Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: НАПЕРАДЗЕ АДРАДЖЭНЬНЕ

(Даклад на ІХ Зьезьдзе Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і ХІ Зьезьдзе Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

Паважаныя дэлегаты Зьезду, паважаныя госьці, вітаю Вас на нашым Зьезьдзе, але найперш віншую Вас з 20-годдзем Незалежнасьці Беларусі!

Які б цяжкі час мы зараз не перажывалі, але Незалежнасьць ёсьць! Ёсьць дзяржава, ёсьць свой народны дом, а значыць ёсьць і будучыня, якая залежыць ад таго, як пакіруемся мы ў сваім доме, які мы навядзем у доме парадак. Гэта значыць, што наша народная будучыня залежыць найперш ад нас самых. Такія магчымасьці дае нам незалежнасьць.

200 гадоў ішла Беларусь да Незалежнасьці, да вяртаньня дзяржавы і волі. На гэтым шляху былі вялікія страты, ахвяры і мільёны загубленых жыцьцяў. І вось гэты дзень адбыўся 25 жніўня 1991 года.

Нашаму пакаленьню і шмат каму з тых, хто сядзіць у гэтай залі, выпала вялікае шчасьце і гонар змагацца за волю і Незалежнасьць Айчыны і здабыць яе для Беларусі.

х х х

Зьвяртаючыся да цяперашняга цяжкага часу і ўсіх гэтых ганебных для грамадзтва і культуры гадоў, мы кажам пра прычыну, якая ўсім відаць: 20 гадоў таму была здабыта народная Незалежнасьць Беларусі, але не дасягнута народнай улады. Улада засталася ў руках савецкай каляніяльнай адміністрацыі, якая знайшла пры дапамозе Масквы і вылучыла свайго стаўленіка.

Ёсьць яшчэ адна ўнутраная прычына кансэрвацыі заганнага становішча ў нашым грамадзтве. За кароткі час адноснай нацыянальнай свабоды пры ўладзе постсавецкай намэнклятуры ў пачатку 90-х гадоў не адбылося яшчэ ідэёва-духовай рэвалюцыі ў сьвядомасьці людзей. Занадта кароткі быў час (тры гады). Грамадзтва не пасьпела збавіцца ад старога думаньня, ад каляніяльнага грузу імпэрскага саветызму. Дзеля гэтага павінна б было зьявіцца цэлае пакаленьне, якое прайшло праз сістэму сярэдняй і вышэйшай нацыянальнай адукацыі. Такой магчымасьці не ўзьнікла і рэстаўрацыя саветызму (савецкай сістэмы ўлады і дачыненьняў) у аўтарытарнай антыбеларускай упакоўцы стала магчымай пры падтрымцы расейскай агентуры (пра што, дарэчы, сам узурпатар неаднаразова выказваўся).

Сутнасьць рэжыму, які ўсталяваўся ў Беларусі, і стратэгічны зьмест ягонага існаваньня заключаецца ў антыбеларускай, антынацыянальнай ськіраванасьці. Гэта ўлада, якую прынята называць у палітыцы рэжымам унутранай акупацыі. За рэжымам стаіць Масква і праз яго праводзіць свае пляны нішчэньня беларускай нацыі.

Адбываецца халодная рэпрэсіўная вайна з народам і нацыянальнай культурай. Аб’ектам атакі рэжыму стала ўсё нацыянальнае ад беларускай мовы і беларускіх актывістаў да аб’ектаў прыроды і нацыянальных краявідаў.

Законы, якія прымаюцца рэжымам, у вялікай частцы сваёй адмыслова антыбеларускія. Але сутнасьць у тым, што ніякія законы не выконваюцца, калі паўстае нагода нішчэньня культурнага, беларускага, грамадзянскай супольнасьці і гістарычнай памяці.

У такіх умовах традыцыйная дзейнасьць беларускай партыі немагчымая. Аднак мы навучыліся дзейнічаць у ценю і выкарыстоўваць магчымасьці.

х х х

Ад правільнага вызначэньня сутнасьці галоўнага палітычнага канфлікту залежыць магчымасьць перамогі. Усё ідэйна-сацыяльнае канфліктнае поле ў Беларусі абумоўлена і вынікае з галоўнага сутыкненьня паміж палітыкай расейскага імпэрыялізму і беларускім нацыянальным адраджэньнем, якое ў жніўні 1991 года здабыло незалежнасьць Беларусі. Усе астатнія праблемы і сутыкненьні (правы чалавека, антыдэмакратызм, беззаконьне і т.п.) ёсьць пабочныя і вытворныя ад асноўнага вызначальнага канфлікту.

Рэжым пачынаўся ад ліквідацыі нацыянальнай дзяржаўнай сымволікі, нішчэньня беларускай мовы як дзяржаўнай мовы краіны, спаленьня беларускіх падручнікаў, зачыненьня беларускіх школаў, закрыцьцём беларускіх часопісаў і выдавецтваў, беларускага радыё і тэлебачаньня і выявіўся як тэрарыстычная антынародная ўлада, дзе бяссьледна зьнікаюць людзі, а моладзь сядзіць у турмах за патрыятычныя перакананьні.

На пачатку гэтага антынароднага разбурэньня не стаяла пытаньня пра правы чалавека і дэмакратыю. Нацыянальную Беларусь зьнішчалі, выкарыстоўваючы механізм дэмакратыі. Была незаконна ліквідаваная мяжа з Расеяй і адчыненыя шлюзы для чужой разьведкі і чынавенства, якім разьмяркоўвалі ключавыя пасады ва ўладзе і нават у войску і дзяржбясьпецы. Унутраная акупацыя перажывала актыўную фазу захопу краіны знутры і, галоўнае – тых пазыцыяў, якія давалі магчымасьць паралізаваць і нішчыць разьвіцьцё беларускай культуры.

Былі захоплены, практычна, усе сродкі масавай інфармацыі, нацыянальнае тэлебачаньне ператварылі ў злосны расейскі пасквіль на Беларусь і нават нацыянальнай кінастудыяй стаў кіраваць палкоўнік чужой разьведкі, выдаючы ў пракат псэўдагістарычны антымастацкі кіч. Краіна пагрузілася ў цемру, хамства і хлусьню, якая стала сутнасьцю і візітнай карткай антыбеларускага рэжыму.

У 90-х гадах акупацыйнай палітыцы рэжыму рашуча супрацьпаставіўся Беларускі Народны Фронт. Сіла і посьпех Народнага Фронту былі перш за ўсё ў яго народнасьці, у вялікай аб’яднаўчай нацыянальнай ідэі, зь якой ён узначаліў змаганьне супроць камунізму. Вельмі важна таксама было тое, што ў барацьбе з Фронтам савецкія спэцслужбы (КГБ і інш.) пацярпелі паражэньне (імгненнае стварэньне Фронту, Курапаты, незалежнасьць Беларусі, блакіроўка агентуры ў структурах БНФ і г.д.).

У 1997 годзе на V Зьезьдзе БНФ было прынята вельмі важнае рашэньне аб стварэньні Вызвольнага Руху начале з Фронтам на барацьбу з антыбеларускім рэжымам. Гэта значыць, што супроць рэжыма рыхтавалася выступаць аб’яднаная нацыянальная апазыцыя пад нацыянальнымі сьцягамі і дэмакратычнымі лёзунгамі. Нацыянальная сіла рабілася б дэмакратычнай альтэрнатывай антыбеларускаму рэжыму. У Беларусі існавала б сьветлая пэрспэктыва.

Такі паварот на пэрспэктыву адраджэньня і моцы Беларусі занепакоіў Маскву і Эўропу. Масква і ейны рэжым у Беларусі пачалі прысьпешваць праект інтэграцыі. Эўропа тым часам пачала ствараць сваё дэмакратычнае лобі ў Беларусі, ініцыявала ўзьнікненьне рэсурсна інфармацыйнага цэнтра Хартыя-97, праз які пайшлі сродкі з Захаду на лабіраваную дэмакратыю.

У канцы таго ж года ў Менск накроўваецца прафэсійны разьведчык Ганс Вік, які ўзначальвае Менскую місію АБСЭ, навязвае кантакт з КГБ і іншымі структурамі рэжыму. Пачынаецца сумесная праца з КГБ па развалу Народнага Фронту і стварэньні падстаўной дэмакратычнай апазыцыі без нацыянальнай праграмы дзейнасьці. (Усё гэта засьведчана падзеямі і словамі самога Ганса Віка).

І тут, у гэты час, адчынілася нядобрая старонка ў слаўнай дзейнасьці БНФ. Тое, чаго не змагла зрабіць Масква і цэлая рота ейнай агентуры, зрабілі халяўныя грошы з Захаду. Просьценькая спакуса шмат каму здалася не пад сілу. У выніку Фронт раскалолі. Народны рух перастаў быць дамінуючай аб’яднанай сілай і, адпаведна, нацыянальнай альтэрнатывай выхаду са стагнацыі і разбурэньня.

На паверхню Эўропа выцягвае ненацыянальную апазыцыю, якая пачынае гаварыць пра правы чалавека і лібэральныя каштоўнасьці. І гэта на фоне брутальнага вынішчэньня каштоўнасьцяў Беларускай нацыі.

х х х

Гэты кароткі аглядны экскурс я зрабіў, каб лепш было зразумелым цяперашняе становішча і дачыненьні з Масквой і Эўропай. Нагадаю толькі пра сутнасьць і галоўны інтэрас у гэтых дачыненьнях. Галоўным жа інтарэсам у адных і другіх зьяўляюцца не дэклярацыі намераў, не дэмакратыя і не правы чалавека, а геапалітыка і прагматычны (собскі) разьлік. Так было заўсёды, пачынаючы ад падзелаў Рэчы Паспалітай, і так ёсьць цяпер. Газа-нафтавая труба і стратэгічны разьлік вызначаюць палітыку з Усходу і Захаду адносна Беларусі. Ніхто зь іх не зацікаўлены ў моцнай, эканамічна дамінуючай і палітычна незалежнай Беларусі. Змаганьне йдзе за сфэру ўплыву, ступень якога розьніцца, але сутнасьць стратэгіі застаецца.

Найбольш небясьпечная для нас палітыка Усходу, якая доўжыцца ўжо стагоддзямі і канцовай мэтай мае поўную ліквідацыю беларускай нацыі і дзяржавы. Палітыка Эўропы больш лаяльная, менш пагражае нашаму нацыянальнаму разьвіцьцю і зацікаўлена галоўным чынам ва ўсталяваньні сфэры свайго ўплыву і экспарце сваіх сумніўных “каштоўнасьцяў”.

Палітыка Эўропы адносна рэжыму на Беларусі надзіва прымітыўная, зыходзіць з абстрактных уяўленьняў, а не з рэальнага аналізу сытуацыі, якую яны не ў стане адэкватна ацаніць, бо яна не ўкладваецца ў іхныя лібэральна-касмапалітычныя схемы.

А схемы простыя: разбурэньне ў Беларусі нацыянальна-дэмакратычнага супраціву, стварэньне лабіраванай (кіруемай) дэмапазыцыі, фінансавая падтрымка яе дзейнасьці, прымушэньне яе да ўдзелу ў рэжымных выбарах, шляхам якіх (як думаюць “мудрацы” у Эўропе) гэтая “апазыцыя” паступова прыйдзе да ўлады.

Гэтая “палітыка” паўтаралася з году ў год, ад выбараў да выбараў, аж пакуль разгубленыя эўрадзеячы не ўбачылі, што кіруемая псэўдаапазыцыя ператварылася ў вялікую халяву і гатовая хоць тысячу разоў наступіць на адны і тыя ж граблі, абы плацілі.

У выніку, шукаючы выйсьця, Эўропа прыдумала “Усходняе партнёрства” і прыняла саламонавае рашэньне супрацоўнічаць адначасна з рэжымам і з “апазыцыяй”. Чарговы наіўны праект заключаўся ў тым, што Лукашэнка пачынае паступова рэформы ў заканадаўстве і эканоміцы, а Захад будзе яму ўсё гэта аплочваць (даваць крэдыты) і такім чынам (як думалі брусэльскія “стратэгі”) яны ўвядуць рэжым у прававое і эканамічнае поле дэмакратыі.

Гэтая школьная вучнёўская стратэгія, вядома, мусіла хутка скончыцца. Можна толькі ў соты раз зьдзівіцца наколькі чыноўна-палітычная Эўропа не разумее, з кім мае справу. Узурпатар, які прадаецца Маскве за мільярды, гатовы быў прадавацца і Эўразьвязу, але не за капейкі і не за рэформы. “Прымайце мяне такім, якім я ёсьць” – “тонка” у двукосьсі намякаў ён Эўропе. Але каб перакупіць гэты рэжым у Масквы на корані, патрэбныя былі дзясяткі мільярдаў даляраў. І што потым зь ім, узурпатарам, Эўропе рабіць, няма ніякіх рычагоў (ні нафты, ні газу), каб гэты рэжым утрымаць пасьля таго, як ён скарыстае крэдыты? У выніку на цане не зышліся і гандаль не адбыўся. Праўда, у верасьні 2010 года Эўразьвяз ужо прапаноўваў тры мільярды эўра і крэдытныя пэрспэктывы. Але такой сумай Маскву не пераб’еш. Таму выбар быў зроблены ў карысьць Масквы і гэты выбар аказаўся для ўзурпатара пасткай, якая зачынілася за ім у выніку ціхай апэрацыі расейскіх спэцслужбаў. Настала цяжкая пара. Але ня столькі для ўзурпатара, колькі для народа, для ўсяго беларускага грамадзтва.

Увогуле, адыходзячы крыху ў бок ад тэмы, заўважу, што мы назіраем унікальную зьяву палітычнай прастытуцыі ў сістэме міждзяржаўных дачыненьняў і ўнікальнае цярпеньне людзей.
х х х

Палітыка Масквы па вынішчэньні беларускай нацыі мае доўгія традыцыі, выпрацаваную ідэалогію і стэрэатыпы. Пасьля захопу тэрыторыі ў канцы ХVIII стагоддзя галоўным накірункам гэтай вырабленай палітыкі ў Беларусі стала русіфікацыя, першым пытаньнем якой было вынішчэньне беларускай мовы, гістарычнай памяці і ўсталяваньне рускай сістэмы адукацыі. Вырабленасьць антыбеларускага, антыкультурнага этнацыду і пазьней бальшавіцкага генацыду 20-30-х гадоў уражваюць сваёй распрацаванасьцю, маштабам і вынікамі. У справу нішчэньня Беларусі (асабліва ў ХІХ стагоддзі) было ўцягнута, практычна, усё рускае грамадзтва. У выніку праз 100-200 гадоў вялікая культура і вялікая беларуская цывілізацыя скурчылася як шагрэневая скура, памяць і назва яе амаль зьніклі ў сьведамасьці нашчадкаў.

Цяперашні рэжым унутранай акупацыі працягвае ў Беларусі гэтую старую расейскую каланіяльную палітыку. Расея як рэсурсная краіна ў адрозьненьне ад Эўропы валодае энэргетычнымі рычагамі ціску на Беларусь. Каб зрабіць гэтую зброю эфектыўнай, яна пры дапамозе Лукашэнкі амаль цалкам прывязала нашу эканоміку да сваіх рэсурсаў і рынку, стварыўшы моцны чыньнік шантажу і ўплыву ў палітыцы. Аб’яўленьне разам Лукашэнкам незаконнай так званай “саюзнай дзяржавы” і незаконных структураў гэтай “дзяржавы” дазволіла расейцам кантраляваць важныя працэсы ў нашай краіне, мець інфармацыю аб магчымасьцях і падзеях.

З канца 2005 года палітыка рускага гэбізму супраць Беларусі набывае прыярытэтную эканамічную накіраванасьць. Ставіцца задача пранікненьня ў эканоміку Беларусі, ажыцьцяўленьне кантролю над ёй і забраньне прыбытковых прадпрыемстваў у расейскую ўласнасьць. Як элемэнт ціску на рэжым правакуюцца так званыя “газавыя канфлікты”.

Да канца 2008 года (пасьля нападу Расеі на Грузію) у Маскве (як можна меркаваць) быў распрацаваны радыкальны працяг “эканамічнага праекта”, накіраваны на падрыў фінансавай сістэмы Беларусі. Зноў пачынаюцца штучныя газава-нафтавыя войны, а таксама надуманыя “малочныя”, “мясныя”, “цукровыя” і іншыя па асноўных накірунках экспарту Беларусі ў Расею з мэтай яго дэзарганізацыі. У выніку рэзка падскочыла адмоўнае сальда экспартнага гандлю. Заганяньне рэжыму ў так званы “мытны саюз” Расеі і Казахстану (выгадны Расеі і шкодны для Беларусі), падняцьце цэнаў на газ і мытныя пошліны на нафту, ліквідацыя рынку і гандлю аўтамабілямі, згортваньне памежнага гандлю, плюс папулісцкае з палітычнымі мэтамі падвышэньне сярэдняга ўзроўню зарплаты ў канцы 2010 года – усё гэта прывяло да таго, што беларускі рубель захістаўся.

Пачаўся абвальны фінансавы крызіс. Прытым антыбеларускі рэжым не шукаў хуткага выхаду з крызісу, але як тыповая мафійная сістэма ўлады скарыстаў яго з мэтай прыватнага прыўладнага абагачэньня, увёўшы на гэты час розныя курсы даляра, розныя правілы крэдытаваньня і апрацэнтаваньня крэдытаў. Задача была ў тым, каб выцягнуць валюту з кішэні беларускага насельніцтва, адначасна, не даючы яму магчымасьці яе купляць.

Пагрэўшы рукі на гэтай апэрацыі, 24 траўня 2011 года аб’явілі аб дэвальвацыі беларускага рубля і правялі яе на недапушчальна высокім узроўні працэнтнага абясцэньваньня. Усе беларусы імгненна зьбяднелі больш чым на палову, а ў жыцьцёвым эквіваленце, улічваючы ўсе выплаты, цэны, паслугі, — людзі зьбяднелі ў некалькі разоў. Такое разьвіцьцё падзеяў цалкам у інтарэсах Масквы. Беднае насельніцтва ня можа эфэктыўна ўдзельнічаць у прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці.

Маскоўскі праект разьвіваецца па вельмі жорсткай схеме. Тое, што робіць Расея – гэта фінансава-эканамічная вайна, накіраваная на зьнішчэньне самастойнасьці суседняй краіны, забраньне і падпарадкаваньне яе эканомікі. Гэта праект рэйдарскага захопу вытворчасьці і маёмасьці Беларусі цераз падпарадкаваную волю аўтарытарнага дыктатара краіны, які, вобразна кажучы, узяты Масквой у закладнікі сваёй уласнай антынароднай палітыкі.

Калі казаць па сутнасьці, Масква ўзяла свайго сатрапа за горла і павольна здушвае, пэрыядычна паслабляючы хват і прыгаворчаючы, каб аддаваў ім за бясцэнь беларускую народную ўласнасьць. Дыктатура і аўтарытарны рэжым вельмі выгадныя Маскве ў яе агрэсіўнай палітыцы, бо праз аднаго сатрапа можна разбурыць і захапіць цэлую краіну.

Далейшыя падзеі, калі меркаваць па зьвестках, Крэмль будзе працягваць па той жа схеме. Калі б Маскве ўдалося забраць беларускую маёмасьць і эканоміку, то нейкі час, згодна пляну, захоўвалася б фармальная бачнасьць сувэрэнітэту краіны, але ўсім бы ўжо валодала, распараджалася і кіравала Расея, не нясучы пры гэтым ніякой адказнасьці. І толькі потым, пасьля поўнага разбэшчваньня і вынішчэньня актыўных прадстаўнікоў народа тэрыторыя траціць сувэрэнітэт і ператвараецца ў расейскі стратэгічны пляцдарм.

Мяркую, што пасьля таго, што здарылася за 17 гадоў з грамадзтвам, якое паставіла над сабой Лукашэнку (няхай сабе і з дапамогай Расеі), адносіцца да такіх антылюдзкіх плянаў Масквы трэба цалкам сур’ёзна.

х х х

Існаваньне Лукашэнкі начале ўлады ў Беларусі стала ў апошнія гады (і асабліва цяпер) крайне небясьпечным для краіны і грамадзтва. Тым часам праўных і рэальных мэханізмаў па зьмене ўлады не існуе. Яны ліквідаваныя рэжымам. У народа засталося толькі ягонае (у такім выпадку) права на рэвалюцыю. Тым больш, што рэвалюцыйныя перадумовы ствараюцца ўжо самы сабой (гэта значыць, калі народ не ў стане жыць так, як прапануе ўлада, а ўлада нічога іншага прапанаваць ня ўмее, ня можа і ня хоча).

Наша партыя дала ацэнку ўсім гэтым працэсам, вызначыла пазыцыю і сістэму дзеяньняў, якія прысьпешваюць кансалідацыю людзей супраць антыбеларускага рэжыма ў змаганьні за будучую беларускую Беларусь і дэмакратычную ўладу.

Галоўнае палажэньне нашай пазыцыі і нашых дзеяньняў – няўдзел грамадзтва ў ашуканствах і маніпуляцыях рэжымнай улады, кансалідацыя на непрыняцьці рэжымнай палітыкі, на неабходнасьці перамены ўлады і на адраджэньні нацыянальнай нармальнасьці жыцьця.

Найбольш гэта праяўляецца ў дачыненьні да выбараў. Рэжымнай уладай створана такая адміністрацыйна-фальсіфікацыйная сістэма галасаваньня, што выйграць выбары ў рэжыма немагчыма ў прынцыпе. У гэтай сістэме, практычна, ня лічаць нават галасы, робяць толькі імітацыю падліку, які выконваюць выбраныя людзі ад рэжымнай улады. Адзінае, што патрабуе тут рэжым ад выбаршчыкаў, — гэта каб прыйшлі на ўчасткі і прагаласавалі (таму зганяюць на выбары пад прымусам). Прытым няважна як выбаршчыкі будуць галасаваць (вынікі выдае сістэма фальсіфікацыі), важна, каб людзі былі на ўчастках, каб бралі і кідалі ў скрынку бюлетэні, каб была бачнасьць, што нібыта адбываюцца выбары. Пры пустых участках такой бачнасьці няма. Гэта правал, які немагчыма схаваць (і тады ўжо галасаваньне немагчыма сфальсіфікаваць незаўважна).

Байкот мусіў бы рэзка аддзяліць рэжым ад народа, спрыяў бы ўнутранай ізаляцыі рэжыма і адначасна дапамагаў бы самастойна кансалідавацца людзям. Рэжым у такім разе знаходзіцца ў падвешаным стане, дэманструе грубую і наглядную нелегітымнасьць. Такі стан – дарога да рэвалюцыйнай сытуацыі.

Тым часам удзел выбаршчыкаў у фальшывых псэўдавыбарах – гэта заўсёды выйгрыш рэжыму, працяг яго існаваньня з апорай на сфальшаваную легітымнасьць. Выбаршчыкі тут у ролі паражэнцаў. Пры байкоце выбаршчыкі знаходзяцца ў ролі суддзяў рэжыму.

Практыка паказала, што пры гэтай антыбеларускай дыктатуры людзям няма сэнсу гуляць у выбары. Задача нашай палітыкі – адасобіць грамадзтва ад рэжыму, стымуляваць паралельнае, незалежнае ад рэжыму культурна-нацыянальнае існаваньне, а рэжым падвесіць (сістэмай байкоту) у ізаляцыі ад народа, ад асноўнай часткі людзей. Стварэньне такога становішча ў грамадзтве аб’ектыўна вядзе да ліквідацыі дыктатуры. Удзел жа ў фальшывых выбарах па сцэнары рэжыму падтрымлівае рэжымнае балота і пустыя ілюзіі ў грамадзтве.

Ва ўмовах уціску, рэпрэсіяў і адсутнасьці сродкаў масавай інфармацыі наша праца ў гэтым кірунку, якая пачалася ў самым канцы 90-х, расьцягнулася на доўгія гады. Але ўжо ў 2008 і 2009 гадах мы адчулі першыя яе вынікі – людзі сьведама перасталі хадзіць на рэжымныя выбары. Фальсіфікацыя ў гэтым безвыхадным для рэжыма становішчы была настолькі грубая, што ў людзей расплюшчыліся вочы.

Асноўны настрой у масе выбаршчыкаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 года быў такі: ня йсьці на фальшывыя выбары і не галасаваць. Чакаўся вялікі правал фальшывых выбараў. І тут рэжым зноў уратаваўся ад паразы, выкарыстаўшы, як заўсёды, сваю падстаўную апазыцыю і яе палітычную прастытуцыю.

Улада пайшла на нечувальны для яе крок – лібэралізавала выбарчую агітацыю, прыняўшы ў кандыдаты дзевяць асоб з псэўдаапазыцыі (хоць бальшыня зь іх не сабрала нават належную колькасьць подпісаў). Кандыдаты рынуліся ў гэтую пастку з радасьцю самагубцаў, заклікаючы людзей галасаваць на выбарах.

Часовая вольнасьць слова, крытыка рэжыму нават на тэлебачаньні зрабілі сваю справу. Людзі забыліся пра байкот, паверылі ў ілюзію і пайшлі на ўчасткі галасаваць. Пастка зачынілася. Узурпатар аб’явіў аб сваёй перамозе на “дэмакратычных” выбарах (напісаў сабе амаль 80% галасоў). Астатнім памагатым у кепскай справе выдзеліў па 1-2 адсоткі прагаласаваных. (У сапраўднасьці, як вядома мне ад маіх інфарматараў і назіральнікаў, Лукашэнка набраў толькі каля 32-33 адсоткаў, другім быў Някляеў – 20-23 адсоткі, трэцім Мікалай Статкевіч, потым Саньнікаў і ўсе астатнія. Але ўсё гэта ўвогуле ня мае значэньня).

Фальшыва выйграўшы з падачы дэмапазыцыі “дэмакратычныя” выбары, Лукашэнка тут жа, спаўняючы сваё абяцаньне двухгадовай даўнасьці, фактычна, ліквідуе гэтую “апазыцыю” сілавым мэтадам (кідае “кандыдатаў” за краты дзеля гандлю з Захадам) і распачынае шырокія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Палітычная віна падстаўной апазыцыі ў чарговым самасцьвярджэньні Лукашэнкі ва ўладзе і распачынаньні ім новай хвалі рэпрэсіяў — велізарная. І першымі ж ахвярамі гэтай справакаванай хвалі сталі самы ўдзельнікі ганебнага выбарчага фарсу.
Мушу сказаць, што, чакаючы правакацыі з боку рэжыму і разумеючы, якія нэгатыўныя вынікі для Беларусі можа мець фарсавая дзейнасьць псэўдаапазыцыі, наша Партыя імкнулася ў межах разумнага ўвесь час прадухіліць і з’амартызаваць нэгатыўныя падзеі. У прыватнасьці, не дапусьціць пасадкі на турэмны тэрмін паэта Някляева, як асобу значную для беларускай культуры (і, магчыма, менш вінаватага ў тым, што адбылося 19-га сьнежня 2010 года).
х х х

Вялікую ўвагу Партыя надае геапалітычным аспэктам у змаганьні з рэжымам і крамлёўскай палітыкай. Гэтае пытаньне ня простае, бо мэты розныя, а інтарэсы перасякаюцца. Такой складанай праблемай былі адносіны да праекта “Усходняе партрнёрства”. Наша пазыцыя была выразна сфармуляваная: дзьверы на Захад мусяць быць адчыненыя, але нельга дапусьціць супрацоўніцтва Эўропы з рэжымам Лукашэнкі коштам беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Маючы гэта на ўвазе, у 2009 годзе мы прынялі ўдзел у спатканьнях на вышэйшым узроўні перад самітам Эўразьвязу ў Празе. Ставілася задача не дапусьціць прыезду ўзурпатара ў Прагу і ўдзелу яго ў саміце, які павінен быў зацьвердзіць стварэньне Усходняга партнёрства. Гэтая мэта была дасягнута. Лукашэнку ў Празе не захацелі бачыць.
х х х

У сувязі з апошнім паваротам узурпатара ў бок Масквы, прыняцьцем расейскіх умоваў і шырокай хваляй рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва паўстала пытаньне аб санкцыях. Слаба думаючыя палітыкі ў Эўропе і Беларусі, а таксама расейская агентура на ўсе лады патрабуюць жорсткіх эканамічных санкцыяў супраць “рэжыму” і нават эканамічнай ізаляцыі Беларусі (што выглядае ўжо поўным глупствам, бо ў прынцыпе немагчыма).

У тых палітычных і геапалітычных абставінах, якія склаліся ў Беларусі, нельга дапусьціць эканамічнай блакады і жорсткіх эканамічных санкцыяў з боку Захаду. Падкрэсьліваю, катэгарычна нельга дапусьціць. У Беларусі адсутнічае мяжа з Расеяй (Лукашэнка незаконна яе ліквідаваў, гэта грубае парушэньне суверэнітэту). Эканамічная блакада і санкцыі Захаду ва ўмовах крызісу прывядуць да яшчэ большага зьбядненьня насельніцтва Беларусі і беспрацоўя. У выніку беларуская рабочая сіла (асноўны вытворчы сродак эканомікі) перамесьціцца ў Расею (масава перамесьціцца!). Яно зараз і пачынае рабіцца і цалкам адпавядае крамлёўскай стратэгіі захопу Беларусі (забраць рабочую сілу і эканамічныя прадпрыемствы). Рускія прапагандысты ўжо на ўсе лады запрашаюць беларусаў на працу ў Расею.

Ратуючы сытуацыю і сваю ўладу, рэжым па патрабаваньні Крамля будзе здаваць Расеі прыбытковыя беларускія прадпрыемствы і вытворчасьць (у тым ліку і зямлю). У выніку рэжым зможа трымацца яшчэ пэўны час у інтарэсах Масквы, а ягоны канец можа стацца адначасна канцом беларускай дзяржавы і разбурэньнем беларускай нацыі.

Як можна закаркоўваць бутэльку з разьбітым дном?! Якая можа быць блакада, якія санкцыі пры адчыненай мяжы з Расеяй, якая ставіць задачу захопу і падпарадкаваньня Беларусі і любыя заходнія санкцыі паверне ў свой бок сваімі крэдытамі антыбеларускаму рэжыму, купляючы яго за бясцэнь?

Такое ўражаньне, што Эўропа загулялася ў сваю “дэмакратыю”, а Амэрыка не разумее, што робіць. І вось прыклад. Як толькі ў пачатку жніўня Амэрыка ўводзіць санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў, тут жа прэм’ер-міністар ураду, непатапляльны Мясьніковіч едзе ў Маскву па крэдыты, дзеля падтрымкі краіны, якая, маўляў, “церпіць” ад амэрыканскіх санкцыяў. І Масква паставілася “з разуменьнем” і гатоўнасьцю “дапамагчы” і “абараніць” Беларусь (чытай – “рэжым”) ад эканамічнай агрэсіі і “варожых” дзеяньняў ЗША. І “дапаможа”, будзем упэўнены. Масква толькі і чакала гэтых санкцыяў (ды й маскоўская дыпляматыя на Захадзе не сядзела рукі склаўшы).

Лявацкае разуменьне кшталту “чым горш, тым лепш” і прымітыўнае спадзяваньне на зьбядненьне народа, які нібыта ўзбунтуецца ад пагаршэньня жыцьця (чаму паспрыяюць, маўляў, эканамічныя санкцыі) выглядаюць у беларускай сытуацыі (зрэшты, як і ўсюды) ня тое што варварскімі, але злачыннымі.

Пры невысокай нацыянальнай сьведамасьці, разбурэньні мовы, культуры, гістарычнай памяці здольнасьць да супраціўленьня і кансалідацыі ў народа вельмі нізкая. Беларус будзе выязджаць у Расею, прыстасоўвацца да беднасьці, выжываць у нястачы і выміраць. Такое ўжо было. Галодныя не змагаюцца за свабоду. За волю змагаюцца тыя, хто яе хочуць. Свабода – гэта духоўная катэгорыя. Таму задача інтэлігенцыі дапамагаць грамадзтву, што апынулася ў цяжкім стане, набыць нацыянальную асьвету, прылучыцца да беларускай культуры, якую нішчаць акупанты, паважаць сваю мову, мець гонар чалавечы і любоў да Айчыны. І чым больш будзе такіх нацыянальна асьвечаных людзей у нашым грамадзтве, тым хутчэй мы збавімся ад цёмнай улады.

Наша Партыя Фронту гэта добра разумее, таму вялікая частка нашай працы (калі не палова) пасьвечана справе нацыянальнага асьветніцтва, культурна-гістарычнай і мэмарыяльнай дзейнасьці. Асабліва хачу адзначыць стварэньне і падтрыманьне ў належным стане Народнага Мэмарыялу Курапаты. Усім сябрам нашай Партыі і Фронту, асабліва актывістам Мэмарыяльнай камісіі належыцца тут вялікая падзяка і гонар.

У гэтым жа рэчышчы асьветніцкага накірунку нашай партыяй праводзіцца і культурніцкая праца па ўшанаваньні гістарычных асобаў, падзеяў, сьвятаў, мэмарыяльных і юбілейных датаў. Штогод мы арганізуем і масава адзначаем гадавіну Слуцкага Збройнага Чыну, Дзяды, усе падзеі, зьвязаныя з Незалежнасьцю Беларусі (Сакавік, Дэклярацыю, Жнівень), штогод арганізуем Ігуменскі шлях, адзначаем дні нараджэньня і сьмерці Васіля Быкава і Ларысы Геніюш, Рамана Скірмунта і іншых вялікіх асобаў Беларусі, ушаноўваем памяць пра бітву пад Воршай і трагічную памяць Чарнобыля.

Гэтай жа культурніцкай і палітычнай справе прысьвечаная нашая выдавецкая дзейнасьць. Выдаем часопіс “Беларускія Ведамасьці” і бюлетэнь “Беларуская Салідарнасьць”. За справаздачны пэрыяд з 2009 па жнівень 2011 года мной асабіста падрыхтавана, напісана і выдадзена восем аўтарскіх кніг агульным аб’ёмам у 217 аўтарскіх друкаваных аркушаў. Для параўнаньня – гэта аб’ём працы і выданьняў за гэты час акадэмічнага інстытута, кшталту Інстытута гісторыі, са штатам у сто супрацоўнікаў. Прытым фінансуецца гэтая наша выдавецкая справа за кошт прыватнай “егіпецкай” працы трох беларусаў (два зь іх – гэта мы з жонкай).

Асьветніцкага кшталту кнігі выдадзены ў гэты час сябрамі партыі Юры Качуком і Валеры Буйвалам, які аддрукаваў у Італіі гістарычна пазнаваўчую кнігу на італьянскай мове “Беларусь – краіна ў цэнтры Эўропы”. Праводзіцца ў нас таксама інфармацыйна-палітычная праца ў Сеціве на трох старонках, якія вядуць і забясьпечваюць сябры нашай Партыі Фронту.

У цяперашніх цяжкіх грамадзкіх умовах, калі значная частка партыйнай працы не павінна прылюдна афішавацца (такія ёсьць абставіны), мы, спаўняючы нашыя задачы падрыхтоўкі і арганізацыі грамадзтва, мусім зьвярнуць асаблівую ўвагу на разьвіцьцё ініцыятывы “Беларуская Салідарнасьць” і ініцыятывы “РУХ” (поўная назва “Рух за новыя выбары без Лукашэнкі”). Гэтыя ініцыятывы ўзаемазьвязаныя. Толькі калі “Беларуская Салідарнасьць” ёсьць адкрытым дзеяньнем, то “РУХ” – гэта зачыненая сістэма паралельнай структурызацыі актыўнай часткі грамадзтва. Гэтая сістэма, калі яе ўдасца шырока стварыць, можа быць хутка прыведзеная ў дзеяньне ў адпаведным моманце, калі такі момант узьнікне. Прынцып, на якім яна ствараецца, амаль цалкам выключае пранікненьне ў яе агентуры спэцслужбаў, кантроль і развал сістэмы знутры.

Мяркую, што сябры Партыі, якія задзейнічаныя ў стварэньні гэтай сістэмы (практычна, паралельнай, схаванай грамадзянскай супольнасьці) мусілі б вельмі сур’ёзна ёю займацца, тым больш, што ў яе межах ёсьць магчымасьць рэальна дзейнічаць. У першы ж месяц утварылася каля 150 суполак РУХу і потым працэс затармазіўся. Гэта зьвязана найперш з нашым інфармацыйным абмежаваньнем у Сеціве, праз якое мы ствараем першасныя суполкі. Гэта праблема сур’ёзная, улічваючы тое, што “сацыяльныя сеткі” мы ўжываць ня можам (каб не выявіць людзей). Але вырашыць праблему ўсё ж можна і, мяркую, што мы яе вырашым.

Паважаныя спадарыні і спадары, паважаныя дэлегаты Зьезду. Мы перажываем разам з нашй Айчынай цяжкі час. Характар нашай дзейнасьці не такі, як быў некалі, але ён дастасаваны да абставінаў і дае вынікі на карысьць Беларусі. Шмат што мы ня можам цяпер тут гаварыць голасна, але мы гэта кажам па-іншаму і ведаем, што трэба рабіць.

У нас ёсьць праблема колькаснага пашырэньня Партыі і пачынаецца праблема кадраў. Вядома, гэта найперш вынік сацыяльна-палітычных абставінаў, бо цяжка вырашаць гэтае пытаньне наўпрост. Але ў нас ёсьць магчымасьць стварэньня вакол Партыі дапамаговых групаў і асобаў, скарыстоўваючы прынцып Народнага Фронту і гуртаваньне па ініцыятыве. Усё гэта павінна стаць рэзэрвам і заплечам нашае справы. Думаю, што гэтую патрэбу мы павінны ўвесьці цяпер у нашу партыйную штодзённасьць і кожнаму варта пра яе дбаць.

Мы бачым, як адначасна з антыбеларускай дэманстрацыяй рэпрэсіўнага рэжыму, людзі, наадварот, перастаюць яго баяцца. Паволі мінае страх, высьпявае пратэст і вяртаецца чалавечая годнасьць. Гэта ластаўка пераменаў. Мы павінны сур’ёзна, як некалі, рыхтавацца і быць гатовымі браць лёс Бацькаўшчыны на свае плечы.

Віншую з 20-годдзем Незалежнасьці!
Жыве Беларусь!
Слава героям!

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

27 жніўня 2011 г.

30/8/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Жнівень 2011
П А С Ч П С Н
« Ліп   Вер »
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024