Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

Зянон ПАЗЬНЯК: АБ ВЫКАЗВАНЬНЯХ ПРА СЬВЯТОЕ

Апошнім часам сталі гаварыць пра савецкага касманаўта беларуса Уладзімера Кавалёнка, які жыве ў Маскве. (Памятаю, яму нават Ларыса Геніюш верш прысьвяціла, радаючыся за беларуса ў космасе.) Прычынай увагі сталася ягонае цемрашальскае выказваньне пра Беларускі Нацыянальны сьцяг. Ён сказаў, што раней памыляўся, шануючы Нацыянальны сьцяг, бо, маўляў, ня ведаў, што з гэтым сьцягам беларусы ў 1941 годзе спатыкалі ў Менску фашызм. Гэтае выказваньне абурыла беларусаў. Маладзейшыя пытаюцца, што гэта за чалавек, Кавалёнак.

Сяргей Навумчык зьмясьціў пра яго вялікі артыкул на старонцы радыё Свабода, дзе вельмі ашчадна распавёў пра савецкага касманаўта ў палітыцы. За саветамі гэтая катэгорыя людзей насіла флёр герояў. Як на мой погляд, відаць, заслужаны, але вельмі адносны. Хлопцаў, якія ў вельмі цяжкіх умовах гібелі ў савецкім войску, скажам, на атамнай падводнай лодцы, часам гінулі там, ці вярталіся хворымі ад радыяцыі, ніхто за герояў не лічыў, ніхто пра іх ня ведаў. Не на іх канцэнтравалася савецкая паказушная палітыка, не пра іх савецкія кампазітары складалі “народныя” песьні – “а мой Вяся первым будет на Луне”.

Мне прыходзілася прыхапкам ужо пісаць пра паводзіны спадара Кавалёнка ў Вярхоўным Савеце. Як я яго ўспрымаю і разумею, Уладзімер Кавалёнак – тыповы савецкі беларус, выхадзец з сялянства, які выбіўся ў вядомыя людзі. Ідэалёгія (у тым ліку і камуністычная) мела для яго чыста прагматычнае значэньне (за ідэю дзеля ідэі такія людзі не ахвяруюцца, але, калі выгадна, — падтрымліваюць дзеля асабістага сацыяльнага інтарэсу). Сацыяльная выгада і сацыяльнае становішча маюць тут прыярытэтнае значэньне.

Пры тым усім Кавалёнак ня меў цягі да ўлады, не імкнуўся камандваць людзьмі і ўсюды сцьвярджаць сябе, не ўваходзў у супярэчнасьць з начальствам, з начальніцкай ідэалёгіяй і палітыкай, але паўсюдна арыентаваўся так, каб быць на паверхні, захоўваючы сваё статус-кво.

У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, застаючыся з камуністамі, ён рабіў сігналы, што прыхіляецца да дэмакратыі ды крытыкуе камуністычны бюракратызм (пры камунізме гэта было дазволена – з бюракратызмам змагаліся) . На першай жа сэсіі Вярхоўнага Савета, калі адбываліся выбары старшыні, мы (дэпутаты Апазыцыі БНФ) зьвярнуліся да яго з прапановай падтрымаць нас у выбарчым змаганьні. Задача была не прапусьціць стаўленьніка бюро ЦК КПБ М. Дземянцея на старшынства. Мы падбіралі лаяльных дэпутатаў з асяроддзя камуністаў, якія не ўспрымалі Дземянцея, і ўгаворвалі іх выставіць свае кандыдатуры, каб расьцягнуць галасы.

Кавалёнак доўга думаў і вагаўся (я яго ўгаворваў, здаецца, разам з Алегам Трусавым), але ўрэшце пагадзіўся. Памятаю, што ён набраў 43 галасы. Мушу сказаць, што для Кавалёнка гэта быў вельмі рашучы ўчынак. Ён рызыкаваў рэпутацыяй, але адначасна глядзеў у будучыню. І… здавалася, не памыляўся. Зорны час ягонага манэўру настаў 24 жніўня 1991 года на “Сэсіі Незалежнасьці”, якая адбылася адразу пасьля правалу камуністычнага путчу ў Маскве. Тут я проста працытую кавалак з сваёй апошняй кніжкі “Сэсія Незалежнасьці”, бо ў Беларусь яна амаль што ня трапіла.
“Прыступілі да фармаваньня парадку дня сэсіі. Пачалі засьведчваць сваю пазыцыю так званыя “перабежчыкі”, якія раней памоўчвалі альбо пагаджаліся з камуністамі. Асабліва пафасна адзначыўся наш беларус-касманаўт генэрал Уладзімер Кавалёнак. Прадстаўляючыся, ён назваў сваю парлямацкую прыналежнасьць так: “Ад Апазыцыі!”. І аб’явіў, што ён вышаў з шэрагаў КПСС. Усе ведалі, што ён у Апазыцыю не ўваходзіў. Але гэты трук успрынялі апладысмэнтамі. На зьбянтэжаных камуністаў выбар Кавалёнка падзейнічаў прыгнечана і злавесна.

Тут, адыходзячы крыху ўбок, растлумачу, што Кавалёнак тады з’арыентаваўся хутка, дакладна і рашуча, пачаў нават у перапынках хадзіць на плошчу разам з намі і размаўляць зь людзьмі. А аднойчы, ідучы з гатэлю ў добрым настроі пасьля абеду, Кавалёнак збочыў да людзей, папрасіў у нейкага Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і дэманстратыўна ўвайшоў зь ім у залю. Кур’ёзам стала тое, што выпадкова ён ўвайшоў у дзьверы разам з Інэсай Драбышэўскай і Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнка якраз у гэты час ужо зразумеў, што справа йдзе да аб’яўленьня незалежнасьці і голасна адмовіўся ўдзельнічаць у сэсіі (адлюстравана ў стэнаграме). Ён прагаласаваў толькі адзін раз супраць парадку дня сэсіі і, выступіўшы сумніўна аб суверэнітэце, больш не рэгістраваўся і не выступаў (гэта значыць, фармальна адсутнічаў на сэсіі, каб ня быць прыналежным да яе рашэньняў).

Кур’ёз яшчэ і ў тым, што пазьней, гадоў праз 10, падлыжныя журналісты, успомніўшы гэты эпізод з Кавалёнкам, напісалі, што Лукашэнка быццам бы ўнёс разам зь ім у парлямант сьцяг незалежнасьці. Магчыма, журналісты “чэсна” хацелі дагадзіць узурпатару, але атрымалася глупства, бо ўсім вядома, як дэпутацкая Апазыцыя БНФ увайшла ў залю зь Бел-Чырвона-Белым Сьцягам на адкрыцьцё Сэсіі (Сьцяг было даручана несьці Галіне Сямдзянавай).

Дэманстрацыя патрыятызму і адзінства з БНФ у рэвалюцыйным 1991-м не перашкодзіла, аднак, Кавалёнку пазьней (калі зьмянілася сытуацыя і пачалася рэстаўрацыя намэнклятурнай рэакцыі) гэтак жа голасна заявіць у Вярхоўным Савеце, што БНФ – гэта “фашызм”, а фронтаўцы – “фашысты”, сарваўшы бурныя апладысменты камуністычнай намэнклятуры.
Філіпікі супраць Фронта былі выкліканыя тым, што Кавалёнак пасьля 1991-га прыняў расейскае грамадзянства, жыў у Маскве, у Вярхоўным Савеце Беларусі не зьяўляўся. Гэта супярэчыла Канстытуцыі краіны (і, дарэчы, прыстойнасьці). Дэпутаты Апазыцыі БНФ, згодна закону, запатрабавалі ад яго скласьці паўнамоцтвы народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь. Пасьля гэтага Кавалёнак назваў фронтаўцаў “фашыстамі”. (“Сэсія Незалежнасьці”,– Варшава — Нью Ёрк – Вільня, 2011, стар. 8). Яму вельмі хацелася жыць за мяжой (у Маскве) і лічыцца дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі. Не удалося.

Памятаю яго цьвёрды пафасны голас у самы мікрафон. Ён казаў тое ж самае (па той жа схеме), што і цяпер. Аб тым, што ён, маўляў, памыляўся, “не разглядел”, і цяпер толькі ўбачыў, што БНФ – гэта сапраўдны “фашызм”.
Тут удакладню, што камуністы ў палітычнай барацьбе ўсё, што нацыянальнае і што было супраць камунізму і СССР, называлі “фашызмам”. Гэта рабілася сьведама, каб напалохаць іншых. Свой выбар наш касманаўт зрабіў яшчэ тады. Ён убачыў, што йдзе адкат, вяртаюцца бурбоны, мацнее КГБ, узвышаецца Расея, а БНФ да ўлады не прышоў. То, згодна ягонай практычнай пазыцыі, які cэнс за гэты Фронт трымацца. У Маскве чакала яго добрая пэнсія, ганаровая пасада, захаваньне ўсіх рэгалій, выдатная “жылплошча” і бестурботны, важны спосаб існаваньня. Прапанавалі расейскае грамадзянства. Што яшчэ трэба савецкаму сялянскаму сыну, вучню савецкай сярэдняй школы, які дамогся ўсяго сваім характарам, розумам, настырнасьцю і “ўменьнем жыць”. Ідэалы – гэта для “бэнээфовцев”.

І гэта амаль што праўда. Адны беларусы, ахвяруючыся, зьмяняюць абставіны ў грамадзтве, іншыя – скарыстоўваюць становішча. І адны, і другія могуць быць эмігрантамі: эмігрантамі дабрабыту, як Кавалёнак, і эмігрантамі ідэі, уцекачамі ад рэжыму, ад сьмерці і турмы.

Касманаўт Кавалёнак цяпер пацьвердзіў свой практычны выбар, які даўно ўжо стаўся ягоным статус-кво. Ён, на жаль, тыповы для шмат якіх беларусаў. Гэтак жа, як таксама тыповы і дыяметральна супроцьлеглы ідэйны выбар Сяргея Каваленкі – ахвяраваньне сабой за Сьцяг. Толькі адных – шмат, другіх – мала. І ў гэтым бяда.

Некалькі словаў пра сутнасьць савецкай прапаганды, якая зьневажала нацыянальныя сымвалы за тое, што беларусы шанавалі іх пад нямецкай акупацыяй.

Немцы афіцыйна не дазволілі Беларускі сьцяг (гэтак жа, як і агульнаадукацыйнае беларускае школьніцтва, дазволена было толькі профільнае навучаньне), але (у значнай ступені дзякуючы пазыцыі В. Кубэ) глядзелі на дэманстрацыю беларускай сымволікі скрозь пальцы (і агульнаадукацыйная школа беларуская за немцамі таксама дзейнічала, нягледзячы на інструкцыі акупантаў).

Па апавяданьнях відавочцаў, у 1941 годзе былі выпадкі, калі беларускія сяляне, загнаныя ў калгасы і абрабаваныя пад савецкай акупацыяй, сустракалі немцаў кветкамі як вызваліцеляў ад бальшавікоў. Тым часам не зафіксаваны нідзе ні адзін выпадак, каб немцаў сустракалі зь Беларускім сьцягам. Але нават, калі б насуперак лёгіцы такое недзе здарылася б, — яно ня мела б ніякага ацэначнага значэньня для нацыянальнага сьцяга, пад якім у Эўропе дзейнічалі розныя палітычныя групы: і тыя, што ваявалі супраць немцаў, і тыя, што зь імі супрацоўнічалі (у тым ліку і РОА расейскага генэрала Ўласава). Фецішызацыя нянавісьці была прыдумана рускімі бальшавікамі дзеля апраўданьня палітыкі рэпрэсій і генацыду. Быў складзены шэраг прадметаў, сымвалаў, асобаў і нават слоў, ужываньне якіх пагражала пакараньнем і турмой.

Асяроддзе, у якім апынуўся цяпер генэрал Кавалёнак у Маскве, відаць, такое самае, у якім ён вырас у СССР. Бо тое, што ён сказаў для радыё Свабода – гэта ёсьць саветчына часоў Сталіна, рэліктавы камунізм, які рэанімавала гэбісцкая ідэалёгія. Таму зьнявага Сьцяга ў вуснах Кавалёнка цяперашніх беларусаў моцна абурыла й зьдзівіла. Асабліва ўлічваючы, што другі беларус – Сяргей Каваленка – трымае жорсткую галадоўку, церпіць у турме, пратэстуе і гатовы ахвяравацца за гэты Сьцяг жыцьцём.

Выглядае, што розум касманаўта затрымаўся ў часе. Шкода, вядома. Ня ён адзін. І выправіць гэта можа радыкальна толькі сам няўмольны час.

Прыклад з касманаўтам Кавалёнкам вымоўна паказаў, што людзі, якія не дарасьлі да нацыянальнага думаньня, да ўсьведамленьня Нацыянальнай ідэі і нацыянальных інтарэсаў, такія людзі нацыянальнымі палітыкамі ня робяцца і ў нацыянальную асобу не вырастаюць.

Мала быць беларусам па паходжаньні, трэба стацца грамадзянінам нацыі, яе прадстаўніком, беларусам па духу, чалавекам беларускай волі і абавязку перад краінай, мець адказнасьць перад людзьмі.

3 сакавіка 2012 г. Зянон ПАЗЬНЯК

13/3/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Сакавік 2012
П А С Ч П С Н
« Люты   Кра »
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024