Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка VII)

Храналогія агрэсіі

З 26 лістапада па 11 сьнежня 1994 г. расейскія самалёты штодня бамбардуюць Грозны. Яны робяць ад аднаго да двух налётаў штодня.

Позна ўвечары 28 лістапада прэм’ер Расеі Віктар Чарнамырдзін спатыкаецца з прэзыдэнтам Інгушэціі Русланам Аўшавым. Ён паказвае Аўшаву тэкст заявы да прэзыдэнта Ельцына наконт увядзеньня ў Чачэніі канстытуцыйнага парадку. “Калі я гэта прачытаў, усё стала зразумела. Я сказаў: Віктар Сьцяпанавіч! Гэта вайна! Ён адказаў: “Ну, не! Проста ўстанаўліваецца канстытуцыйны парадак”. Зварот падпісалі кіраўнікі некалькіх каўказкіх рэспублік, сярод іх Адыгеі, Паўночнай Асэціі, Кабардзіна-Балкарыі і Карачаева-Чаркесіі. Не падпісалі дакумант прэзыдэнт Інгушэціі Руслан Аўшаў і кіраўнік адміністрацыі Дагестану Магамэдалі Магамэдаў.

29 лістапада прэзыдэнт Барыс Ельцын зьвярнуўся да чачэнцаў з патрабаваньнем, каб яны спынілі агонь у бліжэйшыя 48 гадзін, склалі зброю, распусьцілі ўсе нелегальныя ўзброеныя фармаваньні і вызвалілі закладнікаў.

30 лістапада Ельцын падпісаў сакрэтны дэкрэт № 2137 Е, якім выдаў камандваньню фэдэральнай арміі загад распачаць агрэсію супраць Чачэніі. У Маздок прыбыла група вышэйшых афіцэраў расейскага генштаба, якой камандаваў генэрал Л. Шаўцоў. Яна павінна была выпрацаваць плян апэрацыі ў Чачэніі.

1 сьнежня прэзыдэнт Расеі выдаў дэкрэт, у якім запатрабаваў, каб да 15 сьнежня ўсе жыхары паўночнага Каўказа дабраахвотна склалі зброю, якую яны незаконна мелі. На загад Грачова ў раёнах, памежных з Чачэніяй з усходу, захаду і поўначы, пачалі канцэнтравацца вайсковыя аддзелы, унутраныя і спэцыяльныя войскі. Праводзілася наземная і паветраная выведка. Былі выстаўлены дадатковыя пастарункі і павялічана колькасьць аддзелаў, якія ахоўвалі мяжу. Сілы супрацьпаветранай абароны атрымалі загад зьбіваць кожны не распазнаны самалёт.

7 сьнежня Савет Бясьпекі Расеі прымае рашэньне аб сілавым разрашэньні канфлікта. Дудаеў перадае Расеі апошніх расейскіх наёмнікаў, узятых у палон падчас няўдалага штурма Грознага, які адбыўся 26 лістапада 1994 г.

8 сьнежня расейскі парлямант практычна дае ўладам “зялёнае сьвятло” у пытаньні разрашэньня крызісу ў Чачэніі.

9 сьнежня Ельцын выдае дэкрэт, у якім абавязвае ўрад прыняць усе даступныя сродкі для раззбраеньня незаконных фармаваньняў у “зоне асэцінска-інгушскага канфлікту”.

10 сьнежня а гадзіне 22.00 камандуючы войскаў Паўночнакаўказкай ваеннай акругі дакладвае аб гатоўнасьці фэдэральных войскаў да ваеннай апэрацыі.

11 сьнежня а гадзіне 7.00 фэдэральныя войскі ўваходзяць з трох бкоў на тэрыторыю Чачэніі.

Уварваньне

Саракатысячны корпус расейскай фэдэральнай арміі складаўся з войскаў міністэрства абароны і міністэрства ўнутраных справаў Расейскай Фэдэрацыі. Расейскія сілы былі падзелены на тры ўдарныя групоўкі. Першачарговай задачай быў захоп чачэнскай сталіцы Грознага.

З самага пачатку апэрацыя праводзілася надзвычай няўдала. Ужо ў блізкасьці ад чачэнскай мяжы, на тэрыторыі Дагестана і Інгушэціі паасобныя расейскія аддзелы сутыкнуліся з супрацівам цывільнага насельніцтва. Жывы мур затрымаў танкі. У Хасаўюрце народ раззброіў і ўзяў у палон аддзел 57-га апэрацынага палка МУС падпалкоўніка Віктара Сярогіна, які складаўся з 59 чалавек. Бранемашыны аддзела былі спалены. У Інгушэціі былі страты ня толькі забітымі і параненымі, але і першыя спаленыя бранемашыны. У выніку расейскія войскі былі затрыманы на два дні ў Інгушэціі, пад самай мяжой з Чачэніяй. У Хасаўюрце іх затрымалі да самага студзеня. Інгушы атакавалі калёну Бабічава на тэрыторыі сваёй рэспублікі, а потым на дарозе Растоў-Баку. Некалькі ваяроў загінула, былі спалены мячэць і жылыя дамы.

Уступаючы на тэрыторыю Чачэніі, расейскія войскі сустрэліся з абаронай чачэнскіх аддзелаў. Па меры набліжэньня да Грознага абарона чачэнцаў узмацнялася. На гэтым пачатковым этапе вайны на шляху расейскай фалангі сталі як рэгулярныя аддзелы чачэнскай арміі, так і аддзелы дабраахвотнікаў, якія знаходзіліся ў стадыі фармаваньня.

Пад станіцай Асінаўскай натоўп цывільных жыхароў затрымаў калёны бранетэхнікі генэрала Бабічава, якая йшла з Інгушэціі. Бабічаў абяцаў жанчынам, якія прасілі яго, што з чачэнскім насельніцтвам ён ня будзе ваяваць. Пазыцыі ваяроў атакавалі верталёты. У няроўным баі з авіяцыяй ў той дзень палеглі першыя героі той вайны, ваяры з Сернаводзкага батальёна дабаахвотнікаў.

На далёкіх подступах да Грознага пачаліся сутыкненьні, якія месцамі ператвараліся ў пазыцыйныя баі. Першы бой з войскамі, якія ішлі з Маздока, адбыліся ў вёсцы Брацкае на мяжы рэспублікі. Баі ў гэтым раёне працягваліся некалькі дзён. Уражаны геройствам жменькі ваяроў, Джахар Дудаеў выдаў дэкрэт аб перайменаваньні вёскі ў Турпал-юрт (турпал – па-чачэнску азначае “герой”).

Чачэнская выведка атрымала інфармацыю пра маршруты расейскіх калёнаў яшчэ падчас канцэнтрацыі груповак на зыходных пазыцыях. Гэта дало магчымасьць загадзя падрыхтаваць абарончыя лініі. У той жа час аказаліся безвыніковымі намаганьні тактычнай выведкі фэдэральных войскаў – дзякуючы майстроўскай тактыцы схаванага манэўраваньня групаў ваяроў, якіх немагчыма было выкрыць. А чачэнцы пазьбягалі ўступаць у бой з большымі сіламі. Рашэньне было прынята даўно: месцам бітвы паміж дзьвюма арміямі павінен быў стаць Грозны.

12 сьнежня распачаліся баі ў Далінску. Аддзелы апалчэньня падтрымалі там танкі Шалінскага танкавага палка чачэнскай арміі.

Гіганцкія калёны расейскіх войскаў, якія прасоўваліся наперад без маршавага прыкрыцьця, былі атакаваны з усіх бакоў. Калёны расьцягнуліся на вызначаных трасах на многія дзесяткі кілёмэтраў. Гэта давала магчымасьць чачэнскім сілам атакаваць ворага і ўносіць у рух яшчэ большы беспарадак. Нягледзячы на выкарыстаньне авіяцыі, расейцы ішлі некалькі дзесяткаў кілёмэтраў да Грознага амаль тры тыдні. На астатняй тэрыторыі рэспублікі, аддаленай ад трас прасоўваньня расейскіх калён, паўстала сітуацыя, якую можна акрэсьліць як “ані вайна, ані мір”. Здараліся спарадычныя сутычкі, але ў баявыя дзеяньні не ўключаліся большыя сілы абодвух бакоў.

Баі на падыходах да Грознага

Да першых баёў пад Грозным дайшло ў раёне станіц Петрапаўлаўская, Первамайская і Ярмолаўская. Расейцы прадпрынялі моцны наступ на станіцу Петрапаўлаўскую ўжо 21 сьнежня.

21 сьнежня ў сутычцы пад Гойтамі чачэнскі Галанчожскі полк, які складаўся з дабраахвотнікаў з аддаленых горных раёнаў Чачэніі, дзе радзіма Джахара Дудаева, страціў чатырох забітых. Гэта была прэлюдыя крывавай бітвы каля вёскі Алхан-Кала, якая разыгралася на наступны дзень. Аддзел нявопытных апалчэнцаў, які пайшоў на выведку, патрапіў у пастку. Акружаныя ваяры адкінулі ўсе прапановы скласьці зброю. У няроўным баі яны палеглі ўсе да аднаго, дваццаць сем чалавек. Зьвестка пра іхную геройскую сьмерць абляцела ўсю Чачэнію. Для расейцаў гэта было папярэджаньне аб тым, што іх чакае на гэтай вайне.

Уначы з 22 на 23 сьнежня ракетны дывізіён чачэнскага Чармоеўскага батальёну зрабіў ракетны абстрэл ракетамі “Град” месца канцэнтрацыі фэдэральных войскаў у Ханкале. Авалі Хакімаў расказваў: “У нас не было пускавых установак і мы проста прывязвалі ракеты да калоў. Такім чынам мы стрэлілі 30 ракет. Зьнішчылі пяць верталётаў, якія стаялі на зямлі, некалькі пашкодзілі. Узьляцеў у паветра склад паліва”.

У станіцы Петрапаўлаўскай 25 сьнежня адбыўся першы кантакт баявога спэцназу Гелаева з фэдэральнымі войскамі. Спачатку расейцы разграмілі аддзелы мясцовых дабраахвотнікаў і занялі вёску. Але потым да вёскі падышоў аддзел Шаміля Басаева. “Мы ўсе былі былі ў белых халатах, — успамінае той першы бой Гелаеў. – Мы яшчэ не зарасьлі шчаціньнем і былі на іх падобнымі. Мы ва ўпор расстрэльвалі адзін аднаго. Там была элітная частка расейскага спэцназу “Віцязь”. Яны ня вытрымалі нават дзьвюх-трох гадзінаў бою. Мы выбілі іх з вёскі, захапілі абсталяваньне і баепрыпасы, спалілі ім два танкі. Потым мы забралі нашых параненых на насілкі і перад сьвітанкам спакойна адышлі з вёскі. Расейцы пацярпелі цяжкую паразу. Яны там скуголілі, плакалі. Быў такі момант і тыя зь іх, хто застаўся жывы, напэўна будуць яго памятаць”.

У тым баі камандзёр выведкі палка спэцназу Муса Бакаеў выступаў у любімай сваёй ролі гранатамётчыка. “У вёсцы быў “Віцязь”, эліта расейскай арміі. Перад боем яны зьвязаліся па рацыі з Гелаевым і кажуць: — “Ну, паглядзім на ваш славуты абхазкі спэцназ! У “Віцязя” прачнуўся апэтыт!” Мы ўвайшлі ў вёску. Гелаеў кажа мне – стары, у цябе хворыя ногі, які з цябе выведчык? Прымай камандаваньне, а я пайду на выведку ў вёску. Я знайшоў газавую плітку, раблю сабе гарбату і раптам да мяне бяжыць дабраахвотнік з Масквы Хамзат Гаургашвілі. Стары – крычыць ён – па вёсцы едуць бэтээры! Мы не пасьпелі выскачыць, як яны ўжо праехалі. Праз пяць хвілін ён зноў крычыць – стары, яны назад едуць! Мы падзяліліся, пайшлі ў цэнтар вёскі. Там школа, магазіны, помнік. Бачу – побач стаіць тэхніка. Я стрэліў у хадавую частку Зіла 131 з зэніткай. А Хамзат стрэліў у бак гэтага ЗІЛа. Машына ўспыхнула, ва ўсе бакі пабеглі ахопленыя полымям жаўнеры. То быў прыгажэйшы фаервэрк, які я бачыў. У такія імгненьні няма літасьці. На дапамогу ім паехалі бэтээры. У тым баі мы разам з Гаургашвілі зьнішчылі дзевяць браневікоў БТР-80. Гэта была першая апэрацыя той вайны, дзе мы мелі посьпех. З нашых 23 людзей трох параніла, яны хутка вярнуліся ў шыхты. А расейцы страцілі 15 бранемашын і больш за сто жаўнераў. Гелаеў спытаў іх пасьля боя па рацыі – Ну, як, спэцнац? Тыя маўчалі”.

Канец мары пра бліцкрыг

Хаця Грачоў абяцаў захапіць Грозны адным дэсантным палком на працягу дзьвюх гадзін, ягоны плян прадугледжваў заканчэньне апэрацыі праз месяц.

На думку вайсковых экспэртаў, апэрацыя была дрэнна расплянавана, недастаткова падрыхтавана і з самага пачатку больш нагадвала імправізацыю, чым сапраўдную акцыю. Выразны акцэнт рабіўся на псіхалагічны эфэкт вялікай канцэнтрацыі фэдэральных войскаў, які павінен быў зламаць волю да супраціву ў чачэнскага камандаваньня.

Расейская армія распачала вайну з дзіўнай бесклапотнасьцю. Войскі не былі падрыхтаваны да вядзеньня баявых дзеяньняў. Ужо падчас маршу на зыходныя пазыцыі масава псавалася тэхніка. З прычыны паломак да Грознага не даехалі два танкі з дзесяці. Адразу стаў відавочным неадназначны ўзровень падрыхтоўкі экіпажаў. Частка танкістаў толькі нядаўна закончыла навучаньне. Здаралася, што танкавыя гарматы апошні раз прыстрэльваліся ў 1989 г. У некаторых аддзелах афіцэры і жаўнеры галадалі па некалькі дзён і мусілі растапліваць сьнег, каб папіць.

Паводле ацэнак экспэртаў, не функцыянавалі паняцьці галоўнага і запаснога раёнаў дыслакацыі, не былі дастаткова арганізаваныя дарожная і камэнданцкая службы, а лагістычнае забесьпячэньне нагадвала “расштурханы пчаліны вулей”.

Падчас апэрацыі таксама не была ўстаноўлена шчыльная блакада ўнутранай Чачэніі, як і зоны вакол Грознага. У выніку праз граніцы рэспублікі наплывала зброя і абсталяваньне, а аддзелы ваяроў вольна ўваходзілі ў горад і выходзілі зь яго. Расейскія выведчыкі ня здолелі вызначыць адпаведныя мэты для авіяцыі і артылерыі. Войскі аказаліся зусім псіхалагічна непадрыхтаванымі да вядзеньня вайны з праціўнікам. Не былі выкарыстаны сродкі радыёэлектроннай вайны для глушэньня сувязі ваяроў.

Ужо першыя тыдні вайны паказалі ня толькі памылкі ў плянаваньні і правядзеньні самой апэрацыі, але таксама маральную і інтэлектуальную мізэрнасьць расейскай арміі.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

19/9/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2010
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024