Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

ЦАРСТВА ГЭБІЗМУ

Вяртаньне Пуціна на царства нікога ў сьвеце не зьдзівіла. Цяпер фармуецца статыстыка гэтай “электаральнай” падзеі, яе жанравая аналітыка, яе міфалогія і нават яе лірыка. Усе з антыпуцінскай апазыцыі, хто заклікаў “ісьці на выбары і галасаваць супраць дыктатуры” (а ні да чаго іншага яны, як вядома, не заклікалі), цяпер спаборнічаюць у інтэлектуальнасьці сваіх ацэнак таго, што адбылося. Часам аналітыка атрымліваецца кемлівай, рэзкай і квяцістай. Такі публіцыстычна-інтэлектуальны аналіз добра зроблены, напрыклад, у эсэ маскоўскага інтэлігента Льва Рубінштэйна ў расейскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру. Заўважылі гэты тэкст і менскія “лібэралы” і зьмясьцілі яго на сваіх старонках у Сеціве. Пачытаць цікава. Але крыху шматслоўна напісана, то мы абралі самае галоўнае.

А галоўнае ў тым, што маскоўскія апазыцыйныя інтэлектуалы прызнаюць, што Пуцін сапраўды выйграў выбары большасьцю аддадзеных за яго галасоў, што “населенье таково” і “Расея – такая сцэна”. Інтэлектуалаў зьдзіўляе толькі, навошта было ўводзіць у Маскву столькі войскаў і гэбэ, круціць “карусельшчыкаў”, якія “галасавалі” па адным пашпарце на дзясятках участкаў, і рабіць увесь гэты спэктакль, які дорага каштуе. Яны прызнаюць, што Пуцін і ягоная гоп-кампанія і без таго выйгралі б.

У вечары дня галасаваньня ў Маскве і Пецярбургу адбыліся пратэстныя выступы з удзелам 20 тысячаў чалавек і меншай колькасьці ў некалькіх іншых буйных гарадах РФ. Трэба прызнаць, што 20 тысячаў пратэстантаў для шматмільённай Масквы – слабавата і ў колькасным і ў якасным сэнсе. Некаторыя апазыцыйныя дзеячы, што прагучалі менавіта падчас перадвыбарчай кампаніі, заявілі: “Мы будзем стаць да канца і нікуды адсюль не пойдзем!” Але іх хутка “запакавалі” амоны і “стаяньне” скончылася. Паліцэйшчына жалезнай хваляй адсунула людзей ў мэтро. Моладзь гукала перад тэлекамэрамі: “Мы яшчэ вернемся! Мы яшчэ вернемся!” Вось і ўсё…

Нельга пазьбегнуць параўнаньняў пасьлявыбарчых падзеяў у сёньняшняй Маскве з менскім 19 сьнежня 2010 года. Імпэрская сістэма адпрацоўвала свой сцэнар будучых пуцінскіх “выбараў” у лукашэнкаўскай лабараторыі на тэрыторыі нашай акупаванай краіны. Схема атрымалася адна і тая ж, але з пэўнымі (важнымі што праўда) нюансамі. У Расеі псэўдаапазыцыя таксама заклікала “ісьці на выбары” і адначасова прызнавала, што “гэта ніякія ня выбары”. Толькі ў Маскве не знайшлося нікога, хто арганізоўваў бы байкот выбарчага фарсу, а вось у Беларусі Беларускі Народны Фронт арганізоўваў Народны Байкот. Гэта азначае, што ў Расеі няма нічога, акрамя псэўдаапазыцыі. Умоўна кажучы апазыцыя там ёсьць толькі ў акупаваных рэгіёнах імпэрыі. Нарыклад, у Дагестане, дзе вядзецца вайна супраць імпэрыі, або ў Татарстане, дзе набірае сілу нацыянальнае адраджэньне. Уласна расейцы заклапочаны перш за ўсё тым, як захаваць сваю імпэрыю, і гэтым яны адрозьніваюцца ад іншых народаў.

Паліцэйшчына ў Маскве ў вечары дня галасаваньня дзейнічала жорстка, але такой Крывавай нядзелі, як 19 сьнежня 2010 г. у Менску, усё ж не арганізавала. Маштабы і формы рэжымнай жорсткасьці нельга і блізка параўнаць. У Менску адбылася народная трагедыя, у Маскве быў наладжаны фарс. Як бы там ні было, у Расеі атрымалася спрэчка “паміж сваімі” наконт таго, як ратаваць родную імпэрыю. Адны мяркуюць рабіць гэта па-гэбоўску, другія “па-дэмакратычнаму”. Для акупаваных народаў розьніца паміж гэтымі спосабамі неістотная. Народы разумеюць, што гарантыяй іхнага нармальнага цывілізацыйнага разьвіцьця ёсьць толькі ліквідацыя маскоўскай Імпэрыі. А маскоўцам гэта “не по нутру”. Улічваючы кантрастную розьніцу гэтых нацыянальна-дзяржаўных установак і канцэпцый, многія ў постсавецкіх краінах і ў аўтаноміях РФ прышлі да высновы: “чым больш будзе ў Маскве “бузы”, тым лепш для народаў, якія здолеюць вырвацца з ахопленай хаосам Расеі”.

І яшчэ многія, хто добра ведае Расею, ацэньваюць першыя вынікі “вяртаньня на царства” вельмі станоўча. Добра, што зноў Пуцін. Гэты сапраўды разваліць імпэрыю…

Янка Базыль

У рамках непрыстойнасьці

Ну, проста дэжавю. Усяго тры месяцы таму я, як і многія, перажыў дакладна такое ж падвойнае пачуцьце, як і ўчора ўвечары. Гэта значыць, з аднаго боку, здарылася менавіта тое, што чакалася. А з другога – адчуваньне цяжкога тэмпэратурнага сну, калі ў нейкай крытычнай сытуацыі, напрыклад, калі на цябе насоўваецца цягнік, ты раптам бачыш, што ня ў стане паварушыць ні рукой, ні нагой.

Справа, зразумела, не ў адсотках. Ну, нарысавалі, колькі атрымалася. Ну, было б не 60, а 50 зь нечым. Якая, у сутнасьці, розьніца? Я даўно ведаю, што жыву ў краіне з букетам цяжкіх спадчынных і набытых хваробаў. Мой імпэтны знаёмы, азнаёміўшыся з чарговым рэйтынгам, гукнуў у праведным гневе: “За злодзея і ўзурпатара гатовыя прагаласаваць 66 адсоткаў расейцаў!” “Вы зьдзіўлены? – спытаў я яго. – Дарэмна. За вельмі рэдкімі выключэньнямі гэта было ва ўсе часы. Я якраз зьдзіўлены, прычым прыемна зьдзіўлены, тым, што гэта яшчэ, можна сказаць, малы адсотак. Як сьпявалі ў старой савецкай песьні, “Городок наш нічего. Населенье таково”. Так што насельніцтва такое, якое яно ёсьць. Аднак, гэта не нагода складваць рукі. Воля і годнасьць вартыя таго, каб за іх пазмагацца”. Так я кажу і зараз.

Расея – гэта сцэна, дзе час ад часу мяняюцца дэкарацыі, што адпавядаюць тым жанрам, якія на гэтай сцэне прадстаўляюцца. Тут разыгрываюцца то крывавыя (прычым з сапраўднай крывёй) трагедыі, то расперазаныя камэдыі пад музыку Дунаеўскага, то фарсы, то меладрамы. Ну, і акцёры на галоўных або другасных ролях, мяняюцца час ад часу месцамі.

Цяпер, падобна, на сцэне дзейнічаюць ужо нават і не акцёры, а рабочыя сцэны, рэквізітары, пажарнікі і прадаўцы квіткоў, якія разыгрываюць нейкае падабенства спэктаклю, дзе ўсе жанры пераблытаны паміж сабой і дзе ў якасьці дэкарацый на сцэну павыцягвалі ўсё, што падвярнулася пад руку. Адсюль гэтая бяздарнасьць і абсурднасьць падзеяў, дэманстрацыйная, якая б’е ў вочы. (…)

Пуцін і ягоная гоп-кампанія перш за ўсё непрыстойныя – не магу падабраць іншага слова. Ад іх, ад іх рыторыкі і нават пластыкі, ад іх хамаватасьці і злодзейскага стылю, ад іхнага правінцыйнага барачнага мачызму, ад іхнага напору дзікоў і малпачай “крэатыўнасьці” проста павявае дэманстрацыйнай непрыстойнасьцю. (…)

І яны, падобна, цудоўна ведаюць пра сваю нелегітымнасьць. Бо нічым іншым нельга патлумачыць іхныя выразна мітусьліва-істэрычныя публічныя паводзіны апошняга часу, якія мяжуюць з панікай. З чаго раптам так надрывацца і крычаць пра нейкія міфічныя “сілы”, “ворагаў” і “пагрозы” пры нейкай “усенароднай падтрымцы”. З чаго раптам пры ўсьведамленьні сваёй гістарычнай рацыі акупаваць мой горад ваеннай тэхнікай, жывой сілай і натоўпамі няўсьмешлівых правінцыялаў у аднолькавых портках. (…)

У мінулую нядзелю вялізная колькасьць цудоўных і сьпелых грамадзянаў – хлапцоў, дзяўчат і дарослых – пайшлі назіральнікамі за працэсам выбараў. Яны працавалі не за страх, а за сумленьне. З сумленьнем у іх аказалася ўсё ў парадку, а вось страху не было зусім. І толькі дзякуючы ім гэты славуты “адсотак” аказаўся хаця б адносна блізкі да верагоднага.

Ім я хачу вось што сказаць. Ня трэба сумаваць, дарагія мае. Мы ж нічога іншага і не чакалі. (…) І ўсё толькі пачынаецца. Цьвёрдасьці ўсім нам. Пасьлядоўнасьці. (…)

Леў Рубінштэйн

Пераклад з расейскай.

Крыніца: grani.ru/Culture/essay/rubinstein/m.196176.html

10/3/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2012
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024