Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон Пазьняк: АБ ТЭНДЭНЦЫЯХ У ГРАМАДЗТВЕ І ЎЛАДЗЕ

(Ліст да сяброў верасьнёўскага Сойму КХП-БНФ. )

….Становішча сапраўды зьмяняе межы ранейшых дачыненьняў у Беларусі. Найперш гэта тычыцца зрухаў у грамадзкай сьвядомасьці і ў паводзінах узурпатара ўлады.

Адносна цяперашняга стану грамадзтва мы не павінны, аднак, мець ілюзіяў, што нешта станецца само сабой. Зрухі гэтыя не глыбокія, бо пагрунтаваныя ў асноўным на сацыяльных і эканамічных цяжкасьцях. Наша задача выкарыстаць гэты стан дзеля больш грунтоўнай нацыянальнай асьветы грамадзтва, бо яно цяпер здольнае ўспрымаць ідэі. Калі салідарнае нацыянальнае жыцьцё і свабода стануць патрэбнасьцю людзей, тады будзе і асэнсаваная барацьба і перамога. Мы гэта ўжо ведаем з гісторыі змаганьня Народнага Фронту.

Наша асьвета цяпер (прынамсі да канца году) павінна ісьці пад сьцягам 20-годдзя Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Матэр’ялы ёсьць. Памятайма, што гэта нашая найбольшая палітычная каштоўнасьць, найбольшы здабытак і найвялікшае палітычнае дасягненьне, якое зьмяніла гісторыю. Пад гэтым сьцягам трэба рыхтавацца і да Дзядоў, і да ўгодкаў Слуцкага Збройнага чыну, і да іншых мерапрыемстваў.

Другі аспэкт, што вынікае з цяперашняга стану ўлады і грамадзтва, — гэта паводзіны ўзурпатара і палітыка Расеі. Мы бачым, што ягоная хворая псіхалогія выбудоўваецца ў полі афрыканскіх паняцьцяў Кадафі. Ён імкнецца заручыцца падтрымкай Масквы, каб яна (у выпадку, калі рэжым захістаецца, а народ падымецца) увяла ў Беларусь сваё войска дзеля абароны ўзурпатара. І Масква паабяцала яму гэта. Іхняя палітыка, як бачым, набывае дзікія рысы 30-х гадоў.

Мы павінны ўлічыць гэты панічны паварот іхняга палітычнага думаньня, бо выснова тут відавочная: Лукашэнка не павінен больш заставацца ва ўладзе. І гэта праблема тэрміновая. Яна вымагае хуткага, дакладнага аналізу і дакладных палітычных дзеяньняў.

На сёньняшні дзень добра зразумелае тое, што гэтую выснову трэба пашыраць у грамадзтве, паказваць на вялікую небясьпеку для людзей, нацыі і грамадзтва, калі ўзурпатар і надалей будзе сядзець на месцы беларускага прэзыдэнта і нішчыць народ. Ён гатовы яго абрабаваць да ніткі (забраць усе грошы) і аб’яўляе пра гэта. Ён гатовы запрасіць чужое войска (што абазначала б страту незалежнасьці), каб яно забівала беларусаў, дзеля захаваньня ягонай над імі ўлады. Гэта думаньне і паводзіны вар’ята. І чым хутчэй такое будзе спынена, тым бясьпечней для людзей і краіны.
Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

11 верасьня 2011 г.

13/9/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2011
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024