Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях (частка XV) Адступленьне Чачэнскія аддзелы адступалі пад націскам праціўніка. Хункар-паша Ісрапілаў з трывогай паведамляў галоўнаму камандваньню, што ваяры ня хочуць ваяваць у вёсках, дзе мясцовыя жыхары і старшызна сустрэлі іх варожа. “Гналі іх з месца на месца, што практычна падарвала баявы дух гэтых маладых хлопцаў. Мы адышлі бяз бою да самага Дарго. Аддзелы, якія мы пасьпешліва арганізавалі і паслалі на імправізаваныя абарончыя лініі, таксама адыходзілі бяз бою. Яны лічылі, што мы іх падманулі”. Сілы, якімі камандваў асабіста Шаміль Басаеў, пасьля выйсьця з Грознага паступова з баямі перасунуліся на ўсход і занялі пазыцыі ў раёне Сержань-юрта, блакуючы дарогу на Ведзяно. На пачатку красавіка камандуючы расейскіх войскаў, якія дзейнічалі ў раёне Бамута і Самашак, генэрал Фёдар Лукін атрымаў загад узмацніць наступальныя дзеяньні. Вялікая групоўка чачэнскіх сілаў пачала канцэнтравацца ў раёне Ахчой-Мартана, адкуль павінен быў распачацца контрудар ў накірунку Бамута. У сярэдзіне красавіка аддзелы чачэнскага палка спэцназа былі перакінуты на заходні накірунак, значэньне якога пачало расьці: на Янды-кутор, Бамут і Стары Ачхой. Гэтыя тры вёскі чачэнскія сілы трымалі на працягу паўтара месяца. Бамут знаходзіцца ў доўгай, вузкай цясьніне. Як толькі фэдэральныя войскі ўрываліся ў вёску, абаронцы адыходзілі на суседнія пагоркі, парослыя густым лесам, і вялі адтуль прыцэльны агонь. Ваяры дзейнічалі ў групах па 10 чалавек. Падчас артналётаў яны хаваліся ў сутарэньнях дамоў. Ужо пачатак доўгіх баёў за Бамут даў зразумець расейскаму камандваньню, што чакае фэдэральныя войскі, калі яны далей заглыбляцца ў горныя раёны. Экспэрты прызналі баі за гэтую вёску тыповым прыкладам вядзеньня ваенных дзеяньняў у горных умовах, калі захоп нейкай мясцовасьці можа быць з пунтку гледжаньня тактыкі бессэнсоўным, асабліва калі кошт перамогі роўны вялікім стратам. На аснове досьведу, атрыманага пад Бамутам, была змадыфікавана тактыка вядзеньня баёў у блізкіх да гораў раёнах. Войскі абкружалі выбраную вёску з усіх бакоў, займалі пануючыя вышыні, блакавалі дарогі пад’езду, а потым распачыналі масіраваны шматдзённы артабстрэл. Менавіта такім спосабам фэдэральныя войскі дзейнічалі на трэцім этапе вайны, калі апэрыравалі ў блізкіх да гораў раёнах Чачэніі. Бамут працягваў абараняцца, а тым часам на горным храбце пад Ісьці-су пачаўся бой аддзелаў пад камандваньнем Ісрапілава з наступаючымі ад Гудэрмэса фэдэральнымі войскамі. Ісрапілаў адступіў, страціўшы двух забітых, ў бок Навагрозьненска. “Там пачалася паніка, калі Масхадаў аддаў загад адыходзіць у горы і займаць усе перашэйкі. Я пратэставаў, бо меркаваў, што трэба змагацца на раўнінах. Потым усе з гэтым пагадзіліся”. 22 і 23 красавіка аддзелы Ісрапілава распачалі бой на горным храбце паміж Навагрозьненскам і Мэскетамі. Праціўнікам чачэнцаў быў расейскі ОДОН – “Особая дівізія оператівного назначенія” унутраных войскаў МУС Расеі. “На выведку на мясцовасьці яны паслалі два разьведаддзяленьні. – кажа Ісрапілаў. – Я іх прапусьціў. Потым пайшлі два іхных батальёна. Пацьвердзілі, што перашэяк чысты, ваяроў няма. А я высунуў аддзелы на пазыцыі перад самай атакай. Мы акапваліся ўжо на сьвітанку. Калі я атрымаў зьвестку, што калёна пайшла наперад, я зноў прапусьціў два батальёны, адрэзаў ім шляхі адступленьня і мы ўдарылі. Ад іх засталіся адзін Камаз і БТР. Гэта была першая сур’ёзная параза расейцаў пасьля Грознага і наша першая сур’ёзная перамога. Баявы дух узьняўся. Падчас гэтага бою расейская авіяцыя бамбардавала нас практычна бесперапынна, увесь час біла артылерыя. Хлопцы змагаліся на сьмерць. Нашы страты я лічу адносна невялікімі, 7 забітых і 12 параненых. Пасьля гэтага нечаканага ўдару расейцы вярнуліся ў Грозны. Паміж імі пачаліся “разборкі” і яны доўга разбіраліся паміж сабой. Тады наш генштаб быў перанесены ў Алерой і знаходзіўся там практычна да канца вайны”. Нягледзячы на гэты лакальны посьпех, чачэнскія аддзелы адыходізіл ў бок гораў. Здавалася, на раўнінах нішто ўжо ня зможа стрымаць расейцаў. Аказалася, аднак, што на раўнінах і ў самым Грозным усё актыўней пачалі дзейнічаць малыя дывэрсійныя групы. Ваяры нападалі ўначы на блок-пастарункі, абстрэльвалі камэндатуры, пазыцыі і калёны расейскіх войскаў. Гэтыя дзеяньні былі знакам новага этапу расейска-чачэнскай вайны. “За намі горы і воля” 26 красавіка Ельцын абвесьціў мараторый на вядзеньне баявых дзеяньняў у Чачэніі. Ніхто не сумняваўся, што кіравала расейскім прэзыдэнтам: у хуткім часе, 9 траўня на сьвяткаваньні 50-годдзя перамогі над фашызмам у Маскву павінны былі прыбыць дэлегацыі з усяго сьвету. У сапраўднасьці вайна ў Чачэніі не сьцішылася ні на дзень. 30 красавіка пад Гільянамі ваяры састрэлілі з ДШК верталёт. 5 траўня ваяры Шаміля Басаева састрэлілі пад Сержань-юртам самалёт-штурмавік СУ-25. Адразу пасьля заканчэньня сьвяточных мерапрыемстваў у Маскве фэдэральныя войскі аднавілі актыўныя ваенныя дзеяньні. На думку выканаўцы абавязкаў камандуючага расейскімі вайскамі ў Чачэніі генэрала М. Ягорава йшлося не аб шырокамаштабным наступе, а аб плянамерным выцясьненьні ваяроў у горы. На самой справе быў распачаты наступ на ўсіх апэрацыйных накірунках, з выкарыстаньнем цяжкой артылерыі, танкаў і авіяцыі. Расейцы атакавалі на вядзенскім, шатойскім і агіштынскім франтах, у раёне Янды-кутор, па паўднёвы захад ад Бамута, у Шалі, Сержань-юрце і на захад ад Нажай-юрта. Тылы чачэнскіх сілаў бесперапынна бамбардаваліся авіяцыяй. Расейцы заблакавалі дарогі, што вялі ў горы. Тысячы жыхароў горных вёсак пакінулі свае дамы і ляснымі сьцяжынамі прабіраліся на раўніны пад агнём і бомбамі. Гэтыя лютыя баі распачалі трэці этап вайны ў Чачэніі. Пасьля адыходу з абарончай лініі пад Атагамі ваяры занялі новыя пазыцыі на цэмэнтным заводзе ў Чыры-юрце. Уначы з 19 на 20 траўня расейская артылерыя з трох бакоў абстрэльвала завод і Чыры-юрт. Ваяры адступілі. Раніцай расейцы распачалі штурм. З боку сілікатнага заводу падыйшлі танкі, а праз запруду на Аргуне падыйшла пяхота. З цэмэнтнага заводу ваяры адышлі ў Гішэк, дзе наладзілі базу на дзяржаўных дачах. Пэўны час там знаходзіўся сам Джахар Дудаеў. Быў там таксама Зэлімхан Яндарбіеў. “На прыканцы траўня 1995 г. расейскія войскі здолелі абсалютна бесперашкодна заняць паўднёую ўскраіну вёскі Дуба-юрт, а праз некалькі дзён праз цясьніну, дзе працякае рака Ваштара, прабіцца ў Сэльмэнтаўзэн. – піша Яндарбіеў. – Паралельна яны зрабілі ўдар у накірунку Шатоя, асабліва на вёску Ярыш-Марды, дзе на заходняй ускраіне за ракой Аргун у будынку дырэкцыі цэмэнтнага заводу разьмяшчаўся мой штаб. Больш таго, амаль да гэтага дня на ўскраіне вёскі Дачу-Барзой, на кілёмэтр бліжэй да фронта знаходзіўся штаб Дудаева. На шчасьце напярэдадні прарыву фронта, пасьля атылерыйскага і авіяўдараў прэзыдэнт пакінуў сваю базу. Нашыя вайскоўцы дапусьцілі на шатойскім накірунку надта вялікую памылку. Пазьней гэта каштавала нам страты Ведзяно”. Пад Ярыш-Марды разам з іншымі аддзеламі спэцназу быў сьцягнуты з Янды-кутор аддзел Мусы Бакаева. “Гелаеў выклікаў мяне і кажа – я дам табе столькі людзей, колькі захочаш. Ты мусіш абысьці расейцаў і атакаваць іх з тылу. Я раззлаваўся. Кажу – я тут затрымаў расейскую брыгаду і б’юся. Бяры любога іншага камандзёра і няхай ён робіць табе гэты манеўр, а я іх тут затрымаю. Тады ён раззлаваўся на мяне, сам узяў трыста чалавек і пайшоў ваяваць. Па дарозе, на “Лысай Гары” яны нарваліся на расейскіх жаўнераў, якія акапваліся”. Удзельнікам гэтага рэйду быў Хасан Акуеў з 1-га батальёна спэцназу: “Бой быў на сьмерць. Там змагаўся ўвесь паўднёва-заходні фронт. Мы разьбілі два расейскія батальёны. У Суротах паміж Барзоем і Алхазуравым мы зьнішчылі дзесяць бранемашын”. Ваяры панесьлі ў гэтых баях вялікія страты. Як кажа Дока Умараў, з 48 чалавек у ягоным батальёне засталіся ў шыхтах 10. Астатнія загінулі або былі паранены. У адзін дзень загінула 11 ягоных людзей, 18 было паранена. Сам Умараў таксама быў цяжка паранены і камандваньне ў ягоным батальёне прыняў на сабе Муса Атаеў, начальнік штаба. “Калі мы вярталіся з той апэрацыі, — успамінае Муса Бакаеў. – мой сын Алісан упаў у бездань. Выцягнуць яго было немагчыма. Людзі былі змучаныя, двое сутак яны маршыравалі і вялі бой. Алісан застаўся ў той бездані. Ён моцна пабіўся аб скалы. Мурад “Кібарг” пайшоў да яго на дно і застаўся там. Яны былі ў 300 мэтрах ад расейскіх пазыцый. Яны сядзелі там цэлыя суткі”. 12 чэрвеня расейцы паслалі па дарозе ў каньёне Аргуна выведчыкаў на некалькіх бранемашынах. Ваяры ўпусьцілі іх аж да Зон і толькі потым атакавалі галоўныя сілы, што ішлі з Ярыш-Марды. У баі пад Ярыш-Марды загінуў сын галоўнакамандуючага групоўкай расейскіх войскаў у Чачэніі генэрала Пулікоўскага, афіцэр у чыне старэйшага лейтэнанта. “Ён ехаў з батальёнам выведчыкаў – кажа сьведка ягонай сьмерці. – Мы трапілі ў ягоны БТР, ён там загінуў, адна нага у яго адляцела. Мы скінулі іх у бездань”. У тым баі расейцы страцілі больш за 90 чалавек і 7 бранемашын. Больш яны не спрабавалі пакарыстацца выгоднай дарогай на Шатой. Яны адышлі на поле пад Чышкамі і пачалі абстрэльваць Зоны, якія праз тры тыдні зраўнялі з зямлёй. Калі расейцы высадзілі дэсант у гарах і паўстала пагроза, што яны абкружаць Зон, ваяры ўначы адышлі ў Шатой. Яны адыходзілі з баямі, бо храбты з абодвух бакоў дарогі ўжо кантралявалі расейцы. Тавуз Бугараеў зьнішчыў у тых баях чатыры бранемашыны. За тры тыдні баёў чачэнская групоўка мела толькі аднаго забітага – Алхазура, які пайшоў узяць аўтамат расейца, што ляжаў, а той паранены жаўнер яго застрэліў. (Працяг будзе) Пераклаў з польскай Валеры Буйвал 1/10/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |