Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

Лукашыстоўскае чучхэ

Многія зь беларусаў выразна адчуваюць, што 2011 год пачаўся для іх не 1 студзеня, а ў крывавую ноч з 19 на 20 сьнежня яшчэ 2010-га. Менавіта з гэтай драматычнай падзеі людзі, здольныя на думаньне, адлічваюць каляндарны шэраг позьняга лукашызму. З гэтай падзеі для вельмі многіх пачалося сацыяльна-палітычнае працьверазьвеньне. Яно працягвалася ўвесь 2011-ты год і ўжо дае пэўныя сьветапоглядныя вынікі.

Грамадзтва атрымала з боку рэжыму такія магутныя разбуральныя ўдары, так гнюсна і па-здрадніцку павяла сябе псэўдаапазыцыя, што сапраўды вобраз сьвету для шэрагу заўчора яшчэ самаўпэўненых асобаў захістаўся і даў шчыліны. Людзі адчуваюць, што жывуць у новую эпоху (ці як яшчэ гэта можна назваць), яны шукаюць адказу на шэраг пытаньняў, якія раней не займалі іхную ўвагу. Вось гэта і ёсьць тое асноўнае, што адбылося з намі за год, які пачаўся ўноч з 19 на 20 сьнежня 2010 года.

31 сьнежня 2011 г. адбывалася пэўная “пераднавагодняя мітусьня” у крамах і на рынках, людзі “закупляліся” для сьвяточнага стала. Было, аднак, заўважана, што натоўпы пакупнікоў былі не такія шматлікія і харчоў з алкаголем яны закуплялі ўжо ня столькі, як раней. Перад кожным пунктам абмену валютаў з раніцы да цемры стаялі цярплівыя чэргі ў 15-20-30 чалавек. Грамадзяне дасталі з хованак свае эўра і даляры, каб памяняць іх на беларускія рублі і ісьці зь імі ва ўнівэрмагі-унівэрсамы. Гэта сьведчыць аб тым, што да сьвятаў рублі ўжо скончыліся і ўзьнікла патрэба крануць “недакранальныя рэзэрвы” з валюты, якую грамадзяне захоўвалі ў якасьці сьведчаньня сваёй фінансавай стабільнасьці. Бачна было па тварах, што грамадзянаў гэтая трансакцыя не радавала. Яны ня думалі раней, што з рэзэрвамі давядзецца разьвітвацца з такой банальнай нагоды, як навагодні стол.

Крыху паспаўшы пасьля начнога сьвяткаваньня, беларусы ўключылі тэлевізары раніцай 1 студзеня. А там БТ паказвала дамачку ў ружовым капелюшы. Яна вельмі артыкулятыўна на мове акупанта распавядала пад плаўную музычку: “Белоруссы давно освоили экзотический отдых. Белоруссам нравится отдыхать в Тайланде…” Пасярод тэлесюжэта з сланамі і пальмамі адбылося рэкламнае ўключэньне. Бадзёры русскоязычный голас вяшчаў з “камсамольскім задорам”: “Пускай Белорусь ругают. Но у нас есть свой собственный путь, с которого мы не сойдём…” Лукашыстоўскае чучхэ ды яшчэ на пасьлясьвяточную галаву – гэта было ўжо занадта. Людзі выключалі тэлевізары і паварочваліся на другі бок…
***

Праявілі “бдітельность органов”!

3 студзеня на беларуска-польскай мяжы быў затрыманы “дзяржаўны злачынца”. На працягу чатырох гадзін яго дапытвалі чыны КГБ, якія тэрмінова былі выкліканы з Горадні. Жыхар вёскі Каробчыцы Гарадзенскага раёну Янка Карчэўскі меў візу і ўсе дакумэнты ў парадку. Але “дзяржзлачынца” меў пры сябе некалькі ўлётак Беларускага Народнага Фронту, падпісаных ягоным Старшынёй Зянонам Пазьняком. Пікантнасьць справы ў тым, што гэтым улёткам ужо 18 гадоў. Яны былі выпушчаны ў 1995 годзе да выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. І вось якая “бдітельность органов”!

Убачыўшы імя лідара беларускага народу і выяву Пагоні, кантора замітусілася на “свяшченных рубежах союзного государства РФ і РБ”. Баяцца акупацыйныя структуры, калоцяцца, губляюць раўнавагу…
***

Жулікі і індывідуалісты

На прыканцы году ў “незалежных” СМІ прайшло паведамленьне пра інцыдэнт з беларусам у Маскве. Наш чалавек вырашыў памяняць на даляры 6 мільёнаў рублёў (як мы разумеем, расейскіх рублёў). Ён дамовіўся на выгодны абмен у прыбанкаўскім шапіку-абменьніку і перадаў валюту ў вакенца маскоўскай паненцы. А потым адбылося нешта нештодзённае. Вакенца зачынілася, паненка зьнікла, а беларус застаўся стаяць з раззяўленым ротам і пустым “кейсам”. Выкліканы паліцэйскі нарад высьветліў, што шапік пры банку не належыць банку і ня мае ніякай ліцэнзіі на абмен валюты. Паненку так і не знайшлі. Што было далей, “незалежныя” не паведамляюць. Мяркуем, што беларус свае грошы ўжо ніколі ня ўбачыць.

Мяркуем таксама, што вопытныя маскоўскія жулікі высьветлілі або зразумелі (паводле акцэнту), што маюць справу зь беларусам. Калі б такую крымінальную трансакцыю яны паспрабавалі зрабіць з дагэстанцам або інгушом, то ніхто б маскоўскую паліцыю не выклікаў. Праз гадзіну перад банкам і псэўдаабменьнікам сабраліся б некалькі сотняў (а можа і тысячаў) прадстаўнікоў даволі малалікіх горскіх народаў. Адбылася б лакальная мабілізацыя нацыянальных рэзэрваў па ўсёй імпэрскай сталіцы. Яны б не грубілі і не палохалі зброяй маскоўскіх жулікаў. Проста сам выгляд масы сур’ёзных суродзічаў вымусіў бы жульлё вярнуць грошы і папрасіць прабачэньня (маўляў, “не так зразумелі”… і г.д.).

Аказваецца, зь беларусам у Маскве усё можна. Маскоўскія крымінальнікі ведаюць пра індывідуалізм, якім ганарацца многія грамадзяне Беларусі (асабліва ў тым выпадку, калі ў іх водзяцца грошы). Жулікі ведаюць, што пры словазлучэньні “нацыянальная салідарнасьць” шмат якія “безязыкія” беларусы ў нас сьмяюцца і адмахваюцца рукамі…
***

“Цель вашего пріхода сюда!?”

У навагоднюю ноч па ўсёй Беларусі была праведзена паліцэйска-гэбоўская спэцапэрацыя пад крыптонімам “Ёлкі-палкі”. Вакол вялікіх сьвяточных ялін, што паставілі на цэнтральных плошчах нашых гарадоў і мястэчак, усю ноч стаялі шчыльныя карэ ва ўніформах з гумовымі палкамі, кругамі бегалі дзяржыморды ў цывільным. Яны пагрозьліва ўглядаліся ў вясёлыя твары сьвяткуючай публікі і чакалі сігнала, каб кінуцца на ўсё, што афарбавана ў бел-чырвона-белыя колеры.

Даўся ў знакі рэжыму вялікі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, які ўзьняў над Віцебскам 7 студзеня 2009 года патрыёт Сяргей Каваленка, сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Тады Сьцяг убачыў увесь горад і ўся краіна – у цэнтры горада, над высокай сьвяточнай ялінай. Вось і разьвіўся ў рэжыма адмысловы комплекс і яліначная фобія. Сяргея Каваленку рэжым сёлета ўжо больш за два тыдні катуе ў турме. А ўсяроўна страх перад Нацыянальным Сьцягам прымушае маскоўскіх халуёў калаціцца.

У навагоднюю ноч да гарадзкой сьвяточнай яліны прышла маці Сяргея Каваленкі. Да яе адразу падбеглі дзяржыморды, загалёкалі: “Цель вашего пріхода сюда!?” Асабліва расперазана і нахабна паводзіў сябе ў адносінах да пажылой жанчыны міліцэйскі чын Лаўроў (маскоўскі асаднік Лавров). Ён абяцаў (да рашэньня суда), што сын жанчыны “будет сідеть в тюрьме”.

Тыя, хто зьдзекуюцца зь беларусаў, з нашых маці, павінны ведаць, што якраз іх чакае справядлівы і суровы суд у вызваленай ад лукашызма Беларусі.

Янка Базыль

5/1/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Студзень 2012
П А С Ч П С Н
« Сьн   Люты »
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024