Bielarus.net Плятформа «Беларуская Салідарнасць» |
|||
Зянон Пазьняк: СУПРАЦЬ КАВАЛЕНКІ МАБІЛІЗУЮЦЬ РЭПРЭСІЎНУЮ МЕДЫЦЫНУ Турэмныя менгеле закасваюць рукавы. Афіцыйны заказ. Адказнасьць. Лячыць ад жыцьця. Але службовыя асобы, якія павольна забіваюць Сяргея Каваленку (і выканаўцы, і арганізатары), добра ведаюць тое, што яны яго забіваюць. Упэўненасьці ў беспакаранасьці ім надае маўчаньне запалоханага грамадзтва. Аднак гэта іх не ўратуе. Сяргей Каваленка не зрабіў ніякага злачынства. (Немагчыма судзіць чалавека на гады турмы за вывешваньне на навагодняй ёлцы Беларускага Нацыянальнага Сьцяга.) Каваленку асудзілі незаконна. Ён аб’явіў галадоўку пратэсту з патрабаваньнем адмяніць бяспраўны прысуд і выпусьціць яго з турмы, дзе ён знаходзіцца не павінен. Ягоная падстава і абгрунтаваньне галадоўкі сур’ёзныя і справядлівыя. І менавіта таму галадоўка Каваленкі ёсьць ў гэтых умовах апошняй і адзінай зброяй абароны годнасьці і гонару чалавека. Тут не самагубства – тут, як на вайне, — сьмяртэльная барацьба. Забівае той, хто творыць насільле, бяспраўе і гвалт над іншым, хто трымае чалавека ў турме за сымволіку нацыі. Гвалтаўнік ёсьць забойцам галадоўніка, а не галадоўнік. Каваленка законна пратэстуе голадам супраць несправядлівасьці і зьнявагі, абараняючы гонар ідэі і годнасьць асобы. Тут самаахвярнасьць у абароне вялікага, што належыць ўсім пакаленьням (цяперашнім і будучым). Так паводзяць сябе моцныя людзі. Іхняя апэляцыя ахвярай свайго здароўя і жыцьця накіравана да направы закону, да вяртаньня справядлівасьці, да сумленьня тых, хто парушыў закон і справядлівасьць, і, галоўнае, да ўсяго грамадзтва як заклік да салідарнасьці, дапамогі і барацьбы. Калі беларускі ксёндз у часе нямецкай акупацыі і вайны ўзяў у рукі крыж і пайшоў у агонь, каб згарэць зажыва разам са сваімі вяскоўцамі, якіх немцы сагналі і падпалілі ў гумне, –то ён, гэты ксёндз, хто? Самагубца, што ня дбаў пра сваё здароўе, ці чалавек, які зьдзейсьніў ахвярны подзьвіг вялікай духоўнай сілы? Гэтае пытаньне магло б быць для Яго Эксэленцыі (і іх “святейшеств” таксама.) І хто вінаваты ў яго сьмерці? Сам ксёндз ці немцы? Змагарная ахвяра Каваленкі мае высокі сэнс. Нацыянальны Сьцяг – гэта сымвал нацыі. Гонар Сьцяга абараняюць і нават ідуць за яго на сьмерць. Усе гэта ведаюць. І таму нечысьць, прайграўшы моцнаму духам Каваленку, забівае яго цела. Ад няправільнага (у гэтых абставінах) прымусовага кармленьня праз зонд, ад рэпрэсіўнага медыкамэнтознага ўзьдзеяньня Каваленку стала вельмі дрэнна. Да яго перасталі пускаць на спатканьне жонку, маці і нават адваката. 10-га красавіка прынялі рашэньне зачыніць Каваленку ў псіхіятрычны шпіталь “Навінкі” пад Менскам. У псіхушцы нелюдзі будуць рабіць зь яго вар’ята. У іх ёсьць вялікі савецкі вопыт рэпрэсіўнай псіхіятрыі і набор разбуральных медыцынскіх сродкаў. Хацеў бы заклікаць салідарна жывых беларусаў і актыўныя групы грамадзтва падтрымаць справу распаўсюджваньня зьвестак пра Каваленку і далучыць свае словы абароны героя, выказаць пратэсты супраць рэпрэсіўнай медыцыны супраць медыцынскага катаваньня Каваленкі, супраць гвалту над яго асобай, справядлівасьцю і свабодай. 11 красавіка 2012 г. Зянон Пазьняк 12/4/2012 › Навіны |
Навіны ‹ Пошук:Каляндар:Ідзі і глядзі:НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ» С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)» З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым» Зянон. Паэма «Вялікае Княства» З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы» Курапаты беларуская сьвятыня Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна» «Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF) Беларуская Салідарнасьць:ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ. 1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага: 2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня. 3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае правоў чалавека пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў. 4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі. 5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі. 6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей Беларускі Народ. 7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў. 8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце. Сябры й партнэры: |
Беларуская Салідарнасьць // 20002024 |