Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
(Трэцяя частка да дакладу на верасьнёўскім Сойме Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ) У апошнія два гады назіраецца на першы погляд парадаксальны, але ўжо пастаянны працэс у палітыцы антыбеларускага рэжыму. Адбываюцца сваркі і пагаршэньне яго адносінаў з Масквой і адначасна йдзе ўзмацненьне русіфікацыі і далейшы працяг разбурэньня нацыянальных асноваў існаваньня беларускага грамадзтва. Тут тыповая аналогія: сваркі ў асяроддзі злачынцаў не падважваюць асновы іхняга злачыннага існаваньня. Так і ў выпадку канфлікту паміж пуцінскім і лукашысцкім рэжымамі. Іхняя свара адбываецца на падставе агульнай злачыннай сутнасьці ўлады і падобнага кшталту палітыкі. Калі часам наіўныя людзі стануць думаць, што заеўшыся з Масквой, Лукашэнка пачне раптам падымаць усё загубленае ім беларускае і нацыянальнае, то лепш выкінуць такія думкі з галавы, каб ня стаць пасьмешышчам. Павароту ня будзе. Лукашэнка пры ўсёй яго неадукаванасьці, псіхапатычнай мэнтальнасьці і закончаным гарманальным разьвіцьці псіхалягічна затрымаўся далёка ў дзяцінстве, дзесьці на ўзроўні падлетка. Такія людзі ні перад кім і ні перад чым не адчуваюць адказнасьці і няздольныя прызнаваць памылкі. Лукашэнка як закамплексаваны чалавек і беларусафобны тыпаж небясьпечны ва ўладзе сам па сабе незалежна ад яго прыналежнасьці да КГБ і сувязяў з Масквой. Таму апрыёры можна было сьцьвярджаць, што ні да якой “дэмакратыі”, ні да якой беларушчыны ён не павернецца ні пры якіх абставінах (хутчэй да Кім Чэн Іра і то, каб ашукаць). Гэта якраз (фобія, псіхапатычны стан і абсалютная ўлада) ёсьць у палітыцы найбольш небясьпечная камбінацыя, бо разбурэньне ад такіх асобаў ідзе нават на ірацыянальным узроўні. За апошнія два гады практычна пад корань разбурана беларуская школа (сістэма сярэдняй адукацыі). Вынікі для нацыі будуць катастрафічнымі. І гэта ўжо назіраецца. Манеўр быў просты. Спачатку ўсё было зроблена да дванаццацігадовай адукацыі, дзяцей навучалі ўжо палову новага цыклу. А потым адным махам усё скасавалі і за месяц загадана было вярнуць школу на старыя пазыцыі. Натуральна, што такое было немагчыма, як немагчыма адразу спыніць цягнік. Людзі схільныя тлумачыць усё гэта самадурствам шчарбатай асобы. Так, тут ёсьць самадурства, але яно прадуманае і рацыянальна кіруемае. Разбурэньне сістэмы навучаньня сярэдняй школы можа стаць адной з прычынаў наступнай інтэлектуальнай і, адпаведна, тэхналягічнай адсталасьці ўсёй нашай нацыі. Другім разбуральным ударам па мове і па школе ў гэты час стала рэжымная рэформа беларускага правапісу, які зрабілі тыя, што нішчаць беларускую мову і мовай не карыстаюцца. Адпаведна і вынік. Не адлюстраваны важнейшыя фанетычныя правілы беларускай мовы: зьмякчэньне зычных, напісаньне мяккага знака і іншыя асаблівасьці. Але сутнасьць рэжымнага ўмяшальніцтва ў правапіс ня ў гэтым, а ў тым, што адначасна прынята заканадаўчае палажэньне аб пакараньні тых асобаў, якія будуць пісаць з памылкамі ў новых правілах. Гэта нават ужо не абсурд, не абмежаванасьць, а антымоўны дыскрымінацыйны акт, які выглядае ёрніцтвам, зьдзекам над людзьмі, прымітыўным жаданьнем улады адбіць ахвоту ўсім пісаць па-беларуску, бо на расейскі правапіс (значна больш цяжкі і складаны) такая заканатворчая фантазія не распаўсюджана. Трэцім кардынальным замахам на беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасьць людзей у гэты час стала маніпуляцыя з перапісам насельніцтва, пра што я пісаў у першым артыкуле. Тым часам ня так даўно адбылася чарговая ціхая дыверсія ў школьнай адукацыі. Мала таго, што кожны год зачыняюцца дзясяткі беларускіх школаў, якіх ужо і так амаль не засталося. Зь 1-га верасьня гэтага года для беларускіх дзяцей ва ўсіх школах уводзіцца выкладаньне рускага праваслаўя пад назовам “Асновы праваслаўнай культуры” і пад выглядам факультатыву. “Праграма падрыхтаваная, мы яе зацьвярджаем”, — радасна ўсклікае кіраўнік аддзелу катэхізацыі Менскай епархіі (Радыё Свабода, 8 жніўня 2010 г.). Выкладаць дазволена сьвятарам РПЦ. Каталікам, вуніятам, пратэстантам і іншым “культурам” уваход у школу забаронены. Што будзе абазначаць для школы (дарэчы, у шматканфэсійнай нацыі) упушчэньне туды КГБ у сутанах і сьвятароў РПЦ, мяркую, ня трэба нават апісываць. Паталагічная русіфікацыя беларускіх дзяцей гарантаваная, і рэжым, зьвяртаючыся да РПЦ, ведае, што вытварае. Падсумоўваючы напісанае, зададзімся пытаньнем, што трэба зрабіць, каб увогуле і нават ужо цяпер, пры чужым рэжыме, адрадзіць нармальную беларускую школу? Ізноў жа рытарычнае пытаньне. Пры чужым рэжыме, які ставіць задачу і праводзіць палітыку вынішчэньня беларускай школы і мовы, такая пастаноўка вымагае стварэньня грамадзкай сілы, якая будзе абараняць беларускія інтарэсы. І ўжо дзеля гэтага неабходна гаварыць у голас што трэба рабіць, каб школа была беларускай. Адначасна неабходна выканаць два патрабаваньні, без якіх ня можа існаваць нармальная нацыянальная адукацыя. Выхаваньне новага пакаленьня і адукацыя ёсьць першасная дзяржаўная задача і галоўны інтарэс нацыі. Ад вырашэньня гэтай задачы залежыць будучыня. У Беларусі мусіць быць ліквідаваны акупацыйны мэтад фармаваньня школы, які застаўся ад саветаў, дзе выбар мовы навучаньня тытульнай нацыі ўзалежнены ад выбару бацькоў. Гэта вядомы маніпуляцыйны мэтад усіх акупантаў-асімілятараў, дзе пытаньні адукацыі ставіліся з ног на галаву. Чужая ўлада ўсталёўвала сваю школу на сваёй мове, а для беларусаў пакідала “дэмакратыю” – пыталіся, на якой мове вы, беларусы, хочаце ў сябе дома вучыцца? А каб на беларускай мове хаценьня вучыцца было няшмат, улада рабіла кардынальнае парушэньне (разрыў) у сістэме адукацыі: аддзяляла вышэйшую школу ад сярэдняй, пераводзіла ўнівэрсітэцкае навучаньне на сваю мову (рускую ў БССР, ці польскую ў Заходняй Беларусі). Адчыняўся прастор для маніпуляцыяў думкамі бацькоў і навучэнцаў, узбуджаліся прагматычныя інтарэсы (паколькі асобы з акупацыйнай мовай навучаньня мелі лепшыя магчымасьці паступіць і вучыцца ва ўнівэрсітэце, чым зь беларускай). Урэшце рэшт улада фальшыва разводзіла рукамі, маўляў, мы “за” беларускую школу, ды самы бацькі-беларусы ня хочуць вучыць дзяцей па-беларуску. Беларусаў перад міжнароднай супольнасьцю выстаўлялі гэтакімі самаедамі, дурнямі, а сябе дэмакратамі. Як бачым, няма ніякай розьніцы паміж акупацыяй унутранай і акупацыяй зьнешняй (традыцыйнай, звычайнай). Толькі што ўнутраная акупацыя фармальна схаваная ад зьнешняга вока і нішчыць нацыю знутры. У Беларусі сярэдняя школа і вышэйшая адукацыя мусяць быць беларускімі (беларускамоўнымі), сістэма адукацыі непарыўная. Правіла з выбарам мовы навучаньня бацькамі належыць (як звычайна ў дэмакратычных краінах) да нацыянальных мяншыняў і рэгулюецца адмысловым заканадаўствам. Школа ёсьць дзяржаўная справа. Тут павінен строга датрымлівацца дэмакратычны прынцып аб аддзяленьні царквы (касьцёла) ад дзяржавы. Тым больш гэта важна для нас як шматканфэсійнай нацыі. Мы не павінны самы сабе ствараць і паглыбляць падзелы ў грамадзтве, а наадварот мацаваць наша нацыянальнае адзінства. Так званы школьны “факультатыў” “Асновы праваслаўнай культуры” мусіць быць ліквідаваны. Ніякія сьвятары, ксяндзы, бацюшкі, рабіны, прапаведнікі і т.п. не павінны быць у беларускай школе. У школе хапае праблем, людзі ў сутанах (асабліва ў беларускай сытуацыі) іх толькі павялічаць. Як прадстаўнік народна-хрысьціянскай пазыцыі ў палітыцы мушу паўтарыць некаторыя азы, пацьверджаныя практыкай: самае безадказнае дзеяньне – гэта пускаць клерыкалаў у палітыку і сьвятароў у дзяржаўную школу. Вынік будзе адваротны і праблем не абярэшся. Нельга блытаць розныя рэчы. (Між іншым, у парадку дэгрэсіі, хоць да тэмы і не адносіцца: самая задушлівая дыктатура – гэта тэакратыя). Паўтаруся, што заўвагі, якія я тут адзначыў, малаверагодныя для вырашэньня пры існуючым рэжыме, але дамагацца іх вырашэньня, ставіць перад уладай і грамадзтвам трэба цяпер. Цяпер трэба закладываць ідэйную і дзейную будучыню вольнай Беларусі. 12 верасьня 2010 г. Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага 21/9/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |