Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЯК ФІНСКІ НАРОД БАРАНІЎСЯ АД МАСКВЫ

(частка 5)

168-я дывізія заняла кругавую абарону, добра ўмацавалася і размясьціла сваю артылерыю ў цэнтры. Фіны не маглі рабіць франтальных атакаў на гэтыя ўмацаваньні без падтрымкі артылерыі і бранентэхнікі. А ў тыя дні ўсе рэзэрвы артылерыі і бранетэхнікі былі перакінуты на абарону Карэльскага перашыйку. Пачалася працяглая аблога “катлоў”.
Праз некалькі тыдняў савецкія вайскоўцы сталі замярзаць і гінуць ад голаду. Пачаліся адчайныя спробы прарыву фінскіх пазыцый. На першы прарыў пайшлі 3000 жаўнераў начале з генэралам танкавай брыгады Кандрацьевым і ягоным штабам. Генэрал і ўвесь ягоны штаб загінулі, як і сотні жаўнераў і афіцэраў. Толькі ў адным “катле” у раёне Лэмэці фіны захапілі 105 танкаў, 12 бранемашын, 237 грузавікоў, 10 трактараў, 6 артылерыйскіх батарэй і столькі баепрыпасаў, што імі загрузілі 200 грузавікоў. У студзені ўсе “катлы” па-за выключэньнем трох былі ліквідаваны.

За Палярным колам саветы наступалі ўглыб Фінляндыі ад сваёй чыгункі Мурманск-Ленінград. Калёнам трэба было прайсьці ў снежнай пустыні да 300 км. Толькі падчас маршу, яшчэ да пачатку баёў Чырвоная армія страціла 10% жывой сілы абмарожанымі. У гэтай зоне саветы таксама разьлічвалі на гасьціннасьць мясцовага насельніцтва, якое галасавала за левых. Але насельніцтва адрэагавала на прыход незапрошаных гасьцей інакш. У зоне пачаўся актыўны партызанскі рух, ядром якога былі мясцовыя дравасекі і рабочыя з цылюлёзнай фабрыкі (якія на апошніх выбарах масава прагаласавалі за камуністаў).

Ад палонных фіны атрымалі кур’ёзную інфармацыю. Аказваецца саветы маршыравалі ад чыгункі з упэўненасьцю, што Гэльсінкі зусім недалёка і яны ў хуткім часе перамогуць “белафінаў”. Ілюзіі растварыліся, як палярнае зьзяньне.

Усамым цэнтры фронту – у раёне Суомусальмі – ў сьнежні адбылася пераможная бітва супраць акупантаў. Тут вызначылася фінская выведка. Па тылах фінскіх войскаў езьдзілі маленькія аўтобусы з апаратурай радыёперахопу. Атрыманую ў працэсе падслухоўваньня інфармацыю пра савецкія пляны радысты перадавалі камандваньню. Праз 3-4 гадзіны фіны расшыфроўвалі інфармацыю і ведалі планы ворага.

Фінская тактыка базавалася на мабільнасьці. Ударныя атрады пасылаліся на тыя ўчасткі, дзе меўся адбыцца савецкі наступ. Фіны (у асноўным мясцовыя лясныя жыхары) цудоўна арыентаваліся і маскіраваліся ў лесе, а потым сустракалі акупантаў шквальным агнём. Калі ўдарныя атрады атрымлівалі загад зрабіць атаку, яны ішлі насустрач ворагу. У некалькіх сотнях мэтраў ад савецкіх пазыцый жаўнеры здымалі цяжкую зімовую вопратку і перасоўваліся на лыжах, маючы толькі неабходны мінімум зброі і баепрыпасаў. Пасьля атакі і зьнішчэньня яны вярталіся на папярэдняе месца, надзявалі кажухі і адыходзілі.

Была распрацавана тактыка для малалікай фінскай артылерыі. Сапёры ўтрамбоўвалі і палівалі сьнег вадой, утвараючы такім чынам цэлую сетку “лядовых дарог” на бліжніх фінскіх тылах. Гарматы імкліва перасоўваліся па лёдзе, давалі некалькі залпаў і пакідалі гэтае месца. Як правіла, саветам не ўдавалася агнём у адказ нанесьці шкоду фінскай артылерыі.

Саветам даваліся ў знакі таксама мабільныя групы зьнішчальнікаў. Яны прабіраліся пасярод лесу да варожых пазыцый і рабілі лакальныя ўдары: закідвалі гранатамі палявыя кухні і кулямётныя гнёзды, падрывалі танкі, захоплівалі “языкоў”. Зьнішчальнікі мелі з сабой па некалькі снайпэраў, якія працавалі аўтаномна: выбівалі афіцэраў.

Усё гэта было кашмарам для савецкіх вайскоўцаў. Ім здавалася, што за кожным дрэвам, за кожнай сьнежнай гурбай крыецца праціўнік. Яны ня ведалі спакою ні ў дзень, ні ўначы. Апэрацыя зьнішчальнікаў магла адбыцца ў любы момант і ў кожным месцы. Няўпэўненасьць і страх апанталі чырвоныя калёны, поўныя бранетэхнікі і артылерыі.

Адбываліся неверагодныя падзеі. На адным з участкаў фінскія пазыцыі атакавалі тры танкі Т-28. У абаронцаў скончыліся гранаты. Фіны стралялі з аўтаматаў па танкавых амбразурах. Лейтэнант Віркі не разгубіўся і пачаў свой бой з танкамі. Савецкія танкісты ўбачылі лейтэнанта, які бег на іх, размахваючы пісталетам, павярнуліся і ад’ехалі ў лес…

163-я савецкая дывізія, рассечаная ў гэтым раёне на некалькі лакальных “катлоў”, перастала існаваць 30 сьнежня. У папярэднія дні саветы рабілі адчайныя спробы прарыву. Але фіны рацыянальна рыхтаваліся да гэтых дзеяньняў. Яны адэкватна прадугледжвалі напрамкі будучых прарываў, маскіравалі пад сьнежнымі гурбамі загароджы з калючага дроту для спыненьня пяхоты і залівалі вадой адхоны пагоркаў, на якіх потым круціліся на склізоцьці савецкія танкі. Пасьля завяршэньня разгрому фіны налічылі ў сьнезе 5000 савецкіх трупаў. Невядома колькі загінула жаўнераў, якія ў адчаі ўцякалі і хаваліся ў сьцюдзёным лесе.

І зноў палонныя распавядалі пра мізэрнае забесьпячэньне і харчаваньне жаўнераў, пра бяздарнае камандваньне. Адзін з палонных уразіў фінаў сваёй гісторыяй. Гэты малады цывільны чалавек зайшоў быў у краму ў маленькім мястэчку каля мурманскай чыгункі, каб купіць туфлі ў падарунак сваёй нявесьце. Там яго схапіў камэнданцкі патруль. Яго хуценька апранулі ў шынэль, далі ў рукі вінтоўку, і на наступны дзень ён ужо маршыраваў у калёне на Суомусальмі. Спачатку фіны не паверылі ў ягоную навэлу, але потым знайшлі ў ягоным заплечніку пару жаночых туфляў. Бедалага выклікаў усеагульную сімпатыю. Яго памылі ў саўне, надзелі на яго чыстую вопратку і накармілі. Да канца вайны яго трымалі пры штабе як своеасаблівы “талісман”…

Фінскія штабнікі глядзелі на апэратыўную карту і ня верылі сваім вачам, нават стрыманы Манэргейм разгублена ківаў галавой. Такога яны яшчэ ня бачылі і ў акадэміях не вывучалі. Увесь той час, пакуль 163-я дывізія гінула ў арганізаваных для яе “катлах”, у 10 кілёмэтрах ад гэтай драмы стаяла і ня рухалася з месца калёна 44-й савецкай дывізіі, якая расцягнулася па дарозе даволе вузкай зьмяёй на цэлых 30 км. Фінская выведка данесла, што гэтая дывізія была моцна ўзброеная, мэханізаваная і трэніраваная для манеўраных дзеяньняў. А яна стаяла нерухома, як полк князя Балконскага з рамана Л. Талстога (!). Стала вядома, што ў дывізію прывезьлі вялікую колькасьць лыжаў. Але аказалася, што бальшыня жаўнераў не праходзіла ніякой вывучкі і ня ўмее нават стаяць на іх. А бязь іх саветы па пас правальваліся ў глыбокім сьнезе, як толькі адыходзілі на два крокі ўбок ад дарогі.

Камандваньне дывізіі ня ведала, колькі фінскіх войскаў знаходзіцца перад дывізіяй, а больш дакладна – вакол яе. Спробу дывізіі прарвацца наперад 28 сьнежня правалілі два фінскія батальёны. Яны дзейнічалі так актыўна, што саветы разгубіліся і адышлі, думаючы, што перад імі сам Манэргейм і ўся фінская армія. Кволыя спробы правядзеньня лакальнай выведкі ні да чаго не прывялі. Калі нямногіх, хто ўмеў трымацца на лыжах, пасылалі ўглыб лесу, ніхто зь іх не вяртаўся. Камандуючы дывізіі генэрал Вінаградаў папрасіў даць яму авіяпадтрымку. Савецкія самалёты бамбілі і абстрэльвалі лясныя масівы. Але глузду ў гэтым было мала, засьнежаныя дрэвы не давалі магчымасьці ўбачыць фінскія войскі.

Крыху адпачыўшы пасьля разгрому 163-й дывізіі, фіны ўзяліся за 44-ю. Уноч з 1 на 2 студзеня 1940 года фіны нанесьлі магутныя ўдары ў шэрагу месцаў на працягу ўсяе доўгай савецкай калёны. Саветы нават не заўважылі, як фіны вялікімі (па фінскіх мерках) сіламі абышлі іхнюю калёну і правялі выведку. Пасьля гэтага манеўра жаўнерам далі перавесьці дух, падалі ім гарачую ежу і растлумачылі задачы. Сапёры зрабілі завалы з дрэваў і загароджы з калючага дроту на магчымых шляхах адступленьня саветаў і заклалі міны. На пагорках вакол калёны расставілі цяжкія кулямёты “Максім”.

Апоўначы фіны ліквідавалі нажамі ўсіх пастарунковых калёны і падышлі зусім блізка. Потым адкрылі шквальны агонь і імкліва кінуліся на захопнікаў. Аказалася, што усе савецкія гарматы былі павернуты дуламі на захад, дзе павінен быў знаходзіцца праціўнік. Пакуль абслуга корпалася вакол гарматаў і паварочвала іх ўбок наступаючых, фіны зьнішчалі яе зблізу. Небясьпеку ўяўлялі сабой грузавікі, на якіх былі ўсталяваны 4-ствольныя цяжкія зэнітныя кулямёты. Яны адразу пачалі страляць у бок лесу, рассякаючы цемру трасамі куляў. Але было ўжо надта позна. Фіны падбеглі настолькі блізка, што куляметы на грузавіках нельга было нахіліць дастаткова нізка. Нападаючыя хутка выбілі ўсіх кулямётчыкаў. Раніцай 2 студзеня вялізная калёна была рассечана ў шэрагу месцаў.

Як правіла, фіны (выбіўшы ўсіх савецкіх) займалі адрэзак дарогі, даўжынёй у 500-1000 мэтраў. На ўскрайках гэтага адрэзку, спераду і ззаду яны рабілі загароджы з калючага дроту, ставілі міны і ўмацоўваліся на пазыцыі. Такім чынам кавалкі калёны апыналіся ў атачэньні з двух бакоў, з двух астатніх быў лес і таксама сьмерць. Саветы кінулі на вызваленьне сваёй калёны танкі. Аднак, фінскае камандваньне прадугледжвала гэта. Па лядовых дарогах жаўнеры падцягнулі да пазыцыяў некалькі супрацьтанкавых гарматаў “Бафор”, якія пачалі зьнішчаць танкі на дарозе. Потым абгарэлыя монстры выкарыстоўваліся як частка фінскіх абарончых умацаваньняў.

Раздражнёныя і напалоханыя сваёй начной канфузіяй, саветы рэагавалі нэрвова, нават істэрычна на кожны гук у лесе. Танкавыя гарматы і артылерыя адразу адкрывалі па лесе шквальны агонь, да іх далучаліся кулямёты і мінамёты. Эфэкт гэтага агню быў нулявы, але расход баепрыпасаў каласальны. Пазьней саветы вымушаны былі строга эканоміць амуніцыю.

Фіны дзейнічалі малымі групамі лыжнікаў, але круглыя суткі, не даваючы спакою акупантам. Групы мелі распрацаваны графік. Дзьве гадзіны патруляваньня і баявых дзеяньняў, потым дзьве гадзіны адпачынку ў цёплай зямлянцы, потым зноў выведка і бой, потым чатыры гадзіны адпачынку з гарачай ежай. Праз два-тры дні групу зьмяняла наступная група, а тых, што адпрацавалі, накіроўвалі ў прыфрантавую паласу. Тут іх чакаў грунтоўны адпачынак з саўнай. Такім чынам, фіны мелі заўсёды сьвежыя сілы.

Гэтыя мабільныя групы мелі свае вызначаныя задачы. Фіны зьнішчалі пункты радыёсувязі, камандныя пункты, кулямётныя і артылерыйскія пазыцыі, склады баепрыпасаў і танкі. Снайпэры выбівалі афіцэраў. Мэтай атакаў былі таксама палявыя кухні. Саветы цягнулі з сабой вялікія, як цыстэрны, кухні, якія абслугоўвалі цэлыя палкі. Фіны пазнавалі іх паводле сілуэту і зьнішчалі іх прыцэльным агнём. Зьнішчалася таксама ўсё, што магло паслужыць саветам у якасьці жыльля. Як правіла, прадукты харчаваньня ў “катлах” заканчваліся праз 2-3 дні. Жаўнеры пачыналі есьці коней. Але як толькі саветы распальвалі вогнішчы, каб прыгатаваць ежу, па іх пачыналі страляць снайпэры. Параненыя пачалі паміраць у вялікай колькасьці. Шмат людзей замярзала насьмерць. Саветы так і ня здолелі наладзіць забесьпячэньне харчаваньнем войскаў, заціснутых у “катлах”. Самалёты скінулі некалькі мяхоў з сухарамі і ўсё на гэтым.

5-6 студзеня фіны атакавалі “катлы”, а саветы спрабавалі вырвацца зь іх. На адным з участкаў саветы, каб расчысьціць сабе дарогу, загналі на міннае поле вялікі статак коней. Бачачы, як гінуць безабаронныя жывёліны, фінскія жаўнеры-сяляне моцна разьюшыліся. З кожным днём фіны рассякалі 44-ю дывізію на ўсё меншыя “motti”. Увечары 6 студзеня генэрал Вінаградаў аддаў загад на агульны прарыў. Натоўпы галодных людзей кінуліся ў бок савецкай мяжы па сьнезе і масава гінулі пад фінскім агнём.

7 студзеня раніцай на месца бітвы прыбыла вялікая група замежных журналістаў. Манэргейм не любіў журналістаў і забараніў ім знаходзіцца на фронце. Але тут камандваньне зрабіла выключэньне: трэба было засьведчыць маштабы савецкай катастрофы. Без сьведчаньняў ніхто ў сьвеце не паверыў бы ў гэта. Ад самага далёкага пункта, якога дасягнула савецкая калёна, каля Піспаерві і да самай савецкай мяжы ў сьнезе ляжалі 27500 савецкіх трупаў. Фіны спалілі 43 танкi і 270 аўтамашын. Былі захоплены вялікія колькасьці зброі і амуніцыі. Фінскія страты былі наступнымі: 900 забітых і 1770 параненых.
Сярод 1300 палонных фіны не знайшлі генэралаў Зелянцова і Вінаградава. Труп першага ніколі ня быў знойдзены. Другі здолеў вырвацца з абкружэньня ў танку. На савецкай тэрыторыі яго сустрэлі таварышы з НКВД. Вінаградава і яшчэ трох камандзёраў 44-й дывізіі расстралялі пасьля кароткага паседжаньня трыбунала.

Дагэтуль апэрацыя па зьнішчэньні вялікага злучэньня праціўніка малымі сіламі ў раёне Суомусальмі зьяўляецца часткай навучальнай праграмы ў ваенных акадэміях шэрагу краін.

“Татка, забі маскаля!”

Заўчора яшчэ мірная Фінляндыя спазнала ўсе жахі нашэсьця. Шпіталі напоўніліся параненымі і абмарожанымі вайскоўцамі і мірнымі людзьмі, героямі і ахвярамі вайны. З фронту вярталіся маладыя хлопцы без рук і ног, з абпаленымі тварамі. Там, дзе маглі, фіны падбіралі целы загінуўшых. Іх накіроўвалі ў трунах, накрытых дзяржаўным сьцягам, у родныя мясьціны (калі яны не былі пад акупантам). У касьцёлах зьбіралася ўсё насельніцтва, каб разьвітацца з сваімі героямі. Савецкія закапвалі сваіх у вялікіх ямах, на якіх ставілі пірамідкі з бляшанай чырвонай зоркай. Тысячы трупаў чырвонаармейцаў заставаліся ляжаць у сьнезе – на раўнінах, у лясах, на ўзбочынах дарог.

Агульная бяда не зламіла фінскі народ, не выклікала панікі або жаданьня саступіць ворагу. Цяжкое змаганьне і страты маладых жыцьцяў выклікалі ў душах людзей яшчэ больш моцнае жаданьне біць і зьнішчаць ворага, працаваць на перамогу і вызваленьне ад акупантаў. Нягледзячы на мабілізацыю дзясяткаў тысячаў работнікаў і ваенныя разбурэньні, фінская прамысловасьць захавала перадваенныя тэмпы працы. Жанчыны і непаўнагадовыя работнікі, дзе маглі замянілі тых, хто пайшоў на фронт. Людзі дабраахвотна працавалі пасьля сканчэньня зьмены. Прадукцыя узбраеньня і іншых неабходных для арміі відаў увесь час расла і задавальняла патрэбы арміі. Вялікі ўклад у перамогу рабіў гандлёвы флёт Фінляндыі, які дастаўляў у краіну гуманітарную дапамогу, харчаваньне, зброю і стратэгічную сыравіну. Жанчыны і мужчыны старэйшага ўзросту былі разьмеркаваны ў атрадах мясцовай самаабароны. Паліцыя адзначала, што крымінальныя злачынствы зьменшыліся да мінімуму.
Дзеці не хацелі заставацца ў баку ад падзеяў. Дзяўчаты ад 8 да 18 гадоў працавалі ў структурах гуманітарных арганізацый. Яны дапамагалі ў шпіталях, вязалі цёплую вопратку, зьбіралі пасылкі на фронт. Дзеці пісалі лісты і пасылалі свае малюнкі жаўнерам. Маладых мужчын на фронце не зьдзіўляла, што малыя прасілі іх забіць як мага больш расейцаў – “каб маскаль не прышоў у нашу вёску і не забіў мамку”…

Агульная небясьпека выклікала непараўнальную кансалідацыю нацыі, якая давярала свайму дзяржаўнаму і вайсковаму кіраўніцтву. Людзі розных палітычных поглядаў вельмі глыбака адчулі, што яны ёсьць адным народам і ўсім ім пагражае люты зьнешні вораг. Тэарэтызаваньні былі спынены, сэнтымэнт у адрас чырвонай Масквы здзьмуўся. Інвазія саветаў зрабіла тое, чаго на працягу дзесяцігоддзяў не маглі дасягнуць палітыкі і дзяржаўныя дзеячы: нацыяналізм зрабіўся стрыжням жыцьцёвай пазыцыі абсалютнай бальшыні фінскага народу.

Замежныя журналісты былі ўражаны карцінамі народнай салідарнасьці і рацыянальна арганізаванай дзейнасьці фінскага грамадзтва ў цяжкіх умовах вайны. У артыкулах і дакумэнтальных кнігах тае пары згадваюцца толькі адзінкавыя шчырыя праявы адчаю. Гэта калі фінскія генэралы атрымлівалі зводкі стратаў. Яны хапаліся за галаву і гукалі: “80 забітых! Мы ня маем права на такія страты!..” Вядома, што савецкія партыйныя бонзы і падначаленыя ім генэралы ня мелі такіх праблем. Яны баяліся толькі не выканаць сталінскі загад і пацярпець за гэта асабіста. На мільёны людзей ім было напляваць.
Шпіталі ў Ленінградзе і вобласьці былі завалены параненымі і абмарожанымі жаўнерамі. Параненых пачалі разьмяшчаць у суседніх вобласьцях. Іх прывозілі з фронту цэлымі эшалонамі на Фінляндскі вакзал, дзе Ленін з браневіка ў 1917 годзе абяцаў мір народам і г.д. На пачатку 1940 года стала зразумела, што сілы Леніградзкай ваеннай акругі падарваны. З усяе саўдэпіі на Ленінград пасунуліся эшалоны з гарматным мясам і тэхнікай. На ўсялякі выпадак у “горадзе трох рэвалюцый” абвясьцілі камэнданцкі рэжым і начное зацямненьне.

Валеры Буйвал (Працяг будзе)

14/12/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2011
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024