры гадзіны білі ломам жалезныя дзьверы, пакуль яны не расчыніліся. Унутры было цэлае багацьце: 100 аўтаматаў і чатыры снайпэрскія вінтоўкі СВД. Зброю раздалі рэкрутам. Гвардзейцы занялі ў будынку абарончыя пазыцыі.

Шамілю, аднак, нешта не давала спакою… На працягу трох тыдняў ён шарыў па ўсім будынку ў пошуках яшчэ аднаго склада зброі. Ён ведаў, што склад недзе павінен быў быць, але ўсё ня мог знайсьці яго. Урэшце ён зрабіў абмер сьценаў. Абмер паказаў, дзе павінна было знаходзіцца схаванае памяшканьне. Прадчуваньні аказаліся слушнымі. Шукальнікі скарбу натрапілі на вялікі вайсковы склад, які быў замураваны на выпадак вялікай вайны. У гэтай пячоры Алі Бабы было схаванае поўнае забесьпячэньне, зброя і амуніцыя для 600 чалавек. “Там было ўсяго – прыгадвае з бляскам у вачах Басаеў. – Вялікае багацьце для нашай рэспублікі. Там было 5 тысячаў гранат, 600 тысячаў патронаў, 524 аўтаматы Калашнікава, 76 кулямётаў, 9 супрацьтанкавых базук, 20 падствольных гранатамётаў, 50 бінокляў, 50 прыбораў начнога бачаньня, 50 шлемаў з прыборамі начнога бачаньня, вялікая колькасьць мэдыкамэнтаў, палявыя кухні, намёты, матрасы, коўдры, мундзіры на 600 чалавек. Гэтым мы ўзброілі чачэнскую гвардыю”.

Інтэрвэнцыя

27 кастрычніка 1991 г. адбыліся выбары прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі. Начале дзяржавы стаў генэрал Джахар Дудаеў. Народ быў у эйфарыі.

1 лістапада прэзыдэнт Дудаеў падпісаў дэкрэт, які абвяшчаў Чачэнію незалежнай, дэмакратычнай рэспублікай, аддзеленай ад Інгушэціі, без вызначэньня яе далейшага прыналежнасьці да Расейскай Фэдэрацыі. Адзінай рэспублікай са складу былога Савецкага Саюза, якая дагэтуль не падпісала фэдэратыўную дамову з Расеяй, была Чачэнія. На тэрыторыі рэспублікі не праводзіўся расейскі рэфэрэндум па Канстытуцыі і не адбыліся выбары ў вышэйшыя ворганы фэдэрацыі. З дня абвяшчэньня сувэрэнітэту Чачэнія не заплаціла Маскве аніводнага рубля падаткаў і не выслала аніводнага прызыўніка ў расейскую армію.

Прамаскоўскія палітыкі, адсунутыя ў Чачэніі ад улады, зьвярнуліся па дапамогу да Расеі. У сваім звароце яны называлі чачэнскі кангрэс “нелегальным зборышчам”, а Дудаева – дыктатарам. Ельцын ахвотна прыслухаўся да заклікаў на інтэрвэнцыю.

2 лістапада Вярхоўны Савет РСФСР прызнаў прэзыдэнцкія і парляманцкія выбары ў Чачэніі незаконнымі. 4 лістапада ў Маскве быў утвораны Апэрацыйны Штаб, задачай якога было вырашэньне крызісу ў Чачэніі. 7 лістапада прэзыдэнт Ельцын выдаў дэкрэт аб увядзеньні ў Чачэна-Інгушэціі надзвычайнага становішча, які ўваходзіў у сілу з наступнага дня. У адказ прэзыдэнт Дудаеў абвясьціў ваеннае становішча і агульную мабілізацыю ўсіх мужчын ад 15 да 55 гадоў жыцьця.

“Дэкрэт аб увядзеньні надзвычайнага становішча выбіў у Ельцына вялікі спэц па нацыянальных праблемах Аляксандр Руцкі – адкрывае дэталі пляну Крамля адзін з цяперашніх начальнікаў КГБ Іваненка. – Больш няўдалы момант цяжка было выбраць. 7 лістапада дэкрэт аб надзвычайным становішчы, а праз два дні – інаўгурацыя Дудаева. Дзякуючы такому рашэньню аўтарытэт Дудаева ў грамадзтве ўзьняўся на небывалую вышыню”.

Руцкі і прадстаўнік КГБ прыляцелі ў Грозны на перамовы з Дудаевым. Прэзыдэнт даў ім чатыры гадзіны на тое, каб яны пакінулі тэрыторыю рэспублікі. Калі дэлегаты Крамля паспрабавалі пярэчыць, “Джахар Мусаевіч сьціснуў вусны, перарваў размову і выбег з кабінэту”. Уражаны Руцкі сказаў: “Гэта не рэвалюцыя, гэта – бандытызм”.

Ельцын прыняў рашэньне паслаць у Чачэнію дэсантныя войскі, задачай якіх было арыштаваць Дудаева і новае кіраўніцтва рэспублікі. На сцэне ўпершыню зьявілася “апазыцыя”, арганізаваная ў асяроддзі зьвергнутага Заўгаева, і таксама ўзброеная “гвардыя апазыцыі”. Арсэнал сродкаў быў той самы, што і на працягу ўсіх наступных гадоў: узброеныя мужчыны езьдзілі на машынах па рэспубліцы і адкрывалі агонь з аўтаматычнай зброі па выпадковых мэтах.

Спэцназ у гатоўнасьці

Намер аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў Чачэніі быў абвешчаны па расейскім тэлебачаньні. Дзякуючы гэтай асаблівай нагодзе Дудаеў атрымаў цэлую ноч на падрыхтоўку контракцыі.

Увечары 7 лістапада 1991 г. па радыё быў абвешчаны заклік да чачэнцаў стаць на абарону айчыны. З усіх канцоў на машынах і пехатой у Грозны рушылі ўзброеныя людзі. Стыхійна арганізоўваліся атрады дабраахвотнікаў, гатовых біцца за незалежнасьць. Як і стагоддзі таму, атрады дабраахвотнікаў мелі тэрытарыяльны характар – злучаліся жыхары адной альбо некалькіх суседніх мясцовасьцяў. Зазвычай іх зьвязвала таксама сваяцтва. Рэгістрацыя аддзелаў праводзілася на плошчы Волі – зь якой вёскі, колькі людзей, хто камандзёр. Басаеў пачаў раздаваць карабіны, здабытыя ў сядзібе КГБ. Апоўначы па тэлебачаньню выступіў Дудаеў, якому парлямант надаў дыктатарскія паўнамоцтвы. Прэзыдэнт назваў акцыю Масквы “тэрарызмам дзяржаўнага ўзроўню” і заклікаў народ да сьвятой вайны – газавату. Прагучалі словы аб неабходнасьці “перанесьці страх і пакуты ў калыску зла і гвалту над народамі – Маскву”. Генэрал прыгразіў ужываньнем тэрору і ўтварэньнем чачэнскага партызанскага руху ў гарадах усёй Расеі. У Грозным былі заблакаваныя дарогі, чыгуначныя лініі і аэрадромы. Горад ператвараўся ў крэпасьць. Дабраахвотніцкія атрады занялі высунутыя пазыцыі на ўсіх падыходах да сталіцы. Расейскія вайсковыя часткі былі заблакаваныя. Кур’еры з правінцыі дакладалі, што дабраахвотнікі ўзялі пад кантроль усе чыгуначныя станцыі, масты і стратэгічныя аб’екты на трасах магчымай агрэсіі расейскіх войскаў.

Басаеў раздаў усю зброю, якая была на складах КГБ. Атрады занялі абарончыя пазыцыі. Адзін узвод накіраваўся на вайсковы аэрадром у Ханкале, другі заблакаваў граніцу з Інгушэціяй, трэці паехаў у Ішчорск і загарадзіў дарогу на Маздок, дзе была вялікая база расейскіх войскаў на Каўказе. Чацьверты ўзвод застаўся з Шамілём у будынку КГБ. Зьявіліся новыя дабраахвотнікі, дзякуючы чаму рота спэцназу павялічыла свой склад з 80 да 190 людзей.

У той час Ротай спэцыяльнага прызначэньня фармальна камандваў Руслан Шаматаеў, але фактычна ўсе рашэньні прымаў Басаеў, які жыў з жаўнерамі ў казармах. Ані Шаматаеў, ані ягоны намесьнік не знаходзіліся ўвесь час у роце. Гэтае становішча яшчэ больш зацьвердзілася, калі 6 лістапада быў паранены Шаматеў, нібыта ў выніку тэракта. “Шаматаева неяк дзіўна паранілі, вельмі цікавая справа… – кажа аб гэтым выпадку Басаеў. – Быў паранены і пашоў дахаты напярэдадні абвяшчэньня надзвычайнага становішча. Зноў усё навалілася на мае плечы”.

Уначы з 7 на 8 лістапада ў рэспубліку пачалі прыбываць аддзелы ўнутраных войскаў МУС СССР. А 23.20 гадзіне на вайсковым аэрадроме ў Ханкале пад Грозным прызямліўся першы транспартны самалёт. Праз кароткі час на бэтонцы знаходзілася ўжо восем транспартных вайсковых самалётаў з 630 жаўнерамі. Разам зь імі прыляцеў намесьнік камандуючага ўнутраных войскаў МУС СССР генэрал-маёр Віктар Гафараў.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

14/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024