Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
10 сьнежня – Міжнародны Дзень правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень на працягу шэрагу гадоў уручаецца прэстыжная Прэмія імя Андрэя Сахарава пад тытулам “За свабоду думкі”. Сёлета лаўрэатам Прэміі, якая ўручаецца ў Стразбурзе, стаў сапраўдны герой, кубінскі апазыцыянэр Гільерма Фарыньяс. Яму 48 гадоў, зь якіх 11 з паловай ён прасядзеў за кратамі, у турме прамаскоўскага рэжыму Фідэля Кастра. Што такое Масковія і маскоўская індактрынацыя, Фарыньяс ведае ня з кніг, а з уласнага жыцьця. Маладым чалавекам ён марыў стаць афіцэрам кубінскай арміі, прайшоў ваенную падрыхтоўку ў расейскім Тамбове. Фарыньяса, як дзясяткі тысячаў іншых цёмнаскурых кубінцаў (каб яны не вылучаліся сярод афрыканцаў) Кастра накіраваў на жудасную грамадзянскую вайну ў Анголу – “чтоб землю в Гренаде крестьянам отдать”. Усе, хто ведае Фарыньяса па змаганьні, называюць яго сапраўдным героем, чалавекам нязломнай волі і душэўнай шчырасьці. Ён не аднойчы трымаў галадоўкі ў турме, каб дамагчыся палёгкі для іншых вязьняў. Але ягонае імя стала вядомым на ўвесь сьвет летась, калі Фарыньяс трымаў чатырохмесячную галадоўку з патрабаваньнем вызваленьня ўсіх кубінскіх палітзьняволеных. У яго адмовілі ныркі і пачаліся сур’ёзныя праблемы з кравяноснай сістэмай, але Фарыньяс не здаваўся. Адчайнае змаганьне завяршылася перамогай. Кастраўскі рэжым вымушаны быў пад міжнародным ціскам вызваліць і дазволіць выехаць у Іспанію 52 кубінскім палітвязьням. Нагадаем, што Прэмія імя Сахарава прысуджаецца Эўрапарлямантам з 1988 года. Яе лаўрэатамі былі Нэльсан Мандэла з ПАР, украінскі дысыдэнт Анатоль Марчанка (памёр у савецкай турме), бірманская лідэр апазыцыі супраць антынароднай хунты Аўн Сан Су Чы, адзін з лідэраў Пражскай Вясны 1968 года Аляксандр Дубчэк. І вось у 2006 годзе сахараўскую прэмію атрымаў у Стразбурзе дзеяч з Беларусі – А. Мілінкевіч. Дадамо, мала каму вядомая асоба, якая зусім напярэдадні — толькі ў 2005 годзе была вельмі нестандартным чынам “абраная” на “адзінага лідэра дэмсілаў Беларусі”. На палянках у лесе і на ганку рэстаранаў адбываліся сходы з некалькіх дзясяткаў людзей, якія галасавалі за гэтае рашэньне. Потым да іх падыходзіла міліцыя, арганізатары “галасаваньня” таропка зачынялі “сход” і заклікалі ўсіх разыходзіцца. Так узьнік гэты “адзіны лідэр”. Мілінкевіч закончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага пэдінстытута. Стажыраваўся ў 1980 г. у Францыі. Старэйшыя ўзростам людзі добра памятаюць, што на стажыроўкі на капіталістычны Захад з саўдэпіі пасылалі выключна тых людзей, якія супрацоўнічалі з савецкімі спэцслужбамі (інакш выезд не дазвалялі). Бытуюць зьвесткі, што на прыканцы 1970-х гадоў Мілінкевіч прайшоў спэцкурсы ў спэццэнтры КГБ СССР у Кіеве, там жа ён падвучыўся французкай мове. Пасьля Францыі будучы лаўрэат працаваў загкафэдрай у адным з унівэрсітэтаў у Алжыры. З 1990 па 1996 Мілінкевіч рабіў пасьпяховую бюракратычную кар’еру на пасадзе нам. старшыні гарвыканкаму Горадні. У 2001 г. быў кіраўніком выбарчага штабу намэнклятурнага “дэмкандыдата” С. Домаша. Пасярод перадвыбарчай кампаніі начштаба лёгка здаў свайго “кандыдата” на карысьць намэнклятуршчыка Ганчарыка. У тыя ж гады Мілінкевіч быў вядомы як галоўны разьмеркавальнік замежных грантаў на “дэмдзейнасьць”. Вынікі ягонай грантаўскай актыўнасьці былі катастрафічнымі. На Гарадзеншчыне патрыятычны беларускі рух быў практычна развалены, сапраўдных патрыётаў замянілі сабой актыўныя грантасмокі-прыстасаванцы. Пачалася так званая “прафэсійная палітыка” – палітыканства за грошы. І вось гэтую постаць “абралі” адзіным кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары 2006 года. (Потым Лукашэнка нарэзаў “адзінаму” некалькі адсоткаў на фальшывых выбарах.) Але гэта азначала толькі пачатак “апазыцыйнай кар’еры” Мілінкевіча. Ён стаў прызнаным кандыдат-электам і паехаў у Бэрлін, Стразбург, Брусэль, Парыж і г.д. Там ён распавядаў, што “у Беларусі няма беспрацоўся”, што “апазыцыя ў нас трошкі ў падпольлі” і іншую лухту. Відаць за гэтыя расповеды яго і ўзнагародзілі сахараўскай прэміяй. Пэўна акадэмік Сахараў у труне перавярнуўся б, калі б даведаўся, што ягонае імя зьвязалі з такой вырабленай асобай. Масква і Брусэль ініцыявалі гэтае прызначэньне лаўрэата. Тое, што гэта падвойны чалавек, людзі выразна ўбачылі ў сакавіку 2006 года, калі Мілінкевіч выводзіў дзясяткі тысячаў людзей з пратэстнай плошчы Каліноўскага ў цэнтры Менску – выводзіў падалей ад палаца Лукашэнкі, у сумёты, на бязглуздыя “мітынгі” і “ускладаньне кветак” да “вечнага агню”. Прафэсійны правальшчык праваліў усё, што толькі мог. Але на яго шчодра прасыпаліся ўзнагароды з гучнымі тытуламі ў некалькіх эўрапейскіх краінах. З часам высьветліцца, хто канкрэтна і чаму ініцыяваў гэтыя ўзнагароджваньні прадстаўніку палітычнага закулісься, імітацыі і фальшу. Недзе пазалетась “сахараўскі лаўрэат” пачаў губляцца на інфармацыйных прасторах. Адчувалася, што гэтая фігура ўжо выпрацавала свой апазыцыйны рэсурс. Беларусы ўбачылі яго няздольнасьць. Цяпер пра яго амаль ніхто ўжо і не ўспамінае. Хаця на афіцыйным сайце Мілінкевіча ўсё яшчэ манумэнтальна пазначана – “лідэр дэмакратычных сіл Беларусі”. Праблема, аднак, не ў Мілінкевічу, а ў Мілінкевічу №2, на якога ў апошні час актыўна вымалёўваецца адзін з кандыдатаў на сёлетніх фальшывых прэзыдэнт-выбарах Андрэй Саньнікаў. Служыў ў дыпламатыі. Спачатку як дыплямат савецкай і лукашыстоўскай дыпляматыі, а з 1997 года як ключавая фігура ва ўмоўнай (перавал рэсурсаў) арганізацыі “Хартыя-97” (створанай, дарэчы, не бяз удзелу спэцслужбаў). Ад іншых цяперашніх “кандыдатаў” Саннікаў адрозьніваецца манерай хлусіць і не чырванець. (Тут тэхналогія). Ён публічна абяцае “вольную Беларусь праз некалькі дзён”, маючы на ўвазе сваю нібыта “перамогу” 19 сьнежня сёлета. Людзям (якія ўмеюць думаць) зразумела, што Саньнікаў хлусіць, бо на фальшывых выбарах дыктатуры можа “перамагчы” толькі дыктатар, які арганізаваў “выбары”. На заклікі ўсім кандыдатам зьняцца з “выбараў” і пакінуць Лукашэнку самога “выбірацца” на выбарчым фарсе Саньнікаў рэагуе гнеўна і заклікае ўсіх ісьці на фальшывыя выбары ды галасаваць за яго. Відаць лаўры Мілінкевіча і вакансія “лідэра апазыцыі” (перад Захадам) і ўсё, што з гэтым зьвязана, моцна паўплывалі на яго паводзіны. Вось такі адваротны бок мэдалю гэтага фарсу пад назовам прэзыдэнцкія выбары Лукашэнкі. 11/12/2010 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |