Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: Фальшывыя выбары, фальшывыя паводзіны (Выступ на кастрычніцкім Сойме Беларускага Народанага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ) Галоўная наша праца цяпер павінна быць накіравана на байкот фальшывых выбараў. Фармальна выглядае так, што пасьля выхаду Гайдукевіча з выбарчай кампаніі ўзьніклі эфэктныя магчымасьці для байкоту, каб перакуліць усю фальсіфікацыйную сістэму рэжыму. Дзеля гэтага трэба было б, каб усе спаборнікі зьняліся, адмовіліся б удзельнічаць у выбарчай камэдыі. Але тут цалкам памылковае спадзяваньне. Справа ў тым, што Гайдукевіч рэжыму ўжо і не патрэбны. Усе гэтыя 15 спаборнікаў (ці колькі іх там) выконваюць у гэтай сытуацыі ролю калектыўнага спарынг-партнёра Лукашэнкі (і кожны паасобку таксама). Цікава, што Лукашэнка сваім калгасным розумам адразу тое зразумеў і нават папрасіў свой электарат падпісвацца за іх удзел у выбарах, каб кожны прэтэндэнт сабраў сто тысяч подпісаў. (Лукашэнка, як вядома, асоба цалкам бяз гумару, але тут гэта выглядае дэманстратыўным зьдзекам над прастачкамі). Ніхто зь іх не адмовіцца і не гатовы адмовіцца ад удзелу ў рэжымных выбарах дзеля барацьбы з рэжымам. (У дужках зазначу, акрамя хіба што Някляева, але ў адзіночку рабіць такое няма сэнсу і для спаборніка будзе фатальна шкодным). Усе гэтыя людзі, якія йдуць кандыдатамі на выбары, ведаюць, што яны ў прынцыпе не перамогуць. Яны цудоўна разумеюць, што такое фальсіфікацыйная машына рэжымнага галасаваньня. Яны голасна пра гэта кажуць, але ўсёроўна ідуць на выбары і няшчыра ўсклікаюць на публіку, што перамогуць. (Адзначу, ізноў – акрамя Някляева, які, відаць, сапраўды думае і верыць, што пераможа). Дык вось, чаму тыя хто разумеюць, што перамога на выбарах будзе намалёвана толькі Лукашэнку, чаму тыя ўсё ж ідуць на іх дабрахоць спарынг-партнёрамі да ўзурпатара ўлады і права ў чацьвёрты раз балатавацца на пасаду прэзыдэнта? Адказ на гэта ляжыць на паверхні і ёсьць у гісторыі ўсіх рэжымных выбараў. Для адных гэта, як у тым анэкдоце, — не дагнаць, дык сагрэцца, для некаторых засьвяціцца, для іншых задаволіць амбіцыі на гіблай справе, але для дасьведчаных – гэта змаганьне за месца “кандыдат-электа” (ўжывем такі тэрмін), які прэтэндуе прадстаўляць потым “апазыцыю”, “дэмсілы” і таму падобныя словаўтварэньні перад Захадам і Усходам. У 2006 годзе такія кандыдат-электы былі падрыхтаваныя два. Яны па пляну Крамля павінны былі падзяліць і “спусьціць у пясок” пратэстны электарат, што яны ў непрывычнай да подлых паліттэхналёгіяў Беларусі спраўна выканалі. Мілінкевіч пяць гадоў прадстаўляў у Брусэлі словазлучэньне “дэмапазыцыя”, разьвіваў дзейнасьць, кіраваў рэсурсамі і г.д. Чым усё скончылася – ведаем: Захад спадзяецца на новага ўнівэрсальнага кандыдат-электа. Заходні накірунак для Лукашэнкі не галоўны. Тым часам на ўсходнім не павінна было быць нікога акрамя яго. Крамлёўскія таемныя спадзевы тут не ажыцьцявіліся. Рэжым схаваў Казуліна на пяць з паловай гадоў за краты, а Пуцін потым вытурыў і Г. Паўлоўскага, “архітэктара” афёры. На месца Мілінкевіча ўжо два гады мэтанакіравана і пасьлядоўна рыхтуе сябе Саньнікаў. Гэта найбольш прарасейскі спаборнік і найбольш палітычна выраблены. У апошнім інтэрвію для “Газета.Ru” (ад 8 кастрычніка 2010 г.) ён, фактычна, прыняў усе асноўныя прэтэнзіі Крамля да Беларусі, ад якіх адбіваецца нават Лукашэнка. Пазыцыя проста ганебная. Але такая ў яго тактыка: казаць можна, што хочаш, адказваць за словы ня прыдзецца, бо на прэзыдэнта ня выберуць, а Маскве прыемна. Ад таго, што Саньнікаў замяніў бы Мілінкевіча, у прынцыпе нічога не зьмянілася б, кадрава і функцыянальна гэта тое ж самае. Гэта ратацыя, толькі асоба іншая. Але гэтае “прызначэньне”, як і ў 2006 годзе, будзе шмат залежыць ад Лукашэнкі: у залежнасьці колькі адсоткаў “за” выдзеляць Саньнікаву – 2 ці 7. А то могуць і спадару Раманчуку накінуць сем і шэсьць дзесятых. Кадравы выбар ёсьць. Цяпер усе гэтыя спаборнікі разам гробяць адчувальную магчымасьць скіраваць грамадзтва супраць рэжыму, шляхам байкоту выбараў, шляхам непрыходу на галасаваньне, каб агаліць фальсіфікацыю, зрабіць яе яўнай, вывесьці людзей на другі бок ад афёрнай паласы і ствараць умовы для антырэжымнай кансалідацыі. А ўвогуле, спаборніцтва за кандыдат-электа на незаконных выбарах Лукашэнкі ёсьць схаваная форма калябарацыі з рэжымам. х х х Цікава назіраць за крамлёўскім спэктаклем трох акцёраў, які ўжо йдзе некалькі месяцаў. Нядаўна паказалі чацьвёрты акт “Хроснага Бацькі”. Дазавана палохаюць Лукашэнку. Але не на сьмерць (хоць інфармацыя “на сьмерць” у Масквы ёсьць), а так, каб баяўся і каб правёў выбары, зрабіў сябе прэзыдэнтам, якому страшна. Масква думае гэткім чынам загнаць свайго сатрапа ў кут і прымусіць аддаць усё, што запатрабуюць. Прытым спадар Мядзьведзеў стаў такі актыўны, такія фармулёўкі, так імкнецца дастаць саўдзельніка, каб ён увязаўся ў барацьбу. Ад Мядзьведзева некаторыя такой хітрамудрасьці і не чакалі. Сам ён чысьценькі, ні Беслана, ні Дуброўкі, ні Валгадонска з Масквой, ні Чачэніі, ні Курска і рукі не ў крыві. А хутка ж выбары ў Расеі. І так і гэтак правакуе Лукашэнку. Лукашэнка маўчыць, куды сьпяшаць, усё зразумеў. Пуцін маўчыць (нос у пуху), таксама ўсё разумее. А Мядзьведзеў сьмелы – вунь і Лужкова зьняў насуперак Пуціну. Словам, тыповая маскоўска-гэбоўская інтрыганская палітыка, нячыстая і лжывая. Беларусь ужо амаль уцягнулі ў гэтую інтрыгу. Тут ёсьць для нас плюсы і мінусы. Беларусам вельмі важна пазбавіцца ад Лукашэнкі, а расейцам ад Пуціна. Толькі ці змогуць нашыя палітычна даверлівыя беларусы добра з’арыентавацца ў гэтай зграі? Некаторыя ўжо гатовыя за Расею ілбом стукаць, каб дапамагала Лукашэнку зьняць. Компас тут павінен быць адзін: наша незалежнасьць, наша ўласнасьць, наша мова і культура і наша свабода. Гэтым не гандлюем. Хай яны між сабой змагаюцца. Гэта ня ёсьць нашыя прыяцелі. Мы ня мусім станавіцца ні на чый іхні бок, бо ў нас ёсьць свой бок – беларускі і яго мы мы павінны абараняць і ад тых і ад гэтых. Нам стане вольна, калі зьнікнуць абодва. А час ужо настае, званочкі празьвінелі. Незабывайма пра свабоду. Зянон Пазьняк 12/10/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |