Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
ЯК ФІНСКІ НАРОД БАРАНІЎСЯ АД МАСКВЫ (частка 6) Бітва працягваецца Толькі на Карэльскім перашыйку ў цэлым адбываліся пазыцыйныя баі. На поўнач ад гэтай зоны фіны арганізоўвалі “motti” і зьнішчалі савецкія дывізіі. Няма сэнсу пераказваць хаду ўсіх гэтых апэрацый. Яны былі арганізаваны і праведзены паводле адной схемы, якая паказала сваю беспамылковасьць. Фіны атакавалі і рассякалі калону на лакальныя “катлы”, пачыналі іх паступовае зьнішчэньне. Савецкія камандзёры ў гэтай зоне аказаліся больш кемлівымі. Яны загадалі валіць дрэвы і будаваць у “катлах” драўляныя бункеры і ўмацаваньні. Фіны ацанілі таксама баявыя якасьці сібірскіх пяхотных частак, якія зацята абараняліся пасярод лесу і ў забудовах мястэчак. Сібіракі былі прызвычаяны да маразоў (было да мінус 35 градусаў) і сярод іх таксама было шмат паляўнічых. Але сібіракам ніхто не патлумачыў, што перад боем трэба ачысьціць ствалы ад традыцыйнай змазкі. Яна замярзала на марозе і жаўнеры не маглі страляць з аўтаматычнай зброі. Канчалася ўсё паводле мадэлі перамогі пад Суомусальмі: разгром “катлоў”, тысячы трупаў акупантаў у сьнезе, захопленая зброя і тэхніка, горы запасаў. Пашкуматаныя парэшткі разгромленых дывізій адступалі ў бок савецкай мяжы. Ужо ў сьнежні фінскія атрады пачалі рабіць рэйды на лыжах, прабіраючыся на савецкую тэрыторыю і зьдзяйсьняючы там акты дывэрсіі. У небе Зімовай вайны таксама лютаваў няроўны бой. Фінская авіяцыя, нават дзякуючы ваенным пастаўкам, за час вайны не перавысіла колькасьць 200 машын розных мадэляў. Але фінскія пілоты кідаліся ў бой, не раздумваючы над прапорцыямі сілаў. Звычайныя колькасныя адносіны ў паветраных баях былі 1:10, 1:15 і нават 1:20 на карысьць савецкіх. 6 студзеня 1940 г. лейтэнант Сарванта сам атакаваў цэлую эскадрылью чырвоных зьнішчальнікаў “Тупалеў СБ-2”. На працягу чатырох хвілін ён састрэліў шэсьць зь іх. Вельмі часта бывала, што група савецкіх бамбардоўшчыкаў паварочвала, скідвала бомбы ў сьнег і ўцякала прэч, заўважыўшы адзін фінскі самалёт. Фінскія зьнішчальнікі за ўсю вайну састрэлілі 240 савецкіх машын, страціўшы 26 сваіх самалётаў. Разам з супрацьпаветранай абаронай яны зьнішчылі больш за 800 савецкіх самалётаў. Савецкія бязьлітасна бамбавалі і расстрэльвалі ўсё жывое, што было на зямлі. У хуткім часе фіны перасталі вывешваць над шпіталямі вялікія сьцягі з чырвонымі крыжамі, бо саветы выкарыстоўвалі іх як мішэні. Калі ў месцы прызямленьня пашкоджаных самалётаў не было прадстаўнікоў вайсковай паліцыі або армейскіх афіцэраў, то жаўнеры і мірнае насельніцтва чынілі над савецкімі лётчыкамі свой самасуд. Лакальнай перамогі ў Крамля не атрымлівалася. Ужо на трэці тыдзень вайны эшалоны, набітыя параненымі і абмарожанымі вайскоўцамі, пачалі прыбываць у Маскву. “Століца нашей родіны” убачыла страшнае аблічча вайны. Сталін абзываў Жданава з таварышамі “ленінградзкай клікай”, крычаў і тупаў нагамі на паседжаньнях ваеннай рады, публічна зьневажаў наркама абароны Варашылава. Манэргейм называў дзеяньні саветаў на першых этапах вайны “канцэртам дрэнна дырыжыраванага аркестра”. Артылерыя дзейнічала асабліва бяздарна. Вялікія колькасьці ствалоў былі сабраны ў адным месцы, але стралялі без якой-небудзь узгодненасьці з наступаючымі войскамі, з мінімальным эфэктам. Бязладдзе панавала і ў справе ўзаемадзеяньня пяхоты і танкаў. Генэралы Цімашэнка і Мерацкоў (будучыя дзеячы вайны супраць немцаў і японцаў) у студзені ўшчыльную заняліся рэарганізацыяй войскаў і тактыкі. Мерацкоў, адказны за штурм Лініі Манэргейма, сканцэнтраваў на гэтым участку каласальную колькасьць войскаў і тэхнікі ў параўнаньні з сіламі абаронцаў: 9 пяхотных дывізій, 5 танкавых брыгад, адну кулямётную дывізію. На адзін кілёмэтр фронту саветы выставілі 50 гарматных ствалоў. На чыгунцы занялі пазыцыі вялізныя гарматы, якія вялі агонь проста з чыгунчаных платформаў. Савецкі штаб меркаваў, што нават нязначны прарыў Лініі хаця б у адным месцы будзе мець вырашальнае значэньне. Маўляў, фіны адразу пачнуць адступаць з умацаваньняў. Больш грунтоўна праводзілася выведка. Патрулі нават даставілі ў штаб кавалкі бэтонных фінскіх умацаваньняў для іх аналізу. У тыле саветы пабудавалі вялікі макет Лініі Манэргейма з вучэбнымі землянымі ўмацаваньнямі. 123-я дывізія, якая мелася штурмаваць Лінію, праходзіла трэніроўкі атакаў на макеце разам з артылерыстамі і танкістамі. Астатнія войскі таксама напружана трэніраваліся. Саветы дзейнічалі з пыхай, упэўненыя ў тым, што фіны ня здольныя супрацьдзейнічаць падрыхтоўцы наступу. Яны не выкарыстоўвалі ніякой маскіроўкі, акрамя як у перадавых частках і батарэях. Гарматы нават у бліжнім тыле стаялі вялікімі масамі, кола ў кола, нічым не замаскаваныя. Грузавікі ехалі з Ленінгаду з уключанымі фарамі. Фіны разумелі, што рыхтуе ім вораг, і мацавалі абарону, як маглі. На Лініі стаялі тыя ж стомленыя сьнежаньскімі баямі войскі. Каб зрабіць саветам уражаньне, што на фронт прыбілі сьвежыя часткі, Манэргейм нават перайменаваў 6-ю дывізію ў 3-ю, а слабыя рэзэрвовыя часткі назваў 7-й дывізіяй. Фінскім артылерыстам было строга загадана страляць толькі па наступаючых саветах і эканоміць баепрыпасы. Практычна ўвесь студзень 1940-га года на Карэльскім перашыйку не вялося актыўных дзеяньняў. Новы штурм Раніцай 1 лютага фінскі самалёт аэравыведкі прарваўся праз шыхт з 40 савецкіх зьнішчальнікаў і паспеў зрабіць здымкі ўчастку фронту ў раёне Сума. Калі стужкі былі праяўлены і раздрукаваны, штабнікі зразумелі, што менавіта на Суму накіравана вастрыё маскоўскага штурма. Там саветы сканцэнтравалі 200 артылерыйскіх батарэй і вялікія масы пяхоты. Падобная карціна назіралася, зрэшты, па ўсім фронце. У той жа дзень Цімашэнка аддаў загад на пачатак штурму. За першыя 24 гадзіны артпадрыхтоўкі саветы выпусьцілі толькі ў сэктары Сума (такзваная “брама Вііпуры”) 300 000 снарадаў. У гэтым жа сэктары ўвесь час працавала савецкая авіяцыя – 500 бамбавікоў. Грукат выбухаў быў чутны нават у Гэльсінках, аддаленых амаль на 150 км. Гэта была самая магутная канцэнтраваная бамбардоўка сіламі артылерыі і авіяцыі за ўсю гісторыю войнаў. З першых дзён штурму абаронцам пачала давацца ў знакі каласальная перавага савецкіх сілаў. Бомбы і снарады перарывалі лініі сувязі, разбуралі ўмацаваньні, забівалі і калечылі людзей. Нават уначы, калі змаўкаў абстрэл і прыпыняліся атакі, фінскія жаўнеры ня мелі спакою. Трэба было выбіваць чырвоных, якія сям-там пасьпявалі засесьці ў фінскіх траншэях, аднаўляць умацаваньні, дастаўляць на перадавую ўсё неабходнае, эвакуіраваць параненых. Праз колькі дзён фактар фізычнай і псіхічнай стомы стаўся вызначальным. Асабліва зацятыя баі адбываліся 2 і 3 лютага на ўчастку Сума, дзе ўмацаваньні некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Да 7 лютага фіны забілі на гэтым участку 1000 савецкіх і спалілі 90 танкаў (нягледзячы на тое, што супрацьтанкавай зброі ў іх было зусім мала). Савецкія беглі наперад хваля за хваляй, па трупах тых, што загінулі ў папярэдніх атаках. Часам ім удавалася падвесьці буйнакалібэрныя гарматы бліжэй да фінскіх пазыцый і ва ўпор расстрэльваць доты. Калі саветы ўрываліся ў траншэі, абаронцы біліся да апошняга. У некаторых сэктарах Лініі Манэргейма саветам удалося захапіць разбураныя доты і ўчасткі земляных умацаваньняў. Але пайшоў другі тыдзень штурма, а Цімашэнка ня мог адрапартаваць у Крэмль аб прарыве Лініі. Фінскія жаўнеры былі выматаны дарэшты і дзейнічалі ўжо, як аўтаматы. За суткі яны спалі ўрыўкамі па некалькі хвілін і проста падалі ад стомы. Калі насоўвалася чарговая лавіна саветаў, афіцэры беглі па траншэях, сьвісьцелі ў сьвісткі, крычалі, расштурхвалі жаўнераў рукамі і высьпеткамі. Каля шасэйнай дарогі на Яханэс саветы кінулі на фінскія пазыцыі сьвежую дывізію. Але фінскі агонь быў настолькі магутным, што чырвоныя панесьлі вялікія страты і пабеглі назад. Савецкіх ахапіла паніка, яны працягвалі ўцякаць нават тады, калі камандзёры і камісары, спрабуючы спыніць натоўп, пачалі страляць па людзях. 10-11 лютага саветы ўпершыню паспрабавалі абысьці Лінію з фланга, па лёдзе Фінскай затокі. Але вялікія масы пяхоты накрыў агонь буйнакалібэрнай берагавой артылерыі фортаў Койвіста і Гумальёкі. Снарады разьбівалі лёд, у чорную ваду правальваліся і гінулі адразу сотні жаўнераў. 12 лютага саветы паслалі наперад лёгкія танкі і гарматы, якія павінны былі падавіць артылерыю фортаў. Спачатку яны рухаліся па лёдзе без перашкодаў. Але як толькі дасягнулі лініі, вызначанай карэктыроўшчыкамі агню, фіны пачалі страляць па іх. Усе 25 танкаў згарэлі або праваліліся пад лёд. На іншым участку, каля Тайпалі саветы вялі лабавы наступ, спрабуючы прарваць абарону. На працягу 4 гадзін бою фіны забілі тут 2500 савецкіх. 11 лютага саветы зрабілі першы прарыў Лініі каля Лэхдэ. Аднак саветы сталі на месцы і пачалі накопліваць танкавыя сілы на гэтым участку. Яны ня ведалі, што шлях на Вііпуры быў аткрыты, у фінаў ужо не было ніякіх рэзэрваў, каб стрымаць іхны наступ.14 лютага савецкая навала пачала драбіць фінскую абарону. Адзіная Лінія распадалася на шэраг паасобных участкаў, на якіх працягваўся бой. У фінаў скончыліся снарады і міны для мінамётаў. Тады фінскія афіцэры загадалі прапускаць праз сябе танкі і зьнішчаць пяхоту. 14 лютага саветы ад Лэхдэ ўдарылі ў тыл фінскім часткам, якія абаранялі сэктар Сума. Камандваньне прыняло рашэньне адвесьці часткі з гэтых пазыцый. Калі 15 лютага саветы распачалі наступ вялікімі сіламі, яны ўбачылі, што пазыцыі перад імі пустыя. Сталін не паверыў паведамленьню пра заняцьце сэктару Сума. Генэралы вымушаны былі прывесьці ў залю нарадаў афіцэра, які асабіста пацьвердзіў, што бачыў чырвоны сьцяг над умацаваньнямі Сума. Апошні акт драмы Фінскія войскі змагаліся з апошніх сілаў. Камандваньне і ўрад шукалі рэзэрвы. Была абвешчана мабілізацыя мужчын ад 16 і старэйшых за 50 гадоў. Крымінальным вязьням, асуджаным на невялікія тэрміны, таксама запрапанавалі ісьці на фронт. Паспешліва сфармаваныя аддзелы праходзілі кароткі курс навучаньня. Іх накіроўвалі на самыя праблемныя ўчасткі фронту, дзе абаронцаў амаль не заставалася. Манэргейм разумеў, што нельга саступаць ворагу. Ён ведаў, што ў нэўтральных краінах ужо вяліся кансультацыі паміж фінскімі і савецкімі прадстаўнікамі наконт спыненьня агню і мірных перамоваў. Маршал хацеў вымусіць саветы не выстаўляць Фінляндыі надта вялікія патрабаваньні. Трэба было трымацца. Новыя пазыцыі на такзванай Сярэдняй лініі самы штабнікі называлі “размалёўкай на мапе”: неглыбокія траншэі, мала бэтонных умацаваньняў. Тут пачалі разьмяшчацца сьмяротна стомленыя войскі. Гераічныя абаронцы чыгуначнай станцыі Кэмэрэ затрымалі на цэлы дзень прасоўваньне савецкіх і забясьпечылі арганізаванае адступленьне асноўных сілаў з Лініі Манэргейма. Войскі мелі крыху часу, каб акапацца, паставіць міны, расставіць на пазыцыях гарматы. 18 лютага саветы распачалі штурм Сярэдняй лініі. Упэўненыя ў лёгкім посьпеху, яны вярнуліся да сьнежаньскай тактыкі танкавых атакаў без арганізаванай падтрымкі пяхоты. Але фінскія артылерысты сустрэлі іх трапным агнём. Да 21 лютага саветы страцілі каля 50 танкаў. Саветы атакавалі бесперапынна, ім удалося заняць некаторыя пазыцыі. Генэралы ўгаворвалі Манэргейма аддаць загад на ўсеагульны адыход на Тылавую лінію (як штабісты называлі апошнія ўмацаваньні перад сталіцай). Манэргейм адмовіўся слухаць іх і заявіў, што армія, якая разважае пра адступленьне – гэта ўжо на палову разьбітая армія. Ён разумеў, што аддаючы фінскую зямлю акупантам, ён стварыў бы яшчэ больш цяжкія ўмовы пры заключэньні міру. 28 лютага саветы распачалі артпадрыхтоўку – у асноўным па пустых ужо траншэях Сярэдняй лініі. Нешматлікі ар’ергард, пакінуты Манэргеймам на лініі, чакаў, але не дачакаўся атакі пяхоты. Калі камандзёр выслаў наперад патрулі, яны прынесьлі нештодзённыя зьвесткі. Аказалася, што саветы ў атаку зьбіраліся пайсьці, але іхная артылерыя дала некалькі залпаў на кілёмэтр бліжэй і накрыла месца канцэнтрацыі пяхоты і першую лінію артылерыі. Пасярод трупаў і разьбітых гармат фіны ўбачылі чалавека, што сядзеў, сьціскаючы слухаўку тэлефоннага апарата. Ён быў забіты, калі спрабаваў паведаміць пра памылковыя залпы. Разгарнуліся баі на Тылавой лініі, ужо на подступах да горада Вііпуры (Выбарга). Падчас баёў на Сярэдняй лініі вайсковыя інжынэры і сапёры напружана працавалі, каб хаця б крыху давесьці да ладу гэты недабудаваны ўмацаваны раён. Саветам дорага давалася прасоўваньне праз гэтыя недасканалыя пазыцыі. Напрыклад, невялікі фінскі аддзел на высьпе Тупура на працягу сутак адбіваў атакі цэлай дывізіі, якая страціла тысячу чалавек забітымі і дзесяткі танкаў. Фіны страцілі 260 жаўнераў забітымі. На ўсходнім беразе Фінскай затокі склалася вельмі небясьпечная сытуацыя. На загад Манэргейма на дапамогу фінскім часткам былі пасланыя атрады скандынаўскіх дабраахвотнікаў – 8000 швэдаў і 725 нарвэжцаў. Адчувалася, што гэтыя людзі ненавідзелі Маскву і камуну. Яны ваявалі выдатна. Валеры Буйвал (Працяг будзе) 22/12/2011 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |