Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка VI)

Працэс дэстабілізацыі дзяржавы. Генэзіс узброенай апазыцыі

Перш чым Масква рашылася на адкрыты ўзброены канфлікт, яна выпрабавала цэлы арсенал сродкаў з мэтай зьвяржэньня ўлады Джахара Дудаева. Падобна як і грузінскі прэзыдэнт Зьвіяд Гамсахурдзія, Дудаеў быў “прэзыдэнтам у нетрах пачвары”.

Джахар Дудаеў на працягу ўсяго часу пры ўладзе меў супраць сябе ўзброеных ворагаў. Нягледзячы на тое, што ён меў шмат магчымасьцяў, каб расправіцца зь імі, ён не хацеў праліваць чачэнскую кроў. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён дапускае крыміналізацыю жыццьця ў рэспубліцы. “Нас мала”. – заўсёды адказваў ён тым, хто штурхаў яго на фізычную ліквідацыю апанэнтаў.

Прэзыдэнт зрабіў стаўку на адмысловасьць чачэнскай мэнтальнасьці, якая не дапускае забойства супляменьніка. Наступныя гады паказалі, як моцна памыляўся Дудаеў і як далёка гонар народу аддаліўся ад законаў продкаў.

Першы год сваёй улады Дудаеў прысьвяціў ўмацаваньню маладой незалежнасьці. Нічога дзіўнага, што эканамічныя справы мусілі адысьці на задні плян. І менавіта недахопы штодзённага жыцьця кіравалі настроямі значнай часткі чачэнскага грамадзтва. Узмацняліся апазыцыйныя настроі ў адносінах да новых уладаў, і гэта хватка распальвалася маскоўскай прапагандай. Дзеяньні Масквы ў накірунку ізаляцыі рэспублікі прымусілі Дудаева ўвесьці ў рэспубліцы асаблівую чачэнскую аўтарытарную ўладу.

А тым часам Расея ставіла перад Чачэніяй бар’ер за бар’ерам. Яна фактычна ўвяла фінансава-банкаўскую і інфармацыйную блакаду, часткова таксама транспартную. Дудаеў настойліва прадпрымаў дзеяньні дзеля ачышчэньня эканамічных сувязяў з Расеяй ад палітыкі. У 1992 г. ягоныя прадстаўнікі спатыкаліся з гэтай мэтай з прэм’ерам Расеі Гайдарам і міністрам энэргетыкі Чарнамырдзіным. У 1993 г. двойчы праводзіліся перамовы з дырэктарам Цэнтральнага Банку Расеі. У студзені 1994 г. падчас дзвюхгадзіннай размовы Дудаева з прэм’ерам РФ Чарнамырдзіным было дасягнута пагадненьне аб спатканьні чачэнскага прэзыдэнта з Ельцыным.

Гэтыя дзеяньні не далі ніякіх практычных вынікаў. Эканоміка краіны руйнавалася. Аднак, гэты працэс трэба разглядаць на фоне пераменаў, што адбываліся ва ўсім СССР. Імпэрыя раскладалася. Перад рэвалюцыяй 1991 г. Чачэнія экспартавала сваю прадукцыю ў 40 краінаў сьвету, але ўсе гэтыя краіны былі падпарадкаваны Расеі, а сама прадукцыя надавалася для музэю тэхнікі. Крызіс, які паралізаваў усю постсавецкую эканомічную прастору, ня мог абмінуць Чачэнію.

Сакавіцкі путч

Першую ўзброеную акцыю апазыцыянэры правялі 31 сакавіка 1992 г. Яны захапілі тэлецэнтар і радыё ў Грозным і абвясьцілі аб зьвяржэньні рэжыму Дудаева. На працягу наступных гадоў гэта быў той самы рэпэртуар усіх спробаў дзяржаўных пераваротаў у Чачэніі.

Дудаеў чакаў, што спроба перавароту будзе прадпрынята менавіта ў гэты час. На 31 сакавіка было прызначана падпісаньне Фэдэрацыйнай Дамовы, якая новымі неразарвальнымі ланцугамі павінна была зьвязаць з Масквой усе суб’екты Расейскай Фэдэрацыі. Чачэнскія ўлады ўжо даўно заявілі, што не падпішуць гэтай дамовы.

Прадчуваньні аказаліся слушнымі. 29 сакавіка Дудаеў атрымаў інфармацыю, што ў лесе пад Грозным зьбіраюцца ўзброеныя людзі. Улады пачалі дзейнічаць паводле спраўджанага сцэнару – праз радыё і тэлебачаньне заклікалі народ ратаваць рэспубліку. 31 сакавіка ў сталіцу прыбыла калёна аўтобусаў, якія прывезьлі некалькі сотняў ўзброеных путчыстаў. Яны занялі ўсю плошчу перад Прэзыдэнцкім палацам, у якім, аднак, Дудаева не было. Аказалася, што гэта былі жыхары Надцерачнага раёну, зьвязаныя з Умарам Аўтарханавым. На плошчу пачалі прыбываць прыхільнікі прэзыдэнта – таксама са зброяй. Пачаліся дыскусіі. Яндарбіеў прамаўляў у мікрафон, усталяваны на ўваходзе ў палац. У хуткім часе стала зразумелым, што ўдасца вырашыць сітуацыю без кравапраліцьця.

Путчысты занялі таксама сядзібу радыё і тэлебачаньня. Імі камандаваў былы першы сакратар камсамолу рэспублікі. Супрацоўнікам удалося не дапусьціць, каб яны выйшлі ў эфір, але Масква ў сваіх выпусках навінаў ужо паведаміла пра захоп улады ў Грозным “апазыцыяй” і пра падпісаньне фэрэрацыйнай дамовы… Доку Заўгаевым (вытураным з рэспублікі савецкім лідэрам Чачэна-Інгушскай АССР – заўвага рэдактара).

Гвардзейцы адбілі будынак радыё. Аўтарханаўцы ратаваліся ўцёкамі. На сустрэчу з групоўкай, якая займала тэлецэнтар накіравалася дэлегацыя старых з Рады Старэйшынаў і дэпутатаў парляманту. Іх сустрэлі агнём з аўтаматычнай зброі. Адзін з сяброў Рады Старэйшынаў, які ішоў наперадзе, упаў з прастрэленай галавой. Раз’юшаныя людзі кінуліся на штурм і ў хуткім часе путчысты пачалі ўцякаць. Частку зь іх забілі, некалькіх узялі ў палон.

Стратэгічныя інтарэсы Расеі на Каўказе

Сярод стратэгічных інтарэсаў Расеі на Каўказе можна выдзеліць тры найважнейшыя. Першы – гэта абарона цэласнасьці Расеі ў яе фэдэрацыйным кшталце. Другі – утрыманьне пад кантролем чачэнскіх радовішчаў нафты і ўнікальнага ў эўрапейскіх маштабах комплексу камбінатаў па перапрацоўцы нафты. Трэці – кантроль на транзітным нафтаправодам, які праходзіць па тэрыторыі Чачэніі. Пагроза для кожнага з гэтых інтарэсаў магло прадстаўляць сабой дастатковую прычыну для выбуху вайны.

Нягледзячы на хаос, які апанаваў Савецкі Саюз на прыканцы прэзыдэнтуры Гарбачова, Расея спрабавала захаваць кантроль над падзеямі ў збунтаванай Чачэніі. Начале буйнейшых чачэнскіх палітычных груповак сталі апаратчыкі, зьвязаныя ў мінулым з савецкай нафтавай прамысловасьцю: Ярагі Мамадаеў і Саламбэк Гаджыеў, былы міністар нафты і газу СССР. У Кангрэс Чачэнскага Народу і нават ў яго кіраўніцтва патрапілі палітыкі прамаскоўскай арыентацыі. Яны здолелі пранікнуць у найбліжэйшае атачэньне прэзыдэнта, былі сярод дэпутатаў чачэнскага парляманту і міністраў ураду, створанага Дудаевым. Закулісныя, а потым і адкрытыя варожыя дзеяньні гэтых асобаў спрычыніліся да перманэнтнага палітычнага крызісу і паралюшу эканомікі дзяржавы.

Каб зразумець, чаму вайна ў Чачэніі была наагул магчыма, трэба прыняць пад увагу пэўны грунтоўны і нязьменны на працягу стагоддзяў чыньнік – мэнтальнасьць сярэдняга расейца. Сьведамасьць звычайнага грамадзяніна, старога чалавека, а не палітыка, апантанага ідэяй “адзінай і непадзельнай Расеі”, альбо высокага крамлёўскага чыноўніка, які павінен выконваць дзяржаўную місію. Трэба памятаць, што гэта ёсьць чыньнік, які вырашае лёсы народаў. Толькі нялічныя расейцы маюць рашучасьць прызнаць, што “найвялікшым гістарычным няшчасьцем расейскага народу, а можа і ўсяго чалавецтва стала стварэньне намі, вялікаросамі, вялізнай і адначасова зусім пазбаўленай сэнсу, згубнай для нас самых дэспатычнай імпэрыі”. Толькі нямногія разумеюць, што пабудова імпэрыі, утрыманьне яе жыцьця, ўзмацненьне і пашырэньне на працягу ўсёй гісторыі высмоктвала і высмактала канчаткова ўсе нацыянальныя сілы і рэзэрвы. Расейцы самы пазбавілі сябе магчымасьці ўсебаковага і гарманічнага існаваньня і разьвіцьця. З тае прычыны, што як нацыя яны выдаткавалі ўсе сілы выключна на дасягненьне імпэрскіх мэтаў – у іхнай сьведамасьці і нават падсьведамасьці, на ўзроўні інстынкту, вялікаруская імпэрыя, створаная коштам неверагодных намаганьняў і ахвяраў, нават дэспатычная і злачынная, стала іхным найважнейшым, калі не адзіным гістарычным дасягненьнем, пэўнай абсалютнай, найвышэйшай каштоўнасьцю.

Можа быць усё, што Расея лічыць сваімі стратэгічнымі інтарэсамі на Каўказе, даўно ўжо ёсьць толькі ілюзіяй. Як і ўсё іншае, што расейцы лічаць сваёй гістарычнай місіяй. І можа блізкія да праўды словы пра расейцаў былога начальніка ЦРУ Алена Далеса: “Акт за актам будзе разыгрывацца каласальная па маштабах трагедыя паміраньня найбольш няскоранага на зямлі народу, канчатковага, беззваротнага згасаньня яго самасьведамасьці.

Два бакі канфлікта

Адразу пасьля штурма Грознага, які ўзброеная апазыцыя разам з расейцамі правяла 26 лістапада 1994 г., калі набліжэньне вайны не выклікала сумніву, распачалося фармаваньне аддзелаў чачэнскага паспалітыага рушэньня. Працэс гэты працягваўся, калі расейскія войскі ўварваліся ў Чачэнію.

У пошуках абгрунтаваньня фактычнай паразы, якую фэдэральныя войскі пацярпелі падчас першага штурма Грознага, расейскае камандаваньне бессаромна хлусіла. Паводле апэрацыйных дадзеных МУС Расеі колькасьць рэгулярных ўзброеных сілаў Чачэніі на пачатку вайны складала 15 тысячаў чалавек, а аддзелаў паспалітага рушэньня ад 30 да 40 тысячаў. Прадстаўнікі ГРУ і ФСБ сьцьвярджалі, што на баку Дудаева ваююць больш за 5 тысячаў замежных наёмнікаў, а з часам іх колькасьць павялічылі да 8 тысячаў. Генэрал Кулікоў прадставіў фантастычныя дадзеныя, нібыта ўзятыя з асабістага архіва Дудаева. Паводле іх пасьля пачатку мабілізацыі чачэнцы маглі выставіць… 300-тысячную армію!

На самой справе на працягу ўсяе вайны колькасьць чачэнскіх узброеных сілаў не перавышала 5 тысячаў чалавек. Напярэдадні вайны рэгулярныя войскі налічвалі некалькі сотняў чалавек. Пазьней, калі далучаліся дабраахвотнікі, шэрагі вырасьлі да некалькіх тысячаў – і гэтае становішча ўтрымлівалася на працягу ўсяе вайны. Колькасьць байцоў мянялася, як і іхнае ўзбраеньне. Адно ёсьць пэўным – Дудаеў ніколі ня меў надта шмат жаўнераў, а яны ня мелі надта шмат зброі.

Напярэдадні вайны армія Дудаева была фікцыяй. Існаваў Генэральны штаб, некалькі баяздольных спэцбатальёнаў і некалькі меншых аддзелаў, з прэтэнзіяй называных батальёнамі і палкамі. Яны, аднак, мелі сумніўную баявую вартасьць. Гэта ўсё. Аднак гэтыя невялікія сілы склалі той стальны стрыжань, на якім у агні вайны паўстала новая армія Ічкерыі.

Чалавекам, які павінен быў кінуць Дудаева на калені, быў Павел Грачоў. Генэрал арміі, 47 гадоў, Герой Савецкага Саюза. Самы малады савецкі міністар абароны. Выпускнік Разанскай Вышэйшай Паветрана-Дэсантнай вучэльні і дзьвюх вайсковых акадэмій. У Аўганістане ён быў камандзёрам дывізіі, ваяваў там, дарэчы, побач з генэралам Дудаевым.

Паўла Грачова лічылі чалавекам, гатовым выканаць любы загад Ельцына, ня дбаючы аб яго мэтазгоднасьці. Здавалася, ён зусім не зьвяртаў увагі на тое, што пра яго кажуць іншыя. “Толькі ідыёт мог увесьці танкавыя войскі ў горад”. – сказаў Грачоў, убачыўшы, як на вуліцах Грознага гараць танкі, пасланыя туды на ягоны загад. Калі прэса абвінаваціла яго ў карупцыі, Грачоў атрымаў мянушку “Паша-Мэрсэдэс”. Пісьменьнік Анатолі Прыстаўкін сказаў аднойчы, што ў Грачове немагчыма шукаць шляхетнасьці. “Ён акрамя статутаў нічога ў жыцьці не чытаў”.

Ельцын назваў Грачова найлепшым міністрам абароны ўсіх часоў і народаў. А расейская прэса – самым бяздарным камандуючым у расейскай гісторыі.

У лістападзе 1994 г. Грачоў правёў інспэкцыю становішча баегатоўнасьці расейскай арміі. Ён сфармуляваў высновы ў звыштайнай дырэктыве № Д-0010 пад назовам “Вынікі вучэньняў Узброеных Сілаў Расейскай Фэдэрацыі ў 1994 годзе і вызначэньне задачаў на 1995 г.” У сваёй справаздачы міністар абароны сьцьвярджаў, што расейская армія практычна ня мае баездольнасьці. Праз дзесяць дзён пасьля падпісаньня дырэктывы распачалася вайна.

Што ўжо казаць пра жаўнераў, калі вайне супрацівіліся тры намесьнікі міністра абароны – генэралы Барыс Громаў, Грыгоры Кандрацьеў і Валеры Міронаў. У хуткім часе яны мусілі разьвітацца з арміяй. Герой вайны ў Аўганістане генэрал Барыс Громаў, які ў той час быў падначаленым Грачова, публічна сказаў пра яго па тэлебачаньню, што ўзроўнем апэрацыйнай падрыхтоўкі Грачоў не перавышае камандзёра дывізii.

Галоўнакамандуючы сухапутных сілаў генэрал Эдуард Варабьёў адмовіўся ад камандаваньня войскамі ў Чачэніі. Тое самае зрабіў камандзёр Канцеміраўскай дывізіі генэрал Барыс Палякоў. Пасьля таго, як 19-ю Уладзікаўказкую мэханізаваную дывізію перакінулі ў Чачэнію, 40 адсоткаў афіцэраў падалі рапарты на звальненьне з войска.

Галоўным крытыкам вайны ў Чачэніі быў генэрал Аляксандр Лебедзь, былы камандуючы 14-й арміі, разьмешчанай у Прыднястроўі. Ён сказаў быў, што прыняў бы камандаваньне над войскамі ў Чачэніі, калі б ягоную армію сфармавалі з дзесяці палітыкаў і дэпутатаў, якія распалілі канфлікт.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

17/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024