Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Міраслаў Кулеба: Імпэрыя на каленях

(частка ХІХ)

На працягу ўсяе вайны расейцы ня ўводзілі шчыльнай блакады межаў Чачэніі. Адбываўся рух насельніцтва праз межы з Інгушэціяй і Дагестанам, а горныя дарогі ў Дагестан і Грузію фактычна не ахоўваліся. Адзіным тлумачэньнем гэтага факта, якое прыходзіць у галаву, ёсьць зацікаўленасьць расейскага боку ў зацягванньні канфлікта на неабмежаваны час і да пэўнай ступені кантролю над ім. Пры гэтым трэба зазначыць, што расейцы маглі ўплываць на распальваньне канфлікта, але ўжо праз некалькі месяцаў ваенных дзеяньняў, прынамсі ў чэрвені-ліпені 1995 г. яны згубілі шанец на заканчэньне вайны ў сваю карысьць. З аднаго боку атрады ваяроў узмацніліся ў баях, набраліся досьведу, выпрацавалі эфэктыўную, эластычную тактыку партызанскай вайны, з другога боку ў той самы час адбылося поўнае маральнае і баявое раскладаньне фэдэральнай арміі.

Ваяры езьдзілі з Бамута ў Сернаводзк праз тэрыторыю Інгушэціі, бо дарога наўпрасткі праз станіцу Асінаўскую была заблакавана. Калі з поўным снаражэньнем і ў мундзірах яны праязджалі праз блок-пастарункі на чачэна-інгушскай мяжы, расейскія жаўнеры адварочвалі галову. Яны дамовіліся з баевікамі – мы вас не чапаем, прадаем вам, што хочаце, праязджайце, калі хочаце, толькі нас не чапайце. Яны хацелі жыць і абрабоўваць праязджаючых цывільных, замест таго, каб ваяваць.
Падобныя звычаі запанавалі пад Шатоем. Вось фрагмэнт аўтэнтычнага ліста, знойдзенага ў расейскага жаўнера з блок-пастарунка пад Шатоем. “Зараз мы робім шмон у машынах. Ужо зьдзерлі 150 тысячаў з шаферні. Гэта за 2-3 гадзіны дзяжурства на пастарунку. А што будзе на працягу месяца? Маем цыгарэтаў колькі ўлезе, ежу прывозяць нам цывільныя. Адным словам, клёва. Не магу больш пісаць, бо п’яны. Вось і ўсё. Вітаю ўсіх”. Калі ваярам трэба было праехаць праз расейскія блок-пастарункі каля Шатоя, яны навязвалі кантакт з “прыяцельскім” пастарункам. Афіцэр з пастарунку зьвязваўся з “Львом”, г.зн. з камандзёрам 245 мэханізаванага палка палкоўнікам Жданавым. “Леў” прызначаў ваярам БТР у якасьці эскорта.

Акцыя Басаева ў Будзёнаўску і ўсё, што пачалося пасьля яе, — капітуляцыя расейскіх уладаў, задавольваньне пажаданьняў чачэнскіх дывэрсантаў, спыненьне агню ў Чачэніі і пачатак мірных перамоваў, — паставіла пад пытаньне сэнс усёй ваеннай акцыі, якую Расея вяла на працягу паўгода. Аказалася, што нягледзячы на заканчэньне марша да падножжа гор, які закончыўся адносным посьпехам, хаця і быў акуплены вялікімі стратамі, палітычныя мэты, якія Расея паставіла перад сабой, разьвязваючы вайну, не былі дасягнуты. Больш таго, грамадзкае незадавальненьне, выкліканае вайной у Чачэніі і няўклюднасьцю дзяржаўных структураў, якое праявілася ў гэтай сітуацыі, пачало абцяжарваць саму крамлёўскую ўладу.

У самым Грозным фэдэральныя войскі ўтрымлівалі ўмацаваныя пастарункі ў стратэгічных пунктах. Штоноч у сталіцы праз кожныя некалькі хвілінаў распачыналася страляніна. З пастарункаў ў неба ляцелі асьвятляльныя ракеты і трасіруючыя кулі. Але вопытнае вуха нельга было падмануць – бязладная страляніна не была водгукам бою. Жаўнеры стралялі на ўсялякі выпадак. “Калі мы ня будзем страляць і камандаваньне палічыць, што мы тут не патрэбныя, нас могуць паслаць на перадавую”. – казалі жаўнеры. А перадавая была для кожнага расейскага жаўнера нечым кшталту ўсходняга фронту, адкуль не вяртаюцца.

Тым ня менш, штодня расейскае тэлебачаньне паведамляла, што некалькі жаўнераў былі забыты або паранены ў Грозным. Два, тры, пяць забітых – рэгулярна, штодня. У сапраўднасьці расейцы несьлі нашмат большыя страты, чым яны прызнаваліся. Ня толькі ў Грозным, які моцна ахоўваўся, але перад усім на правінцыі, дзе ваяры панавалі над сітуацыяй. Менавіта там яны наносілі фэдэралам страты, пра якія СМІ маўчалі як вады ў рот набраўшы. У сталіцы таксама здаралася, што п’яныя жаўнеры наязджалі на транспарцёры на ўласныя міны, што прадстаўлялася як наступны тэракт ваяроў. Часьцей, аднак, яны наязджалі на міны, пакладзеныя чачэнцамі.

Чым далей ад сталіцы, тым большае зьдзіўленьне выклікаў выгляд “акупантаў”. Першае, што кідалася ў вочы, гэта бруд на тварах, далонях і вопратцы малакасмокаў у расейскіх мундзірах. Аніводзін чачэнскі ваяр не хадзіў такім задрыпаным. Жаўнеры прапанавалі праязджаючым купіць кансэрвы з тушонкі і элемэнты свайго снаражэньня. Вайсковы авечы кажух каштаваў эквівалента 120 даляраў. Трэба было, аднак, зважаць – трапляліся і завошаныя.

Пастарунак ў шырокім полі, на якім замурзаныя жаўнеры грэліся каля вогнішча, быў адзінай прыкметай прысутнасьці фэдэральнай арміі ў ваколіцах Урус-Мартана. Уезд у мясцовасьць, якая на працягу чатырох гадоў была сядзібай апазыцыі Дудаеву, ахоўвалі ўзброеныя дабраахвотнікі мясцовага паспалітага рушэньня. Парадак у горадзе падтрымлівалі патрулі чачэнскага ОМОНа. Ваяроў у поўным снараджэньні, паасобку і групамі, можна было, аднак, сустрэць паўсюль. Яны хадзілі абсалютна свабодна.

Далей у бок гор усе мясцовасьці былі пад аховай пастарункаў і патрулёў ваяроў. Па вёсцы Гэхі, якая знаходзілася пад апекай Докі Махаева, свабодна хадзілі расейскія дэзэрціры, якія самы зьбеглі да чачэнцаў і прасілі дапамагчы ім вярнуцца дахаты. На гэтай тэрыторыі штоноч адбываліся атакі на расейскія пастарункі, вайсковыя аддзелы і склады з матэр’яламі.
Трэці абшар, які можна выдзеліць на карце Чачэніі, гэта горныя раёны, дзе расейскай арміі альбо зусім не было дагэтуль, альбо яе пасьля кароткага знаходжаньня выціскалі ваяры. Мясцовасьці гэтага рэгіёну штодзень бамбардаваліся з паветра і абстрэльваліся цяжкой артылерыяй. Моцныя бранетанкавыя групоўкі расейцаў блакавалі важнейшыя дарогі ў горныя паселішчы, але гэта, здавалася, зусім не замінала атрадам Дудаева.

Псы вайны

Калі аказалася, што рэгулярная армія ня хоча і ня можа эфэктыўна змагацца супраць дасканала навучаных, мабільных атрадаў ваяроў, распачалася акцыя масавага набору наймітаў, якіх называлі кантрактнікамі. Маладыя расейскія прызыўнікі не хацелі ваяваць у Чачэніі. Гэта ёсьць адна з таямніцаў вялікага трыюмфу жменькі некалькіх тысячаў чачэнскіх ваяроў, якія мелі супраць сабе сотні тысячаў жаўнераў. “Нас, зусім не навучаных, ня ўмеючых ані страляць, ані ваяваць, паслалі ў бой. – расказваў адзін з фэдэралаў. – Мы занялі пазыцыю, а потым нам далі загад ўзяць штурмам кучу цэглаў на пагорку, адкуль, як здавалася камандзёру, стралялі чачэнскія снайпэры. Нават мы, нявопытныя жаўнеры, разумелі бессэнсоўнасьць гэтага загада – падчас гэтага штурма нас бы пастралялі, як курапатак. Але загад ёсьць загад. Мы пайшлі ў атаку, ў думках разьвітваючыся з блізкімі і з гэтым сьветам. Там нікога не было…”

Жаўнеры, якіх пасылалі ў атаку, пазбываліся паралізуючага страху з дапамогай алкаголю альбо наркотыкаў. Афіцэры не разьвітваліся з фляжкамі з гарэлкай. Жаўнеры прымалі марфін, афэн, дымэдрол, кітамін. Снайпэр у палку Гелаева тры разы страляў у таго самага жаўнера, напампаванага наркотыкам. Першы раз трапіў у яго з адлегласьці 100 мэтраў. Жаўнер перакуліўся, але адразу ж выпрастаўся і, як робат, зноў пайшоў наперад. Снайпэр стрэліў другі раз, жаўнер яшчэ раз упаў. І – зноў паўтарылася кашмарная сцэна. Жаўнер устаў і з памутнелымі вачыма пайшоў наперад. Калі ён падыйшоў да пазыцыі чачэнца, той пачуў, што жаўнер невыразна балмоча – ребята, мяне, здаецца, дасталі… Снайпэр забіў яго толькі трэцім стрэлам у лоб, з адлегласьці 20 мэтраў.

Трупамі жаўнераў, пакінутымі на вуліцах Грознага, жывіліся сабакі. Заходнія журналісты патрапілі ў недаступныя, здавалася б, горныя рашчэліны, куды расейцы скідвалі з верталётаў трупы сваіх жаўнераў. Афіцыйная статыстыка палеглых наагул не ўключала ў сябе наймітаў, якія ваявалі ў Чачэніі па кантракце. Безыменная сьмерць кожнага зь іх – гэта былі толькі некалькі сотняў даляраў для афіцэраў, якія праводзілі набор.

Страх, сьмерць і пачуцьцё бессэнсоўнасьці – гэтыя тры чыньнікі вызначалі настроі жаўнераў, пасыланых на разьню. Яны не хацелі паміраць і можа не хацелі забіваць. Гэтую ролю павінны былі адыграць найміты.
Насуперак спадзяваньням іхная прысутнасьць у шэрагах часьцей за ўсё ставіла пад пытальнік баявую вартасьць такіх аддзелаў. Кантрактнікі, якіх часта набіралі сярод крымінальных элемэнтаў, усю сваю энэргію накіроўвалі на здабыцьцё алкаголю і наркотыкаў, а таксама на рабункі. Але яны аказаліся зусім не прыдатныя да вядзеньня ваенных дзеяньняў, якія патрабавалі дысцыпліны, жаўнерскай вывучкі і адвагі. Найміты хутка пачалі дамінаваць у аддзелах, адкрыта зьдзеквацца з маладых прызыўнікоў, якіх накіроўвалі ў Чачэнію пасьля некалькіх месяцаў падрыхтоўкі. Гэта было прычынай дэзэрцірства расейскіх жаўнераў, якія будучы затрыманымі чачэнцамі, пацьвярджалі, што ў аддзелах пануе тэрор наймітаў-крымінальнікаў.

Напрыклад, у Гудэрмэс прыслалі крымінальнікаў, якіх выпусьцілі на вайну з турмаў. Ім паабяцалі, што за кожны год службы ў Чачэніі ім адменяць пяць гадоў прысуду. Уркі ў расейскіх мундзірах адразу навязалі кантакт з чачэнскімі “карышамі” са злачыннага сьвету. Праз іх яны перадалі прапанову – у замен на машыну “Волга” і 50 мільёнаў рублёў (эквівалент 10 тысячам даляраў) яны аддавалі ракетную ўстаноўку “Град”, 2 бранетранспарцёры, “Урал” з баепрыпасамі – і зьнікалі. Прэфэкт Ведзяно паведаміў пра гэта ваярам. Басаеў даў яму 50 мільёнаў, а ўласную “Волгу” аддаў адзін з хлопцаў. Увесь тавар патрапіў у ягоныя рукі ў адпаведнасьці з дамовай.
Расейскія жаўнеры не адзін раз страляліся між сабой, каб “высьветліць адносіны”. Часьцей за ўсё да такіх канфліктаў, якія заканчваліся беспарадачнай стралянінай і сьмяротнымі ахвярамі, даходзіла паміж паміж аддзеламі дэсанту і марской пяхоты, а таксама паміж пяхотай і ОМОНам. У Грозным адбываліся сапраўдныя шматгадзінныя бітвы паміж блок-пастарункамі. Адныя вывешвалі над сабой трохкаляровы расейскі сьцяг, а іншыя, дзе служылі прыхільнікі СССР, ваявалі пад чырвоным сьцягам з сярпом і молатам. Бывала, што такія баі спыняў толькі абстрэл з верталётаў!

Упершыню пра казацкія аддзелы пачалі гаварыць падчас сакавіцкага штурму Грознага ваярамі (6-9 сакавіка 1996 г.). Жыхары сталіцы распавядалі, што адмысловай жорсткасьцю вызначаліся жаўнеры, якія называліся казакамі альбо “ярмолаўцамі”. Аказалася, што йдзецца аб казацкім батальёне ім. генэрала Ярмолава. Палова батальёна была забіта ў баях. Падчас аднаго з першых штурмаў Бамута загінула да 200 казакаў. Чачэнцы спачатку вельмі зьдзіўляліся, бачачы на поле бою дзесяткі трупаў у штанах з лампасамі: адкуль столькі генэралаў?! Палеглых казакаў наагул не ўключалі ў афіцыйную статыстыку стратаў фэдэральнай арміі.
Паміж расейскімі наймітамі былі й такія, што нарадзіліся ў Грозным і ўсё жыцьцё жылі сярод чачэнцаў. Адзін зь іх аказаўся суседам брата прэзыдэнта Дудаева Басхана. “Гэты расеец жыў каля нас на Ката-яме, называўся ён Кузік. Калі выбухнула вайна, ён выехаў. Прадаў кватэру і ўсё, што мог. Мы дапамагалі яму, правялі да мяжы. Падчас жнівеньскага штурма на сталіцу нехта мне сказаў, што гэты Кузік стаў наймітам і патрапіў у Грозным у палон. Я аббегаў усе турмы, шукаючы яго. Шукаў яго ў сутарэньнях, дзе трымалі перад пакараньнем сьмерцю такіх, як ён. Потым я даведаўся, што яму загадалі выкапаць сабе ямку і жыўцом закапалі дагары нагамі. А мне так хацелася ўласнаручна зарэзаць яго!”

Генэрал Лебедзь так ахарактарызаваў расейскую армію ў Чачэніі: “На блок-пастарунках унутраных войскаў стаяць згаладнелыя, раўнадушныя да ўсяго прызыўныя жаўнеры. Гэта ўжо ня войска – гэта партызаны. Яны ня служаць. Што тычыцца кантрактнікаў – уражаньне такое, што панабіралі іх усіх без разбору сярод бяздомных валацугаў. Ім не плацілі па 3-4 месяцы, і яны пачалі рабаваць: есьці ж трэба. А панове афіцэры ўнутраных войскаў жывуць паводле прынцыпа: раніцай выпіў – увесь дзень вольны”.

(Працяг будзе)

Пераклаў з польскай Валеры Буйвал

9/10/2010 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Кастрычнік 2010
П А С Ч П С Н
« Вер   Ліс »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024