Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ЗБАВІЦЦА АД ПСІХАПАТА (Выступ на красавіцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і БНФ “Адраджэньне” 10 красавіка 2011 г.) …Пасьля правакацыі кандыдатаў псэўдаапазыцыі 19-га сьнежня мінулага году пачаўся татальны перасьлед усяго жывога беларускага, і найперш – актыўных, сьведамых і прыстойных беларускіх людзей. Усё тое новае, добрае, што нарасло за апошнія 10 гадоў у грамадзтве, куды было ўкладзена шмат нашай працы (асабліва па асьвеце і падрыхтоўцы байкоту) – усё гэта было бязглузда справакавана безадказным дзясяткам асобаў, падстаўлена пад удар і стаптана рэжымам разам з правакатарамі. Дадзена поўная воля антыбеларускаму КГБ, які прыступіў да мэтадычнага нішчэньня нацыянальнага грамадзтва. Гэбісты і іхныя дзеяньні выведзеныя з-пад сфэры закону. (Аналягічнае становішча і ўсёдазволенасьць КГБ былі ў 30-я гады, за часы генацыду пад савецкім заборам.) У краіне ўжо амаль 17 гадоў існуе антынацыянальная ўлада і праводзіцца палітыка ўнутранай акупацыі. Цяпер, пасьля 19-га сьнежня, вайна рэжыму супраць народу (дакладней, супраць нацыянальных яго пардстаўнікоў) агалілася настолькі, што стала бачна нават тым, якія ня здольныя нічога бачыць, акрамя вобразаў прапаганды. Антынародная татальная прапаганда ўжо аднак не спраўляецца з сваёй задачай, і, як за часы СССР, паступова ператвараецца ў сваю супроцьлегласьць. Вопыт паказвае, што такі парцэс неабарачальны, бо прапаганда будзе ўзмацняцца на фоне агульнага пагаршэньня жыцьця, павялічваючы непрыняцьце яе ў грамадзтве. Ёсьць некалькі важных аспэктаў у палітыцы антынароднага рэжыму, якія пагражаюць усяму грамадзтву. Чатыры вялікія прарывы ў накірунку нішчэньня Беларусі ажыцьцявіла Масква за апошнія чатыры месяцы: прымусіла ўзурпатара ўлады ў Беларусі падпісаць пагадненьні аб Адзінай Эканамічнай Прасторы з Расеяй, прымусіла ўступіць зь ёй у Мытны Зьвяз, прымусіла згадзіцца на пабудову практычна расейскай атамнай электрастанцыі ў сэйсьмічнай зоне ля Астраўца (яшчэ адна крэдытная шворка для рэжыму і пагроза існаваньню нацыі), прымусіла за бясцэн прадаваць Расеі беларускую сельгаспрадукцыю і фінансаваць тым самым эканоміку Расеі. Усё гэта адбываецца на фоне сістэмна неразьвітага ўнутранага беларускага рынку і зьвязанай з гэтым тэхналягічнай адсталасьці вытворчасьці і, як вынік, — неканкурэнтнасьці тавараў. (Прытым рэжым ня ў стане тут нічога зьмяніць, бо ня пойдзе на рэформы, якія пагражалі б аднаасобнай уладзе.) Стратэгія Крамля тут таксама зразумелая і відавочная. Гэта тактыка паступовага захопу нашай эканомікі і ў цэлым краіны, — такая, каб ня выклікаць рэзкіх рухаў у нашым грамадзтве. Завяршэньнем усяго мусіць стацца дэфолт – прыватызацыя Беларусі Расеяй за даўгі ўзурпатара. Ажыцьцяўляючы сваю мэту, Масква будзе даваць сатрапу час ад часу крэдыты, каб працягнуць яго нікчэмнае існаваньне і забіраць пазыцыі па частках, увесь час нагнятаючы абставіны бязвыходнасьці і капітуляцыі. Агентура Лубянкі ў Беларусі, падладжваючыся пад дэмакратаў і непрымальнікаў рэжыму, абапіраючыся на злосьць некаторых слаба думаючых беларусаў, ужо лемантуе на ўсё горла пра неабходнасьць эканамічнай ізаляцыі Беларусі і пра татальныя эканамічныя санкцыі з боку Захаду (гэта пры эканамічнай залежнасьці беларускага рынку ад Расеі і пры адкрытай мяжы з РФ). Мяркуецца, што санкцыі нібыта абваляць антыбеларускі рэжым (які будзе ратаваць Масква, каб забраць Беларусь цалкам). Руская агентурная калона хоча скарыстаць пратэстныя настроі беларусаў супраць рэжыму псіхапата, каб заваліць нам заадно і дзяржаву, і незалежнасьць. Чужымі рукамі яна штурхае Захад на эканамічную ізаляцыю Беларусі. Па вялікаму кошту, з гэтага нічога ня выйдзе. Пры ўсёй памылковасьці эўрапейскай палітыкі, Эўропа дастаткова прагматычная, каб разумець, чаго ёй ня трэба рабіць. Але не ў Эўропе справа. Выратаваць сябе і сваю дзяржаву могуць толькі самы беларусы – арганізаваны нацыянальны рух. Сытуацыя, якая ўзьнікла даўно, цяпер відавочна абвастрылася. Тое, пра што мне прыходзілася казаць два гады таму, зараз набыло ўжо крытычны кшталт. Існаваньне Лукашэнкі ва ўладзе ў Беларусі стала крайне небясьпечным для незалежнасьці дзяржавы і лёсу ўсяе нацыі. Ён не павінен быць ва ўладзе. Уся пакрокавая палітыка гэбісцкай Расеі па захопу і прыватызацыі нашай дзяржавы выкарыстоўвае, перш за ўсё, паталогію Лукашэнкі ў дачыненьні да ўлады. Масква бачыць, што гэта хворы на ўладу псіхічна ссунуты чалавек, які канвульсіўна ўчапіўся за пасаду і аддасьць яе хіба што толькі разам са сваім жыцьцём. Ні Беларусь, ні народ тут ня маюць для яго ніякага значэньня. Галоўнае – улада, якая стала для яго сэнсам існаваньня. Зьмест становішча, у якім апынулася Беларусь і адначасна прычына, чаму ў культурнай, гістарычна вялікай эўрапейскай нацыі вось ужо скора 17 гадоў ва ўладзе знаходзіцца і аднаасобна распараджаецца яе лёсам жорсткі, хітры, псіхічна неадэкватны і малакультурны чалавек, заключаецца ў тым, што ў дзяржаве поўнасьцю адсутнічае прававы мэханізм зьмены ўлады. Выбары ў гэтых абставінах – заўсёды ілюзія і фарс, падтрымка рэжыму. Улада тут можа быць зьменена толькі праз народную рэвалюцыю і дзяржаўны пераварот. А гэта ня хуткая справа, рэвалюцыйныя абставіны сьпеюць дзесяцігоддзямі. Зазначу, што заканадаўчую і выканаўчую архітэктоніку дыктатуры дапамагала ўзурпатару рабіць палітычнае асяроддзе, праўнікі і інтэлектуалы, розныя Абрамовічы (якія пісалі канстытуцыю дыктатуры) ды Ціхіні (якія яе абаранялі) і зрэшты – бальшыня грамадзтва, якой было ўсё “да лямпачкі”, што там робіцца ва ўладзе, пакуль усе ні апынуліся ў мяшку, у якім ўсіх завязалі. Шлях пазбаўленьня ад узурпатара, па якім мы йдзем, — гэта непрызнаньне яго ўлады, нацыянальнае ўсьведамленьне і асьвета грамадзкай эліты і ўсяго грамадзтва, якое стане здольным (павінна стаць) на рэвалюцыю і ліквідацыю антынароднага рэжыму. Цяпер нашае грамадзтва яшчэ не гатовае ні на які агульнанацыянальны змагарны чын. Тым часам у імя захаваньня Беларусі і нацыі Лукашэнка мусіць зьнікнуць з улады ўжо ня тое, што сёньня, але ўчора. Зь яго зыходам нават пры самым нязьменным раскладзе (які будзе толькі часовым) зьявяцца шанцы на перамены ва ўнутранай палітыцы, эканоміцы і культуры, магчымасьці для нацыянальнага адраджэньня грамадзтва, затармозіцца маскоўская палітыка дэфолту Беларусі. Беларусам трэба цяпер (абавязкова і катэгарычна) як найхутчэй збавіцца ад псіхапата ва ўладзе. Як гэта канкрэтна зрабіць, ніхто ня ведае. Гэтая неабходнасьць ужо вісіць над краінай, як дамоклаў меч. Інакш – імклівае набліжэньне нацыянальнай катастрофы, ад якой потым не ўцячэ і якой ня ўнікне ніхто. 10 красавіка 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК 12/4/2011 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |