Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях (частка XVIII) Марская пяхота штурмуе горы Невядома адкуль у Ельцына ўзьнікла ідэя паслаць на штурм чачэнскіх гор марскую пяхоту. Можа ён прыгадаў матросаў, якія ішлі з наганамі на Зімовы палац? “Туды павезьлі марскую пяхоту з Ціхага акіяна – уявіце сабе, што гэта будзе за пяхота?!” – заўважыў на гэта генэрал Лебедзь. Адзін з палкоў марской пяхоты прайшоў сваё баявое хрышчаньне 16 студзеня 1995 г. пад Аргунам. Аддзелы марской пяхоты Ціхаакеанскага, Балтыйскага і Паўночнага флётаў ўзялі актыўны ўдзел у баях у траўні-чэрвені 1995 г. Жаўнеры штурмавалі парослыя лесам горныя масівы пад Шатоем і Ведзяно. У тых баях часткі марской пяхоты панесьлі цяжкія страты. Пірава перамога Цяжка адказаць на пытаньне, чаму расейцы так доўга ішлі па раўнінах Чачэніі. Яны ж мелі такую колькасьць войскаў і бранетэхнікі, што напэўна без намаганьняў маглі б зламаць абарону нешматлікіх ужо і зьнясіленых бесперапыннымі шматмесячнымі баямі чачэнскіх атрадаў. Можа тэмп прасоўваньня фэдэральных войскаў вызначаўся іншымі, акрэм мілітарных, чыньнікамі, пра якія мы пакуль ня ведаем? А можа крыху праўды ёсьць у словах расейскага афіцэра, які ваяваў на баку чачэнцаў: “У іх не было глабальнай ідэі, за якую варта было намагацца. У войску жаўнер думае сабе ўвечары – яшчэ адзін дзень прамінуў, а я жывы. І нішто больш яго не цікавіць. У Чачэніі так думалі ня толькі жаўнеры, але і афіцэры. Дзень прамінуў, а ў стаж залічваюцца тры дні. І я жывы!” З часам расейцы пачалі рабіць спробы нанясеньня імклівых удараў на недаступныя, здавалася б, тылы чачэнскіх атрадаў. Так было, напрыклад, у Чарсэной. Туды фэдэральныя войскі дайшлі, фарсуючы балоты і лясы з дапамогай адмысловых машын, якія зразалі дрэвы і засьцілалі стваламі дарогу для бранетэхнікі. Тады ў абкружэньне патрапіў атрад Докі Умарава. “Яны абкружылі нас цалкам. Чатыры дні мы былі без вады, змагаліся то на адным пагорку, то на другім. Мы мелі двух параненых. Утрымлівалі іх пры жыцьці, зьбіраючы зь іх чарвякоў”. У другой палове траўня і першай палове чэрвеня 1995 г. хада падзеяў на франтах чачэнскай вайны паказала, што ваяры ня ў стане супраціўляцца расейскай арміі, якая мела несуразьмерную, у шмат разоў большую колькасную перавагу, ня кажучы ўжо пра матэрыяльную перавагу. Да таго ж, расейская армія вяла рэгулярныя паўнамаштабныя ваенныя дзеяньні з выкарыстаньнем цяжкой артылерыі, танкавых войскаў, а таксама франтавой і нават стратэгічнай бамбардовачнай авіяцыі. У сувязі з гэтым чачэнскае камандаваньне пачало разглядаць іншыя варыянты арганізацыі супраціву. Перанясеньне дывэрсійных апэрацый на тэрыторыю Расеі стала непазьбежным. Больш таго, гэта была адзіная і апошняя магчымасьць паўплываць на хаду падзеяў. Да таго ж, чачэнскія атрады наагул не пазьбягалі вядзеньня даўгачасовых пазыцыйных баёў. А ў некалькіх месцах, напрыклад пад Шатоем, нават здолелі ўтрымліваць цэльную лінію фронту. “Самае важнае ёсьць тое, што мы пераканаліся, што можам ваяваць зь імі на раўнінах. – кажа прэфэкт Шатоеўскага раёну Давуд Ахмадаў. – Пасьля захопу Грознага яны ішлі да гор чатыры месяцы. А з Грознага да Шатоя ўсяго 56 кілёмэтраў”. Стабілізацыя сітуацыі ў Чачэніі была толькі марным жаданьнем расейскага камандаваньня. На самай справе фэдэральныя войскі кантралявалі месцы сваёй канцэнтрацыі, а астатняя частка тэрыторыі рэспублікі была ў прынцыпе “нічыёй”. Атрады ваяроў свабодна перасоўваліся па гэтай тэрыторыі. Аб тым, наколькі падманлівымі ёсьць спадзяваньні на хуткае заканачэньне вайны, яны пераканаюцца ўжо ў хуткім часе. У той самы дзень, калі жаўнеры ўтыркнулі расейскі сьцяг у Шатоі, выбухнула навіна аб рэйдзе Басаева на Будзёнаўск. “Дзіўная вайна” “У Чачэніі толькі тое месца ёсьць нашым, дзе стаіць расейскі аддзел. – пісаў у ХІХ ст. гісторык каўказкай вайны Пота. Цяперашняя чачэнская вайна была вельмі падобнай на тую. “Пад нашым кантролем ёсьць толькі тэрыторыя пастарунку, які мы абараняем. Нічога больш расейская армія ў Чачэніі не акупіруе і не кантралюе!” – казалі расейскія жаўнеры журналістам. Зусім іншыя настроі панавалі сярод чачэнцаў. “У той момант, калі галоўнакамандуючы Масхадаў націсьне кнопку, прэзыдэнт Дудаеў прыме ўладу ў рэспубліцы. – сьцьвярджаў Гелаеў. – У расейскіх руках толькі адзін паўночны раён рэспублікі – Навурскі. Браму да двух астатніх на поўначы, — Надцерачнага і Шаўкаўскога, — мы цалкам блакуем. Мы выбілі расейцаў з Ведзяно і Шатоя. Ва Урус-Мартане наагул няма фэдэральнай арміі”. Няцяжка заўважыць, што выкарыстаныя расейцамі сродкі аказаліся неадэкватнымі ва ўмовах такога супраціву. Істотную ролю маглі адыграць таксама асабістыя карысьці, якія вышэйшы афіцэрскі корпус меў з ваенных дзеяньняў. Можна з вялікай доляй праўды прызнаць, што пад прыкрыцьцём вайны адбывалася паўсюднае разрабаваньне вайсковых складоў тэхнікі, зброі і баепрыпасаў. На ўсё гэта няцяжка было знайсьці пакупнікоў і ў рэспубліках былога СССР, і за мяжой. Да таго ж, з Чачэніі штодня вывозілася цэлымі эшалонамі нарабаванае ў чачэнцаў дабро. Ня толькі з гэтай прычыны вышэйшыя расейскія камандзёры не хацелі вяртацца дахаты. Вайна была крыніцай іхнай палітычнай незалежнасьці і палітычнага ўплыву на прэзыдэнта і наагул на жыцьцё ў Расеі. Для афіцэраў месяц у Чачэніі залічваўся ў стаж за тры месяцы. Да таго ж, адбываліся прысьпешаныя павышэньні ў званьнях. Калі хто шчыра і хацеў заканчэньня гэтай вайны, дык напэўна малодшыя афіцэры, якія павінны былі весьці сваіх жаўнераў на разьню. Згаданыя вышэй прычыны часткова тлумачаць факт незразумелай непасьлядоўнасьці ў дзеяньнях фэдэральнай арміі на апэратыўным узроўні пасьля заканчэньня бітвы за Грозны. Увесь папярэдні пэрыяд вайны ў Чачэніі зрабіў відавочным дзьве праўды. Па-першае, аказалася, што фэдэральная армія ня ў стане фізычна зьнішчыць чачэнскія збройныя сілы. Нават калі б авіяцыя і цяжкая артылерыя ператварылі краіну ў пустыню, партызанская вайна працягвалася б доўгія гады. Па-другое, чачэнскі бок ня меў дастатковых сілаў, тэхнікі і зброі, каб вызваліць акупаваную расейцамі тэрыторыю. Сітуацыя была патавай, а палітычнае кіраўніцтва Расеі не магло запрапанаваць яе палітычнага разрашэньня. Атака на Будзёнаўск паказала новую пэрспэктыву, якая вырысоўвалася ў блізкай будучыне: чачэнскія дывэрсійныя атакі на тэрыторыі Расеі. У выпадку пасьлядоўнага заканчэньня пацыфікацыі рэспублікі адзінай альтэрнатывай для ваяроў у стане адчаю станавіліся атакі на стратэгічныя аб’екты ў Расеі. (Працяг будзе) Пераклаў з польскай Валеры Буйвал 7/10/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |