Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: ЗЬМЕНА НАЁМНІКАЎ

(Ліст да сяброў народнай партыі)

Ацэньваючы сытуацыю выбарчай і пасьлявыбарчай афёры рэжыму, мне найбольш непрыемна ўсьведамляць, што ў пастку гэтай авантуры трапіў наш выбітны паэт Уладзімер Някляеў. Палітычны выхад у паэта быў, але яго апярэдзілі, бо тое, што адбываецца ў Беларусі, ёсьць не палітыка, але вайна (вайна з народам), і ўсё дзеецца па мэтадах вайны. Гэта значыць – насуперак законам цывільнага часу.
Ня ведаю, ці зразумеў цяпер гэта Някляеў, бо наперадзе ў яго зноў выпрабаваньні ваеннага стану і рыхтуецца цяжкі шлях, нягледзячы на тое, што ён адзіны з усіх так званых “спарынг-кандыдатаў”, які ёсьць (паколькі не прысутнічаў на плошчы) несумненнай ахвярай і нявінна пацярпелым ад дзеяньняў рэжыму. Не паэта павінны судзіць, а паэт мусіць судзіць гэты рэжым за напад і дзеяньні супраць ягонага жыцьця, здароўя і кандыдацкай недатыкальнасьці. Спадзяюся, што такі суд (суд над рэжымам) ўсё ж адбудзецца.

Тым часам правакацыя ідзе сваёй чаргой. “Райхстаг” курыць. Кантора праводзіць масавую “зачыстку” беларускага грамадзтва. Што датычыць так званых “спраўцаў” дзяржаўнага перавароту і “масавых беспарадкаў”, то ведамства актыўна маніпулюе і найперш адпусьціла з-пад арышту частку агентуры ды асобаў, здольных на супрацоўніцтва з рэжымам. Гэта, аднак, яшчэ далёка ня ўсё. Спэктаклі могуць быць самыя бязглуздыя.

Гэбісты пачалі гуляцца са сваёй агентурай, выконваючы заданьне начальніка аб стварэньні новай, больш “канструктыўнай” для рэжыму апазыцыі. Тая, што існуе – іх ужо не задавальняе. Ім не падабаецца, перш за ўсё, уплыў Брусэля і нагляд Захаду за яе імітацыйнымі справамі.

Але паколькі ўсім кіруе адзін калгасны “самародак”, то ўжо цяпер відаць, што адначасна са зьнішчэньнем беларушчыны і стварэньнем новай “падставы” (падстаўной апазыцыі) гэтая гэбоўская сістэма будзе перакульваць сама сябе. Падтрымкі людзей у гэбістаў няма, і маніпуляцыі абернуцца супраць іх.

Нядаўна кантора распачала, напрыклад, так званую “стратэгію” з арыштаваным кандыдатам Міхалевічам, паўтараючы ў нечым схему опуса з агентам Гаўрыліным (зь якім яны праваліліся ў мінулым годзе). Тое самае адбудзецца і тут, як бы хітра гэбоўскія кабінатары ні намудрылі. Кантора ўжо “тонка” намякнула, што не вербавала Міхалевіча, бо ён, маўляў, і так іхны чалавек. (Радыё “Свабода”, 4 сакавіка 2011 г.) І пра гэта, маўляў, яны робяць ужо кінафільм. (Выглядае, што кантора знаходзіцца ў стадыі поўнага маразму.) Чакаюцца чарговыя нумары.

Наступным вэрбальным страсеньнем паветра сталі пустапарожныя прызнаньні пра размовы аб грошах “падазраваемага” Кастусёва, якія выклікалі буру лаянкі і вульгаршчыны. І гэтак далей – усё на фоне антыбеларускай дыктатуры і нацыянальнай трагедыі.

Калі пытаньне стаіць аб ліквідацыі чарговага захопу ўлады, аб нелегітымнасьці рэжыму, аб непрызнаньні яго акупацыйнага кіраваньня, аб новых выбарах без удзелу ўзурпатара, аб аб’яднаньні нацыі ў новым руху за вольную Беларусь і супраць прамаскоўскай палітыкі акупацыі, — тады правальшчыкі з праваленай псэўдаапазыцыі зноў пачынаюць імітаваць свой канцэрт па пабочных пытаньнях адносін, адцягваючы ўвагу ад галоўнага змаганьня. Гэтыя людзі не пераменяцца ні ў турме, ні па-за турмой, ні пад замежнымі грантамі, ні пад міліцэйскімі палкамі, бо яны ёсьць люстэркавым адбіткам рэжыму, і зьмятаць гэты рэжым трэба разам зь ягонай псэўдаапазыцыяй, пра што мы цьвердзім ужо 10 гадоў, як толькі яна зьявілася.

Генэзіс яе вядомы. Псэўдаапазыцыя ўзьнікла з антыфронтаўскіх, антынацыянальных настрояў у нетрах лукашысцкага рэжыму і КГБ. Амаль усе яе асноўныя дзеячы выйшлі адтуль. Гэта быў сумесны праект брусэльскай палітыкі, нямецкай выведкі і савецкага КГБ. Пад яго быў створаны рэсурсны цэнтар Хартыя-97 і рыхтаваўся раскол Народнага Фронту. Ганс-Георг Вік як кіраўнік антынацыянальнага праекту быў потым аб’яўлены намі (Народным Фронтам) пэрсонай нон-грата, дэкляраваны яго будучы арышт і ўзбуджэньне судовай справы ў вольнай дэмакратычнай Беларусі.

Раскол Нарднага Фронту ў 1999 годзе стаўся фатальнай падзеяй у нацыянальнай палітыцы, адлюстраваў паражэньне нацыянальна-вызвольных сілаў, свабоды і дэмакратыі. На арэну выйшла псэўдаапазыцыя, аплочаная чужымі зьнешнімі грашыма і падтрыманая чужымі ідэямі: дэмакратыі без суверэнітэту і свабоды без Беларусі. (Гэта значыць, “дэмакратыі” і “свабоды” ў складзе гэбоўскай Расеі. Тут — галоўны зьмест дзейнасьці Ганса Віка, па ўласным яго прызнаньні.)
Псэўдаапазыцыя, як і рэжым, была дэклярацыйна прамаскоўскай. Народны Фронт яны абзывалі “русафобскім”, “антырускім”, “нацыяналістычным” (у савецкім паняцьці).

Прыход Пуціна і КГБ да ўлады ў Расеі пахавалі авантурныя спадзяваньні Лукашэнкі на крамлёўскі пасад. Пагроза для неабмежаванай улады менскай хунты з боку рускага гэбізма (“мухі-катлеты”) прымусілі ўзурпатара загаварыць пра суверэнітэт, а наступныя газавыя шантажы з боку Масквы спарадзілі ў яго антымаскоўскую фразэалёгію і спарадычныя філіпікі ў адрас Крамля.

Адпаведна ва ўнісон зьмянялася і фразэалёгія псэўдаапазыцыі. Цяпер словы “суверэнітэт” і “незалежнасьць” сталі ў іх прывычнымі, дэкляруюцца амаль як каштоўнасьці. Нядаўна пачалі нават казаць пра прамаскоўскую “ўнутраную акупацыю”. (Нагадаю: прамаскоўская унутраная акупацыя – асноўная палітычная характарыстыка існуючага рэжыму, зробленая Народным Фронтам яшчэ ў 90-х гг.)
Псэўдаапазыцыя сінхронна існуе ў сфэры палітычных настрояў рэжыму, але тэрміналёгію бярэ з арсэналу Беларускага Адраджэньня. Да “дэмакратыі” дадалася ўжо й незалежнасьць, а ў палітыцы Масквы яны сталі заўважаць нават “расейскі імпэрыялізм” і пагрозу беларускай дзяржаўнасьці. Па той бок каштоўнасьцяў, аднак, засталося (як і ў рэжыма) самае галоўнае – беларуская мова. Не, яны ня супраць “белорусского языка”, але змагацца за яго ня будуць (бо “ўсе”, маўляў, гавораць па-руску). І ніякая ідэйная, культурная, маральная сіла, і нават Боская справядлівасьць не пераменіць іхных адносінаў да мовы, хіба што пераменіць адносіны да мовы сам антыбеларускі рэжым Лукашэнкі (які ня здольны на гэта па сваёй прыродзе).

Галоўная функцыя псэўдаапазыцыі (дзеля якой рэжым цярпеў яе крытыку і патрабаваньні правоў чалавека) – гэта мабілізацыя людзей на выбары і рэфэрэндумы пад выглядам агітацыі за “дэмакратыю”. Ад выбараў да выбараў яны настройвалі і накіроўвалі пратэстны электарат на галасаваньне, на ўдзел у фальшывых выбарах. Не забясьпечыўшы ніякіх умоў для аб’ектыўнага выніку, яны штурхалі выбаршчыкаў у горла фальсіфікацыйнай машыны, як салому ў сячкарню, дзе на выхадзе была толькі сечка. І так увесь час.
Ад частага паўтарэньня ўмоўны рэфлекс засвойваюць нават рыбы ў акварыюме, але ніяк не засвойвала палітычны вопыт падстаўная апазыцыя, псэўдазмагары за абстрактную дэмакратыю без нацыянальнай ідэі. Чаму не засвойвала – пытаньне рытарычнае.

Самым вялікім злачынствам псэўдаапазыцыі (і яе спонсараў) быў загон пратэстнага электарату на антызаконны антыканстытуцыйны рэфэрэндум 2004 г. аб трэцім тэрміне Лукашэнкі. Беларусам ні ў якой форме нельга было ўдзельнічаць у антызаконнай справе, інакш яны легітымізавалі крымінальныя дзеяньні рэжыму па ўзурпацыі ўлады. Наша аргумэнтацыя і агітацыя за няўдзел у галасаваньні і за байкот антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму была ўспрынята і пачута, але тады ўжо ня Фронт (які раскалолі) дамінаваў у апазыцыйнай прасторы. Шум і галас псэўдапрагматыкаў і псэўдаапазыцыі, падтрыманы іхнымі заплечнікамі і эўра-фінансамі, заглушыў сумленьне й развагі здаровага сэнсу. “Иди и скажи ему свое НЕТ” – такі быў іхны фальшывы лёзунг, просты для разуменьня простых людзей. Пайшлі і сказалі. А на выхадзе — “сечка” (“элегантная перамога” ўзурпатара).
Так зьявіўся мясцовы “кадафі”. Рэжым і псэўдаапазыцыя стварылі яго разам.

Нашыя высновы былі жорсткімі. Сьведамая падтрымка і ўдзел у незаконных дзеяньнях, якія прывялі да антынацыянальных антыграмадзкіх вынікаў, павінны быць караныя па закону. У вольнай дэмакратычнай Беларусі кіраўнікі псэўдаапазыцыі, гэтак жа, як і кіраўнікі антыбеларускага рэжыму, мусілі б разам ісьці пад суд (захоп улады незаконным мэтадам і спрыяньне яму).

Цяпер мы зьяўляемся сьведкамі тыповай для гэбізму зьявы (некалькі гадоў таму такое адбылося ў Расеі) – рэжым зьмяняе існуючую псэўдаапазыцыю на новую каманду і сам распраўляецца са старой надакучыўшай яму апазыцыяй, засадзіўшы яе кіраўнікоў у турму.
Адметнасьць моманту ў тым, што мы, фронтаўцы, як людзі дэмакратычнага кшталту, вымушаныя цяпер абараняць гэтую, па сутнасьці прадажную і нават у некаторых асобах прамаскоўскую і камуністычную публіку, што знаходзіцца пад сьледзтвам і кінута за краты разам з усімі, схопленымі пазьней, бо ніякай крымінальнай віны ў дачыненьні да падзеяў 19 сьнежня за імі няма, абвінавачваньні надуманыя, і ўся грубая правакацыя сшыта белымі ніткамі. Акрамя таго, рэпрэсіі разьвязаныя рэжымам супраць усяго сьведамага беларускага народа. Справа йдзе аб прынцыпах стасаваньня закону і аб справядлівасьці, гэта значыць аб каштоўнасьцях, якія датычаць усіх, усяго грамадзтва. Прынцыпы парушаныя. Іх трэба абараняць.
Тым часам палітычная віна спарынг-кандыдатаў псэўдаапазыцыі відавочная. Яна не прапісаная ў законах, ня мае непасрэднага дачыненьня да абвінавачаньня і да пасадкі за краты, і таму гаварыць пра яе можна і трэба гэтак жа, як і пра патрабаваньне іхнага вызваленьня.

Я ўжо казаў і пісаў раней: ўсё, што адбылося 19 сьнежня 2010 г. – гэта, у значнай ступені таксама, — вынік палітычных паводзінаў спарынг-кандыдатаў на выбарах Лукашэнкі. Яны сьведама ўдзельнічалі ў подлым праекце рэжыму, лёгкадумна не здагадваючыся, які будзе падзейны вынік іхняга ўдзелу. Сваёй палітычнай недальнабачнасьцю, бязглуздасьцю і нацыянальнай безадказнасьцю яны падставілі тысячы людзей пад пабоішча на плошчы і самы трапілі ў пастку, як мышы, рэальна не разумеючы, зь якой катэгорыяй улады і зь кім маюць справу.

Сцьвярджаю гэта з поўным правам, бо пісаў і папярэджваў аб выніках, пачынаючы з траўня мінулага году, а некаторым спарынг-кандыдатам казаў асабіста. Але самае дрэннае тое, што безадказна паставіўшыся да народа, яны далі повад для масавых гэбісцкіх “зачыстак” грамадзтва, да вынішчэньня ўсяго таго станоўчага, беларускага, што, супраціўляючыся ўціску, зьявілася ў нашай краіне.

Тое, што вікаўскай псэўдаапазыцыі прыходзіць канец, — гэта заканамернасьць, якая мусіла адбыцца (шкада толькі, што праз несувымернае цярпеньне людзей). Палітычнае стварэньне Ганса Віка на беларускім полі было антынацыянальным і заганным ад пачатку і ўрэшце дайшло да маразму. Гнілое мусіла зьнікнуць.
Аднак тое, што цяпер адбываецца, — гэта не перамога здаровых сілаў над аджылым, гнілым, але маніпуляцыя цемры. Рэжым (у сваім стылі) упарадквае сваё структурнае асяроддзе (“ператрахівае” сваю “апазыцыю”, кажучы лексіконам узурпатара).
Зьмена псэўдаапазыцыйнай каманды абумоўлена валявым узмацненьнем ўлады гэбізму і адначасна аслабленьнем апоры рэжыму ў грамадзтве плюс патрабаваньне Масквы. Масква, як вядома, раней “рэфармавала” сваю падстаўную апазыцыю, падвяла яе пад непасрэднае падпарадкаваньне Крамлю і ўзяла “на давольствие”.

Нешта падобнае намячаецца і ў Беларусі, але ў іншай форме, бо абставіны складаныя. Стаўка, як бачым, робіцца, перш за ўсё, на агентуру, а фармаваньнем займаецца КГБ. Імёны новай прырэжымнай “апазыцыі” ужо мільгацяць. Не пакінуты без увагі і ўзмацняецца накірунак на Захадзе.

Вікаўская псэўдаапазыцыя не задавальняла рэжым і Маскву, у асноўным, па двух прычынах: цесныя сувязі з Захадам ды падкантрольнасьць Брусэлю і крэн (у апошні час) да нацыянальных інтарэсаў (прынамсі, на словах), што найбольш непакоіла Маскву, якая прывыкла шукаць і ствараць сваіх стаўленьнікаў сярод апазыцыі. Раздражняла тое і рэжым, які трымаў манаполію на сваю інтэрпрэтацыю інтарэсаў нацыі (гатовай, па выказваньні ўзурпатара, “умирать за Россию”).

У другой палове мінулага года Крэмль прымусіў Лукашэнку парваць адносіны з Захадам і арыентавацца толькі на Расею. Адпаведна і празаходняй апазыцыі больш ня мусіла быць. Масква зноў дае грошы рэжыму (праз фінансаваньне АЭС) і абяцае даць болей, відаць, аднак, забараніўшы яму ўжо размаўляць аб “другім крыле”. Прыўладную апазыцыю, да стварэньня якой падступаецца ўлада, будуць імкнуцца зрабіць прамаскоўскай (хоць рэжым у гэтым і не зацікаўлены).

Паўстае пытаньне: што ў гэтай акупацыйнай валтузьні, накіраванай на захаваньне антыбеларускага рэжыму, рабіць нам, беларусам, жыхарам краіны? Што рабіць у абставанах бяспраўя, страху і перасьледу?

Відавочна, што патрэбны агульны нацыянальны пратэстны Рух, сканцэнтраваны на прыймальнай для бальшыні задачы. Такі Рух ня ўтворыцца па легальнай клясычнай схеме. Першыя ж арганізацыі і першыя крокі будуць задушаны. Ідэя, якая можа згуртаваць бальшыню грамадзтва, простая: новыя выбары без Лукашэнкі. Гэта ёсьць прынцып, каталізатар, па якім можна структурызаваць наша атамізаванае грамадзтва. Сама ідэя, фактычна, на шмат шырэйшая і ўключае ў сябе ідэю нацыянальную. Структурызаванае грамадзтва хутчэй акамулюе ідэі, хутчэй палітычна сьпее, больш здольнае ў патрэбны момант імгненна стварыць арганізацыйныя формы барацьбы, якія могуць адразу вырасьці ў масавы рух. Структарызаванае грамадзтва ў сфэры Руху, што існуе пад дыктатурай, складаецца не з асобных людзей, а з асобных групаў (суполкі ад 3 да 7 чалавек), аб’яднаных адной задачай, але ня зьвязаных арганізацыйна (гарызантальныя сувязі адсутнічаюць). Сувязь ёсьць толькі з каардынацыйным цэнтрам на ўзроўні кіраўнікоў суполак. Каардынацыйны цэнтар недасягальны для рэжыму.

Мы абазначылі зьмест працы і сутнасьць існаваньня суполак, прапанавалі бясьпечную схему кансалідацыі людзей пад дыктатурай у абставінах страху і перасьледу. Суполкі пры неабходнасьці могуць рэгістраваць таксама розныя формы сваіх грамадзкіх арганізацый (бытавога кшталту, таварыстваў па інтарэсах і г.д.), але справа супраціўленьня дыктатуры павінна пашырацца. На пэўным этапе структурызаванае грамадзтва Руху можа скарыстаць дэлегуючыя функцыі суполак і ў адначасьсі ператварыцца ў грамадзкую сілу і г. д.

Перашкодзіць структурызацыі рэжым ня ў сіле (хіба што ў КГБ запішацца ўся нацыя, што немагчыма).
Мы разумеем, што тут жмудная праца, што здольнасьць да самаарганізацыі (з прычыны дэфармаванай ці проста няразьвітай нацыянальнай сьведамасьці ў нашых людзей) – невялікая, што страх ірацыянальны, але трэба працаваць, трэба разумна змагацца, а ня стукацца бясконца ілбом у дубовы плот, не лямантаваць у паветра, не пішчэць, не баяцца там, дзе баяцца ня трэба. Кожны дзень існаваньня гэтага рэжыму, нясе вялікую небясьпеку для нашай краіны.

13 сакавіка 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК

15/3/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2011
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024