Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень першы Тут зьмяшчаем рэпартаж журналістаў Радыё Свабода з суду над Сяргеем Каваленкам. (Чытаць зьнізу). 17:17 Абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны 22 лютага. Судзьдзя вырашыла накіраваць Каваленку у шпіталь СІЗА для дасьледаваньня стану здароўя. 17:15 Судзьдзя зачытвае дзьве карты выкліку «хуткай дапамогі». Лекар Дубакін піша, што стан бязь зменаў, але ёсьць зьмены ў стане крыві. Іншы лекар, Фадзееў, рэкамэнадваў больш глыбока вывучыць стан здароўя. 17:14 Людзей запусьцілі ў залю. Працэс адноўлены. 17:10 Каваленку вярнулі ў судовую залю. Ён пасьпеў крынуць: «Слава нацыі! Слава беларускаму народу!» 16:46 Каваленку нікуды пакуль не адвезьлі. Яго трымаюць у каравульным памяшканьні. Суд чакае афіцыйнага заключэньня мэдыкаў. 16:30 На гарачай лініі абласной управы аховы здароўя паведмілі, што Каваленку павезьлі шпіталізаваць у лязарэт СІЗА. Сваякі абураюцца, што трэба не ў лязарэт, а ў паўнавартасны шпіталь. 16:23 Каваленку вывелі пад канвоем. Ён пасьпеў крыкнуць: «Лекар сказаў, што трэба шпіталізаваць». 16:20 Абедзьве брыгады зьехалі. Мэдыкі не паведамілі вынікі агляду Каваленкі. 15:59 Сваякі Каваленкі патэлефанавалі на гарачую лінію абласной управы аховы здароўя, заявілі, што Сяргей на мяжы жыцьця і сьмерці, страціў траціну вагі, знаходзіцца ў крытычным стане, а лекары хуткай не хочуць яго шпіталізаваць. Там запісалі іх заяву. 15:48 Урэшце да Каваленкі дапусьцілі другую брыгаду лекараў. 15:36 Прыехала новая брыгада хуткай дапамогі. Міліцыя не прапускае лекараў у залю. Міліцыянты кажуць, што трэба дазвол старшыні суду. Людзі клічуць адвакатаў, каб дапамаглі прапусьціць лекараў другой хуткай дапамогі. Людзі грукаюць у дзверы, крычаць, але міліцыя не пускае новых лекараў да Сяргея. Адвакаты выйшлі да лекараў, але не змаглі дапамагчы ім увайсьці у залю. Маці Каваленкі плача, бацька сварыцца на міліцыянтаў, людзі абураюцца. Маці Сяргея плача: «У мяне сын памірае!» 15:20 Родныя Каваленкі выклікалі яшчэ адну брыгаду «хуткай дапамогі», бо ня вераць той брыгадзе лекара Дзьмітрыя Дубакіна, якая прыяжджала раніцай і пасьля абеду. У «хуткай» абяцалі праслаць новую брыгаду. Лекар Дубакін сышоў, нічога не сказаўшы родным Каваленкі. 15:12 Перакладчык, які працуе ў працэсе, у калідоры размаўляе з бацькамі: «Трэба, каб адвакаты патрабавалі яго перавесьці пад падпіску аб нявыезьдзе». Бацька Сяргея Каваленка Аляксандар Васільевіч кажа перакладчыку: «Вы ведаеце, што ён зрабіў»? Перакладчык Міхайлаў: «Так, ён вывесіў наш сьвяты бела-чырвона-белы сьцяг. У мяне на палову сьцяны дома такі ж вісіць». Перакладчык Міхайлаў кажа, што быў на ўсіх пасяджэньнях ранейшага суду над Каваленкам, але цяпер не разумее, за што яго судзяць. 14:59 Працэс адноўлены. Судзьдзя адхіліла адвод Каваленкі самой сябе, як «неабгрунтаваны». Каваленка выступіў з хадайніцтвам, каб да яго дапусьцілі лекараў. Зноў перапынак. Усіх выводзяць з залі. 14:54 Зноў прыехала хуткая дапамога, той жа лекар, паведаміў праваабаронца Павал Левінаў. Каваленка кажа, што яму халодна. Лекары не памералі яму тэмпературу. Бацька Каваленкі абураецца і патрабуе дапусьціць лекараў да сына. 14:30 Працэс аднавіўся. Суду прадстаўлены новы перакладчык — Сяргей Міхайлаў, які працуе ў Віцебскім унівэрсытэце на катэдры беларускай філялёгіі. Судзьдзя агучыла зьвесткі з хуткай дапамогі, якія сьведчаць, што ў Каваленкі «зьнясіленьне» і гастрыт страўніка у стадыі абвастрэньня, але што яму не патрэбная шпіталізацыя. Каваленка патрабуе, каб яму ўсё перакладалі, у тым ліку ягоныя правы. Новы перакладчык робіць гэта больш кваліфікавана, чым папярэдні. Пасьля абеду судовая заля зноў поўная. Каваленка заявіў пратэст, што міліцыянты здымалі людзей у залі пасьля забароны відэаздымкі судом. Міліцыянт сказаў, што ён не здымаў. Судзьдзя яго пакінула ў залі. У сувязі з гэтым Каваленка заявіў адвод судзьдзі. За тое, што яна журналістаў з відэапаратурай выдаліла, а міліцыянта — не. Адвакаты Пятро Каваленка і Аляксандар Галіеў падтрымалі адвод судзьдзі. Пракурор — супраць. Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. Перапынак. Сяргея зноў вывелі з залі. 12:50 На затрыманых у Віцебску маладафронтаўцаў, якія ехалі падтрымаць Каваленку, склалі пратаколы «за лаянку матам». Супрацоўнікі міліцыі таксама апісалі ўсе іх рэчы, паведаміла абласная каардынатарка БХД Тацяна Севярынец. 12:40 Перапынак да 14:30. 12:35 Судзьдзя выдаліла маці Каваленкі з залі. Судзьдзя таксама выдаліла з залі грамадзкага актывіста Хрыстафора Жаляпава. Судзьдзя агучыла мэдычнае заключэньне: ціск нармальны, кардыяграма нармальная, падсудны можа ўдзельнічаць у працэсе. 12:10 Каваленку вывелі з залі суду. Ён пасьпеў паведаміць: усё нармальна, сказаў доктар. Маці і родныя абураюцца. Лекар хуткай Дзьмітры Дубакін ад камэнтароў пра стан Сяргея адмовіўся. Лекар не сказаў нічога ні журналістам, ні родным Каваленкі. Дубакін сказаў аднаму зь віцебскіх апазыцыянэраў Уладзіславу Варанецкаму: паказьнікаў для экстраннай шпіталізацыі няма. Ён жа ў сьвядомасьці, усе паказьнікі ў норме. 11:50 Усіх выдалілі з залі. Лекары, якіх выклікала жонка Алена, пачынаюць агляд. Жонку Алену не пусьцілі ў залю ў часе агляду. Усе, апрача адвакатаў, пракурора і судзьдзі, стаяць у калідоры. Усе абураюцца: як так можна, Каваленку судзяць, яго трэба лячыць, яго трэба ў шпіталь, чалавек на мяжы жыцьця і сьмерці. Маці нема крычыць, што яго забіваюць. Сваякі таксама галосяць. Прысутныя кажуць, што ў Каваленкі дыстрафія, што ўнутраныя органы не выконваюць свае функцыі. Імправізаваны мітынг у калідоры, пакуль лекары аглядаюць Каваленку. Праваабаронца Павал Левінаў кажа, што такія схуднелыя целы, як у Каваленкі, ён бачыў толькі ў фільмах пра канцлягер. Маці Сяргея галосіць: «Як мне цяжка і балюча! Я цяпер адчула, як цяжка іншым палітвязьням і іх родным. Я цяпер іх разумею». 11:45 Судзьдзя зачытвае рашэньне па самаадводзе перакладчыцы. Суд спыніў яе працу ў працэсе. 11:42 На працэсе прысутнічае Яніс Рупэйкс, віцэ-консул Латвіі ў Віцебску. Да суду прыехала хуткая дапамога. 11:33 Сяргея зноў у кайданках выводзяць з клеткі. Маці падсуднага патрабуе выклікаць хуткую дапамогу. «Пі ваду, інакш памрэш да раніцы!» — крычыць маці сыну наўздагон. 11:25 Судзьдзя вярнулася і заявіла, што адхіляе адвод перакладчыцы. Працэс адноўлены. Каваленка патрабуе, каб яму пераклалі пастанову судзьдзі. Перакладчыца Шухто перакладае, але часам зьбіваецца, Сяргей яе папраўляе: «Не падляжыць, а падлягае, не абаснаваньне, а абгрунтаваньне. Адвод!» Перакладчыца кажа, што яна ня можа выконваць сваю функцыю, што выкладае беларускую мову, але ў такім працэсе ўдзельнічае ўпершыню, не гатовая ўдзельнічаць далей: «Мне практычна не даводзілася яму перакладаць, я ня думала, што мне будзе патрэбна рабіць поўны пераклад». Пракурора спыталі пра ягонае стаўленьне да самаадводу перакладчыцы. Але ён пачаў патрабаваць спыніць фатаздымкі. Судзьдзя яго спыніла: “У вас пацікавіліся стаўленьнем да самаадводу перакладчыцы”. Усе з залі засьмяяліся з пракурора. Урэшце ён зразумеў, чаго ад яго патрабуюць, і заявіў, што ня супраць самаадводу перакладчыцы. Судзьдзя зноў выйшла ў пакой для нарадаў. 11:16 Каваленку вярнулі ў клетку. Маці пытаецца: «Ці калолі табе нешта?» Ён кажа, што не. Сяргей крытыкуе начальніка мэдычнай часткі СІЗА, які прымусіў яго ўжываць ежу. «Я выходзіць з галадоўкі ня буду, пакуль адсюль ня выйду, гэта прынцыпова», — заявіў Каваленка. Сяргей кажа, што будзе хадайнічаць, каб яго адвезьлі ў шпіталь. 11:10 У залі пачалася дыскусія наконт адказнасьці за рэпрэсіі міліцыянтаў і Аляксандра Лукашэнкі, наконт дзяржаўнага статусу беларускай мовы. 10:51 У перапынку Сяргей выказвае свае палітычныя погляды — кажа, што Лукашэнку дапамагла прыйсьці да ўлады ФСБ Расеі. Беленькі працягвае пераконваць Каваленку спыніць галадоўку, кажа, што за яго заступіліся ў Эўразьвязе. Сяргея вывелі з залі. Уся заля запоўненая, каля 60 чалавек. Маці працягвае плакаць: «Яны яго заб’юць!». «Не аддам сына ў СІЗА, яны яго там заб’юць, яго лячыць трэба!» — галосіць маці. 10:47 Леанід Аўтухоў заявіў, што пераклад кепскі, з памылкамі. Судзьдзя яго выдаліла з залі за парушэньне парадку. Каваленка заявіў пра парушэньне правоў, сказаў, што пераклад дрэнны, і выступіў з адводам перакладчыцы. «Перакладайце на беларускую мову, а не на трасянку», — сказаў Каваленка. Адвакат Пётар Каваленка просіць адкласьці пытаньне на некалькі хвілін, калі будуць адводы. Адвакат Галіеў падтрымаў яго, што пераклад недакладны. Пракурор супраць адводу перакладчыцы, кажа што яна дастаткова кваліфікаваная. У працэсе перапынак. Судзьдзя выйшла ў пакой для нарадаў. 10:40 Судзьдзя высьвятляе асобу Каваленкі. Той адказвае па-беларуску, перакладчыца перакладае за ім на расейскую мову. Каваленка паведаміў суду, што ён мае дваіх дзяцей, да арышту быў ІП. Распавядае, што раней быў судзімы за тое, што павесіў сьцяг — 14 траўня 2010 году. Яго асудзілі на тры гады ўмоўна. «Гэта была сфабрыкаваная справа. Хлусьня і няпраўда». Судзьдзя заклікала Каваленку не дапускаць рэплік, якія парушаюць парадак вядзеньня суду. «Я кажу праўду», — адрэагаваў Каваленка. 10:35 Суд пачаўся. Перакладчыца — Алена Шухто, выкладчыца беларускай мовы адной зь віцебскіх школаў. Пракурор — Лутаў. 10:30 Каваленка заявіў прысутным у залі, што ён трымае галадоўку 15 дзён, а апошнія 3 дні — сухую галадоўку. Ён таксама паведаміў, што напярэдадні яго наведваў псыхіятар. Каб паказаць, як ён схуднеў, Каваленка проста ў клетцы зняў кашулю. У залі зьявіліся праваабаронцы зь «Вясны» Ўладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч. 10:26 Калі людзі пачалі заходзіць у залю, Каваленка пачаў сьпяваць гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». 10:25 Па дарозе ў Віцебск спынілі супрацоўнікі ДАІ. У машыне ехалі Міхась Мускі, Зьміцер Крамянецкі, Уладзімер Яроменак, Рман Васільеў. Даішннікі перапісалі пашпартныя дадзеныя, разабралі й абшукалі машыну. Актывістаў МФ пакуль не не адпускаюць. Маладафронаўцы плянавалі падтрымаць палітвязьня Сяргея Каваленку. 10:22 Каваленку завялі ў будынак суду. Гэта бачыла ягоная маці. Яна плача: «Што вы зрабілі з маім сынам?! Вы яго скалечылі». Пачынаюць запускаць у залю суду. 10:16 У Сяргея будзе два адваката: віцебскі — Пётар Каваленка і менскі — Аляксандар Галіеў. 10:09 У судзе затапіла каравульнае памяшканьне. Адтуль выпампоўваюць ваду. Каваленку прывезьлі ў вялікім аўтазаку МАЗ. У судзе таксама зьявіліся сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал і Аляксандар Мех з Кобрына. 10:05 У судзе зьявіўся намесьнік кіраўніка КХП-БНФ Юрась Беленькі. 10:00 Супрацоўнікі ДПС затрымалі Хрыстафора Жаляпава. Ён ехаў на суд да Каваленкі. ДПС спыніла ягоную машыну. Сказалі, што трэба спраўдзіць ягоныя дакумэнты і машыну. 9:57 У судзе людзьмі запоўненыя ўсе калідоры на першым і другім паверхах. Прыйшоў праваабаронца Павал Левінаў. З-за аварыі ў судзе не працуюць прыбіральні. 9:54 Намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка ў сваім Facebook’у: На ўсіх уездах у Віцебск машыны ДАІ. 9:30 У судзе зьбіраюцца грамадзкія актывісты і паплечнікі Каваленкі. Прыйшоў Леанід Аўтухоў з гарадоцкай філіі Партыі БНФ. Менскіх палітыкаў пакуль няма. 9:25 Да будынку суду прыехала аварыйная мясцовага водаканалу. Кажуць, што недзе побач прарвала трубу. 9:20 На першым паверсе будынка суду — узмоцненая ахова. Міліцыянты ўсталявалі рамку-мэталашукальнік. Праз такія звычайна прапускаюць наведвальнікаў працэсаў у Менску. Ля будынку суду дзяжураць тры машыны ДПС. Палкоўнік міліцыі з абласной управы ўнутраных спраў перапісвае асабістыя дадзеныя журналістаў, якія прыехалі асьвятляць працэс. 8:20 Віцебск: і зноў сьцяг салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам Бел-чырвона-белы сьцяг вывесілі моладзевыя апазыцыйныя актывісты. Гэта працяг абвешчанай на мінулым тыдні акцыі салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам ды іншымі палітвязьнямі. Сьцяг зьявіўся ў самым цэнтры гораду — у раёне плошчы Перамогі. Ён быў вывешаны каля крамы «Веста» на самым пачатку вуліцы Леніна. Яго бачылі дзясяткі ранішніх мінакоў. Суд над Сяргеем Каваленкам мае распачацца ў 10.30. Працэс будзе весьці судзьдзя Алена Жук. Каваленку пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня. Сяргей Каваленка знаходзіцца ў СІЗА ад 22 сьнежня. Галадоўку ён распачаў 19 сьнежня на знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня. Каваленку вінавацяць, што ён парушыў рэжым адбываньня «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. На час сьледзтва Сяргея Каваленку зьмясьцілі пад варту — спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, потым у віцебскі СІЗА-2. На знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня, зь якім ён катэгарычна ня згодны, 19 сьнежня мінулага году актывіст абвясьціў галадоўку пратэсту. Жонка зьняволенага, Алена Каваленка, якая бачыла мужа 17 лютага, лічыць, што Сяргей у крытычным стане і што яму неадкладна патрабуецца дапамога мэдыкаў. Аднак намесьнік начальніка віцебскага СІЗА падпалкоўнік Дубко заявіў учора праваабаронцу Паўлу Левінаву, што стан здароўя Каваленкі дазваляе ўдзельнічаць у судовым працэсе. Радыё Свабода 21.02.2012 21/2/2012 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |