Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
(Другая частка да дакладу на верасьнёўскім Сойме Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ) Маніпуляцыі з перапісам насельніцтва, якія зрабіў рэжым у 2009 годзе, абавязваюць нас разважліва паглядзець на становішча беларускай мовы пасьля 16 гадоў цёмнага кіраваньня і палітыкі грубай русіфікацыі. Па маіх ацэнках стан беларускай мовы цяпер горшы нават, чым быў у Савецкім Саюзе, дзе мову афіцыйна аддавалі на зьнішчэньне (выміраньне) у выніку “пабудовы камунізму”. Тады заставаліся, аднак, вызначальныя астраўкі беларускасьці. Гэта радыё, якое было цэнтралізавана праведзена ў кожны дом і гаварыла толькі па-беларуску (акрамя ўключэньняў Масквы). Гэта Беларускае тэлебачаньне, якое ў асноўным таксама гучэла па-беларуску (дыктары, ўсе выпускі навінаў, рэпартажы і г.д., акрамя ўключэньняў Масквы). Гэта газэты на беларускай мове (большая палова раённых і чатыры абласныя газэты з шасьці выдаваліся па-беларуску; цэнтральныя газэты або дубляваліся па-беларуску і па-руску, альбы выдаваліся сімэтрычна – адны па-беларуску, другія па-руску (“Чырвоная зьмена”, “Знамя юности” і г.д.). Гэта творчыя саюзы на дзяржаўных датацыях і дапамозе, сярод якіх галоўную пазыцыю меў Саюз пісьменьнікаў, і роля беларускага пісьменьніка ў грамадзтве была адчувальнай. Пісьменьнікаў паважалі, запрашалі іх на спатканьні з грамадзкасьцю. Гэта тры беларускія тэатры (у Менску і Віцебску), у пэўнай ступені так званыя “дамы народнай творчасьці” і інш. У тыя часы (1960-1980-я гады) яшчэ цалкам па-беларуску існавала вёска і хоць бядотна, але неяк трывала вясковая беларуская школа. Уся вышэйшая адукацыя на беларускай мове і ўсе беларускія школы ў гарадах ужо былі зьнішчаны. Улада (за выключэньнем вядзеньня сэсіяў Вярхоўнага Савета) прамаўляла толькі па-руску і да беларускай мовы была варожая. Справаводзтва вялося па-руску, хаця фармальна законы СССР і БССР дазвалялі выкарыстоўваць у якасьці дзяржаўнай мову саюзнай рэспублікі. Што выдатна скарысталі ў Прыбалтыцы (авалодаўшы кампартыяй) і ў некаторых краінах Каўказу. Усялякія ініцыятывы па-беларуску сустракалі з боку савецкай улады, як правіла, агрэсію і непрыняцьце, размова па-беларуску часта кваліфікавалася як “нацыяналізм” (пры саветах гэта быў ідэалагічны ярлык, зь якім можна было трапіць за краты). Саветы не давалі разьвівацца беларускім ініцыятывам і закансэрвавалі тыя астраўкі беларушчыны, пра якія я казаў у пачатку. Але, як ня дзіўна, гэтыя астраўкі якраз найбольш і трымалі нацыю і беларускую мову. Беларуская мова суцэльна існавала ў вёсках і мястэчках. У гарадах беларускую мову ведалі ня ўсе (ня кожны мог на ёй гаварыць), але разумелі яе ўсе, у тым ліку і прыбылыя. Яшчэ ў 60-х – 80-х гадах я аб’ехаў усю Беларусь, круціўся ў асноўным у гарадзкім асяроддзі і не спаткаў ніводнага (!) чалавека, які б не разумеў мяне па-беларуску, хаця варожасьць да мовы ва ўстановах з боку расейцаў і камуністаў выхадцаў зь беларускай вёскі спатыкалася пастаянна. Чаму была такая абазнанасьць у мове? Людзі ж тады ў бальшыні нават не вывучалі беларускую мову ў рускай школе, як замежную (саветы ўвялі правіла, што бацькі маглі вызваліць дзіця ад вывучэньня беларускай мовы ў школе). Цывілізуючай прычынай тут былі якраз тыя “астраўкі беларушчыны”, якія прысутнічалі ў сьведамасьці кожны дзень. Пасіўна слухаючы беларускае радыё, аглядаючы беларускае тэлебачаньне, праглядаючы час ад часу беларускія газэты, людзі, нават далёкія ад беларушчыны, нясьведама засвойвалі фрагмэнты мовы, здольныя былі яе разумець. Тым больш для беларуса яе гучаньне выцягвала з падсьведамасьці ўвесь схаваны для яго сэнс. Тую ж самую асацыятыўную функцыю выконвалі іншыя грамадзкія асяродкі беларускага слова, якіх не пасьпелі прыдушыць пры саветах. Нацыя была ўжо асьлеплена, але яшчэ не аглохла. Яшчэ чуваць было беларускае слова, сказанае звыш (падкрэсьліваю, сказанае не суседам, а “звыш” – радыё, тэлебачаньнем, газэтай). І яно заставалася ў сьведамасьці нават тых, хто яго не хацеў. Усё гэта было ліквідавана ўжо ў незалежнай Беларусі, калі да ўлады прыйшла цемра, якая зноў увяла Маскву ў беларускую палітыку. Рэжым унутранай акупацыі стаўся больш разбуральным для беларушчыны, чым савецкі. Калі пры саветах сістэмна будавалася ўлада партыйнай намэнклятуры, заснаваная на дзяржаўнай уласнасьці і прыгоннай (калгаснай) гаспадарцы, то пры антыбеларускім рэжыме сістэмна вынішчаюцца асновы існаваньня беларускай нацыі, якая магла б супрацьстаяць групавой прыватызацыі яе дзяржавы чужароднымі элемэнтамі. Трэба ўлічыць, што антыбеларускі рэжым у Беларусі непасрэдна зьвязаны з уладай і ідэалёгіяй расейскага гэбізму (чэкізму) і ўзьнік пры падтрымцы структураў былога савецкага КГБ. Нечаканая (для іх) параза камуністаў і КГБ ад Народнага Фронту ў пачатку 90-х прымусіла іх (як відаць) прааналізаваць прычыны паразы і выявіць крыніцы беларускай сілы. Вынікам гэтага аналізу стала стаўка на беларусафобную паталягічную асобу, прывядзеньне яе да ўлады ў Беларусі і сістэмнае разбурэньне асноў, на якіх трымалася беларушчына і дзяржаватворны народ. Гэтак крок за крокам пры дапамозе некантралюемай аўтарытарнай улады былі зьнішчаны ўсе астраўкі беларушчыны, што захаваліся і часова існавалі раней. Пытаньне аб вяртаньні зьнішчаных асяродкаў нацыянальнага існаваньня пры ўладзе гэтага рэжыму, што іх разбурыў, набывае чыста рытарычнае гучаньне. І тым ня менш, фармальна ўсе гэтыя задачы павінны быць агучаныя і пастаўлены. Такая лёгіка змаганьня. Мы, беларусы, павінны ўсьведаміць і зразумець тыя карэктывы, якія ўнесла жыцьцё (канкрэтна – разьвіцьцё прагрэсу) у вызначэньне асноўных атрыбутаў існаваньня нацыі. У ХІХ-ХХ стагоддзях імі былі літаратура, тэатр, школа (дакладней, нацыянальная сістэма адукацыі). З другой паловы ХХ стагоддзя сюды дадалося яшчэ тэлебачаньне. (У будучыні атрыбутам нацыі можа стаць Сеціва, ня гледзячы на ўсю ягоную глабалісцкую прыроду, і словы “без нацыянальнага Сеціва няма нацыі” могуць стаць цалкам рэальнымі). Тэлебачаньне ня толькі зьява мас-культуры, але і адлюстраваньне культуры нацыянальнай. Яно ўнікальнае па шырыні масавага выкарыстаньня і масавага ўзьдзеяньня. Ад грамадзтва і ягонай дзяржавы залежыць ці зробіцца тэлебачаньне канюшняй Аўгія і рысталішчам блуду ці станецца крыніцай добрасьці, сацыяльнага здароўя і адлюстраваньнем грамадзкіх працэсаў. Ужо цяпер (яшчэ пры існаваньні антыбеларускага рэжыму) мусіць ставіцца пытаньне аб вяртаньні нацыянальнага беларускага тэлебачаньня. Усё, што кажуць дыктары на нацыянальным тэлебачаньні, прамаўляецца па-беларуску, журналісты працуюць па-беларуску, і толькі грамадзяне, асобы, у якіх бяруць інтэрвію і інш., гавораць на той мове, якую ведаюць ці на якой хочуць. Павінны быць вернуты папулярныя беларускія радыёстанцыі і праграмы, якія русіфікатарская ўлада пазачыняла (і найперш рэлігійна-этычная перадача “Голас душы”, якая была шырока запатрабаваная ў людзей). Нацыянальнае тэлебачаньне і радыё – гэта тыя асяродкі і тыя зьявы, якія ўтрымліваюць нацыю ў адчуваньні моўнага і культурнага адзінства ў прылучанасьці да сьвету і да грамадзтва, істотна спрыяюць у веданьні і засваеньні роднай мовы. 12 верасьня 2010 г. Зянон Пазьняк 21/9/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |