Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях (частка XIV) Карніцкая экспэдыцыя ў Самашках У пэўны момант галоўнай сілай, здольнай вырашыць праблему чачэнскіх “бандфармаваньняў”, былі прызнаныя ўнутраныя войскі МУС Расеі. Тое, што не пасьпела праваліць армія, канчаткова папсаваў генэрал Кулікоў – так камэнтавалі пазьней гэтае рашэньне. 7-8 красавіка 1995 г. фэдэральныя войскі правялі пацыфікацыю чачэнскай вёскі Самашкі. Гэта была адна з многіх падобных апэрацыяў чачэнска-расейскай вайны. Прыклад Самашак ёсьць добрай ілюстрацыяй таго, якія практычныя вынікі давала сістэма навучаньня расейскіх спэцпадраздзяленьняў. Паводле словаў галоўнакамандуючага групоўкай войскаў МУС у Чачэніі генэрала Анатолія Раманава, гэта была “першая ў гісторыі цалкам самастойная баявая апэрацыя войскаў МУС”. Пакуль ішлі баі за Грозны, у заходняй частцы рэспублікі ад Самашак да Бамута абодва бакі прытрымліваліся status quo. Ваяры праводзілі дывэрсійныя атакі на дарогах і абстрэльвалі расейскія пастарункі. Вясковая старшызна ўстрымлівала ўзброеную моладзь ад атакаў на расейцаў. Тым, хто рваўся ў бой, прапанавалі пакінуць вёскі і маршыраваць у Грозны. Тым ня менш, у раёне вёскі Самашкі расейскія жаўнеры гінулі амаль штодня. 15 студзеня 1995 г. расейскі гусенічны транспарцёр заплутаў каля Самашак і быў абстраляны з супрацьтанкавага гранатамёта. Машына здолела ад’ехаць, але ўвесь экіпаж быў моцна папалены. 18 студзеня баявая машына пяхоты фэдэральных войскаў уехала ў Самашкі пасярод калёны з гуманітарнай дапамогай. Ваяры адразу ж зьнішчылі машыну, загінулі шэсьць жаўнераў, якія ўцякалі з ахопленай полымем БМП. 31 студзеня фэдэральныя войскі абкружылі Самашкі. Аб 11.45 распачаўся артабстрэл вёскі з танкавых гармат і з верталётаў. Ён працягваўся да 17.00. Былі разбураны некалькі дамоў, загарэўся газаправод, былі зьнішчаны электрасетка і сістэма водазабесьпячэньня. Загінулі першыя жыхары вёскі, дзьве жанчыны і два мужчыны. Ад агню ваяроў загінуў адзін расейскі жаўнер, дванаццаць былі паранены. На паўторнае патрабаваньне расейскага камандваньня, каб аддзелы ўнутраных войскаў былі ўпушчаны ў вёску, прадстаўнікі адміністрацыі Джахара Дудаева адказалі адмоўна, матывуючы адмову “фактамі марадзёрства і зьдзеку жаўнераў з жыхароў станіцы Асінаўская, куды іх упусьцілі ў адпаведнасьці з ранейшай дамоўленасьцю са старшызнай”. Рада старэйшынаў Самашак заключыла з генэралам Касалапавым урачыстую пісьмовую дамову аб умовах недапушчэньня баявых дзеяньняў у вёсцы. Генэрал запатрабаваў вывесьці ваяроў, здаць цяжкую зброю і сфармаваць атрад дабраахвотнікаў з 45 чалавек для аховы вёскі. Паводле жаданьня жыхароў Самашак, 6 і 7 сакавіка атрад ваяроў з 200 чалавек пакінуў вёску і адыйшоў на Бамут – важнейшы пункт супраціву ў заходняй Чачэніі. У вёсцы застаўся толькі атрад самаабароны з 50 чалавек. 7 сакавіка ваколіцы Самашак былі замініраваны з паветра з дапамогай авіяцыі. На пачатку красавіка ў канцэнтрацыйны (так званы фільтрацыйны) лягер у Маздоку паступіў загад генэрала Анатолія Кулікова, тадышняга міністра ўнутраных справаў, каб высвабадзіць фільтрацыйны лягер, бо чакаецца наплыў новых затрыманых. 6 красавіка на блок-пастарунак пад Самашкамі, заняты спэцназаўцамі з навачаркаскага ОМОНу, прыбыў генэрал Антонаў. Гэта быў псэўданім пазьнейшага галоўнакамандуючага групоўкай войскаў у Чачэніі генэрала Анатолія Раманава. “Антонаў” перадаў старшызьне Самашак ультыматум: да 7.00 наступнага дня вёска павінна была здаць 264 аўтамата, 2 кулямёта і адзін БМП, які быў адкрыты на здымках авіявыведкі. Расейскія войскі павінны былі быць упушчаны ў вёску. Старшыня адміністрацыі Самашак заявіў, што яны могуць здаць толькі 50 аўтаматаў, якія заставаліся ў атрада самаабароны. На гэта генэрал не пагадзіўся. Абстрэл вёскі з мінамётаў распачаўся за 25 хвілін да сканчэньня часу пазначанага ва ўльтыматуме. Міны патрапілі ў натоўп людзей, якія сабраліся, каб пакінуць вёску. Аб 15.45 аддзелы фэдэральных войскаў пачалі выходзіць на ўскраіну Самашак. Бой прынялі каля 20-30 дабраахвотнікаў з атрада самаабароны. Цывільныя жыхары пахаваліся ў сутарэньнях дамоў. Ваяры былі ўзброены аўтаматамі і снайпэрскімі карабінамі, кулямётамі, аднаразавымі бранябойнымі гранатамётамі, супрацьтанкавымі ручнымі гранатамётамі і агнямётамі “Чмель”. Яны ня мелі цяжкой зброі. Расейскі наступ быў нечаканасьцю для іх. Яны ня думалі, што бой пачнецца ў прыцемках. Яны ваявалі ў паасобных групах. Ваяры спалілі танк Т-80 і два БТР. “У нас не было баепрыпасаў. – расказаў пасьля вайны адзін зь іх. – Гэта быў ня бой, а акт адчаю. З такой жменькай хлопцаў мы не маглі абкружыць і зьнішчыць іх”. На працягу некалькіх дзён пасьля заканчэньня апэрацыі ў Самашкі спрабавалі патрапіць прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа з місіі ў Назрані. Была затрымана таксама місія “Лекараў бяз межаў”. На блок-пастарунку №13 каля вёскі стаялі амонаўцы ў хустках на галавах, упрыгожаных надпісам “Рождённый убівать”. Толькі 13 красавіка ў Самашкі прыехалі журналісты. Ад таго, што яны ўбачылі, кроў стыла ў жылах. На вуліцах, у дварах дамоў і ў самых дамах ляжалі трупы жыхароў вёскі. Дэпутаты Дзярждумы Шабад і Вахніна напаткалі труп мужчыны, які ляжаў пасярод галоўнай вуліцы. На ягоных грудзях ляжала сэрца, вырванае разам з кавалкам лёгкага (здымак быў апублікаваны ў расейскай прэсе). Паўсюль ляжалі аднаразавыя шпрыцы з антышокавым прамэдолам, які належыць да наркатычных анальгетыкаў. Жаўнеры перасоўваліся па галоўных вуліцах вёскі і ўваходзілі ў паасобныя двары. У сутарэньні яны кідалі гранаты, хаця добра ведалі, што там хаваюцца цывільныя жыхары. Мужчын, нягледзячы на ўзрост, аддзялялі ад жанчын і распраналі да бялізны. Некаторых адразу забівалі. Сьведка Умаханаў: “Мы, чатыры пажылых мужчыны, сядзелі ў сутарэньні. Прышлі жаўнеры. “Ёсьць хто жывы?”. “Ёсьць, мы выходзім”. Іх было чацьвёра. “Сукі, кладзіцеся!”. Мы паклаліся. Абшукалі нас. “Сукі, у яму!” Яны загналі нас у яму ў гаражы. Муса кажа: “Хлопцы, не страляйце, трэба кароў карміць…” Ісаеў не пасьпеў падняцца па сходцах, яны далі яму чаргу ў плечы. Мы заціснуліся ў сярэдзіне. Яны пачалі па нас страляць чэргамі”. Мужчын расстрэльвалі адразу, як уваходзілі ў дамы. Часам перад гэтым іх білі і катавалі. 62-гадовага Цацішаева застрэлілі з танка. Арсаева застрэлілі з адлегласьці 20 м, калі ён вывешваў белы сьцяг на плоце свайго дома. У адным з дамоў жаўнеры знайшлі параненага і трох жанчын. Адыходзячы, яны кінулі ў дом гранату. Потым вярнуліся і дабілі мужчыну і адну зь ягоных дачок. У вёсцы зьявіліся грузавікі Камазы і ГАЗ-66, на якія жаўнеры пачалі грузіць нарабаванае ў дамах. Потым яны падпальвалі дамы. Аблівалі бэнзінам і падпальвалі трупы забітых. Ахметава прывязалі дротам да транспарцёра, а потым застрэлілі па дарозе ў фільтрацыйны лягер. Забілі пажылую жанчыну, якая ішла за транспарцёрам і маліла, каб адпусьцілі ейнага адзінага сына. Калі калёну затрыманых пагналі бегам, то застрэлілі шасьцёх мужчын, якія не пасьпявалі. Прыбыўшы на чыгуначную станцыю, застрэлілі параненага Шамсаева, якога іншыя затрыманыя несьлі на насілках. Затрыманых у Самашках канваіраваў у канцэнтрацыйны лягер у Маздоку спэцназ Галоўнага ўпраўленьня выкананьня пакараньняў МУС Расеі. Затрыманых у Самашках 134 мужчыны, якіх не забілі адразу, зьмясьцілі ў будынку пякарні. Іх распранулі і забралі абутак. Потым пагналі калёнай у вайсковы лягер на гары Сужанскага храбта. Адтуль затрыманыя патрапілі ў так званы “накопітель”, гэта зн. зборны пункт ў Асінаўцы. Другую групу перавезьлі на верталётах у фільтрацыйны лягер у Маздоку. Затрыманых перавозілі грузавікамі на аэрадром. Іх укладвалі ў кузаў са сьвязанымі рукамі ў чатыры слаі. Тыя, хто ляжаў унізе, гінулі ад здушэньня. У верталёты яны беглі праз “сьцяжыну здароўя”, іх білі прыкладамі і нацкоўвалі на іх сабак. Прывітаньне ў канцэнтрацыйным лягеры ў Маздоку было такім жа: сабакі, дубінкі і прыклады карабінаў. Вады ім далі толькі праз паўтары суткі. У лягеры ў Маздоку затрыманых дапытвалі. Усіх білі і катавалі электратокам. Прымушалі падпісваць пратаколаў допытаў, не чытаючы іх. Праз колькі дзён большасьць зь іх прызналі невінаватымі і адпусьцілі дадому. Некалькіх абмянялі на расейскіх палонных. Дапытаныя парляманцкай камісіяй жаўнеры, што ўдзельнічалі ў апэрацыі ў Самашках, адзінагалосна (па-за адным выключэньнем) заявілі, што ніхто зь іх наогул ня бачыў цывільных жыхароў вёскі. Галоўная ваенная пракуратура Расейскай Фэдэрацыі ня выставіла ніводнаму з удзельнікаў акцыі абвінавачваньняў. У сакавіку 1997 г. Дзярждума амнісціравала ўсіх расейскіх жаўнераў, удзельнікаў вайны ў Чачэніі. (Працяг будзе) Пераклаў з польскай Валеры Буйвал 1/10/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |