Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ХТО ЗАКЛАДВАЕ АТАМНУЮ БОМБУ ПАД БЕЛАРУСЬ?

Артыкул “Будаўніцтва АЭС не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі” я падрыхтаваў за некалькі дзён да трагічных падзеяў у Японіі, што адбыліся 11 сакавіка сёлета. Мэта артыкула была толькі адна – напярэдадні беларуска-расейскіх перамоваў зьвярнуць увагу шырокай грамадзкасьці і кіраўніцтва нашай краіны на непатрэбнасьць і шкоднасьць будаўніцтва АЭС у Беларусі. Газэта “Народная Воля” надрукавала артыкул 15 сакавіка сёлета. У той жа дзень кіраўніцтва краіны падпісала пагадненьне з Расеяй аб будаўніцтве АЭС у Беларусі.

Амаль месяц прамінуў з моманту публікацыі артыкула. За гэты час ніводная з прыведзеных у ім лічбаў, ніводны аргумант не былі абвержаны ані прадстаўнікамі ўлады, ані афіцыйнымі СМІ, па-за выключэньнем “папраўкі” некаторых афіцыйных СМІ пра тое, што землятрус у раёне Астраўца (дзе заплянаваная пабудова АЭС) быў сілаю быццам бы не 7, а толькі 3 балы. Але гэтае “удакладненьне” не адпавядае сапраўднасьці. Прафэсійным журналістам варта было б прыслухацца да прафэсійнай ацэнкі акадэміка НАН Беларусі Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага, які нядаўна напісаў, што менавіта ў тым раёне ў 1908 годзе адбыўся землятрус сілаю 7 балаў.

Была яшчэ заява нам. міністра энэргетыкі Міхаіла Міхадзюка пра тое, што альтэрнатывы АЭС у Беларусі няма. На жаль, намміністра не прывёў пры гэтым ніводнага аргуманта і ніводнай лічбы на карысьць АЭС.

Сёньня, напярэдадні 25-годдзя Чарнобыльскай трагедыі, хачу яшчэ раз зьвярнуць увагу на тое, што Беларусь мае надзейнае, з неабходным запасам, энэргазабесьпячаньне сваіх спажыўцоў электраэнэргіяй, вырабляемай на дзеючых уласных энэргакрыніцах, і што няма ніякай неабходнасьці ў будаўніцтве АЭС.

Нагадаю, што паводле дадзеных Міністэрства энэргетыкі РБ, устаноўленая магутнасьць усіх электрастанцый беларускай энэргасітэмы сёньня складае 8 300 МВт. Найбольшае выкарыстаньне магутнасьці ў краіне ў 2009 годзе склала 6000 МВт.

З улікам мадэрнізацыі і рэканструкцыі магутнясьцяў на дзеяючых энэргакрыніцах, згодна з канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Беларусі да 2020 года, устаноўленая магутнасьць павялічыцца яшчэ на 3 000 МВт. Акрамя таго, Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве ў 20011 годзе Зэльвенскай вугальнай электрастанцыі магутнасьцю каля 900 МВт. Прыблізны кошт будаўніцтва гэтай станцыі складзе 1,2 – 1,3 млрд даляраў. Увядзеньне ў эксплуатацыю заплянавана на 2015 год. Да гэтага варта дадаць, што паводле ацэнак Інстытута энэргетыкі НАН Беларусі, агульны патэнцыял узнаўляемых крыніц энэргіі Беларусі складае каля 3 000 МВт, засваеньне якога яшчэ як сьлед не пачыналася.

Такі чынам, з улікам ажыцьцяўляемай мадэрнізацыі і рэканструкцыі дзеючых энэргакрыніц, увядзеньня ў эксплуатацыю Зэльвенскай электрастанцыі і нават частковага засваеньня ўзнаўляемых крыніц энэргіі, устаноўленая магутнасьць беларускіх энэргакрыніц складзе больш за 12 000 МВт, што ў два разы перавысіць выкарыстаную ў 2009 годзе устаноўленую магутнасьць. Тым ня менш, кіраўніцтва краіны ўпарта сьцьвярджае, што альтэрнатывы АЭС у Беларусі няма.

Яшчэ раз нагадаю асноўныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі розных энэргакрыніц:

1. Кошт будаўніцтва АЭС перавышае кошт будаўніцтва станцый такой жа магутнасьці: парасілавых – у 7-11 разоў, газа-мазутных – у 4,5-7 разоў, вугальных – у 3,8-6,1 разы, комплекса малых ГЭС або комплекса ветраэнэргетычных станцый – у 1,4-2,2 разы.

2. Кошт 1 кВтг электраэнэргіі, вырабленай на АЭС, перавышае кошт электраэнэргіі, вырабленай на:
парасілавых станцыях – у 2,3-2 разы,
газа-мазутных – у 1,9-2,3 разы,
вугальных – у 1,5-1,9 разы,
комплекса малых ГЭС або комплекса ветраэнэргетычных станцый – у 1,6-2,8 разы.

3. Ветраэнэргетычныя ўстаноўкі і малыя гідраэлектрастанцыі па сваіх тэхніка-эканамічных паказчыках не саступаюць электрастанцыям, якія працуюць на традыцыйных (выкапневых) відах паліва (газ, вугаль, мазут, дызэльнае паліва), і значна пераўзыходзяць атамныя электрастанцыі. А з улікам іх невычарпальнасьці і экалагічнай чысьціні ўзнаўляемыя крыніцы энэргіі маюць бясспрэчную перавагу над усімі астатнімі. Беларусь валодае вялікім патэнцыялам узнаўляемых крыніц энэргіі (энэргія ветру, геатэрмальная энэргія, малыя ГЭС, энэргія біямасы і інш.).
Энэргаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі ў 2,5 разы вышэй, чым у разьвітых краінах. Гэта сьведчыць пра наяўнасьць вялікага патэнцыяла зьніжэньня спажываемай энэргіі.

Такім чынам, выкарыстаньне ўзнаўляемых крыніц энэргіі і зьніжэньне энэргаёмістасьці ВУП ёсьць беларускімі нацыянальнымі энэргетычнымі прыярытэтамі.

Няхай паспрабуюць тыя, хто валадарыць цяпер у Беларусі, абвергнуць хаця б адну з прыведзеных лічбаў, хаця б адзін з прыведзеных намі аргумантаў. Ня ўдасца абвергнуць, бо ўсе лічбы і аргуманты ўзятыя з афіцыйных крыніц. Значыць, усё ім, валадарам, добра вядомае. А калі вядомае, то няхай адкажуць людзям Беларусі на простае пытаньне: “Дзеля чаго і ў чыіх інтарэсах вы зьбіраецеся будаваць на беларускай зямлі ў сэйсмічна небясьпечнай зоне АЭС паводле сумніўнай, не праверанай практыкай (экспэрымэнтальнай) расейскай тэхналогіі?”
Мікалай Крыжаноўскі
дэпутат Вярхоўнага Савету
Рэспублікі Беларусь12-га скліканьня

24/4/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Красавік 2011
П А С Ч П С Н
« Сак   Тра »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024