Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях (частка ХІ) Бітва за Грозны На адным з відэа-фільмаў, накручаных ў навагоднюю раніцу 1 студзеня 1995 г., мы бачым чачэнскія абарончыя пазыцыі ў раёне гарадзкога цырку. Ён знаходзіцца адразу ж за прэзыдэнцкім палацам, непадалёк ад чыгуначнага вакзала. Бачныя ваяры з чачэнскага палка спэцназа “Воўк”. Яны стаяць групкамі, некаторыя сядзяць, усе нешта жыва абмяркоўваюць. А вакол – разьбітыя бранемашыны, мокры асфальт завалены трупамі расейскіх жаўнераў. На першым пляне ляжыць адарваная нага. – Больш яны няхай сюды не прыязджаюць, — кажа ваяр, які бесклапотна грызе яблык. – Прыязджае такі снайпэр, страляе, хоча грошай зарабіць. А праз гадзіну ён будзе тут ляжаць. Іхныя галовы мы будзем вагонамі пасылаць у Расею. Зьвесткі, якія 1 студзеня прыходзілі з Грознага, напэўна дапамаглі расейскім генэралам выцьверазьвець пасьля навагодняй п’янкі. Расейскае камандаваньне доўга не магло выйсьці з шоку. Пра групы жаўнераў, якія засталіся ў горадзе і змагаліся ў абкружэньні, зусім забыліся. На працягу першага дня студзеня ўсе гэтыя групы былі ліквідаваны, недабіткі патрапілі ў палон. Увесь горад зноў быў пад кантролем ваяроў. Камандуючым грозьненскага гарнізона быў Шаміль Басаеў. Пад ягоным камандваньнем было ўсё больш дабраахвотных аддзелаў, якія ўключаліся ў абарону сталіцы. Басаеў утрымліваў сталы кантакт з генштабам, але шмат рашэньняў мусіў прымаць сам. Ён самастойна арганізаваў абарончыя рубяжы ў Шаамі-юрце, Алхан-кале, а потым у Аргуне і Шалі. Увесь дзень 1 студзеня чачэнцы звозілі да прэзыдэнцкага палаца захопленыя бранемашыны. Рыхтаваліся да абароны сядзібы Дудаева. У палацы знаходзілася ўвесь час 300-400 чалавек. Сярод іх была група дабраахвотнікаў з Украіны, камандзёр якой Сашко Білый стаў любімцам Чачэніі. Усе дабраахвотнікі належалі да нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО. Увечары пачаўся вельмі моцны артабстрэл прэзыдэнцкага палаца і масіраваны авіяналёт на сталіцу. 2 студзеня расейцы пачалі чарговы штурм Грознага. У атаку пайшлі новыя бранетанкавыя аддзелы, падтрыманыя агнём артылерыі і авіяцыяй. Колькасьць тэхнікі, якую кінулі на другі штурм Грознага, здаецца проста неверагоднай. Чачэнскія камандзёры з усіх бакоў паведамлялі пра зьяўленьне некалькіх бранемашын, праз кароткі час ішлося ўжо пра дзесяткі машын. Па вуліцы Першамайскай танкі падышлі непасрэдна да Інстытута Нафты, 300 м ад прэзыдэнцкага палаца. Ваярам, якія абаранялі гэтую пазыцыю, здавалася, што яны маюць перад сабой сем танкаў. Яны вырашылі абысьці іх з тылу і зьнішчыць. Аббеглі вакол некалькіх будынкаў, а калі падышлі да вызначанага месца, аказалася, што танкі займаюць усю вуліцу Першамайскую. Не было нават бачна хваста калёны, якая выехала з аэрапорта. У ёй было каля 170 танкаў. Такая ж калёна падышла з захаду з боку фабрычнага квартала. Яшчэ адна накіроўвалася ў цэнтар з новых жылых кварталаў. Не магло быць гаворкі аб тым, каб атачыць ці хаця б разьбіць на часткі калёны танкаў. Было надта мала людзей, каб заблакаваць усе вуліцы. Групы з гранатамётамі мусілі бягом перасоўвацца з адной пазыцыі на другую. Найцяжэйшыя баі ўспыхнулі зноў на чыгуначным вакзале. Адтуль танкі маглі весьці агонь непасрэдна па прэзыдэнцкім палацы, аддаленым на 800 м. З вакзала вырываліся паасобныя танкі і несьліся па праспэкце Арджанікідзэ. З шалёнай хуткасьцю, страляючы чэргамі з гарматы і кулямётаў, яны кіраваліся ў бок палаца. Гэта была дзіўная і бессэнсоўная тактыка, бо праспэкт быў густа абстаўлены ваярамі з супрацьтанкавай зброяй. Усё выглядала так, нібыта экіпаж хацеў у нейкім шалёным прыпадку расейскай рулеткі паспрабаваць сваё шчасьце. Ці нехта аддаваў танкістам такія абсурдныя загады, ці можа яны дзейнічалі ўсьляпую – цяжка зразумець. Праехацца па ўсім праспэкце да канца ўдалося вельмі мала каму. Другі штурм Грознага таксама праваліўся. Расейскія сілы былі выціснуты з цэнтральнай часткі горада. Пэрыфэрыйныя кварталы, аднак, сістэматычна заліваліся масамі новых войскаў. 6 студзеня распачаўся наступны штурм. Пасьля артпадрыхтоўкі штурмавыя групы пад камандваньнем генэрала Бабічава пачалі прасоўвацца з захаду ў накірунку цэнтра Грознага. Аддзелы дэсанта і мотапяхоты атрымалі падтрымку разьведчыкаў ГРУ. Дарогу ім прабівала цяжкая артылерыя. Прыкрываючыся сьцяной агня, пяхота займала адну за адной вуліцы і кварталы горада. 8 студзеня расейскія войскі падышлі так блізка да цэнтра, што снайпэры маглі абстрэльваць усе масты цераз Сунжу. Такое масавая выкарыстаньне снайпэраў хіба ня мела аналагаў ў гісторыі расейскіх войнаў. Трэба прызнаць, што чачэнцы не саступілі ім. Снайпэрамі часта станавіліся ваяры, абдораныя прыродай незвычайнымі здольнасьцямі да стральбы. Эфэкт іхнай працы сеяў панічны страх сярод расейскіх жаўнераў. Толькі ў 8-м армейскім корпусе ўжо на пачатку студзеня снайпэры адстралялі практычна ўсе афіцэрскія кадры на ўзроўні ўзвода і роты. У 81-м палку з Чарнарэчанска ў Паволжскай ваеннай акрузе ў адным з батальёнаў пасьля баёў ў першыя дні студзеня засталіся ў жывых толькі адзін афіцэр і 10 жаўнераў. Баі, якія распачаліся ў сярэдзіне студзеня, мелі ўжо зусім іншы характар. Расейцы адмовіліся ад штурма горада вялікімі сіламі. Замест масіраваных танкавых удараў, яны вырашылі выкарыстаць класічную “сталінградзкую” тактыку вядзеньня вулічных баёў, якая заключалася ў канцэнтрацыі масіраванага агню артылерыі на абраных аб’ектах. Потым іх займалі невялікія штурмавыя мабільныя аддзелы. Гэты спосаб вядзеньня бою ўшчэнт нішчыў забудову горада. Аўтарам гэтай тактыкі быў генэрал Віктар Вараб’ёў, камандзёр спэцназа МУС, які загінуў 7 студзеня на назіральным пункце ад выбуху міны. Чачэнцам увесь час не хапала людзей. Асабліва ўначы, калі частка апалчэнцаў разыходзілася па хатах. Пасьля многіх дзён бесперапыннага бою ваяры былі вельмі стомленыя. Цяжка было знайсьці ахвотных на начную вылазку, засаду або нават для нясеньня пастарунковай службы. Вызывалася на гэта шмат маладых людзей, але без зброі. На пачатку студзеня Джахар Дудаеў перанёс свой КПП з прэзыдэнцкага палаца на запасны пункт. У генштабе ў сутарэньнях палаца засталіся Аслан Масхадаў і віцэ-прэзыдэнт Зэлімхан Яндарбіеў. Абарона палаца была фармальна даручана прэзыдэнцкай гвардыі, але разам з гвардыяй яго абаранялі ўсе, хто там знаходзіўся. Верхнія паверхі прэзыдэнцкага палаца палалі. Згарэў таксама і чачэнскі сьцяг на ягоным даху – найважнейшы сьцяг змагарнай Ічкерыі. Туміша Мажыдава і Тамара Калаева з пэрсаналу палявога шпіталя, які месьціўся ў сутарэньнях палаца, пашылі новы сьцяг. Уноч на 13 студзеня Муслім Мурдалаў узьняў яго на 6-мэтровай трубе. 16 студзеня становішча абаронцаў палаца стала вельмі цяжкім. Расейцы ўжо занялі ўсе будынкі па адным баку праспэкта, на якім стаяў палац. Ад ваяроў расейцаў аддзяляла адлегласьць на шырыню вуліцы – 30 мэтраў. На працягу ўсяго дня на праспэкт прарываліся паасобныя танкі, якія ліквідаваліся. Танкі зьяўляліся таксама паміж дамамі. Яны стралялі адтуль проста па палацу. Расейцы некалькі разоў паспрабавалі штурмаваць палац. Для гэтага ім трэба было пераадолець адлегласьць у шырыню праспэкта. Калі ўсе гэтыя спробы закончыліся правалам, распачаўся абстрэл палаца з цяжкой артылерыі. Пад сьцяной, што абрынулася, загінуў брат віцэ-прэзыдэнта Зэлімхана Яндарбіева Салман. Увечары 18 студзеня расейскія самалёты ўпершыню бамбілі палац бомбамі для прабіваньня бэтону, якія прабілі ўсе паверхі будынку і выбухнулі ў сутарэньнях, дзе разьмяшчаўся шпіталь і знаходзіліся палонныя. 18 студзеня галоўнае камандаваньне вырашыла пакінуць прэзыдэнцкі палац. Расейцы ўжо падышлі да гатэля “Каўказ” і парляманта. Эвакуацыя распачалася а дзесятай увечары. Спачатку будынак пакінуў мэдычны батальён і палонныя. Праз пяць хвілін выйшаў штаб і група Яндарбіева, праз паўгадзіны прэзыдэнцкая гвардыя. 19 студзеня батальён выведкі 20-й Валгаградзкай гвардзейскай дывізіі ўвайшоў у пакінуты абаронцамі будынак палаца. Генэралам Рохліну і Бабічаву надалі тытул Герояў Расеі. Вельмі хутка расейскія жаўнеры пераканаліся, што назву іхных бранемашын – БМП (Баявая Машына Пяхоты) можна расшыфроўваць, як гэтага хочуць чачэнцы – Брацкая Магіла Пяхоты. Браня транспарцёраў, баявых і дэсантных машын не абараняла ня толькі ад удара гранатамёта, але і ад бранябойнай кулі з аўтамата. Жаўнеры пачалі выкарыстоўваць падручныя матар’ялы, каб павысіць жыцьцяздольнасьць машын. На браню яны вывешвалі мяхі з пяском і скрынкі з жалезьзем. На вуліцах зьявіліся дзівакаватыя бранемашыны, на якіх былі прывараны фрагмэнты іншых разьбітых бранемашын. Падчас бітвы за Грозны найцяжэшыя баі ішлі за трамвайны парк. Яны працягваліся там даўжэй за ўсё, да 12 лютага 1995 г. Фэдэральныя войскі атакавалі з усіх бакоў. Яны захапілі ўжо ўвесь правы бераг Сунжы і новыя кварталы на левым беразе. Чачэнскія аддзелы ў трампарку даўно змагаліся ў абкружэньні. Каля трампарка паляваў на расейскія танкі Кабодж Хатуеў. Ён з пачатку вайны да паловы студзеня, за паўмесяца зьнішчыў 38 бранемашын. Адзін швайцарскі журналіст сфільмаваў, як Кабодж скача з дрэва на танк, шпурляе праз люк у вежу “лімонку” і саскоквае на зямлю, робячы сальта назад. Гэтыя знакамітыя кадры абышлі ўвесь сьвет! І там, каля трампарка Кабоджа забіў снайпэр. Хлопец вёў падмацаваньні. Яны перабягалі шырокую шашу каля ронда на Садовай. Снайпэр абстрэльваў гэты ўчастак з блізкай фабрыкі “Промаўтаматыка”. Кабодж праскочыў, але хлопцы баяліся і стаялі на другім баку вуліцы. Ён вярнуўся і пачаў пераконваць іх, каб яны перабягалі. І тут ён атрымаў кулю ў патыліцу. Баі ў Грозным працягваліся да паловы лютага. Аднак, нават калі аддзелы ваяроў выйшлі з горада, расейцы не маглі пачувацца спакойна. Іхныя пастарункі і машыны ўвесь час падзьвяргаліся атакам. 21 лютага сталіца канчаткова была заблакавана з усіх бакоў. 8 сакавіка ў горад вярнуўся на апошняе паляваньне Алдынскі батальён. “Калі мы зьявіліся ў Чарнарэччы, расейцы толькі яшчэ ўваходзілі з Алды па запрудзе. Іх вёў, як звычайна, здраднік. Ён паказваў дарогу, за ім ішлі пяхота і машыны. Мы іх абстралялі, яны зноў адступілі ў Алды, сталі ў пазыцыі над берагам і распачалі артабстрэл. Мы таксама стралялі, пакуль ня скончыліся патроны”. Паводле чачэнскіх камандзёраў, у бітве за Грозны ваявала супраць расейцаў разам каля васьміста чалавек. Пераклаў з польскай Валеры Буйвал 24/9/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |