Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Сяргей Навумчык: Шушкевіч: “…мне хацелася, каб ён быў вялікім начальнікам, Лукашэнка” Васемнаццаць гадоў таму адбылося пасяджэньне Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, якое шмат у чым прадвызначыла лёс Беларусі. Ёсьць розныя меркаваньні наконт таго, калі Беларусь збочыла са шляху да дэмакратыі, ў які момант надыход аўтарытарызму стаў непазьбежны. Называюць забарону ў 1992 годзе ініцыяванага БНФ рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, прыняцьце ў сакавіку 1994-га Канстытуцыі з пасадай прэзыдэнта, нарэшце, абраньне ў ліпені 1994-га на прэзыдэнцкую пасаду Аляксандра Лукашэнкі. Усе гэтыя падзеі былі для Беларусі вызначальнымі – у горшы бок. Што да Лукашэнкі, дык практычна ўсе сыходзіцца ў адным: узыходжаньне дырэктара саўгасу “Гарадзец” на пасаду прэзыдэнта было б немагчымым, калі б не вялікая папулярнасьць, атрыманая ім ў выніку знакамітай (лепш было б сказаць — сумнавядомай) дзейнасьці на пасадзе старшыні гэтак званай “антыкарупцыйнай” камісіі ВС. Іншымі словамі, калі б Лукашэнку не абралі старшынём той камісіі — ніколі б ня быць яму прэзыдэнтам. У гэтым сэнсе пасяджэньне сэсіі ВС 4 чэрвеня 1993 года вызначальнае. А пачыналася яно будзёна. У разьдзеле “Рознае” выступіў старшыня Камісіі па міжнацыянальных адносінах Міхаіл Сьлямнёў, які часта падтрымліваў ідэі Апазыцыі БНФ. Гэтым разам ён выказаўся супраць далучэньня Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, якая рабіла краіну закладніцай вайсковых інтарэсаў Расеі (з членаў Прэзыдыюму ВС найбольш актыўна падпісаньня гэтай Дамовы патрабаваў старшыня Камісіі па бясьпецы і барацьбе са злачыннасьцю Мечыслаў Грыб). Дэпутат ад арганізацыі вэтэранаў Мікалай Жураўлёў выказаў падтрымку міністру абароны Паўлу Казлоўскаму за звальненьні з войску актывістаў БЗВ. Дэпутат-вэтэран інкрымінаваў БЗВ патрабаваньне стварэньня нацыянальнага войска, абарону дэмакратыі, “падрыхтоўку людзей, якія б ў выпадку пагрозы маглі б нават са зброяй у руках абараняць сваю радзіму”. Усё гэта ў вачах дэпутата (зразумела, тэкст яму пісалі іншыя) выглядала крамолай. Прамова дэпутата Апазыцыі БНФ, рэдактара газэты “Свабода” Ігара Гермянчука была прысьвечаная дамове паміж Беларусьсю і Расеяй аб каардынацыі дзейнасьці ў ваеннай галіне, падпісанай Кебічам і Гайдарам 20 ліпеня 1992 г., паводле якой пад юрысдыкцыю Расіі былі перададзеныя стратэгічныя сілы, разьмешчаныя на тэрыторыі Беларусі. Гермянчук прааналізаваў падпісаныя арыгіналы дамовы на беларускай і расейскай мовах і знайшоў 17 недакладнасьцяў. Так, дата прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, на які спасылалася Дамова, у расейскім варыянце была пазначана правільна – “27 июля”, а ў беларускім – “27 чэрвеня”. Што, між іншым, сьведчыла, што тэкст пісаўся спачатку па-расейску, прычым пісаўся ў Маскве – і гэта выразна выяўляла стаўленьне ў кебічаўскім апараце да нацыянальных інтарэсаў. Падобныя неадпаведнасьці (яны закраналі і вайсковыя тэрміны) ставілі пад сумнеў юрыдычную сілу дамовы. “Калі ў Кебіча праблемы з чыноўнікамі, то я магу прыслаць яму на дапамогу свайго карэктара”, - скончыў сваю прамову Ігар Гермянчук Дэпутат Віктар Кучынскі заявіў, што “была б мая воля, на сёньняшні дзень я б забараніў бы ўсялякую палітычную дзейнасьць у Рэспубліцы Беларусь, я маю на ўвазе партыйную дзейнасьць, увёў бы дзяржаўнае канстытуцыйнае праўленьне”. Пасьля “Рознага” Вярхоўны Савет абмяркоўваў Закон “Аб бюджэтнай сыстэме Рэспублікі Беларусь”, потым заслухаў справаздачу старшыні Нацбанку Станіслава Багданкевіча і абмяркоўваў Асноўныя накірункі грашова-крэдытнай палітыкі на 1993 год. Гэта былі складаныя пытаньні, з мноствам лічбаў і эканамічных выкладак. І толькі пасьля гэтага ВС перайшоў пункту 20 павесткі сэсіі — “Аб праекце Пастановы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь “Аб стварэньні Часовай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь для вывучэньня дзейнасьці камэрцыйных структур, якія дзейнічаюць пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіраваньня”. Неабходнасьць стварэньня такой камісіі (тут і ў далейшым буду называць яе так, як яна і ўвайшла ў грамадзкую сьвядомасьць і ў гісторыю Беларусі — антыкарупцыйная) была для ўсіх відавочнай. Канешне, тыя катэджы, якія будавала пры Кебічу чынавенства, у параўнаньні з маёнткамі часоў першага прэзыдэнта могуць падавацца ня вельмі шыкоўнымі, - але тады, на фоне цяжкага эканамічнага становішча і беднасьці, яны успрымаліся выклікам. У дэпутацкім корпусе ішлі гаворкі пра мільённыя (у далярах) крэдыты фірмам, створаным высокапастаўленымі чыноўнікамі з кебічаўскага атачэньня і запісаных на сваіх дзяцей і жонак (вярталіся тыя крэдыты ўжо ў рублях і ў памерах, у тысячы разоў меншых з-за гіпэрінфляцыі). Многія сёньняшнія карпарацыі пабудаваныя на капіталах, прыхопленых у часы Кебіча. Яшчэ на дзесятай Сэсіі, па выніках справаздачы выканаўцы абавязкаў Гэнпракурора Кандрацьева “Аб барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй”, ВС прыняў пастанову, адным з пунктаў якой было рашэньне стварыць камісію па вывучэньню дзейнасьці камэрцыйных структур пры ворганах кіраваньня. Як паведаміў старшыня камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Уладзімер Леўчык, які прадстаўляў праект пастановы на сэсіі, склад камісіі разглядаўся на Прэзыдыюме ВС у студзені 1993 г. Так, прапаноўвалася стварыць камісію з дзевяці чалавек, а старшынём прызначыць Міхаіла Марыніча. Леўчык сказаў, што “члены часовай камісіі пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў будуць мець права ўваходу і бесперашкоднага доступу ва ўсе дзяржаўныя і грамадзкія органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, а таксама камэрцыйныя структуры, знаёміцца ў поўным аб’ёме з усёй дакумэнтацыяй, якая патрабуецца пры правядзеньні праверак, атрымліваць ад службовых асоб і іншых работнікаў неабходныя даведкі і пісьмовыя тлумачэньні па пытаньнях іх дзейнасьці. Ураду, Пракуратуры, Нацыянальнаму банку, міністэрствам і ведамствам рэспублікі, мясцовым Саветам, іх выканаўчым камітэтам неабходна будзе, на погляд нашай камісіі, садзейнічаць рабоце часовай камісіі, забясьпечваць прадастаўленьне ёй дакладнай інфармацыі, аказваць неабходную дапамогу ў выкананьні ўскладзеных на камісію функцый”. Як бачым, паўнамоцтвы ў антыкарупцыйнай камісіі былі надзвычайныя (праўда, практычна ўсе яны ў дэпутатаў ВС меліся паводле Закону аб статусе дэпутата, але іх рэалізацыя часам сутыкалася з чынавенцкім супрацівам). Было ад пачатку зразумела, што камісія (і асабліва яе старшыня) здабудуць “выбуховую” інфармацыю і таму атрымаюць магчымасьць вялікага палітычнага ўплыву. Апазыцыя БНФ вырашыла вылучыць на пасаду старшыні камісіі Сяргея Антончыка. Натуральна, мы разумелі, што Вярхоўны Савет яго не зацьвердзіць — але, па-першае, дэпутат БНФ атрымліваў права выступу і магчымасьць выкласьці праграму антыкарупцыйных дзеяньняў. А па-другое, ён адцяняў і тым самым надаваў больш шанцаў быць абраным Міхаілу Марынічу, які, з большага, нас задавальняў і, як мы ведалі, ня быў зьвязаны з “мафіяй”, хаця і зьяўляўся намесьнікам старшыні Дзяржкамітэту па зьнешнеэканамічных сувязях — аднаго з самых карумпаваных ведамстваў. Але, нечакана для ўсіх, Марыніч ад старшынёўства у Камісіі адмовіўся (чаму – для мяне і па сёньня загадка) і прапанаваў Яўгена Глушкевіча, які ў той час працаваў у Кантрольнай палаце. Папрасілі не ўключаць іх у склад камісіі і раней вылучаныя дэпутаты Пісарэвіч і Давідовіч. Валянцін Голубеў, як мы і дамовіліся, вылучыў у склад Камісіі Сяргея Анончыка. Далей цытую стэнаграму сэсіі (старшыняваў на ёй Станіслаў Шушкевіч). “Старшыня: Пяты мікрафон. Апошняе выступленьне. Лябедзька А.У. Па-першае, я думаю тут не стаіць пытаньне прымаць пастанову ці не, бо гэта пытаньне ўжо палітычнае. І той, хто ведае, якая сытуацыя зараз у нас складваецца, павінен зразумець. і калі мы не прымем сёньня пастановы, то заўтра знойдзецца той, хто заўтра абвінаваціць Вярхоўны Савет, што ён не хоча вырашаць гэта пытаньне. І, па-другое, непасрэдна ўлічваючы, што ёсьць два самаадводы, я хацеў бы прапанаваць таксама канкрэтную кандыдатуру — гэта дэпутат Лукашэнка. І менавіта, каб ён узначаліў гэту камісію. Дзякуй за ўвагу. Cтаршыня: Вельмі добрая прапанова”. Такім чынам, Лябедзька прапанаваў абраць старшынём антыкарупцыйнай камісіі Лукашэнку, што Шушкевіч ацаніў як “вельмі добрую прапанову”. Але гэта яшчэ зусім не азначала, што Лукашэнка будзе абраны – нават у склад камісіі, а ня тое што яе старшынём. Пасьля таго, як Марыніч зьняў сваю кандыдатуру і прапанаваў Глушкевіча, мы вырашылі не мяняць тактыку, а, як і было дамоўлена, вылучаць на старшыню Антончыка, даўшы яму магчымасьць выказаць антыкарупцыйную плятформу Апазыцыі. А галасаваць — і за Антончыка, за Глушкевіча. Яўген Глушкевіч да абраньня ў Вярхоўны Савет быў загадчыкам аддзелу Віцебскага абкаму кампартыі, яшчэ раней — першым сакратаром Аршанскага гаркаму, а да гэтага — камсамольскім работнікам, і на пасадзе старшыні Цэнтральнай рэвізійнай камісіі усяго “саюзнага ” камсамола набыў вядомасьць антыкарупцыянэра. Дэпутацкай большасьцю ён ўспрымаўся, у асноўным, станоўча — нягледзячы на тое, што часам падпісваў заявы Апазыцыі БНФ. Словам, ён быў абсалютна “прахадной” кандыдатурай на пасаду старшыні антыкарупцыйнай камісіі, за яго б прагаласавалі і экс-камуністы, і дэпутаты БНФ. І, што важна, Глушкевіч сапраўды быў здольны эфэктыўна наладзіць працу (у Кантрольнай палаце ён набыў адпаведны вопыт). Леўчык прапанаваў прымаць пастанову аб стварэньні часовай камісіі не па пунктах, а ў цэлым, удакладніўшы толькі пэрсанальны склад камісіі (звычайная практыка ў выпадках, калі няма заўваг па тэксьце). З улікам таго, што прапанова Леўчыка ні ў каго ня выклікала пярэчаньняў, наступным крокам Шушкевіча, па лёгіцы, павінна была быць пастаноўка на галасаваньня пэрсанальнага складу камісіі, і толькі потым — выбары яе старшыні (бо тэарэтычна заставалася магчымасьць, што нейкая кандыдатура (напрыклад, той жа Лукашэнка) ня будзе абраная ў склад камісіі і, адпаведна, згубіць магчымасьць яе ўзначаліць). Тут зраблю невялікае ўдакладненьне. Сьпікер парлямэнту нават тады, калі вядзе сэсію у строгай адпаведнасьці з рэглямэнтам, заўсёды мае магчымасьць маніпуляваць заляй — даць слова аднаму дэпутату і ня даць другому, спыніць спрэчкі і дачасна паставіць пытаньне на галасаваньне. Так, напэўна, ва ўсіх парлямэнтах і ва ўсе часы. У выпадку Вярхоўнага Савета 12 скліканьня такія магчымасьці сьпікера значна павялічваліся таму, што парлямэнт працаваў паводле Часовага, а не пастаяннага рэглямэнту, і шмат якія тонкасьці не былі прапісаныя. Між іншым, адразу пасьля самаадводу Марыніча я нагадаў пра неабходнасьць прыняць нарэшце пастаянны Рэглямэнт. Аднак кіраўніцтва ВС, як выглядала, задавальняў Часовы Рэглямэнт. Яшчэ на пасадзе першага намесьніка старшыні ВС, калі даводзілася замяняць Дземянцея, Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч навучыўся выкарыстоўваць “нерэглямэнтаваныя” магчымасьці сьпікера (ігнараваньне просьбы выступіць, адключэньне мікрафона), а ўжо будучы старшынём — давёў сваё майстэрства да віртуёзнасьці. Часам гэта ішло на карысьць справе, але ўсё часьцей – у інтарэсах нашых апанэнтаў. Здаралася і так, што Шушкевіч кіраваўся нейкімі толькі аднаму яму вядомымі прычынамі (можа быць, асабістай сымпатыяй альбо антыпатыяй, незалежна ад палітычнай пазыцыі дэпутата). Была толькі адна магчымасьць атрымаць слова насуперак жаданьня сьпікера — выказацца “па парадку вядзеньня сэсіі”, гэта значыць, каб выказаць заўвагу сьпікеру адносна працэдуры вядзеньня. Сьпікер дзеля гэтага быў абавязаны прадставіць слова. І ў такі момант можна было сказаць некалькі фразаў па “іншай” тэме — зразумела, калі пасьпееш да адключэньня мікрафону. Але і ў гэтым выпадку сьпікер мог “не заўважыць” просьбы выступіць, што здаралася ўсё часьцей. Звычайна пры падобных маніпуляцыях Шушкевіча мы, дэпутаты БНФ, выстройваліся каля мікрафонаў, патрабавалі слова, пратэставалі — у стэнаграмах сэсіі гэта адзначалася выразам “шум у залі”. Мы чакалі, што пачнецца галасаваньне па складу камісіі. У крайнім выпадку, Шушкевіч, калі вырашыў памяняць парадак і спачатку абіраць старшыню, павінен быў паставіць на галасаваньне ўсе прапанаваныя кандыдатуры. Але Шушкевіч гэтага не зрабіў. Ён ня тое што ня даў вылучыць іншыя кандыдатуры на пасаду старшыні (і мы пазбавіліся магчымасьці прапанаваць Антончыка), але нават не паставіў на галасаваньне ўжо вылучаную і абсалютна рэальную, “прахадную” кандыдатуру Глушкевіча, што проста абавязаны быў зрабіць. Адбылося тое, чаго ніхто ня мог прадбачыць – нагэтулькі беспрэцэдэнтным было парушэньне працэдуры. Цытую стэнаграму: Шушкевіч: “Добра. Паважаныя народныя дэпутаты! Паколькі паважаны народны дэпутат Марыніч Мікалай Апанасавіч, якога… прасіў быў не рабіць яго старшынёй… Я думаю, што яго пасада такая, што яму даволі-такі складана, сапраўды, займацца гэтай справай. Давайце Лукашэнку кіраўніком… (Шум у зале). Вы мне прабачце, ну так мне хацелася, каб ён быў вялікім начальнікам, Лукашэнка… (Шум у зале). (Гэта мы, дэпутаты БНФ, пайшлі да мікрафонаў і патрабавалі слова “па парадку вядзеньня” – каб спыніць парушэньне сьпікерам працэдуры. Шушкевіч імгненна абыграе гэты працэсуальны тэрмін – “па парадку” – С.Н.). І я па парадку прагаласую. Хто за тое, каб старшынёй камісіі быў народны дэпутат Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч, прашу галасаваць. Хто супраць? Хто ўстрымаўся? Вынікі галасаваньня: кворум для галасаваньня 231. Кворум для прыняцьця рашэньня 174. Зарэгістравана 260. Прагаласавала “за” 198. Прагаласавала “супраць” 4. Устрымалася 5. Усяго прагаласавала 207. Не галасавала 53. Рашэньне прынята”. 4 чэрвеня 1993 г. пачаўся новы этап у біяграфіі Лукашэнкі. У лёсе краіны – таксама. Крыніца: РадыёСвабода, 02.06.2011 7/6/2011 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |