Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон ПАЗЬНЯК: ВЫЗНАЧАЛЬНАЯ ПАДЗЕЯ Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ Сёлета 21-я гадавіна прыняцьця Дэклярацыі аб Незалежнасьці. Нашая Незалежнасьць здабывалася доўга, пакутліва і цяжка на працягу двухсот гадоў расейскай акупацыі. На алтар Незалежнасьці пакладзены мільёны беларускіх жыцьцяў, панесены вялікія страты. Яны не змарнаваліся, не прапалі дарма. Першы этап незалежнасьці, які громам адазваўся ў гісторыі нацыянальнага Адраджэньня, адбыўся 25 Сакавіка 1918 года, калі было аб’яўлена аб незалежнасьці толькі што ўтворанай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты Акт стаў падзеяй велізарнага значэньня, адчыніў новую незалежніцкую эпоху беларускага змаганьня. Другі (вырашальны) этап адбыўся 25 Жніўня 1991 года пасьля правалу камуністычнага імпэрскага путчу ў Маскве, калі стварылася ўнікальная магчымасьць перамогі для змагароў за свабоду і дзяржаўную незалежнасьць акупаваных краін у СССР. У Беларусі сытуацыя была найгоршай з прычыны антынезалежніцкага характару камуністычнай намэнклятуры, якая трымала на той час усю ўладу ў краіне. Супраціўленьне намэнклятуры было пераадолена дэпутатамі Фронту — незалежнасьць была дасягнута. Але перад 25-м жніўнем 1991 г. адбылася падзея 27-га ліпеня 1990 г., якая істотна аблегчыла і канкрэтызавала аб’яўленьне незалежнасьці Беларусі. Гэтая падзея – прыняцьце Вярхоўным Саветам Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларускай ССР. Тады, у ліпені 1990-га, Дэпутаты Народнага Фронта выкарысталі няўмелую палітыку Гарбачова па абнаўленьні СССР (які хацеў шляхам прыняцьця фармальных дэклярацыяў аб суверэнітэце “рэспублік” заключыць новую “саюзную дамову” і зачыніць пытаньне пра незалежнасьць). Дэпутаты-фронтаўцы рашуча паўплывалі на напісаньне тэксту Дэклярацыі і ўзялі ініцыятыву ў свае рукі, ажыцьцявілі гнуткую і незразумелую камуністам псіхалагічную тактыку імітацыі адваротнай пазыцыі, удаваньня абструкцыі дасягнутага (выхад з залі галасаваньня) з мэтай згуляць на іхняй псіхалогіі і справакаваць іх прывычна прагаласаваць “у піку” і супраць БНФ (а ў рэальнасьйці – за тэкст Дэклярацыі, які фронтаўцы дыскусійна выйгралі ў камуністаў). Прыняцьце Дэклярацыі аб суверэнітэце само па сабе было важным дасягненьнем на шляху да незалежнасьці Беларусі. Гэты Акт павярнуў думаньне грамадзкасьці ў натуральнае незалежніцкае рэчышча, дазволіў беларусам убачыць пэрспэктыву краіны, сфармаваць сваю пазыцыю і спосаб паводзінаў. Паміж дзьвума вялікімі падзеямі – 25 Сакавіка 1918 і 25 Жніўня 1991 – знаходзіцца Дэклярацыя 27 Ліпеня 1990 года – вызначальны чыньнік нацыянальнай барацьбы, які папярэднічаў і паспрыяў дасягненьню незалежнасьці. Гэтую дату - 27 ліпеня - (якую ў пачатку 90-х афіцыйна сьвяткавалі як Дзень Незалежнасьці) беларусы павінны памятаць і адзначаць у сваім календары як этап да свабоды і вызначальную падзею ў гісторыі Беларусі. 27 ліпеня 2011 г. Зянон ПАЗЬНЯК 26/7/2011 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |