Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: Фарс ужо пачаўся (Выступ на сьнежаньскім Сойме Беларускага Народнага Пачалася і ўжо больш чым два тыдні доўжыцца агітацыйная выбарчая кампанія, якая не выявіла ніякіх нечаканасьцяў. Усё рухаецца па сцэнары рэжыму, які, трэба адзначыць, складзены цяпер больш падступна і хітрэй, чым у 2006 годзе. Бальшыня кандыдатаў-партнёраў крытыкуюць рэжым і адкрыта заклікаюць удзельнічаць у незаконных выбарах і фальшывым галасаваньні. Яны, так бы мовячы, агітуюць за сябе. Прытым, чым больш рэзкая крытыка Лукашэнкі зь іхняга боку, тым большая верагоднасьць, што яны загоняць на галасаваньне тых, хто здольны ўзбуджацца і ня схільны думаць. Тут мушу сказаць, што рэжым творча павучыўся ў дэпутацкай Апазыцыі БНФ у скарыстаньні палітычнага “дзюдзюцу”, пра які я ня раз пісаў раней – рукамі праціўніка каваць сваю перамогу. Праўда, азначэньне “праціўнікі” рэжыму ў вобразе тых дзевяці ўдзельнікаў выбарчай кампаніі мае вельмі ўмоўны і чыста фармальны характар. Аб’ектыўна, сапраўды, усе яны праціўнікі рэжыму, але ўсе яны незалежна ад рыторыкі спрыяюць зараз стварэньню ілюзіі выбараў і дапамагаюць “элегантнай перамозе” Лукашэнкі. Рэжым лёгка навязаў усім свой цяперашні прынцып барацьбы: уяўнае тактычнае паражэньне дзеля стратэгічнай перамогі, — прынцып, які удзельнікамі кампаніі нават не распазнаецца. Прыклад – выступы па тэлебачанні, асабліва так званыя “дэбаты”, дзе ад рэжыму і ягоных “дзяншчыкоў” ляцела пер’е, але стратэгічна выйграў рэжым, бо пабачыўшы гэтыя “выступы”, шмат хто з тых, што не зьбіраўся галасаваць, пойдзе і прагаласуе за добрых прамоўцаў. Грунт для фальсіфікацыі забясьпечаны. Стратэгія – захаваць уладу праз фальшывыя выбары — ажыцьцяўляецца. Дзявятка спарынг-партнёраў трапіла ў сытуацыю зь якой няма выхаду. Яны лупяць, шкамутаюць кіроўную асобу, якая нябачная, якая побач зь імі візуальна не існуе і ператварылася ўжо ў нейкі фантом, што раздражняе гаваруноў, але ніхто яго побач зь імі ня чуе, ня бачыць, таму не надта ўпэўнены ў сутнасьці справы, бо фантом недзе высока, ён значны, недасягальны. Шчыра кажучы, нават не спадзяваўся такога антыдэмакратычнага прафэсіяналізму ад круцялёў калгаснага начальніка. Калі б начальнік прышоў на дэбаты – пер’е паляцела б зь яго і гэта сталася б першай палітычнай перамогай дзявяткі. Але ён не прышоў да наіўных спарынг-партнёраў. Праўда, па закону таталітарнай подласьці, ён можа зьявіцца народу пазьней, сам (калі не палянуецца, бо тэхнічнай патрэбы ў гэтым няма). І тады ўжо ўволю дасталося б дзявятцы. Яны даведаліся б такое, чаго самы пра сябе ня ведаюць. Але навошта крыўдзіць харошых хлопцаў. Хай стараюцца агітуюць людзей за сябе на галасаваньне. Як стала вядома, у некаторых выбарчых камісіях Менска пастаўлена задача падрыхтаваць пратаколы вынікаў галасаваньня да 15-га сьнежня. І пдрыхтуюць. Нават датэрмінава. Я ўжо пісаў, што моцная зброя кандыдацкага байкоту выбараў (якая існуе тэарэтычна) практычна ня можа быць скарыстаная. Рэжым добра асэнсаваў падборку спарынг-партнёраў (нагадаю, восем кандыдатаў з дзевяці не сабралі ста тысяч подпісаў) і моўчкі падтрымлівае іхнюю палітрыторыку (якой яны, відаць, задаволены, не разумеючы, што пасьля “хросных бацькоў” адбылася яе дэвальвацыя). Па маім аналізе восем зь дзевяці ня пойдуць на пратэстнае зьняцьце сваіх кандыдатур. Але нават, калі дапусьціць, што ўсе яны зьняліся б з выбараў, то застанецца адзін. Ніколі, ні пры якіх абставінах ад выбараў не адмовіцца А. Саньнікаў. (Зрэшты, ня толькі Саньнікаў.) Два месяцы таму ў артыкуле “Фальшывыя выбары, фальшывыя паводзіны” (які, дарэчы, шырока разышоўся, нават у папяровым друку) я пісаў пра сэнс удзелу ў выбарах гэтай асобы – заняць месца кандыдат-электа ад апазыцыі. Ужо дзесяць гадоў (пасьля расколу Народнага Фронту) тэхналёгія існуе адна і тая ж. Барацьба за Беларусь вядзецца на двух узроўнях: барацьба за беларускую ўладу і барацьба за апазыцыю (дакладней, за нішу апазыцыі). Апазыцыя, якая была створана пасьля расколу БНФ Гансам Вікам у супрацоўніцтве з КГБ, адпавядала інтарэсам лібэральнага Эўразьвязу і прамаскоўскага рэжыму Лукашэнкі. З аднаго боку яна кантралявалася грашыма, з другога – агентурай. Перад разбурэньнем Фронту была створана Хартыя-97, праз якую ішлі сродкі з Захаду. Потым схема ўскладнілася і зьмянілася, але прынцыпы засталіся. Каб весьці асэнсаваную палітыку з рэжымам у Беларусі, Захад мусіць мець сувязі і ўплыў на апазыцыю, а гэта значыць мець асобу, праз якую можна гэтыя сувязі і палітыку ажыцьцяўляць. Тым часам рэжыму, каб весьці дачыненьні з Захадам і ажыцьцяўляць сваю ўнутраную палітыку, найвыгадней мець кіруемую апазыцыю, якую можна кантраляваць. Вынікам такога становішча стала зьяўленьне такой асобы, як Аляксандар Мілінкевіч, які задавальняў усіх: і рэжым, і Захад, і нават так званую “апазыцыю”. Цяпер вакансія кандыдат-электа ад “апазыцыі” вольная і за яе ідзе змаганьне. Але практычна на яе прэтэндуе адзін чалавек, які якраз у сытуацыі, дзе выбары выйграе толькі Лукашэнка, зьяўляецца яго натуральным спарынг-партнёрам, якога Лукашэнка па ўжо зразумелай схеме мусіў-бы прызначыць на галоўнага апазыцыянера перад Захадам. Але гэта яшчэ ня значыць, што так і будзе (ягоная вераломнасьць усім вядомая). Тут я не кажу нічога новага, што казаў пра гэта раней, але лічу патрэбным яшчэ раз нагадаць пра зьмест выбарчага абсурду і дэтэрмінаванасьць абсурдных дзеяньняў у выбарчым фарсе. Прарасейская рыторыка стала рэфрэнам у выступах бальшыні кандыдатаў-партнёраў. Усе яны (акрамя аднаго) выступаюць па-руску, альбо зьмешваюць па чарзе рускую зь беларускай, паказваючы сваю духоўную капітуляцыю перад этнацыднай палітыкай рэжыму. Гэтая нявольніцкая прамаскоўская рыторыка тым больш вымоўная, што, як сьведчыць аналіз падзеяў, Масква хутчэй за ўсё сапраўды нікога зь іх не фінансуе. У Крамля, як выглядае, няма ў гэтай дзявятцы асобы, на якую ён робіць стаўку. Са свайго боку я высьвятляў гэтае пытаньне і ўсе інфармацыі былі адмоўныя. Лягічна, што афіцыйная і алігархічная (што адно і тое ж) Масква ўстрымалася ад неапраўданых затрат, бо ня хоча прайграць. Яна вымушана задавольвацца Лукашэнкам, а дэталі ўзгодненыя з Захадам. На гэта паказвае і ўвесь ход расейска-лукашысцкай палітыкі (падрыхтоўка адзінай эканамічнай прасторы і іншае – усё па пляну захопу і здачы Беларусі). Наша актыўная фронтаўская прапаганда і агітацыя за байкот абцяжарана рэпрэсіямі і перасьледам, складанасьцю агітацыі ў публічных месцах (адразу хапун), але ў межах тых умоваў, якія мы сабе вызначылі, яна йдзе пасьпяхова, прымаецца амаль стоадсоткава. Добра відаць, што бальшыня выбаршчыкаў-беларусаў на незаконныя выбары і фальшывае галасаваньне ня пойдзе. Рэжыму прыдзецца ратаваць свае выбары груба і відавочна. Ён ужо да гэтага рыхтуецца. Ствараюцца каманды пры выбарчых камісіях, якія пад выглядам абслугі пэнсіянераў (якія быццам бы да іх зьвярнуліся з просьбай) будуць хадзіць па дамах са скрынкамі для галасаваньня. А гэта грубае парушэньне закона і спосаб фальсіфікацыі. Такія групы трэба будзе адсочваць, фатаграфаваць, здымаць на відэа, выклікаць міліцыю для затрыманьня і праверкі дакумантаў, перапісваць прозьвішчы фальсіфікатараў і г.д. Пры такіх варунках можа ўзьнікнуць рэальная магчымасьць арганізацыі Плошчы і стварэньня руху “за новыя выбары без Лукашэнкі”. Гэта найбольш адэкватны сцэнар, які ўскладніць прызнаньне фальшывых выбараў Заходняй Эўропай. Зянон Пазьняк 6/12/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |