Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: РЭЖЫМ ЗДАЕ АГЕНТУРУ Часам карысна праглядаць прапагандысцкае гэбоўскае кіно, ведаючы іхныя манеры і прыёмы ілжы. Фільм “Плошча. Жалезам па шклу” увесь зроблены на прымітыўных штампах пра міфічных “баевікоў” беларускай апазыцыі, пра бомбы, гранаты, “заточкі”, аўтаматы (якія паказваюць у кадры), пляны захопу ўлады, пагромшчыкаў, экстрэмістаў і г. д. Але ёсьць два цікавыя моманты. Гэбісты зразумелі, што ўліплі з правакатарамі і са спробай забойства Някляева. Сьпешна прыдумваюцца вэрсіі, каб выблытацца і зваліць віну на іншых. Правакатараў журналісты зьнялі ва ўсіх ракурсах. Добра відаць іхняя правакацыйная “праца” і дзеяньні. Грамадзкія энтузіясты здабылі нават радыёперахваты іхных галасоў, даведаліся іхныя агентурныя клічкі і прозьвішчы. Гэбістам трэба было нешта рабіць у адказ, і яны пайшлі па стандартнай схеме (магчыма, нават узгодненай з выканаўцамі пагрому) – пачалі самы здаваць сваіх правакатараў, якія білі шыбы, маўляў, мы ведаем, хто яны такія, сьледзтва ўстанавіла – усім будзе па заслугах. Прытым і тэрміны адсідкі ім могуць даць сапраўдныя (звычайна, на правакацыйную ролю падбіраюць крымінальнікаў), папарядзяць яшчэ, каб ня рыпаліся, а то атрымаюць болей. Такіх за людзей там ня лічаць. Ды і сам іхны падпал Райхстагу і грандыёзнасьць злачынных плянаў патрабуюць ахвяр. Такім чынам аўтары і заказчыкі фільма прызналіся да чатырох агентурных правакатараў і насамрэч іх здалі: Федаровіча Алега Ўладзімеравіча, Хамічэнку Ўладзімера Мікалаевіча, Ліхавіда Мікіту Юравіча, Парфянкова Васіля Пятровіча. Больш таго, стараючыся надаць праўдападобнасьць сваёй прапагандзе, гэбісты засьвяцілі шэраг іншых сваіх сексотаў у асяроддзі людзей (спадзеючыся, відаць, на наіўнасьць гледача і думаючы, што ніхто ні аб чым не здагадаецца). Але мінуў той час. Людзі “паразумнелі” за адзін вечар 19-га сьнежня. Вось прозьвішчы, якія стваральнікі кіно раскрылі: Антон Давыдзенка, Сяргей Лугоўскі, Ігар Мысьлівец, Мікіта Шапуроў, Ігар Нікіцін, Юры Панчук. Сярод арыштаваных (тых, што сядзяць у турме КГБ) з цягам часу канторскія экзэмпляры раскрыюцца самы. Таму ня буду нічога казаць наперад, каб не бянтэжыць добрых людзей. Некаторыя, праўда, ужо адчыніліся цалкам. Яраслава Раманчука людзі, якія ня першы год у палітыцы, вылічылі адразу. Але падставаў для ацэнак ён не даваў. Выбарчая афёра (якую Раманчук увесь час “гжэчна” падтрымліваў) нечакана вылезла яму бокам і перакрэсьліла ўвесь яго гадамі леплены кшталт разумніка і знаўца эканомікі. (І зьявіўся, раптам, такі Мікіта Зносак.) Заява-данос, якую ён прачытаў на тэлебачаньні, называючы канкрэтныя асобы, скрозь складзена з дакладных фармулёвак артыкулаў Крымінальнага Кодэксу (і ён ня мог таго ня ведаць). Гэтая заява напісана для абвінавачваньня на судзе. Другі момант фільма мне добра вядомы. Схема яго такая: стварэньне канфлікту (альбо бачнасьці канфлікту) у арганізацыі, забойства лідэра (кіраўніка) і звальваньне забойства на канфліктуючы бок (на ўнутраныя “разборкі”). Нагадаю, што КГБ – гэта арганізацыя антычалавечая, спраўца жахлівага генацыду і сьмерці мільёнаў людзей. У савецкім КГБ няма забароны на палітычныя забойствы, як гэта ёсьць у цывілізаваных краінах у дачыненьні да кодэксу спэцслужбаў. Іх вучаць забіваць, разбэшчваць, хлусіць. Агенты, якія выконваюць забойствы (альбо не выконваюць) таксама падлягаюць ліквідацыі (выразны прыклад — забойства Аляксандра Ліцьвіненкі). З гледзешча мэтафізікі духа, КГБ – гэта зьява шатанская, д’ябальская. З пазыцыяў сацыяльнага гуманізму і правоў людзей, савецкі КГБ ёсьць утварэньнем, якое ажыцьцяўляла злачынствы супроць чалавецтва. Грамадзтва ня зможа нармальна разьвівацца, не ліквідаваўшы КГБ і не асудзіўшы яго дзеяньняў і спраўцаў у рашэньнях права. Сёньня, як і даўней, КГБ нішчыць беларускую нацыю. Увесь драматызм і няшчасьце народаў Усходняй Эўропы ў тым, што пасьля частковага распаду СССР і ліквідацыі ўлады КПСС у дзьвух краінах — Беларусі і Расеі – КГБ захапіў поўную і абсалютную ўладу ў дзяржаве. Розьніца паміж гэбізмам у Расеі і гэбізмам у Беларусі толькі ў схеме вярхоўнай улады. У Беларусі – антынацыянальны антыбеларускі аўтарытарызм, у Расеі – антынароднае карпаратыўнае праўленьне. Але гэта адзін і той жа рускі гэбізм. Абодва варыянты характарызуюцца рэпрэсіямі, карупцыяй, тэрарызмам супраць народа і паразітаваньнем на рэсурсах. (Нагадаю, што народ ёсьць галоўны рэсурс дзяржавы.) Заходняя Эўропа, нажаль, ня ў стане зразумець (як некалі не разумела Гітлера), што за тып улады ўзьнік на Ўсходзе, дзе КГБ стаў і дзяржаўнай, і палітычнай сілай у адной опцыіі. КГБ тут і абсалютная ўлада, і палітычная супэрпартыя адначасна. Адсюль — кагэбізацыя грамадзтва, разгул агентуры, развал грамадзянскай супольнасьці, пастаянныя рэпрэсіі, поўнае ігнараваньне законаў, бяспраўе людзей. КГБ ажыцьцяўляе ўладу так, як умее і чаму навучаны. Іншай гэтая ўлада быць ня можа. Цяпер вернемся да “другога моманту”. У 1995 годзе, калі я быў папярэджаны, што рыхтуецца маё забойства (пра тое ўжо ведаў нават Кебіч), было таксама адзначана, што сьмерць зваляць на ўнутраны канфлікт у Фронце і на помсту паплечнікаў. Канфлікту ў Фронце не было, але якраз у гэты час ён пачаў разыгрывацца неадэкватна і на пустым месцы. Падняла галаву нават “ляжачая агентура”. Арсэнал прыёмаў і распрацовак савецкага КГБ у цяперашнім яго выглядзе не зьмяніўся (хутчэй, стаў гэбоўскай “клясікай”). Цалкам гэтая прыдуманая вэрсія і заезджаны гэбісцкі плян былі агучаныя ў фільме “Плошча. Жалезам па шклу”. У фільме так і гаворыцца, што напад на Някляева рыхтавалі яго сябры-канкурэнты: Статкевіч, Саньнікаў і Рамашэўскі. На іх жа ў агучаным даносе паказвае і Раманчук. Тупасьць гэтай гэбісцкай вэрсіі, вядома ж, уражвае і паказвае, на што здольныя іхныя разумовыя якасьці, каб пазьбегнуць адказнасьці за спробу забойства і потым за выкраданьне Някляева са шпіталю. Зрабіўшы злачынства, рэжым агучвае цяпер сваю гёбельсаўшчыну і, на жаль, і тут навязаў сваю тактыку пацярпелым і сваю зладзейскую ініцыятыву. Сваякі пабітых і захопленых у турму закладнікаў аб’ядналіся, дбаюць аб перадачах вязьням, аб спатканьнях, заклапочаныя высьвятленьнем стану іхняга здароўя і г. д. Вельмі добра, што сваякі гуртуюцца, але гэтага мала. На жаль, мушу канстатаваць, што вынікам толькі гуманітарнай пазыцыі ў дачыненьнях з антылюдзкім рэжымам можа стацца палітычная параза і наступнае сузіраньне гнюснага, хамскага, ілжывага суду, які гэбісты хочуць арганізаваць над невінаватымі людзьмі, дэманструючы ігнараваньне грамадзтва і міжнароднай супольнасьці. Сваякі якраз маглі б падаць ў суд на спраўцаў злачынства. Гуманізм, прыстойнасьць, мараль, справядлівасьць, закон – ўсё гэта невядома нішчыцелям нашага народа. Але яшчэ ёсьць магчымасьць ачуняць ад удараў і пачаць змагацца. 13 студзеня 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК 15/1/2011 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |