Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: Вялікая падзея — у нашай памяці Дарагія землякі-беларусы, паважаныя сябры-фронтаўцы! Сёньня вялікая гадавіна Слуцкага збройнага чыну. 90 гадоў таму нашыя слаўныя продкі случакі арганізавалі народнае апалчэньне, утварылі беларускія вайсковыя аддзелы і выступілі са зброяй супраць маскоўска-бальшавіцкай навалы, баронячы Беларускую Народную Рэспубліку. Тое, што невялікае дабраахвотнае войска цэлы месяц стрымлівала мільённую бальшавіцкую арду – гэта быў сапраўдны подзьвіг. Гэты подзьвіг ніколі нельга забыць, трэба каб пакаленьні беларусаў маглі раўняцца на яго прыклад. Цяпер мы перажываем цёмны, цяжкі час прамаскоўскага рэжыму і ўнутранай акупацыі нашай краіны, час, калі вынішчаюць нашу культуру, мову і школу. На нашыя плечы, на нашу народную Партыю, на ацалелую палову Фронту (будзем так называць) лягла адказнасьць ня толькі за беларускую нацыянальную палітыку, але і за захаваньне беларускай нацыянальнай памяці. І сябры нашае народнае Партыі спраўляюцца з гэтай задачай. Створаны ўжо Народны Мэмарыял Курапаты, штогод ладзіцца крыжовае шэсьце і рэквіем на Дзяды, штогод мы арганізуем і праводзіі шэсьце “Ігуменскі шлях”, адзначаем мэмарыяльнае месца расстрэлу беларусаў у Лошыцы, гадавіны Чарнобыля і 25 Сакавіка, 27 ліпеня – гадавіны Дэклярацыі аб Незалежнасьці і 25 Жніўня – гадавіны Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, і таксама – гадавіны Слуцкага збройнага чыну. Усе адзначэньні і знакі памятных месцаў – у Курапатах і ў так званым парку імя савецкіх энкавэдзістаў-чалюскінцаў (а на справе ў Сьляпянскім лесе Ваньковіча), у Лошыцы і на Ігуменскім шляху, на магіле Скірмунта пад Пінскам, на Крапівенскім полі і на Случчыне і ў дзесятках іншых месцаў – усё гэта справа клопату, памяці, энэргіі і рук арганізацыйна-культурніцкай дзейнасьці сяброў нашае народнае Кансэрватыўна-Хрысьціянскае Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту. Хвала нашым энтузіястам і працаўнікам! Незабывайма мінулае! Памятаем пра гераічны час і ўзвялічвайма яго ў народнай памяці! Атрутай цемры, хамствам, страхам і нянавісьцю цяпер шмат атруцілі нашае грамадзтва і наш народ. Але супраціўляймася цемры, крушым яе, дзе толькі можам рознымі спосабамі, не палохаючыся цёмнае сілы, як гэта рабілі слуцкія змагары. Не заўсёды будзе дрэнь панаваць у Беларусі. Крок за крокам збліжаецца яе канец. Людзі ўсё больш і больш пачынаюць адчуваць гэты рух. Дык жа працуйма з дня ў дзень на нашу беларускую перамогу, байкатуйма фальшывыя выбары антыбеларускага рэжыму, не пакідайма яму шансаў ашукаць нашых людзей. Наперадзе павінны адбыцца новыя выбары без узурпатара і Ярмошынай (якую пасадзяць). Ужо цяперака набліжайма і рыхтуймася да новых падзей. Зянон Пазьняк 28 лістапада 2010 г. 28/11/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |