Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

Кур’ёзнае паведамленьне зьявілася ў Сеціве 11 траўня. У паведамленьні гаварылася пра нямецка-беларускую дружбу-фройндшафт. Цытуем сайт “Хартыі-97”:
“Мэрия немецкого Эсслингена помнит о Карпенко и Гончаре. Благодаря этим двум белорусам с трагической судьбой начало развиваться партнёрство между Молодечно и Эсслингеном. Эсслингенцы отмечают 25-летие этих связей. На празднование пригласили делегацию Молодеченских городских властей, а также членов белорусской оппозиции…”
Вось жа цікава, правінцыйныя немцы (можа не разабраўшыся) прымаюць у сябе з півам, кілбаскамі і гаварэньнем пра дружбу і дэмакратыю дэлегацыю лукашыстоўскага антыбеларускага рэжыму. Таго самага рэжыму, які жорстка ліквідаваў згаданых Карпенку і Ганчара. Разам з афіцыёзнай дэлегацыяй ад гэтага рэжыму нават запрасілі “членов оппозіціі”. Праўда, “Хартыя-97” паведаміла, што яны не паехалі ў Нямеччыну. Але аб тым, што гэтыя “члены оппозіціі” растлумачылі немцам абсурднасьць іхных мерапрыемстваў, “Хартыя” не паведаміла. “Члены” немцам нічога не тлумачылі. А патлумачыць трэба для беларусаў. Аналагам такога мерапрыемства ў гітлерскай Нямеччыне было б сумеснае запрашэньне прадстаўнікоў правінцыйных гітлерскіх гаўляйтэраў разам з “членамі оппозіціі”.
Мясцовая псэўдаапазыцыя вельмі ж хацела патусавацца ў Нямеччыне. Ды нехта падказаў ім, што немэтазгодна ўжо так дэманстрацыйна фатаграфавацца і баляваць разам з маладзечанскімі лукашыстоўскімі гаўляйтэрамі.

х х х

Адметнасьцю апошніх падзеяў у Маскве ёсьць агульнасьць стылю паводзінаў уладаў і апазыцыі. Чытаецца адпрацаваны ў нашай Беларусі сцэнар, распрацаваны на два рэжысёрскія сшыткі: адзін для рэжыму, другі для “апазыцыі”, якой кіруе рэжым. 7 траўня расейская “дэмапазыцыя” (стракаты тандэм заяўленых плыняў і асобаў) павёў дзясяткі тысячаў людзей на дазволены мітынг у цэнтры Масквы. Раптам нехта скамандаваў натоўпу стаць на мосьце, а потым сесьці на асфальт. У той жа час невялікія групы невядомых маладзёнаў накінуліся на мэталашукальнікі, паламалі іх і перакулілі паліцэйскі штакетнік вакол Балотнай плошчы. Такім чынам рэпрэсіўныя сілы рэжыму атрымалі карт-бланш на правядзеньне жорсткай зачысткі. Яны “баранілі стратэгічны аб’ект каля Крамля” (мост) і “супрацьстаялі вандалам-правакатарам”. У выніку шмат людзей было зьбіта і арыштавана. Мітынг-шэсьце разагналі. Адбылася маскоўская рэдакцыя падзеяў 19 сьнежня 2010 года ў Менску.

8 траўня інаўгурацыя-вяртаньне на царства Пуціна адбывалася пышна ў крамлёўскіх палатах і пустынна на вуліцах і плошчах вакол Крамля. Рэжым арганізаваў паразу нямцовых-удальцовых, якія павялі на сваю правакацыю тысячы людзей. Цяпер у псэўдаапазыцыйным сшытку разгорнута наступная старонка, знаёмая з леташніх падзеяў у Беларусі. І называецца яна падобна – “народные гулянія”. Па вуліцах Масквы шпацыруюць прадстаўнікі інтэлігенцыі і іншыя. Яны маўчаць, і маецца на ўвазе, што яны пратэстуюць супраць пуцінізма. Знаёмы абсурд “маўклівых пратэстаў”, наладжаных псэўдаапазыцыйнымі зазываламі ў Беларусі. Беларусы, такім чынам, ведаюць, чым усё гэтае “трепыханіе” скончыцца – правалам, паразай людзей і самазадаволенасьцю рэжыму, які арганізаваў усю гэтую правакацыю праз сваіх падстаўных.
Адзінай магчымай формай эфэктыўнага змаганьня супраць крамлёўска-лубянскага рэжыму ва ўсіх яго рэдакцыях зьяўляецца толькі Народны Байкот. Ня трэба было ўдзельнічаць у заранёў фальшывых “выбарах”, наладжаных дыктатурай. Ня трэба таксама і цяпер слухаць учорашніх псэўдаапазыцыйных зазывалаў на выбары (кшталту В. Івашкевіча), якія раптам пачалі выступаць за “народны байкот выбараў”. Гэтая падстаўная публіка ўжо сябе паказала. Мэта іхнай дзейнасьці зьяўляецца прафанацыя любой формы народнага змаганьня, якое арганізоўваюць патрыёты-фронтаўцы.

х х х

З усяе Расеі паступаюць зьвесткі пра шырокамаштабную ліхаманкавую вайсковую дзейнасьць. Мужчын масава выклікаюць у ваенкаматы, пераправяраюць сьпісы прызыўнікоў, праводзяць мабілізацыйныя вучэньні, распрацоўваюць мясцовыя планы ваеннага супраціву. Многія рытарычна пытаюцца: што, Расея рыхтуецца да вайны? Можа гэта і было б інфармацыяй з чужой краіны, але для беларусаў такая інфармацыя не чужая. Увесь беларускі народ і нашая зямля ўключаны маскоўскімі мілітарыстамі ў іхны праект ваеннага сутыкненьня з Захадам. У адказ на разьмяшчэньне амэрыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны ў Польшчы і іншых краінах Цэнтральнай Эўропы, якія належалі былі да “сацыялістычнага лягеру”, крамлёўскія начальнікі (Пуцін, Медведев і іхныя маршалы) зрабілі чарговую заяву аб “узмацненьні абароны Расеі на заходнім накірунку”. Наша Беларусь зьяўляецца першым эшалонам абароны Масквы. На нашай тэрыторыі маскоўцы будуць у бліжэйшы час разьмяшчаць сучасьныя апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы “Іскандэр”. Яшчэ летась Лукашэнка заявіў: “Трэба будзе для абароны нашых агульных інтарэсаў, беларусы заўсёды пойдуць на тое, каб абараніць сваю краіну і сваіх саюзьнікаў”.

Хто служыў у ракетных войсках і ў войсках супрацьпаветранай абароны, той ведае наступнае: у выпадку вайны першы, самы сакрушальны ўдар наносіцца менавіта па першым эшалоне. Пасьля зьнішчэньня Беларусі Масква можа пайсьці на мірныя перамовы. На гэтым ваенны канфлікт можа нават скончыцца. Але вось толькі беларусы пра гэта не даведаюцца. Нас ужо ня будзе. Нам запланавана памерці, абараняючы Маскву і яе імпэрскія інтарэсы.
Выратаваць нашу краіну і жыцьці мільёнаў нашых людзей можа толькі ліквідацыя прамаскоўскага антынацыянальнага рэжыму і ўсталяваньне ў Беларусі беларускай дэмакратычнай улады.

х х х

У сярэдзіне траўня Сеціва абляцела сэнсацыя: Б. Нямцоў назваў Ул. Пуціна “Лукашэнкам нумар 2”. Нямцоў камэнтуючы разгон ОМОНам акцый пратэсту ў Маскве, параўнаў дзеяньні рэжыму з дзеяньнямі лукашыстаў у Менску пасьля “выбараў” 2010 года і ўбачыў аналогіі. “Адзін з лідараў расейскай апазыцыі” (як называюць у СМІ Нямцова) забыўся толькі закончыць сваю “ідэалагему” і шэраг параўнаньняў. Яму трэба было азірнуцца на самога сябе ды параўнаць сваю палітычную фігуру і свае палітычныя дзеяньні з адпаведнікамі, што дзейнічалі і дзейнічаюць у Менску. Ды назвацца, напрыклад, “Саньнікавым нумар два” ці “Мілінкевічам нумар два”. Тады ўсё стала б да канца зразумелым.

Паводзіны маскоўскіх і менскіх аналагаў на псэўдавыбарчай гульні дыктатуры ідэнтычныя. Замест таго, каб праваліць электаральную фальшыўку з лубянскімі “выбарамі Пуціна” і заклікаць грамадзства да ўсенароднага байкоту, Нямцоў і іжэ зь ім гукалі і вялі мільёны людзей на выбарчыя ўчасткі, дзе лубянская кантора разгарнула нябачаныя з часоў Гітлера па сваіх маштабах фальсіфікацыі з падлікам галасоў. Падманутыя людзі забясьпечылі сваёй яўкай і рэгістрацыяй на “выбарчых участках” шырокае поле для падману расейскага і міжнароднага грамадзтва. За гэты падман поўную адказнасьць нясуць падстаўныя дзеячы з расейскай псэўдаапазыцыі Нямцоў і іншыя, якіх па справядлівасьці можна называць двайнікамі саннікавых-мілінкевічаў.

х х х

Поўным правалам завяршыўся выступ зборнай Беларусі на чэмпіянаце сьвету па хакею з шайбай. Яна заняла 14-е месца сярод 16 камандаў. З сямі гульняў турніра зборная РБ прайграла ўсе, акрамя перамогі над казахамі. Разумныя людзі папярэджвалі, што ўкідваньне народных грошай у яму “лядовых палацаў” ні да чаго добрага не прывядзе. Гэта стала папулярнай у рэжымшчыкаў формай адмываньня і раскраданьня грошай, а таксама спосабам падрыву нацыянальнай эканомікі. Але нават у сваім непасрэдным прызначэньні гэтыя лукашыстоўскія “палацы” прадэманстравалі сваю бессэнсоўнасьць – поўны правал і ганьба. За што б ні ўзяўся рэжым – правал і ганьба. Так будзе да апошняга дня існаваньня гэтай антынацыянальнай улады.

х х х

Стала вядома, што міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnisty International” зрабіла заяву ў справе героя-фронтаўца Сяргея Каваленкі. Заходнія праваабаронцы заявілі, што не прызнаюць С. Каваленку вязьням сумленьня. Маўляў, з матэр’ялаў судовай справы яны даведаліся, што пры затрыманьні міліцыяй каля каляднай яліны ў Віцебску (на якой ён узьняў беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг) С. Каваленка “аказаў супраціў работнікам міліцыі”. Мы ня памятаем, каб прадстаўнікі гэтай міжнароднай арганізацыі прысутнічалі хаця б на адным паседжаньні судовай расправы над С. Каваленкам. Адкуль жа ў іх такая “дакладная” пра ўсё інфармацыя? На судзілішчы былі прысутныя некаторыя “незалежныя журналісты” і яшчэ пара-тройка асобаў з арганізацыі “Вясна”. Мабыць, нехта зь іх і забясьпечыў “Эмнісьці Інтэрнэшнл” гэтай дэзай, агучанай прадстаўнікамі антыбеларускага рэжыму, які сфабрыкаваў супраць Каваленкі справу. Інфарматары вельмі добра знаёмыя “Эмнісьці”, таму іхную дэзу так лёгка паклалі ў аснову свайго скандальнага рашэньня, больш ні ў кога ў Беларусі не пытаючыся пра справу.

Сьведкі арышту Сяргея Каваленкі пасьля ўзьняцьця нацыянальнага сьцягу кажуць, што гэта афіцэры міліцыі па-зьверску зьбілі Сяргея, які не аказваў супраціву. Сам Сяргей пра гэта заяўляў на паседжаньнях судзілішча. Але спэцоў з “Эмнісьці” гэтая праўда не цікавіць. Яны задаволены тым, што атрымалі ад сваіх знаёмцаў. Ня трэба зьдзіўляцца гэтым амаральным паводзінам заходніх спэцоў, якія імпэтна бароняць розных пакрыўджаных пэдэрастаў і абвясьцілі “вязьнем сумленьня” аднаго даволі маштабнага менскага фінансавага махінатара (які набірае цэлую калекцыю міжнародных узнагародаў за “правы чалавека”). Гэта ёсьць яшчэ адзін паказчык прагнілага стану заходніх структураў, якія вычварылі ўсё, што маглі, на тэму правоў чалавека. Імі могуць лёгка маніпуляваць любая агентура антычалавечых рэжымаў і любыя жулікі. Для іх чалавек, які аддае жыцьцё за нацыянальны Сьцяг і любоў да Радзімы, — пусты гук і нават “нешта шкоднае”. У іх свае “героі”…

х х х

Падстаўныя замітусіліся, цягнуць “на выбары”. Работнікі рэжымнай паштовай службы (паштаркі) разьнесьлі па ўсёй нашай краіне і закінулі ў паштовыя скрынкі чарговы выпуск псэўдаапазыцыйнай «акупанцкаязычнай» газэткі “Наш дом-инфо”. Цікавая сама па сабе зьява: і хто ж гэта загадаў рэжымнай службе абслужыць “оппозіцію”? Але справа ня ў гэтым.
На вокладцы, як і ў кожным з папярэдніх выступаў, ёсьць гуканьне вялікімі белымі літарамі – “Наш лидер и вдохновитель – КАРАЧ Ольга Евгеньевна” разам з характарыстыкай гэтай асобы (раптам нехта забыўся з часу папярэдняга нумару), якая яна дэпутатка гарсавету, магістрантка і абласны старшыня АГП у Віцебску. Ёсьць і партрэт гэтай асобы (зноў у каторы раз паўтораны, каб не забыліся) з выразам “романтической Наташи Ростовой в девичестве”. Але галоўнае ў нумары выдзелена вялікімі жоўтымі літарамі: “Скоро новые выборы”. Што і трэба было даказаць. Карач з сваёй падстаўной канторкай з Віцебска па ўсёй сталіцы і на прасторах нашай краіны пачынае “заваёўваць сэрцы” мільёнаў беларусаў з дапамогай афіцыйнай рэжымнай паштовай службы. У газэтцы ёсьць пра “большіе победы” мясцовых дэпутатаў, пра “народ говоріт “должны!” і зноў “депутатов к ответу!” Псэўдаапазыцыя заранёў пачынае сваё мельцяшеньне, спрабуючы ў чарговы раз завабіць-зацягнуць нашых людзей на лукашыстоўскае псэўдавыбарчае шоў. Беларусам трэба гнаць ад сябе гэтую публіку.

х х х

Падзеі гэтыя адбываюцца далёка ад Беларусі, але маюць непасрэднае дачыненьне ў рэтраспэктыве да нашай краіны. Мы пра лёс Адрыяна Севярына. Гэты дзеяч быў у свой час міністрам замежных справаў Румыніі, потым зрабіў кар’еру ў Эўразьвязе, дзе на працягу некалькіх гадоў быў спэцпрадстаўніком па Беларусі.
Беларускія патрыёты адразу заўважылі, што Севярын – фальшывая і прадажная асоба. Заўважылі гэта і эўрапейскія журналісты. Яны прышлі ў эўраофіс Севярына ў Брусэлі пад выглядам прадпрымальнікаў і папрасілі яго паўплываць на зьмены заканадаўства Эўразьвязу дзеля карысьці сваёй фірмы (!). Севярын паабяцаў дапамагчы ім і назваў даволі вялікую суму хабара. Фільм пра гэтую “дзелавую размову” праз тэлеканалы паглядзела ўся Эўропа. У румынскім парляманце адбылася дэпутацкая навальніца. А Севярын ўсё не падаваў і не падаваў у адстаўку. Праз пэўны час пра яго забыліся. І раптам праз год пасьля скандалу румынскае тэлебачаньне рэанімавала яго. Паказалі, як Севярын накіроўваецца ў Бухарэсцкі ўнівэрсітэт чытаць публічную лекцыю на тэму “Прыстойнасьць у палітыцы” (!!!). Але яго сустрэлі студэнты, яны высьмеялі хабарніка і пагналі яго прэч.

Зноў пра Севярына забыліся. А 4 чэрвеня румынскае тэлебачаньне паказала новы рэпартаж пра непатапляльнага жуліка. Севярын “пратэстуе супраць рэпрэсій”. Ён незадаволены тым, што нядаўна былі апячатаны судовымі прыставамі ягоныя дэпутацкія кабінэты ў Стразбургу і Брусэлі. Аказваецца, гэтага крымінальніка дагэтуль ня вытурылі з эўраструктураў. Фантастычна! Можа ён і па Беларусі дагэтуль кансультацыі дае? Успомніць немца Віка, крыцкага грэка Папандопулу, Севярына – колькі фальшывых і падстаўных “ад імя эўрапейскай дэмакратыі” круцілася ў Беларусі! Гэта яшчэ раз даказвае, што ня трэба нам спадзявацца на крывадушную “дэмЭўропу”, а самым вырашаць свае нацыянальна-дзяржаўныя праблемы.

х х х

Пра гэтую праблему нібыта ведаюць усе. І ўсе неяк маўчаць. Можа прымаюць яе па-філасофску як непазьбежнасьць. Пажылыя людзі распавядаюць пра стан шпіталёў у Менску (але такі ж і яшчэ горшы стан мэдычных установаў па ўсяе Беларусі). Самы цяжкі лёс дастаецца тым, хто ня можа сам рухацца і абслугоўваць сябе. Мэдсёстры абыходзяцца з гэтымі людзьмі груба. Пажылыя кажуць, “нас кідаюць, як бярвеньні”. Калі каго трэба карміць з лыжкі, то ежу пхаюць у рот так, што людзі не пасьпяваюць праглынаць яе. Лекары таксама ў асноўным раўнадушна ставяцца да людзей, імкнуцца хутчэй выпісаць пацыентаў. Практычна не адбываецца комплекснага лячэньня бездапамаожных людзей.

Як кажуць некаторыя, “іх можно понять”. Маецца на ўвазе, што мэдработнікі атрымліваюць вельмі нізкія заробкі, “мэдыцына бясплатная” і г.д. Толькі нідзе мы ня чулі пра актыўныя пратэсты работнікаў мэдыцыны. Ніхто зь іх публічна не задае пытаньняў наконт марнаваньня мільярдаў народных грошай на ідыёцкія лядовыя палацы і іншыя авантуры Лукашэнкі. Панаваньне антычалавечага рэжыму робіць Беларусь арэнай гуманітарнай трагедыі.

х х х

8 чэрвеня ў чарговы раз заявіла пра сябе групоўка “Zмена”, як называецца “маладзёвае крыло” кампаніі “Говправду”. Маладзёвыя “говправды” напялілі на сябе пацешныя строі (быў заўважаны цыркавы Заяц у зялёных шараварах) і “пайшлі ў народ”. Яны стаялі каля плоту Парка Чалюскінцаў у Менску і раздавалі свае «русскоязычныя» ўлёткі жыхарам сталіцы. Радыё Свабода не паведаміла нам, што было ў гэтых улётках. Але перадало, як выглядаў іхны транспарант, які “говправды” павесілі на пару хвілінаў на плот парку – “Вам футбол, а нам бигус вонючий жрать?!”
Што ж, “очень інтеллектуально і революціонно, дорогіе товарішчі”. Падкрэсьленая расперазанасьць чужой нам маскоўскай вулічнай лексікі і падлеткавы тупізм – вось прыкметы дзеяньняў гэтай маладзёвай “Говправду”. У гэтым жа рэчышчы на працягу некалькіх дзён у траўні-чэрвені трымаўся на старонцы Радыё Свабода і ў іншых інтэрнэт-выданьнях сюжэт-сага пра маладзёна, які вынес перад супрацоўнікамі міліцыі самаробны плакацік з надпісам па-акупанцку “Мусорок”. З гэтага дурачка “дэмжурналісты” упарта ляпілі героя-праваабаронцу. Антыбеларускім структурам вельмі б хацелася прышчапіць маладзёваму пратэсту гэткі маскоўска-хамскі сьцёб на ўзроўні хуліганскіх падваротняў і падлеткавых “малін”. Замест змаганьня пад нацыянальным Бел-Чырвона-Белым Сьцягам за Беларусь маладым прапануецца “крута тусавацца” і “гнаць па поўнай”. Зразумела, што нармальныя мазгі да такога не дадумаліся б. Беларускай моладзі трэба падалей трымацца ад гэтай падстаўной шпаны.

х х х

Немцы вядуць сваю кліентуру на лукашыстоўскія “выбары”. На пачатку чэрвеня ў Вільню прыехалі “9 прадстаўнікоў апазыцыі”, як паведаміла Радыё Свабода. Яны сустракаліся з кіраўніком ведамства фэдэральнага канцлера ФРГ Рональдам Пафалам. Якім ведамствам кіруе партайгэносэ Пафала, Радыё Свабода не паведаміла (хаця паведамляць такія “дэталі” ёсьць абавязкам прыстойнай журналістыкі). Але вядомы А. Лебедько (ён жа Лябедзька) распавёў, што яны размаўлялі пра “будучыя выбары”. Ён назваў таксама ўдзельнікаў віленскай сустрэчы. Гэта былі камуністычны генсек тав. Калякін, прадстаўнік псэўда-БНФ Кастусёў, непатапляльны Мілінкевіч, замежны Міхалевіч, а таксама прадстаўнікі “Говпрады” і “БХД”. Стала вядома таксама, што згаданы Пафала “заўсёды праяўляў вялікую цікаўнасьць да праблемаў Беларусі”. У наяўнасьці, як бачым, “маладая зьмена” незабыўнаму Гансу Віку.

Сустрэча мела дэманстрацыйны характар – ну, проста “на вачах ва ўсяго сьвету”. Бывалі, аднак, часы, калі немцы паводзілі сябе значна хітрэй і дыскрэтней. Калі яны ўзялі “на довольствіе” Леніна з бальшавікамі (каб расхістаць і аслабіць Расею падчас Першай сусьветнай вайны), то публічных сустрэчаў сваіх міністраў з Леніным і Крупскай не праводзілі. Усё рабілася ў ценю. Кіраваў усім вопытны ценявы чалавек Парвус, які ціхенька пераводзіў бальшавікам мільёны дойчмарак і перадаваў ім, што і як трэба рабіць. Мы памятаем, што такім чынам немцам удалося-такі расхістаць і аслабіць Расею, нават вывесьці яе з вайны і арганізаваць кастрычніцкі пераварот 1917 года.

Чаму ж цяпер немцы адмаўляюцца ад сакрэтнасьці і дыскрэтнасьці, выстаўляючы сваю кліентуру на дзённае сьвятло? Аналіз паказвае, што хавацца з гэтым ім няма прычыны, у іх іншы план, зусім не падобны на 1917 год. Яны ніякім чынам ня хочуць сваімі грашамі і ўплывамі перакуліць лукашыстоўскі рэжым або замяніць Лукашэнку на Лебедько ці Мілінкевіча. Немцы цудоўна разумеюць, што гэтыя “дзеячы оппозіціі” проста не надаюцца сваім калібрам на такія дзеяньні і ролі. І ліквідацыі “сіламі оппозіціі” прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі немцы ня хочуць. Зусім наадварот, іхныя “сустрэчы” і “грашовыя адносіны” з “оппозіціей” маюць на мэце прафанацыю і аслабленьне беларускага супраціву рэжыму, дэзарыентацыю нашага і сусьветнага грамадзтва. Яны не саромеюцца дэманстрацыйна выстаўляць сваіх псэўдаапазыцыйных партнёраў у шчырым амплуа нямецкіх кліентаў (з волі хаўруснай з немцамі антыбеларускай Масквы). Гэта на ўсякі выпадак, каб нехта не ўспрыняў бы Лебедько або Міхалевіча нечым сур’ёзным у палітыцы і нацыянальным супраціве. Немцы вельмі намагаюцца, робячы гэта. Але ўсяроўна многія ў Беларусі не заўважаюць гэтага падвоху і працягваюць лічыць дзеячыкаў-кліентаў сапраўднай апазыцыяй ды ідуць за імі на выбарчыя шоў, якія наладжвае дыктатура. Можа пара ўжо разабрацца з тым хто ёсьць хто і адвярнуцца ад гэтых фальшывых?

Янка Базыль

17/6/2012 › Навіны


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Чэрвень 2012
П А С Ч П С Н
« Тра   Ліп »
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930  

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024