Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Вік зрабіў столькі дрэннага для Беларусі, і ўсё яно так вымоўна выявілася, што яму, як правальнаму разьведчыку, нічога іншага не засталося як хлусіць, хлусіць да канца жыцьця. У 2000 годзе наша партыя Народнага Фронту (КХП — БНФ) аб’явіла гэтую асобу пэрсонай «нон-грата», зьвярнулася ў АБСЭ, у Бундэстаг і МЗС Нямеччыны з прапановай аб тэрміновым адкліканьні яго зь Беларусі. У 2000 годзе на міжнароднай канфэрэнцыі ў Беластоку гаварлівы Вік сказаў, што мэта яго дзейнасьці на пасадзе Кіраўніка Місіі АБСЭ ў Менску — садзейнічаць далучэньню Беларусі да «дэмакратычнай» Расеі (каб усталяваць дэмакратыю ў Беларусі). Пазьней (калі зьляцеў Шродэр і агентура была ў паніцы) Вік празнаўся ў інтэрв’ю «Белорусской газете», што наладжаны ім перамоўны працэс псэўдаапазыцаі з рэжымам (дакладней імітацыя працэсу) фінансавалася Эўразьвязам (болш за паўтара мільёна эўра), а ягоная дзейнасьць «ўзгаднялася з КГБ» (прытым былі падпісаныя дакуманты). Шмат чаго вядома і шмат што ўжо апублікавана (і будзе апублікавана яшчэ). Але як толькі ўзьнікае якая дрэннасьць для Беларусі, глядзіш – і Вік тут. Жывы, курылка. 2-га сакавіка на Радыё Свабода адбылося “ток-шоў” з цэнтральным удзелам гэтага незабыўнага Ганса Віка, які на прыканцы 90-х – пачатку 2000-х служыў кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску. Лукашэнка, скарыстаўшы Віка па поўнай праграме дзеля расколу БНФ і стварэньня псэўдаапазыцыі, вытурыў яго зь Менску з грукатам як адпрацаваны матэрыял. І вось цікава, нягледзячы на ўсё, Вік дагэтуль ходзіць у галоўных спэцах па Беларусі на ўзроўні Эўразьвязу, АБСЭ і Бундэстагу. На нямецкіх тэлеканалах даволі часта можна пабачыць і паслухаць гэтага дрэннага “знаўцу беларускай душы”. Як толькі ў Беларусі адбываецца нешта, яго запрашаюць выдаць свае ацэнкі і прагнозы. Фронтаўцам і палітычна актыўным беларусам сп. Вік запомніўся фактычным утварэньнем і даволі шчодрай аплатай (праз спонсараў) гэтак званай “аб’яднанай апазыцыі”, дзе актыўны германец сабраў стракатую публіку ад бальшавіка тав. Калякіна да «Вінцучка» (В. Вячорка) разам з псэўда-БНФ. Сапраўдны Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка з самага пачатку вікаўскай антыбеларускай дзейнасьці ўвесь час казаў праўду пра гэтае прыкрае ўмяшальніцтва лібэральнай Эўропы ў наша палітычнае жыцьцё, пра подкуп і дэмаралізацыю шэрагу палітыкаў (яны прыдумалі нават тэрмін — “палітычны бізнэс”). Многім у ацэнкі і папярэджаньні патрыётаў-фронтаўцаў ня верылася. Але, як вядома, час ад часу сам Г. Вік рабіў вельмі шчырыя заявы, што было зафіксавана беларускімі палітыкамі і журналістамі і паведамлена грамадзтву ў СМІ. (Напрыклад, гэты яго славуты цынізм, што мэтай ягонай дзейнасьці ў Менску была “дэмакратызацыя Беларусі праз далучэньне яе да больш дэмакратычнай Расеі”.) 2-га сакавіка падчас чарговага “ток-шоў” беларусы спыталіся ў Г. Віка пра ягоныя мэты ў Менску. Ганс Вік адказаў: “Я падтрымліваў дэмакратычныя працэсы пераўтварэньня падчас чатырохгадовай працы ў якасьці кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі, а таксама праводзіў перамовы паміж урадам і апазыцыяй, і я буду працягваць садзейнічаць гэтаму працэсу”. Гэтым разам сам сябе Г. Вік не цытаваў (пра далучэньне Беларусі да Расеі), але ўхітрыўся сказаць нібыта праўду (хаця і не да канца). Тут дадам трошкі канкрэтнага, што ўжо апублікавана. Сапраўды, ў 1999-2000 гадах Вік арганізоўваў рэгулярныя перамовы паміж Хадыкам, Вячоркам, Лебедько ды некаторымі іншымі псэўдаапазыцыянэрамі і прадстаўнікамі адміністрацыі Лукашэнкі ў менскім піўным рэстаране “Ракаўскі бровар”. Пад якаснае піва і закуску яны “толковалі о судьбах отечества”. Перамовы працягваліся цэлы год і былі сакрэтнымі. Ніякія палітычныя арганізацыі не давалі згаданым апазыц-палітыкам заданьня на вядзеньне гэтых перамоваў. Толькі сьледства і суд у вызваленай ад лукашызма Беларусі высьветліць, аб чым там ішлося. Грамадзтва зусім выпадкова даведалася аб патаемных перамовах пад піва, бо публічна (у друку) прагаварыўся адзін з лукашыстоўскіх дэпутатаў (мабыць, атрымаў такое заданьне “з цэнтру”). Вынікі гэтых перамоваў вядомыя ўжо цяпер: гэта выратаваньне псэўдаапазыцыяй антыбеларускага рэжыму (парадаксальнае збочанае зрастаньне рэжыму і «апазыцыйныйных» прагматыкаў). У Ганса Віка пытаюцца: “Ці мелі вы калі-небудзь кантакт з беларускім КДБ?” Ганс Вік: “Не. Пазьней кіраўнік беларускага КДБ пагражаў мне арыштам! Фэдэральны ўрад і АБСЭ былі вельмі занепакоеныя”. Вось тут ужо Г. Вік схлусіў на ўсе сто. У СМІ пачатку 2000-х гадоў зафіксавана сэнтэнцыя Г. Віка наконт КГБ. Вік заявіў журналістам, што “усе ягоныя сумесныя дзеяньні з аб’яднанай апазыцыяй былі ўзгоднены з беларускім КГБ”. Нагадаем, што ўзгадняць і ня мець кантактаў немагчыма. Пры ўзгадненьні сумеснай “апазыцыйнай дзейнасьці” Вік вельмі шчыльна кантактаваў з КГБ РБ. Хаця фармальна Вік мае рацыю: рэзалюцыі на ягоныя дзеяньні з «вінцучкамі-лебедько» ставілі, безумоўна, у маскоўскім ФСБ, правінцыйнай філіяй якой зьяўляецца менская гэбэ. У Ганса Віка пытаюцца пра актуальнае: “Чаму вы супраць байкота “выбараў”? Ганс Вік: “Няўдзел грамадзянаў у выбарах дае магчымасьць рэжыму вельмі лёгка схаваць розныя парушэньні. А скаргі на парушэньні ў фармаваньні працы тых жа выбарчых камісій павінны быць адлюстраваны як айчыннымі, так і замежнымі журналістамі. Усё гэта магчымае пры актыўным удзеле грамадзянаў”. Шматвопытны палітык, дыпламат і разьведчык Ганс Вік крывіць душой. Ён паглядзеў на жыцьцё і розныя палітычныя працэсы ў ім. Ён цудоўна ведае, што народны байкот выбарчых фарсаў дыктатуры ёсьць адзінай магутнай зброяй супраць дыктатуры зь яе фарсамі. Што, калі грамадзтва ўдзельнічае на поўным сур’ёзе ў гэтых фарсах, то бессэнсоўна пасьля фарсаў пісаць скаргі. Актыўны ўдзел грамадзянаў у “выбарах” пры дыктатуры азначае фактычны саўдзел грамадзтва ў падмане, які становіцца злачынным самападманам. На “ток-шоў” 2-га сакавіка Ганс Вік нагаварыў шмат пра што. Згадаў нават, як уступіў у Гілерюгенд у 1938 годзе ў Гамбургу. Дзякуй за шчырасьць (гэта ўсе ведалі). І ўсё ж цікава, чаму шматгалосы радыёдыялог з Вікам Свабода арганізавала менавіта цяпер? Можа для таго, каб лішні раз нагадаць пра “харошага дзядулю” Ганса, які так хацеў, так імкнуўся, але ня здолеў дэмакратызаваць Беларусь праз “апазыцыйнае ўзгадненьне” з КГБ? Ну, што зробіш, хацеў, імкнуўся, але не атрымалася. І можна было б паспачуваць “дзядулю”-ахвяры, якога “ледзь не арыштавала КГБ”. Але нешта не спачуваецца, бо Вік хлусіць, хлусіць цынічна, прафэсійна, проста гледзячы ў вочы. Як хлусіць самазамілаваная нямецкая палітыка на беларускім напрамку. Зрэшты, зь іхным гістарычным досьведам да гэтага не прывыкаць. Калі войскі антыгітлерскай кааліцыі ў красавіку 1945 года завяршалі ачышчэньне зямлі ад фашыстоўскага зьвера, на чорным рынку ў разбомбленых нямецкіх гарадах зьявіўся звышдэфіцытны тавар, за які аддавалі апошнюю пайку хлеба і залатыя рэчы. Гэта была форменная жоўтая зорка Давіда з надпісам “Jude” – жудасны знак дыскрымінацыі і зьнішчэньня, распрацаваны гестапаўцамі. У апошнія дні вайны немцы (учорашнія “звышлюдзі”) чаплялі на сябе гэтыя знакі праклёну. А потым выпіналі грудзі перад антыгітлерскімі жаўнерамі ды гукалі: “Ich bin Jude! Ахвяра фашызма!”… Алесь Хадасевіч 4/3/2012 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |