Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Мікалай Крыжаноўскі: МОВА – НАЙБОЛЬШ ЭФЭКТЫЎНАЯ ЗБРОЯ АБАРОНЫ Чым жыве сучаснае беларускае грамадзтва? Якія каштоўнасьці яму даражэйшыя? Якія ў яго прыярытэты? Ці ведаюць нашыя людзі сапраўдную гісторыю сваёй Радзімы? Ці задумваюцца яны пра яе будучыню? Ці хвалюе нашых людзей стан духоўнага і фізічнага здароўя іх дзяцей, унукаў? Гэтыя ды іншыя падобныя пытаньні ня можа ня ставіць перад сабой нармальны чалавек, як і ня можа ён не шукаць на іх сумленныя і шчырыя адказы. Адным з найбольш актуальных пытаньняў сучаснага беларускага грамадзтва ёсьць пытаньне пра сёньняшні стан беларускай мовы ў нашай краіне. Многія людзі яшчэ не ўсьвядомілі даўно вядомую ісьціну, што губляючы родную мову, чалавек разам зь ёй губляе ўсё лепшае, што яму назапасілі продкі: гісторыю, культуру, духоўнасьць, інтэлект, свабоду, і, як апошні вынік, – маёмасьць і дабрабыт. Так, так даражэнькія, і маёмасьць, і дабрабыт, якія, на вялікі жаль, сталі галоўным прыярытэтам ці не бальшыні сучасных беларускіх людзей. Гэта яскрава пацьвердзілі падзеі ў нашай краіне за апошнія 7–8 месяцаў, калі большасьць беларусаў з жахам заўважыла, што раптоўна згубіла вялікую частку свайго дабрабыту. Расея палітычна зацікаўленая ў тармажэньні разьвіцьця беларускай нацыі, у дамінантнай інфармацыйнай прысутнасьці ў Беларусі, у распаўсюджаньні ў нашай краіне расейскай мовы, у маргінальным статусе беларускай мовы ды ў іншых падобных рэчах. Такі падыход застаецца нязьменным ужо шмат гадоў. Яшчэ на пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя ў нашай краіне школы ў сваёй большасьці былі беларускімі, дзе ўсе прадметы выкладаліся толькі па-беларуску. Мне пашчасьціла вучыцца ў такой школе. Тады галоўныя падручнікі мелі вельмі прыгожыя і дакладныя назвы: «Родная мова» і «Родная літаратура». Менавіта так – родныя, бо іншымі для беларусаў яны і не маглі быць. Цяпер гэтыя падручнікі называюцца так, як і іншыя, у тым ліку, замежныя – «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура». Мусіць гэта таму, што для тых, хто зьмяняў назву падручнікаў, беларуская мова не была роднай. Навукова абгрунтавана, што беларускія дзеці, якія навучаюцца на беларускай мове, лепш засвойваюць матэрыял, маюць больш грунтоўныя веды, чым такія ж беларускія дзеці, якія навучаюцца на рускай мове. Гэта было пацьверджана ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі па ўсёй краіне дзейнічалі беларускія школы і беларускія дзіцячыя садочкі. Тады ўсе выпускнікі Беларускага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, дзе навучаньне праводзілася выключна на беларускай мове, (усе 100 %) без прблем паступалі ў ВНУ, дзе быў вельмі высокі конкурс. Гэта праўдзівы факт і, падобна на тое, што гэта ёсьць галоўная прычына ліквідацыі ліцэя кіруючым антыбеларускім рэжымам. Галоўнай мэтай таго рэферэндуму была ліквідацыя статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, і наданне ёй маргінальнага статусу. У нашай краіне на самым высокім дзяржаўным узроўні адкрыта дэманструецца непавага да беларускай мовы. Ні той, хто займае сёньня пасаду кіраўніка дзяржавы, ні яго бліжэйшыя памочнікі, міністры, – ніхто з высокіх дзяржаўных асобаў публічна не ўжывае мову дзяржавы, на вяршыні ўлады якой яны апынуліся. Такога няма больш нідзе ў сьвеце. Ці не таму ў нашай краіне сёньня няма ніводнага беларускамоўнага дзіцячага садочку, ніводнай цалкам беларускамоўнай школы і ніводнай беларускамоўнай ВНУ. Вынік антыбеларускай дзейнасці кіруючага рэжыму відавочны. 1. Дэмаграфічная сытуацыя ў нашай краіне характарызуецца працэсам дэпапуляцыі. Штогадовая колькасьць памерлых перавышае колькасьць нарадзіўшыхся. За 17 гадоў колькасьць насельніцтва нашай краіны зьменшылася больш як на 600 тыс. чалавек. Замест таго, каб стварыць спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя ўмовы для паляпшэньня дэмаграфічнай сытуацыі ў Беларусі, рэжым плануе прыцягнуць у нашу краіну перасяленцаў з іншых краін (найбольш верагодна, што з Расеі), выплочваючы ім пад’ёмныя ў памеры 1000 долараў на кожнага. Відавочна, што прыстойны чалавек і дбайны гаспадар за такія грошы не будзе адрывацца ад свіх каранёў. На такое можа спаквапіцца толькі лайдак. Такім чынам рэжым плануе замяняць выміраючае беларускае насельніцтва люмпен-пралетарыятам з суседніх краін. Гэта ёсць звычайны генацыд. 2. Рэжым сьвядома стварыў спрыяльныя ўмовы для алкагалізацыі насельніцтва. У выніку паводле ацэнкі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны беларус у пераліку на чысты спірт ў 2010 годзе спажыў 15,13 літра алкаголю. Гэта выводзіць нашу краіну ў дзясятак найгоршых па гэтым паказчыку ў свеце. Па гэтаму паказчыку Беларусь у хуткім часе можа дагнаць Расею, дзе ў год на аднаго чалавека спажываецца 18 літраў чыстага алкаголю. 3. Катастрафічна падае маральны ўзровень грамадзтва, асабліва сярод моладзі. 4. Мэтанакіравана разбураецца сістэма беларускай адукацыі. У мінулым годзе пры правядзенні ў ВНУ дзяржаўнага тэставаньня высветліўся вельмі нізкі ўзровень ведаў выпускнікоў школ па ўсіх прадметах. На бюджэтную форму навучаньня вымушаны былі залічваць абітурыентаў, агульны бал якіх па профільных прадметах не перавышаў 25 з магчымых 100. Гэта значыць, што месцы ў беларускіх ВНУ пачалі займаць двоечнікі і троечнікі. Сёлета сытуацыя ня толькі не палепшылася, а стала яшчэ горшай. Раней заўсёды ў беларускіх ВНУ былі вялікія конкурсы. Каб стаць студэнтам, трэба было ўступныя экзамены здаць не ніжэй, як на «добра» і «выдатна». 5. Разбураецца беларуская эканоміка. Зьніжаецца канкурэнтаздольнасьць найбольш важных відаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У выніку расьце адмоўнае сальда зьнешнегандлёвага балансу – аднаго з важнейшых макраэканамічных паказчыкаў. Гэта – адна з прычын сёньняшняга валютна-фінансавага крызісу. 6. Каб не дапусціць поўнага краху эканомікі і часова прадухіліць сьпеючы ў грамадстве сацыяльна-эканамічны выбух рэжым набірае замежныя крэдыты, якія вяртаць павінны будуць нашы дзеці і ўнукі. Зьнешні доўг краіны ўжо перавысіў 30 млрд. даляраў ЗША. (больш як па 3000 даляраў на кожнага беларуса). 7. Каб працягнуць далей сваё ганебнае існаваньне рэжым гандлюе нацыянальнай маёмасьцю, набытай многімі папярэднімі пакаленьнямі беларусаў. 8. Расейскі крымінальны капітал пры спрыяньні антынароднага рэжыму апанаваў, практычна, усе камандныя вяршыні ў беларускай эканоміцы. Унутраны гандаль манапалізуецца праз супэрмаркеты, якія ствараюцца і кантралююцца не беларусамі. Беларускае ж прадпрымальніцтва пасьлядоўна і мэтанакіравана разбураецца. Пад выглядам навядзеньня парадку рэжымам ліквідавана большасьць кропак дробнага розьнічнага гандлю, не разьвіваецца сярэдні бізнес. 9. Забаронены спрадвечныя нацыянальныя дзяржаўныя сымвалы – герб “Пагоня” і сьвяты Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, а іх носьбітаў жорстка перасьледуюць. Дзяржаўнымі абвешчаны штучныя сымвалы савецкага часу, якія не адпавядаюць сапраўднай беларускай гісторыі і зьяўляюцца акупацыйнымі прыдумкамі. 10. Сёньняшняя падрэжымная Беларусь – сусьветны і эўрапейскі лідар па колькасьці асуджаных і па колькасьці міліцыянераў на 100 тысяч насельніцтва, а таксама лідар па самазабойствах. Відавочна, што вяртаньне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы дало б магчымасьць ачысьціць органы дзяржаўнага кіраваньня ад рускамоўных чыноўнікаў, якія ненавідзяць беларускую мову і варожа ставяцца да ўсяго беларускага. Гэта дазволіла б сфармаваць дзеяздольны беларускі урад, беларускі парлямант, беларускае правасуддзе, палепшыць стан беларускай адукацыі, беларускай культуры, беларускай навукі, беларускай эканомікі, беларускага войска і беларускай міліцыі. Дык абаронім жа чалавечую годнасьць і свае нацыянальныя інтарэсы. Дэпутат Вярхоўнага Савета 23/7/2011 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |