Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: Байкот – гэта мэханізм барацьбы (Паведамленьне для змагароў за байкот і сябрам Беларускага Народнага Фронту) Мушу сказаць некалькі словаў пра галоўную нашу ініцыятыву – байкот фальшывых выбараў. У цяперашніх абставінах гэта неабходнасьць. Дачыненьні склаліся так, што магчымыя толькі два рашэньні: альбо, як заўсёды, йсьці на фальшывыя выбары па сцэнару рэжыма, дзе ні кандыдаты, ні электарат ня маюць ніякага ўплыву на галасаваньне і служаць падставай для апраўданьня фальсіфікацыі, альбо другое рашэньне – адмовіцца ад удзелу ў фальшывым галасаваньні, на вынікі якога немагчыма ўплываць працэдурай аддачы сваіх галасоў. Тут факталагічная частка рашэньня. Але зыходзіць трэба найперш з ідэалагічных, праўных і канстытуцыйных аргумэнтаў: Лукашэнка ня мае права балатавацца на выбарах больш чым два разы. Ён балатуецца цяпер ужо чацьверты раз, груба парушаючы права. Сябры нашай Партыі ня мусяць паддавацца агітацыйнай фразэалёгіі людзей, якія не разьбіраюцца і кажуць, што ад байкоту рэжым зьнікне, абваліцца, перастане існаваць. У тупіковай сытуацыі, у якой апынулася нашае грамадзтва, байкот дасьць магчымасьць здабыць неаспрэчныя аргумэнты дзеля доказу фальсіфікацыяў і непрызнаньня выбараў у той час, калі ў выніку зьмены эўрапейскай палітыкі, у Эўропе рыхтуюцца прызнаць фальшывыя выбары ў Беларусі і нават гатовыя ўспрыняць дыктатуру, калі яна пагодзіцца лаяльна ўзаемадзейнічаць з Эўропай, робячы фармальныя саступкі. Для рэжыму гэта будзе абазначаць індульгенцыю на далейшае вынішчэньне беларускай культуры, мовы, школы і ўсяго беларускага. Байкот непасрэдна не абваліць рэжым, але можа абваліць фальшывыя выбары і падрыхтаваць такім чынам наступную ліквідацыю рэжыму, зьмяніць настроі ў грамадзтве, даць яму стымул для кансалідацыі ў альтэрнатыву да рэжымнай улады. Удзел жа ў выбарах — ня зьменіць нічога. Дзеля пазбаўленьня ад антыбеларускага рэжыму грамадзтва трэба рыхтаваць. Праз байкот грамадзтва можа набыць новыя якасьці і аргумэнты, якія спатрэбяцца пасьля новага году. Ізноў падкрэсьліваю, што ў сытуацыі, якая склалася, няма шмат выбару паводзінаў і шмат варыянтаў паводзінаў, а ёсьць рэальна толькі два: ілюзорны ўдзел альбо сьведамы пратэстны няўдзел у фальшывых выбарах. Удзел у фальшывых выбарах мог бы мець тактычнае апраўданьне ў тым выпадку, калі б існаваў безумоўны і прызнаны альтэрнатыўны кандыдат, які выступаў бы як аўтарытэт і кіраўнік усіх пратэстных сілаў. Галоўнае патрабаваньне да альтэрнатыўнай асобы – каб яна зыходзіла зь беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Пры такой раскладцы існуе шмат варыянтаў і магчымасьцяў перамогі, бо ёсьць адзіны цэнтар кіраўніцтва, дзеяньняў і змаганьня. Тады магчымыя і “плошча” і “шэсьце”, і “страйк”, і “ціск” і нават “рэвалюцыя” пры ўмове падрыхтаванасьці грамадзтва. Тое, што пры дапамозе рэжыму, зьнешніх сілаў і псэўдаапазыцыі зроблена цяпер, выключае, практычна, усе варыянты масавых падзей. Не падрыхтаванае грамадзтва і няма адзінай пазнавальнай альтэрнатывы. У такіх умовах масавая зьява ня робіцца шырокім і кіруемым дзеяньнем, але ўзьнікае прастора для правакацыяў розных арганізаваных групаў, для неадэкватных і бязглуздых паводзінаў (паход на Акрэсьціна ў 2006 годзе і пабіцьцё людзей характэрны таму прыклад). Антыбеларускі рэжым лёгка стварыў сабе, як я ўжо пісаў раней, калектыўнага спарынг-партнёра. Эфэктыўнасць яго дзеля падтрымкі кандыдатуры ўзурпатара ўжо цяпер у шмат разоў пераўзыходзіць “карыснае дзеяньне” ад ролі былога Гайдукевіча. Згінаньне ўмоўна апазыцыйных кандыдатаў перад Масквой і прарасейская рыторыка даходзіць да непрыстойнасьці. Лукашэнку заставалася толькі падказаць журналістам (што ён і робіць), каб зьвярнулі ўвагу на гэтых прэтэндэнтаў, гатовых нават стратэгічную эканоміку здаць маскоўскаму капіталу. Калектыўны спарынг-партнёр сваімі прамаскоўскімі і непісьменнымі заявамі пра эканоміку ды энэргетыку выгадна адцяняе Лукашэнку ў ролі нібыта “гаспадара” і “абаронцы” інтарэсаў Беларусі, якую ён цяпер разыгрывае. Парадокс, да якога трэба было дадумацца. Дадумаліся. Некаторыя ў Эўразьвязе паглядзелі на гэтую дзявятку безадказных “кандыдытаў” і вырашылі, што лепш падтрымаць Лукашэнку, бо пэрспэктыва мець пашыраную Расею ля сваіх межаў іх не захапляе. Два прарасейскія кандыдаты (Някляеў і Саньнікаў) тым часам стварылі свой блок-тандэм. Усе астатнія ўвайсьці ў блок адмовіліся. Тут знаёмая схема “Мілінкевіч-Казулін”. Калі гэтая прамаскоўская схема будзе мець працяг, то выснова цьвёрдая – ніякой “плошчы” 19 сьнежня быць ня можа (Партыя ня мусіць удзельнічаць у авантуры). У Беларусі гэта ўжо праходзілі. Ад іх цяпер нават ў Эўропе дыстансаваліся. Стварэньне “блок-тандэму” наводзіць на думку, што і на Някляева, і на Саньнікава ўплываюць з адзінага цэнтру, бо, зыходзячы з асаблівасьцяў перадвыбарчай барацьбы, Някляеў (які мае лепшыя магчымасьці, і, які ўжо цяпер рэальна вызначыўся як першая асоба сярод дзявяткі гульцоў) ня мусіў бы лучыцца з офісным функцыянерам Саньнікавым, каб цягнуць яго на сваіх плячах на ролю пасьлявыбарчага Мілінкевіча. Тым ня менш такое дзіва адбываецца. Тэарэтычна існуе магчымасьць вельмі моцнага ўдару па незаконных выбарах і па ўзурпатару (такога ўдару, ад якога рэжым апынуўся б на дошках). Дзеля гэтага пасьля рэгістрацыі неабходна калектыўная заява ў ЦВК ад усіх дзевяці “спарынг-партнёраў” з патрабаваньнем выканаць закон і выключыць са сьпісу кандыдатаў у прэзыдэнты грамадзяніна Лукашэнку, які ня мае законнага права балатавацца чацьверты раз. Пры невыкананьні гэтага патрабаваньня ўсе дзевяць кандыдатаў адмаўляюцца ўдзельнічаць у выбарах, каб не легалізаваць антыпраўнае дзеяньне. Справу накіроўваюць у суд. Але на практыцы такое немагчыма. Палова з тых дзевяці кандыдатаў цалкам несамастойныя (хоць у некаторых крыніцы іхняй несамастойнасьці яшчэ невядомыя). Схема, па якой разьвіваюцца зараз падзеі, вызначаецца рознымі чыньнікамі. Верагоднасьць шырокай, масавай плошчы ў лягічным вызначэньні роўная нулю. Але нельга выключыць нейкага экстраардынарнага (ці нават справакаванага) зьбегу абставінаў, што створаць такую стыхійную масавасьць. Пры масавай плошчы ў становішчы рэальнага бязьлідэрства і “рэвалюцыйнага” клікаваньня агентуры ўзрастае небясьпека вострай правакацыі, у якой Масква набыла вопыт і перакрочыла ўсе межы. Гэта трэба мець на ўвазе, плянуючы дзеяньні. Зянон Пазьняк 20/11/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |