Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ГІСТОРЫЯ ДАЕ ЛЕКЦЫЮ (Ліст сябрам Сойму БНФ і КХП-БНФ) Паважаныя сябры Сойму, вітаю Вас ў Бацькаўшчыне, зычу здароўя, энтузіязму і канцэнтрацыі на задачах. Пад задачамі нашай народнай партыі я, перш за ўсё, маю на ўвазе спрыяньне РУХУ “За новыя выбары без Лукашэнкі”. Крок за крокам ініцыятыва пашыраецца. Зараз патрэбная кантактная праца, найперш – на чалавечым узроўні, таксама распаўсюджваньне інфармацыі на папяровых носьбітах. Цяпер найгалоўнейшым ёсьць арганізацыйны момант – стварэньне суполак плюс інфармацыя. Восемдзесят суполак, якія ўжо зьявіліся за пару тыдняў, — гэта пакуль што няшмат, бо патрэбна, як мінімум, у сто разоў больш. Сытуацыя для стваральнай працы ў сьведамасьці грамадзтва палепшылася, але палітычныя абставіны згоршалі. Таму галоўнае цяпер – прысьпешыць працэс самаструктурызацыі грамадзтва. Грамадзкія акцыі мусяць мець кансалідуючы характар на аснове галоўнага лёзунга Руху – “Новыя выбары — без Лукашэнкі”. Гэты лёзунг павінен быў бы стаць асноўным патрабаваньнем салідарнай з намі Амэрыкі і дэмакратычнага сьвету. Тым часам рэжым працягвае тасаваць псэўдаапазыцыю. Нядаўна засьведчылі пра сваё існаваньне былыя прагматыкі – раскольнікі Народнага Фронту ў 1999 г. Яны заявілі, што выходзяць з партыі Кастусёва і Янукевіча і ствараюць “Беларускі рух” (!). Гэта тыя асобы, якія перад расколам БНФ пісалі, што нацыянальная ідэя сябе вычарпала (Ю. Хадыка), што Фронт сваю задачу выканаў і што яму трэба злучыцца з АГП. Гэтыя людзі падтрымалі кандыдатуру непрыяцеля БНФ камуністычнага намэнклятуршчыка У. Ганчарыка на пасаду прэзыдэнта Беларусі, выцягнулі ў вялікую палітыку нішчыцеля структур Народнага Фрронту А. Мілінкевіча, заклікалі людзей удзельнічаць ва ўсіх псэўдавыбарах рэжыму і незаконных рэфэрэндумах, ўступілі ў саюз з камуністамі (“пяцёрка+”), адчынілі дзьверы для кадравай агентуры ў сваю прагматычную партыю і давялі яе да поўнага палітычнага маразму, пакуль генэрацыя новых (прагмацейшых) прагматыкаў ня выкінула іх на ўзбочыну. Будучы ў сваёй партыі (якая выставіла кандыдата), яны ўдзельнічалі ў апошніх псэўдавыбарах у чужой камандзе А. Саньнікава (гэта ўжо нейкі паліт-сюррэалізм). Не хачу камэнтаваць чарговую справу раскольнікаў-умельцаў (ні Хадыка, ні Вячорка, ні Івашкевіч прабачэньня ў Фронту, за раскол, не папрасілі). Але сімптаматычна: РУХ (“За новыя выбары без Лукашэнкі”) толькі-толькі пачаў стварацца, ужо зроблены кавалак працы і на табе – тут жа аб’яўляюць пра іншы “рух” знаёмыя ўсе твары. (Блытайцеся, людзі, які дзе “рух”!) Можа каму і сьмешна ўсё гэта (але каб ні было так сумна). Шмат з таго, што адбываецца зараз у псэўдаапазыцыйным асяродку, і асабліва ў нешматлікіх СМІ, выяўляе рысы, вартыя жалю. У пэўнай ступені рыкашэтам гэта закранула і нас. Я маю на ўвазе пустую гаворку пра нейкі фантастычны плян плошчы Пазьняка-Някляева. Размову зь Юры Беленькім пра стварэньне РУХУ журналісты раскруцілі ў цэлы дэтэктыўны сюжэт. Знайшліся нават “дасьледчыкі” і “аналітыкі” гэтага сюжэта і глыбокадумна пераліваюць здагадкі з пустога ў парожняе. Пра неабхонасьць стварэньня РУХУ “За новыя выбары без Лукашэнкі” мы гаварылі і пісалі задоўга да выбараў. Напрыклад, у артыкулах “Байкот – гэта мэханізм барацьбы” (14-18 лістапада) і “Байкот – рэальнае дзеяньне” (21 лістапада) я пісаў пра гэта канкрэтна. А 18 сьнежня, за дзень да галасаваньня, мы, на партыйным спатканьні з выбаршчыкамі, аб’явілі пра пачатак стварэньня такога РУХУ. (Дарэчы, пра гэтую акцыю паведамілі даволі шырока розныя СМІ.) Някляеў ня мог таго ня ведаць. Адзіным рацыянальным момантам тут было тое, што яшчэ да выбараў разумелі мы ўсе, — рыхтуецца маштабная правакацыя рэжыму, і яе цяжка было прадухіліць, бо мы ўжо не ўплывалі на сытуацыю. Ініцыятыва перайшла да Лукашэнкі і яго спарынг-кандыдатаў. Можна яшчэ было б паспрабаваць з’амартызаваць і прадухіліць падзеі, калі б знайшлася асоба, якая б узяла на сябе арганізацыю парадку. Трэба было ўтрымаць людзей на плошчы Каліноўскага, прапанаваўшы ўсім агульную задачу і яе працяг. Працяг мог быць розным. У гэтым сэнсе я прасіў перадаць Някляеву прапанову выкарыстаць ідэю стварэньня РУХУ “За новыя выбары без Лукашэнкі”. Сумняваюся, ці яму тое перадалі, бо на мае запросіны сустрэцца з выбаршчыкамі 18 сьнежня (дзе быў запачаткаваны РУХ) Някляеў не зьявіўся. Нашыя спробы паўплываць на мітынг 19 сьнежня на плошчы Каліноўскага таксама не далі выніку. Сытуацыя была некіруемай, павадырамі яе сталі правакатары і сьляпыя (у пераносным сэнсе, вядома). Не было ніякага парадку, ніякай адказнасьці за людзей. Арганізацыя масавага шматтысячнага мерапрыемства ў канфліктных умовах з уладай – гэта вельмі няпростая справа. Трэба прадумаць усё: маршруты, варыянты, кіраўніцтва масай у зьменных абставінах, ахову людзей, дружыну, адказных за сектары і парадак, нэўтралізацыю правакатараў. На выпадак нападу “амонаў” трэба прадугледзіць бясьпеку жанчын, бо пры стыхійнай масавай цісканіне іх топчуць найперш (успомніце Нямігу-99), акрамя таго рэжымныя гарылы даўно перакрочылі маральны бар’ер людзкасьці, яны зьбіваюць дзяўчат (чаго нават пры саветах не было). Псэўдаапазыцыя даўно зьнішчыла фронтаўскія традыцыі масавых мерапрыемстваў. Грантаўскія паражэнцы (“змагары”) ўвесь час зьбіралі людзей бяз сэнсу, імітавалі масу, каб засьвяціцца перад грантадаўцамі. Гэта нізасьць, якую яны і прыдумалі. 19-га сьнежня спарынг-кандыдаты дзейнічалі па гэтай жа звычцы, думалі пакарыстацца энтузіязмам людзей, каб пакрасавацца ў сваіх амбіцыях і пустой фразеалогіі (тыпу “Лукашенко пал!”), не разумеючы, што ўсёй вольнай Беларусі, усім гэтым вольным людзям, што прышлі на плошчу (і спарынг-кандыдатам у тым ліку), ужо падрыхтаваная пастка, куды яны і ўскочылі. Для мяне было зразумела, што ўмешвацца ў чужое бесталкоўе, каб нешта паправіць, — справа марная і няўдзячная. Але і цалкам дыстанцавацца нельга было, калі відавочна, што рыхтавалася менская “Цяньаньмэнь”, і ўся нашая дзесяцігадовая супраціўленчая і асьветніцкая праца па ўзьняцьці беларускага духу магла быць панішчана. “Цяньаньмэнь”, як бачым, злучылі з “другім падпалам Райхстагу”, і зараз ідзе пагром вольнай Беларусі. Але абудзіліся новыя сілы. Барацьба працягваецца. Беларусы, відаць, ніколі ня думалі, што такім цяжкім і доўгім можа стаць змаганьне з вар’ятам, калі за плячыма яго стаяць Масква, Лубянка і ўся гэбоўская кантора. Гісторыя дае беларусам суровую лекцыю, што такое ўлада, Радзіма і воля. Яна заклікае і сьведчыць: станьце нацыяй па культуры, станьце нацыяй па духу, шануйце мову сваю беларускую, любеце сваё, станьце гаспадарамі на сваёй зямлі, у сваёй краіне, змагайцеся за свабоду. 11-13 лютага 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК 14/2/2011 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |