Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЗАМЕЖНЫ ДРУК (27-30.12.2011)

Божышча для пакланеньня

27 сьнежня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” паведаміла пра прызначэньне Уладзіслава Суркова (47 гадоў) на пасаду віцэ-прэм’ера Расеі, “адказнага за мадэрнізацыю”. Газэта назвала Суркова “шэрым кардыналам” і трэцім па значэньні ў РФ пасьля Пуціна і Медведева, а таксама галоўным ідэолагам рэжыму Пуціна. Менавіта Суркоў увёў у абарот знакамітыя канцэпцыі “кіруемай дэмакратыі” і “сувэрэннай дэмакратыі”. Газэта працытавала Суркова: “Пуцін – гэта чалавек, пасланы Расеі лёсам і Госпадам у цяжкі момант для нашай нацыі”.

Наш камэнтар: Новы крамлёўскі “кардынал”, як бачым, спэц не па “мадэрнізацыі”, а па містыфікацыі. Падобна на тое, што ён забраў з рук вядомага “чэрававяшчальніка” Глобы колбу тандэтнай палітычнай алхіміі. Яны там на сваім лубянскім капішчы ўзяліся ствараць чарговае божышча для пакланеньня. Але сапраўды “момант цяжкі”, “нацыя” неяк ня хоча пакланяцца дробнаму балвану.

Юрка Марозаў
***

Яшчэ не разабраліся

28 сьнежня 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала: “Склад удзельнікаў пратэстных акцый у Расеі – гэта вельмі стракатая публіка, пачынаючы ад ультранацыяналістаў і канчаючы абсалютнымі лібэраламі. І ў кожнага зь іх нават няма вобразу будучыні, ня кажучы ўжо пра агульную думку. Да таго ж у лагеры апазыцыі існуюць вострыя супярэчнасьці паміж “штатнымі апазыцыянэрамі” і новым пакаленьнем палітыкаў. Сьцішыліся таксама хваласьпевы заходніх палітыкаў у адрас Пуціна…”

Наш камэнтар: Газэта адзначыла важныя тэндэнцыі заходняга думаньня, якое ажно праз 20 гадоў разабралося з “новай рускай дэмакратыяй”. На жаль, гэтае “думаньне” яшчэ не разабралася з рускімі (і беларускімі) “штатнымі апазыцыянэрамі”, якія тлумяць людзям галаву і ратуюць антычалавечыя рэжымы.

Алесь Хадасевіч

***

Ня вераць уладам

29 сьнежня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла пра аварыю ў Мурманскай вобласьці. У пасёлку Расьлякова на рамонтным заводзе загарэлася атамная падлодка “Екацерынбург”, пацярпелі людзі. Улады запэўніваюць, што атамнай небясьпекі няма.

Наш камэнтар: Мясцовы люд і блізкія нарвэжскія суседзі ня вераць запэўніваньням расейскіх уладаў. Беларусы, што ў савецкія часы служылі на флёце і ў войску на Мурманскім беразе, добра памятаюць, які дзікі хаос тварыўся на ваенных аб’ектах на фоне галечы, бруду і чалавечай неахайнасьці ў гэтай апанаванай расейцамі правінцыі. У суседніх нарвэжцаў была тая ж запалярная зіма і цемра, голыя скалы і халоднае мора – і зусім іншае, камфортнае і культурнае жыцьцё людзей.

Алесь Хадасевіч
***

Таварыш Пуцін і таварыш Пушкоў

29 сьнежня 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцін яшчэ не зьяўляецца прэзыдэнтам, а на адносіны з ЗША ўжо зроблены ўплыў”. Газэта напісала: “Запланаванае вяртаньне расейскага прэм’ера Уладзіміра Пуціна ў прэзыдэнцкае крэсла ў 2012 годзе ўжо цяпер, паводле некаторых расейскіх экспэртаў, шкодзіць адносінам паміж Масквой і Вашынгтонам”. Кіраўнік міжнароднай камісіі Дзярждумы Аляксей Пушкоў заявіў: “Пуцін зьяўляецца ўвасабленьнем уяўленьня аб Расеі як сусьветнага цэнтру магутнасьці…, а гэтага Амэрыка ня хоча. Там (у ЗША) ні ў якім выпадку ня хочуць вяртаньня Пуціна”.

Наш камэнтар: Ну, калі таварыш Пушкоў заяўляе пра гэта прылюдна, то сапраўды ў Пуціна ўзьніклі праблемы…

Алесь Хадасевіч
***

Яны пойдуць на выбары

29 сьнежня 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Стракатая апазыцыя: парыў ёсьць, накірунак незразумелы”.

Наш камэнтар: Яны што, згаварыліся можа? Заходнія СМІ ў адзін голас паўтараюць пра расейскую апазыцыю, што яна стракатая і ня мае адзінага накірунку. Усім абрыдлі балбатлівыя нямцовы-яўлінскія. Столькі грантаў праглынулі, а дэмакратыю не ўтварылі… Аднак многія расейцы ўжо зразумелі, які ў рускіх “дэмакратаў” ёсьць адзіны накірунак: весьці людзей на фальшывыя лубянскія псэўдавыбары – “перамагаць Лубянку сваімі галасамі”.

Алесь Хадасевіч

***

Маніпулятары

29 сьнежня 2011 г. іспанская газэта “АВС” параўнала два панарамныя фоты з пахаваньня Кім Чэн-іра ў Пхэн’яне і высьветліла, што адно з фота зманіпулявана кампутарным мэтадам, каб надаць выяве натоўпу большую геамэтрычнасьць.

Наш камэнтар: Беларусам даўно вядомыя гэтыя штучкі мантажу і нахабнай маніпуляцыі. На зары лукашызма ва ўсіх афіцыёзных офісах разьвесілі каляровыя плакацікі з выявай “маладога прэзыдэнта” Лукашэнкі на фоне натоўпаў людзей. Аказалася, што для фону маніпулятары ўзялі фотаздымак з мітынгу БНФ…

Алесь Хадасевіч

***

“Демократіческая Беларусь — через трі дня”

30 сьнежня 2011 г. славацкая газэта “SME” напісала пра чарговага кандыдата на прэзыдэнта Расеі. Мільярдэр Міхаіл Прохараў зьяўляецца трэцім па багацьцю чалавекам у РФ. У выпадку, калі яго абяруць прэзыдэнтам Расеі, ён абяцае ўвесьці ў РФ валюту эўра, распусьціць парлямант, абраны на сфальшаваных выбарах, і вызваліць мільярдэра Хадаркоўскага з вязьніцы.

Наш камэнтар: Мільярдэр-абяцальшчык тонам і шырокімі жэстамі вельмі нагадвае падстаўных спарынг-партнёраў Лукашэнкі, што прыцягнулі ўвагу публікі ў лістападзе-сьнежні 2010 года. Гэтыя “кандыдаты” таксама абяцалі “демократіческую Беларусь через трі дня” і г.д. ды тлумачылі, што для гэтага трэба пайсьці на выбары і “сбросіть діктатора”. Што з гэтага атрымалася для беларусаў і для самых абяцальшчыкаў, мы добра ведаем.

Юрка Марозаў
***

Брыда акупацыі

30 сьнежня 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра даўнія народныя традыцыі сьвяткаваньня Новага года ў Цурыху: як накрывалі сталы, як ладзілі маскарады.

Наш камэнтар: Старэйшае пакаленьне беларусаў яшчэ памятае парэшткавыя сьвяточныя зьявы ў вёсках і нават у прыгарадах гарадоў у 1960-70-я гады. Калі малыя і дарослыя сьпявалі калядкі, танцавалі пад гармонік, майстравалі маскі. Амаль усё растаптала з тае пары гідра маскоўскай акупацыі, навязала людзям рускую п’янку і рускую папсу.

Юрка Марозаў

***

Заклік распачаць паўстаньне

30 сьнежня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла з турэцкага Курдыстану. У выніку турэцкай бамбардоўкі загінулі дзесяткі курдскіх сялянаў. Курдскі незалежніцкі рух ПКК зьвярнуўся з заклікам да народу распачаць паўстаньне: “Мы заклікаем людзей у Курдыстане адрэагаваць на гэтае масавае забойства”.

Наш камэнтар: Калі акупанты забіваюць народ, народ мае права на паўстаньне і ўзброеную барацьбу.

Юрка Марозаў

***

“Мы заяўляем дурным асобам”

30 сьнежня 2011 г. бэльгійская газэта “Le Soir” працытавала афіцыйную заяву дзяржкіраўніцтва Паўночнай Карэі: “Мы заяўляем урачыста і цьверда дурным асобам, адказным за палітыку ва ўсім сьвеце, уключна з марыянэткамі Паўднёвай Карэі, што яны не павінны чакаць найменшай зьмены з нашага боку”.

Наш камэнтар: Мяркуючы па лексіцы і аргумэнтацыі згаданага тэксту, лукашызм мае свае аналагі ў няшчасных закутках сьвету.

Алесь Хадасевіч
***

Вынік лукашызму

30 сьнежня 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад тытулам “Крызіс прымушае партугальцаў адмовіцца ад нараджэньня дзяцей”. Колькасьць народжаных дзяцей у Партугаліі сёлета самая меншая з 1960 года, калі распачаліся статыстычныя назіраньні па гэтым пытаньні.

Наш камэнтар: Партугальцы задумаліся над тэндэнцыямі эканамічнага жыцьця і не пасьпяшаліся павялічваць свае сем’і.
З розных канцоў Беларусі чуюцца галасы маладых сем’яў, якія ня радуюцца блізкаму зьяўленьню другога і трэцяга дзіцяці. Гэта вынік лукашызму.

Алесь Хадасевіч

4/1/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2012
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024