Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

“ПРАКЛЯТЫЯ МАРЫЯНЭТКІ”

(сцэны з жыцьця пры позьнім лукашызме)

З Расеі паступаюць характэрныя зьвесткі. Сымвал постсавецкай эпохі – залатая мільянэрская Рублёўка ў Маскве – імкліва становіцца пустым шалупіньнем. На працягу апошніх месяцаў яе жыхары вельмі напружана займаліся аналітыкай і зрабілі даволі адэкватныя высновы. А менавіта, што ў Маскве-Расеі пэрспэктываў у іх няма. Тэлекадры з расправамі паўстаўшага народу над бонзамі кадафійскага рэжыму, з разгромам раскошных палацаў рознага кшталту крывасмокаў, а таксама ўсеагульная нянавісьць расейскага охласу пазбавілі рублёўскіх небажыхароў спакою і ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Яны пачалі кампактнымі групамі выязджаць з Расеі, вывозіць на Захад свае нарабаваныя капіталы і сем’і. Бальшыня зь іх атабарваецца ў Лёндане, дзеткі уладкоўваюцца ў элітныя школы. Некаторыя кінуліся ў Іспанію. Тамака ў сувязі з крызісам упалі кошты на нерухомасьць, то маскоўская банда актыўна выкупляе дамы, зямлю і маёнткі. Час ад часу рублёўцы наведваюць як турысты свае рублёўскія палацы, у якіх пакуль яшчэ дзяжурыць ахова. Ведаючы расейскую гісторыю, можна дакладна прадбачыць, што ў пэўны момант ахова паўцякае, а охлас пакуражыцца-паскача на руінах ненавіснай Рублёўкі ды на распіле залатой сантэхнікі.

У сувязі з гэтым трэба адзначыць, што ў Беларусі адбываюцца адваротныя па значэньню працэсы. Нягледзячы ні на што ў нашай краіне яшчэ дзейнічаюць беларускія прапрымальнікі, якія займаюцца стваральнай працай. Рэжым знаходзіць на іх усё новыя спосабы ліквідацыі. Падаткавая інспэкцыя рэжыму не дае спакою дзелавым людзям, налятае на іх, як палавецкая конніца, не дае займацца справай, падрывае бізнэс. У той жа час бонзы розных калібраў, далучаныя да злачынстваў лукашызму, пачуваюцца камфортна пасярод народнай бяды. У кожным горадзе існуюць і разбудоўваюцца мясцовыя “рублёўкі” для лукашысцкай кодлы. Прычым цікава, пакуль ня бачна, каб бонзы з гэтых палацаў уцякалі на Захад паводле прыкладу маскоўскіх таварышаў па няшчасьцю. Зразумела, што гэтыя ў адрозьненьні ад маскоўцаў аналітыкай не праймаюцца.

8 сьнежня кожны па-свойму адзначыў 20-я ўгодкі афіцыйнага развалу СССР. Напрыклад, віцэ-спікер Савета Фэдэрацыі расейскай Дзярждумы А. Торшын зьвярнуўся да беларускай міліцыі. Ён заявіў наступнае: “Я б выставіў такую ініцыятыву, каб беларускія міліцыянты служылі б у нас. Няхай установы дамовяцца, каб у некаторых вобласьцях, дзе відавочна не даюць рады сытуацыі, прыехалі б, паслужылі беларускія міліцыянты…”
Віцэ-спікер вобласьці не назваў, але мы назавем некаторыя з расейскіх вобласьцяў, дзе яны сапраўды не даюць рады. Гэта – Чачэнія, Інгушэція, Дагестан, Кабарда-Балкарыя, каралеўства абедзьвюх Асэцій (там ідзе даволі паўнамаштабная вайна), а таксама Сургут, Магнітагорск, Кемерава і інш. (дзе мясцовыя гангі наладжваюць у белы дзень баявыя дзеяньні з ужываньнем аўтаматычнай зброі і гранатамётаў).
Віншуем беларускіх міліцыянтаў з пэрспэктывамі гэтакзванай інтэграцыі РФ і РБ. Інтэграцыі, якую наладжвае з боку РБ лукашыстоўскі рэжым – той рэжым, які абараняюць ад народу міліцыянты. Як кажуць у Маскве, “вам зачтётся, товарішчі”…

Штодня ў Смаленску высаджваецца з электрычкі беларускі дэсант. Сотні беларусаў прывозяць у вечна галодны горад РФ прадукты харчаваньня і гандлююць імі. Залемантавала нават мясцовая адміністрацыя: цэны на беларускія тавары ў два-тры разы ніжэй, чым у смаленскіх крамах. Людзі арганізоўваюць імправізаваныя рынкі проста на ходніках, раскладваюць малочныя прадукты і кілбасы-мяса на скрынях і перакуленых цэбрах, выстаўляюць іх у адкрытых багажніках аўтамабіляў. Смаляне натоўпам набягаюць на беларускіх гандлёвых імправізатараў і ахвотна закупляюцца.
Часам назіраюцца сцэны народнай салідарнасьці. Калі да мінірынкаў набліжаецца паліцэйскі патруль, гандляры хаваюць прадукты, а смаляне разбягаюцца ў розныя бакі. Смалянам нічога не пагражае, але яны ўцякаюць, каб у паліцыі не было зачэпкі для абвінавачваньняў гандлярам: няма пакупнікоў – няма і гандлю. Бываюць выпадкі, калі смаляне натоўпам загароджваюць беларускіх гандляроў ад паліцыі. Зразумела, што йдзецца аб эканамічнай выгодзе простых людзей. Яны баяцца, што беларусы ня будуць прыязджаць да іх. З іншага боку, уся гэтая карціна сьведчыць пра адчайнае становішча нашых людзей, якія вымушаны ісьці на рызыку і езьдзіць у чужую краіну дзеля вельмі малога прыбытку.

Пачуўшы пра “шасьцёрку” (Марголін-Рымашэўскі-Говправду-Калякін і інш.), якая заявіла, што “пойдзе на выбары, бо хадзіць трэба”, у Сеціве пачуліся сьвіст і ўлюлюканьне. І трэба ж было гэтаму сп. Марголіну з АГП саманазвацца “шасьцёркай” (раней у іх было больш фантазіі называцца “пяцёркай плюс”). Камэнтатары цягаюць гэтую “кааліцыю” за хвост, як здохлага ката, абзываюць іх “шасьцёркамі”. Падобна, што ніхто, акрамя гэтых “шасьцёрак”, сапраўды не зьбіраецца хадзіць на рэжымныя псэўдавыбары.

Аднак фантазыя падстаўных і фальшывых бязьмежная. 9 сьнежня паступіла навіна па Радыё Свабода, што ў Магілеве пачалася перадвыбарчая ініцыятыва. Магілеўскі актывіст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці А. Паўлоўскі пачаў зьбіраць подпісы за адкліканьне Л. Ярмошынай з пасады начальніцы рэжымнай ЦВК. Нагадаем, што як такога незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі не існуе ўжо гадоў 10. Нерэжымныя, сапраўды прафсаюзныя арганізацыі былі ліквідаваны рэжымам. Замест іх дзейнічаюць цяпер пустыя юрыдычныя целы, дзе засядае агентура. Яно й бачна. Беларусаў ня ўдасца дурыць бясконца. Цяпер людзям абсалютна ўсяроўна, хто такая Ярмошына і хто будзе ў рэжымнай ЦВК. Беларусы адвярнуліся ад рэжыму і зьбіраюцца наладзіць масавы байкот наступным рэжымным электаральным скокам. Але, як бачым, нехта спрабуе надаць лукашыстоўскай сістэме саліднасьць. А як у ЦВК ня будзе Ярмошынай, дык што – “іді і скажі ім своё нет”? Беларусы ўжо праходзілі гэтую лухту і на мякіну больш ня ловяцца.

Запаздалы праклён. 12 сьнежня стаў днём вайскова-паліцэйскіх сэнсацый. Вайсковая калегія Вышэйшага суду РБ прыгаварыла да 9 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці былога камандуючага ваенна-паветранымі сіламі і супрацьпаветранай абароны Беларусі генэрал-маёра І. Азаронка. Яго абвінавацілі ў карупцыі і ў “злачынных дзеяньнях адносна баепрыпасаў”, а таксама пазбавілі генэральскага званьня. Разам зь ім асудзілі яшчэ грамадзяніна Расеі. Цікава, што генэрал быў арыштаваны ці то 19 ці то 20 сьнежня 2010 года. Суд быў закрыты, але стала вядома, што пры зачытаньні прысуду генэрал гукнуў: “Будзе вы праклятыя, марыянэткі!”

У той жа дзень стала вядома, што Генпракуратура РБ завяла крымінальную справу ў адносінах да нам. міністра ўнутраных справаў РБ, начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі палкоўніка Я. Полудня. Фармулёўка абвінавачваньня: “за злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”. Арыштоўвалі яго супрацоўнікі КГБ РБ. Менавіта гэты палкоўнік з 2009 года кіраваў паліцэйскімі апэрацыямі супраць мірных акцый пратэстаў у нашай краіне, падчас якіх былі паранены, зьбіты і арыштаваны сотні людзей. Ягонае імя было ў сьпісе асобаў рэжыму, якіх не дапускаў на тэрыторыі сваіх сяброўскіх краінаў Эўразьвяз.

Антыбеларускі рэжым ужо ня раз паказаў, што для яго не існуюць законнасьць і правапарадак. Безумоўна, пасьля падзеньня гэтага рэжыму справы гэтых вышэйшых афіцэраў будуць перагледжаны. Будзе высьветлена ўся праўда і ўсе абставіны справаў. Для ўсіх беларускіх людзей у пагонах гэтыя эпізоды павінны паслужыць папераджальным прыкладам: выконваючы незаконныя загады дыктатуры, прыніжаючы сваю і чужую чалавечую і нацыянальную годнасьць, ніхто тым ня менш ня можа быць гарантаваны ад жорсткага пакараньня крымінальнай Фэмідай лукашызма. Перад цамрашальствам марыянэтак усе роўныя.

Янка Базыль

14/12/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2011
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024