Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЯК ФІНСКІ НАРОД БАРАНІЎСЯ АД МАСКВЫ

(частка 7, заканчэньне)

Апошні акт драмы (працяг)

На ўсходні бераг затокі саветы накіравалі свой галоўны ўдар, пралічыўшы, што менавіта тут яны могуць прарваць Тылавую лінію. Яны сьпяшаліся, бо зіма заканчвалася і лёд мог пачаць таяць. Менавіта па лёдзе наступалі лавіна за лавінай савецкія калоны пяхоты і танкаў. Фінская авіяцыя ў апошнім гераічным імпэце прышла на дапамогу наземным часткам. Самалёты падымаліся ў паветра, бамбавалі і абстрэльвалі наступаючага ворага. Пілоты валіліся з ног ад стомы, але пасьля дакамплекту паліва і баепрыпасаў зноў выляталі на фронт, прарываліся праз агонь зэнітак і нішчылі акупантаў. Баявым майстэрствам і мужнасьцю ўславілася эскадрылья Эйна Луканэна. Калі яго машыны нечакана зьяўляліся над натоўпамі атакуючых, савецкіх ахоплівала паніка. Бывала, што эскадрылья за адзін налёт зьнішчала да паловы наступаючых.

5 сакавіка 1940 года Мерацкоў паслаў у наступ цэлую дывізію ў суправаджэньні 100 танкаў. Але натоўпы накрыла сваім агнём буйнакалібэрная артылерыя форту Рысьціньемі. Снарады прабівалі ў лёдзе такія вялікія палонкі, што туды правальваліся і танулі цэлыя роты. Атака правалілася.

Непадалёк ад Талі быў роўны рэльеф мясцовасьці, які спрыяў дзеяньням танкаў. У сувязі з гэтым фіны адкрылі шлюзы і затапілі падыходы да Тылавой ліні. Але савецкія танкі атакавалі па пас у вадзе. Перад атакай праз ледзяную ваду да супрацьтанкавых перашкодаў прабіраліся савецкія сапёры і ўзрывалі іх. Фінскія жаўнеры прызнаваліся, што гэта былі самыя сьмелыя чырвоныя жаўнеры, якіх яны пабачылі на вайне.

З 4 сакавіка фінскія пазыцыі бамбавалі і абстрэльвалі 2000 самалётаў, наступ вялі 1200 бранемашын і танкаў. Фінская артылерыя мела мінімум амуніцыі. Камандзёры паведамлялі ў генштаб, што ня здолеюць утрымаць фронт больш за 4-5 дзён.

8 сакавіка фронт на ўчастку 23-й фінскай дывізіі абрынуўся. Жаўнеры пабеглі ў тыл. Калі аднаму з гэтых батальёнаў аддалі загад пайсьці ў контатаку, жаўнеры накіравалі на афіцэраў зброю, а потым пакінулі поле бою. Саветы ўмацаваліся на плацдарме на беразе Фінскай затокі і пачалі пашыраць яго. Іхная артылерыя ўпершыню пачала абстрэльваць шасэйку Вііпуры-Гэльсінкі. Фінскія батальёны біліся ў ізаляцыі, ня ведаючы агульнага становішча, бо сувязь была зьнішчана. Склалася пагроза поўнага абкружэньня фінскай групоўкі.

9 сакавіка быў аддадзены загад на адыход усіх частак, якія яшчэ змагаліся, з Тылавой лініі. Фіны рыхтавалі пазыцыі ўжо проста на вуліцах Вііпуры. 11-13 сакавіка прастора перад гарадзкой забудовай Вііпуры была арэнай хаатычных, лютых баёў. Фінская армія білася з апошніх сіл. Але саветы так і ня здолелі прайсьці два кілёмэтры, якія заставаліся да Вііпуры.

Але ўжо 7 сакавіка фінская дзярждэлегацыя транзітам праз Стакгольм прыбыла ў Маскву. Вядома, што калі прэзыдэнт Каліё падпісваў мандат, які даваў права дэлегацыі заключыць мірнае пагадненьне, ён прабурчэў: “Няхай адсохне рука, што падпісвае гэты дакумэнт”. Праз два месяцы ў яго быў удар і аднялася правая рука…

У Маскве распачаліся перамовы аб спыненьні агню і замірэньні. Сталін пагражаў фінам і патрабаваў падпісаць дамову, “пакуль фінская армія не разгромлена дашчэнту”. Молатаў таксама паводзіў сябе з выклікам. Урэшце падпісалі замірэньне, якое пачынала дзейнічаць з 11.00 13 сакавіка.

Але і тут не абышлося без ардынскай подласьці і падступнасьці. За 15 хвілін да пачатку замірэньня савецкая артылерыя абстраляла фінскія пазыцыі. Многія жаўнеры выйшлі былі з зямлянак і траншэяў, ведаючы, што вайна скончылася. Гэта каштавала сотням зь іх жыцьця ў апошнія імгненьні вайны. Фіны ніколі не выбачылі маскалю гэтага злачынства (як зрэшты і ўсяго астатняга). Калі 22 чэрвеня 1941 года Нямеччына ўдарыла па СССР, фінскі народ не сумняваўся, што настаў час рэваншу.

Манэргейм : “Такі народ заслужыў права на жыцьцё”

Маршалу Манэргейму не была ўласьцівая схільнасьць да пампезнасьці і тэатральных жэстаў, што характарызуе бальшыню ваеначальнікаў у гісторыі. Але гэтым разам ён адступіў ад сваіх правілаў і зьвярнуўся да арміі з асабістым лістом. Вось фрагмэнты гэтага шчырага звароту:
“Жаўнеры! Я ваяваў у многіх бітвах, але нідзе ня бачыў такіх ваяроў, як вы! Праз шаснадцаць тыдняў крывавых баёў, якія не спыняліся ні ўдзень, ні ўначы, наша непераможная армія працягвае стаяць перад праціўнікам, колькасны склад якога ўвесь час расьце, нягледзячы на жудасныя страты.

Лёс бязьлітасны да нас. Мы вымушаны аддаць чужой расе зямлю, якую стагоддзямі апрацоўвалі і палівалі потам. Таму ўсе мы павінны працягнуць руку дапамогі тым, хто застаўся без даху над галавой, і забясьпечыць іх жыльлём на зямлі, што нам засталася. Мы павінны паклапаціцца аб лепшым жыцьці для ўсіх нас. Як і раней нам трэба быць гатовымі абараняць нашу параненую радзіму з такім жа імпэтам і такой жа доблесьцю, зь якімі мы абаранялі нашу непадзельную радзіму.

Мы з гонарам усьведамляем сваю гістарычную місію, якую мы будзем працягваць выконваць: абараняць заходнюю цывілізацыю, якая ёсьць для нас спадчынай стагоддзяў. І мы ведаем, што да апошняга гроша мы аплацілі доўг, які можа быць у нас перад Захадам. (…)

Наша армія, нашмат слабейшая колькасьцю і ўзбраеньнем, нанесла сур’ёзныя страты значна магутнейшаму ворагу. Адступаючы, наша армія зноў і зноў адбівала яго атакі. Гэтаму цяжка знайсьці аналагі ў ваеннай гісторыі. Заслугоўвае захапленьня таксама тое, як народ Фінляндыі, застаўшыся сам-насам у безнадзейнай сытуацыі, знайшоў у сабе сілы не ўпасьці ў адчай, а, наадварот, пачаў самаахвярнае і велічнае змаганьне.
Такі народ заслужыў права на жыцьцё”.

Крамлёўская гэбельсаўшчына надрывалася ў штучнай эйфарыі, выхваляючыся перад падсавецкімі людзьмі і ўсім сьветам сваёй перамогай над “белафінамі”. Але ў Крамлі цудоўна разумелі, што гэта была за “перамога” і якой ганьбай пакрыліся партыйныя і вайсковыя бонзы рэжыму. Не выпадкова адной з умоваў падпісанага з фінамі мірнага пагадненьня было патрабаваньне не праводзіць у Гэльсінках парад фінскай арміі.

Паводле дамовы, Фінляндыя саступала СССР вялікія абшары сваёй тэрыторыі: за Карэльскім перашыйкам разам з другім па вялечыні і прамысловаму значэньню ў краіне горадам Вііпуры (які саветы так і не змаглі захапіць з боем), а таксама кавалкі тэрыторыі ў Карэліі і за Палярным колам (паўвыспа Рыбачы і нікелевыя радовішчы з горадам Пэтсама). Савецкі гарнізон займаў паўвыспу Ханка, якая кантралявала падыходы да Гэльсінак. На Фінляндыю таксама накладалася вялікая грашовая рэпарацыя. Не забыліся ў тэксьце і пра палітычны ўплыў. Фіны павінны былі зьмяніць урад і даць волю камуністычным арганізацыям (гэта не дадало ім народнай сімпатыі).

Памятаю эпізод з восені 1976 года. У Эрмітажы адкрылася вялікая выстава класіка фінскай скульптуры Вяйнё Аалтанэна: станковая пластыка, эскізы і фота помнікаў. У адной зь вітрын маю ўвагу прыцягнуў невялікі мэдаль. На чыстым, лаканічным фоне – профіль загінуўшага жаўнера. І надпіс: “Гераічнай фінскай моладзі. 1939-40”. На наступны дзень я прывёў на выставу сяброў, хацеў паказаць ім нештодзённую зьяву ў падцэнзурным савецкім жыцьці. Але куточак у вітрыне быў ужо пустым, стукачы выправілі “ідэалагічную памылку”. Саўдэпія і праз дзесяцігоддзі баялася маленечкага мэдаля са згадкай пра гераізм і самаахвярнасьць суседняга народа.

Хрушчоў: “Мы страцілі ў Фінляндыі мільён чалавек”.

Фіны страцілі ў Зімовай вайне 24 923 забітымі і 43 557 параненымі. 420 тысячаў людзей згубілі дах над галавой. Амэрыканскі гісторык гэтай вайны Уільям Тротэр, камэнтуючы страты фінскага народу, ужывае параўнаньне. У прапорцыі да колькасьці насельніцтва Злучаныя Штаты ў такой вайне страцілі б 2,6 мільёна чалавек.

Савецкія страты не паддаваліся ніякім прапрорцыям, яны былі проста жахлівымі. У Чырвонай арміі паўтаралі выраз аднаго генэрала, які зірнуў на мапу Карэльскага перашыйку і сказаў: “Занятай намі зямлі хопіць якраз на тое, каб пахаваць нашых забітых”.
Паводле нязьменнай традыцыі маскоўскай Арды, ніхто ніколі не даведаўся праўды аб стратах ад Крамля. Молатаву зь ягонымі фальшыва нізкімі лічбамі ніхто не паверыў. Хрушчоў падчас “разоблачітельного” ХХ зьезду заявіў быў, што “мы страцілі ў Фінляндыі мільён чалавек”.

Фінляндыя выстаяла ў няроўным змаганьні з магутным і дурным маскоўскім монстрам. Невялікай краіне Крэмль рыхтаваў долю “саюзнай рэспублікі” на прыкладзе “вызваленых” у 1939 годзе Украіны і Беларусі, а таксама акупаваных у 1940 годзе балтыйскіх краін. “Вызваленьне” і “дабраахвотнае далучэньне” (як называла працэс маскоўскай акупацыі савецкая прапаганда) прынёс падсавецкім народам такія чалавечыя і цывілізацыйныя страты, якія ня могуць ні ў якое параўнаньне ісьці з стратамі фінскага народу. ГУЛАГ, НКВД, раскулачваньне, дэнацыяналізацыя, разбурэньне культуры і эканомікі, русіфікацыя, камунізацыя, засяленьне агрэсіўнымі асаднікамі – усяго гэтага не спазнала Фінляндыя, якая вырашыла аказаць узброены супраціў ворагу. Той, хто саступіў і не супраціўляўся, расплаціўся за “вызваленьне” па самай дарагой цане.

Зімовая вайна мела свой працяг. Праз тры дні пасьля пачатку нямецкага наступу на СССР у чэрвені 1941 года саветы самы парушылі мірную дамову, правёўшы некалькі бамбардовак фінскай тэрыторыі. Фінская армія ўдарыла па ворагу і пацясьніла яго. Аднак, Манэргейм строга загадаў не перакрочваць даваенную мяжу і не абстрэльваць Ленінград. Фіны акапаліся на старой мяжы. Гэты фактар быў рашаючым увосень 1941 года, калі немцы падышлі да прыгарадаў Ленінграда. Калі б фінская армія ўдарыла па “горадзе Леніна”, то саветы не абаранілі б яго. У лютым 1942 года фіны забралі назад амаль усе свае страчаныя тэрыторыі і дэмабілізавалі значную частку арміі.

У чэрвені 1944 г. па фінскіх пазыцыях ударыла савецкая групоўка: 450 тысячаў вайскоўцаў, 800 танкаў, 2000 самалётаў. Праз 10 дзён наступу саветы захапілі Вііпуры. Манэргейм вымушаны быў папрасіць дапамогі ў немцаў. Тыя прыслалі авіяцыю, вялікую колькасьць супрацьтанкавых гранатамётаў і артылерыі. На пачатку ліпеня фіны зьнішчылі 200 савецкіх танкаў, наступ пачаў ламацца. У савецкіх тылах актыўна дзейнічалі партызанскія атрады. А ў жніўні ў рамках апэрацыі ў раёне Талі-Іхантала фіны цалкам разграмілі дзьве савецкія дывізіі. Сталін з генштабам убачылі, што лакальнага бліц-крыгу не атрымаецца, а войскі былі вельмі патрэбныя на франтах у Беларусі і Прыбалтыцы. Крэмль вымушаны быў адмовіцца ад захопу (“освобожденія”) Фінляндыі і пайсьці на мірныя перамовы. 19 верасьня 1944 г. было падпісана замірэньне. Паводле яго, фіны павінны былі выдаліць 200 тысячаў нямецкіх войскаў, якія знаходзіліся ў паўночнай частцы Фінляндыі. На загад Гітлера немцы пачалі помсьціць учорашняму хаўрусьніку і паліць фінскія паселішчы. Фінскія войскі ўдарылі па немцах і імкліва пагналі іх са сваёй зямлі.
У краіне настаў трывожны, але мір.

Беларусы

Падчас вайны фіны ня надта адрозьнівалі падсавецкія нацыянальнасьці. Для іх усе былі “рускімі”, якіх трэба было біць, каб абараніць радзіму. Дагэтуль заходнія гісторыкі і публіцысты не дасьледуюць гэты аспэкт Фінскай вайны. Крыху больш увагі яны надаюць у сваіх тэкстах украінцам, якіх сапраўды было вельмі шмат на той вайне. Беларусаў нават ня згадваюць.
Смаленскі беларус, паэт Аляксандр Твардоўскі пабыў на той вайне ваенным карэспандэнтам. Пасярод прапагандысцкіх радкоў нават у той страшны пэрыяд ён назваў падзеі “няслаўнай вайной”. Нашых дзядоў мабілізавалі на Фінскую вайну дзесяткамі тысячаў. Прычым, як і паўсюль па саўдэпіі, забіралі не юнакоў, а менавіта людзей сталых, у якіх ужо былі сем’і і дзеці. Гэта яны гінулі ў лабавых атаках, правальваліся пад лёд Фінскай затокі, гібелі ад голаду і холаду ў “катлах”. Беларускім гісторыкам яшчэ прыйдзецца прыкласьці шмат намаганьняў, каб напісаць праўдзівую беларускую гісторыю той трагедыі. Пасьля 1945 года сем’і загінуўшых на Фінскай атрымлівалі пэнсію у два разы меншую, чым за ахвяраў “велікой отечественной”.

Нашы дзяды ў чарговы раз спазналі на сябе ўсе “вабноты” маскоўскіх геніяў-стратэгаў. Тыя з беларускіх жаўнераў, хто вяртаўся ў родныя мясьціны, шэптам распавядалі сем’ям пра дзікія парадкі маскоўскай арды. У апошнія дні вайны саветы кідалі людзей у бесперапынныя атакі. Адзін з беларускіх палкоў быў выбіты дашчэнту, застаўся толькі Мікалай Барай з Старобіна і яшчэ адзін жаўнер. “Геніі” падвялі на пазыцыю сьвежы полк і вывелі беларусаў перад шыхтамі. Камісар пахваліў іх за мужнасьці і “узнагародзіў”: даў у рукі вялікі чырвоны сьцяг ды загадаў бегчы зь ім наперадзе палка у новую атаку. Зразумела, што беларусы загінулі…

Высновы з даўняй ужо гісторыі нам трэба рабіць сёньня і не адкладваючы. Бо як сьпявалі ў ваярскім гімне нашы продкі, “Не схаваешся нідзе – зноў маскаль на нас ідзе!” А высновы наступныя: беларусы ня будуць працаваць на паганую Маскву, служыць ёй і ваяваць за крамлёўска-лубянскую арду. Ніколі больш!

Валеры Буйвал

27/12/2011 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сьнежань 2011
П А С Ч П С Н
« Ліс   Сту »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024