Bielarus.net Навіны // Аналітыка // Курапаты
be pl en
Беларуская Салідарнасьць
Bielarus.net
Плятформа «Беларуская Салідарнасць»

СЦЭНЫ З ЖЫЦЬЦЯ ПРЫ ПОЗЬНІМ ЛУКАШЫЗМЕ

23 жніўня рэжым с помпай паведаміў, што зарэгістраваў сотні «кандыдатаў» на выбарчы фарс. У «незалежных» СМІ таксама застракацела пра тое, як шмат зарэгістравалі «кандыдатаў ад БНФ», ад Лебедько і некалькіх мясцовых сацыял-дэмакратый. На гэта людзі ў камэнтарах адказалі, што думаюць пра жульніцтва і прадажнасьць у палітыцы. Без падказкі камэнтатары яшчэ раз нагадалі, што йдзецца пра падстаўны псэўда-БНФ Янукевіча і пра іншых, якія падыгрываюць рэжыму сваім дэманстрацыйным удзелам у фарсе. Адзін з «мыслітелей» псэўдаапазыцыі дапісаўся да таго, да чаго не магла дадумацца ўся разам узятая лукашэнкаўская «оппозіція». Ён патлумачыў, што значыць байкот выбараў. Трэба пайсьці на выбарчы ўчастак, зарэгістравацца, кінуць у урну бюлетэнь, выбраўшы «кандыдата». А потым, калі гэты «кандыдат ад апазыцыі» стане палатнікам, то ён павінен прылюдна парваць сваё палатніцкае пасьведчаньне ў знак пратэсту супраць сфальшаваных выбараў. Ну ці ж не дурдом? Фантастыка псэўдаапазыцыйнага існаваньня ня ведае межаў…

х х х

Прамаскоўскі акупацыйны рэжым «дасягнуў вяршынь» у галоўным сваім прызначэньні – разбурэньні беларускай эканомікі і грамадзтва. Пры чым, назіраецца нейкае спаборніцтва паміж акупанцкімі зьнішчальнікамі, якія адказныя за розныя галіны беларускага грамадзкага жыцьця. Найбольш цяжкія вынікі лукашызма бачныя ў сельскай гаспадарцы. Вёска вымірае, сьпіваецца, дэмаралізуецца, сяляне ня могуць знайсьці выйсьця з калгаснага рабства. Многія зь іх спрабуюць выратаваць сябе і свае сем’і і ўцячы ў гарады, знайсьці працу на прадпрыемствах. Але бальшыня з гэтых людзей ня можа рэалізаваць свае памкненьні. Стала вядома, што з дыктатарскага цэнтру ў гарвыканкамы і райвыканкамы па ўсёй краіне паступілі рэскрыпты. У іх запісана забарона браць на працу на прамысловыя прадпрыемствы людзей зь вясковай прапіскай. Маўляў, няхай сядзяць у калгасе, а то працаваць няма каму. Але ўжо і на шэрагу прадпрыемстваў адчуваецца недахоп маладых, прафэсійных работнікаў. Так і залаплівае рэжым свой «трышкін кафтан».

х х х

Немцы рыхтавалі лукашыстоўскіх эсэсаўцаў. У маскоўскай інтэрнэт-газэце Лента.Ру 24 жніўня зьявілася цікавая інфармацыя. Працытуем яе найбольш выразныя фрагмэнты:
«Нямецкія ўлады пацьвердзіл, што праводзілі вучэньні для беларускай міліцыі і спэцназа. Паводле дадзеных Tagesspiegel, прынамсі 100 супрацоўнікаў беларускіх сілаў бясьпекі праходзілі навучаньне ў Нямеччыне з 2008 па 2011 год. Акрамя таго, нямецкія паліцыянты езьдзілі ў Беларусь і праводзілі там заняткі па падвышэньню кваліфікацыі для амаль 400 беларускіх памежнікаў, высокапастаўленых міліцыянтаў і тэхнікаў-крыміналістаў. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў прадстаўнік міністэрства ўнутраных справаў ФРГ. (…) У жніўні 2010 года дэлегацыю зь Беларусі дапусьцілі ў элітнае падразьдзяленьне нямецкага спэцназу GSG9, якое адказвае за барацьбу з тэрарызмам і сур’ёзнымі злачынцамі. У лістападзе 2010 года беларускія спэцназаўцы прысутнічалі пры суправаджэньні цягніка з ядзернымі адкідамі ў Готлебэн і пры разгоне акцыі пратэсту на яго шляху. У гэтай акцыі былі задзейнічаны больш за 20 тысячаў паліцыянтаў Нямеччыны. (…) Пры гэтым здушэньне акцыі пратэста ў 2010 годзе ў Нямеччыне было не такім міралюбным, як, мабыць, планавалі паліцыянты. Больш за 500 дэманстрантаў пацярпелі, большасьць зь іх – ад распыленьня паліцыяй пярцовага газу. Акрамя таго, улады выкарысталі вадамёты і дубінкі для разгону пратэстуючых. Нямецкай паліцыі давялося потым апраўдвацца за непрапарцыйнае прымяненьне сілы супраць актывістаў зялёнага руху.
Ужо ў сьнежні 2010 года беларуская паліцыя і спэцназ жорстка здушылі выступы апазыцыі супраць фальсіфікацыі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны тлумачыць супрацоўніцтва з Менскам тым, што беларускія ўлады з 2008 года пачалі дэманстраваць гатоўнасьць да дэмакратычных рэформаў. Міністэрства замежных справаў ФРГ дадае, што ўрад Нямеччыны падтрымліваў кантакты зь Менскам, каб падтрымаць зачаткі рэформаў. Цяпер міністэрства ўнутраных справаў ФРГ сьцьвярджае, што кантакты былі спынены ў 2010 годзе, калі стала зразумелым, што прывесьці беларускую паліцыю ў адпаведнасьць з стандартамі ЭЗ не атрымаецца. Між тым супрацоўніцтва і абмен досьведам канчаткова спыніліся толькі ў канцы 2011 года.
Пытаньне аб сумніўных кантактах зь беларускімі службамі дзяржбясьпекі і міліцыяй быў падняты ў Нямеччыне ў сувязі з адстаўкай у ліпені 2012 года начальніка фэдэральнай паліцыі Маціяса Зэгэра. Паведамлялася, што менавіта супрацоўніцтва з Менскам не задаволіла міністра ўнутраных справаў Ганса-Пэтэра Фрыдрыха. Аднак у міністэрстве сьцьвярджаюць цяпер, што ўсе сувязі былі ўзгоднены з урадам, а іх ініцыятарам выступала нярэдка міністэрства замежных справаў».
(Крыніца: lenta.ru/news/2012/polizei/)
Самае кур’ёзнае ва ўсім паведамленьні – гэта рытуальнае тэарэтызаваньне пра лукашыстоўскую «гатоўнасьць да рэформаў» у нядаўнія гады. Мы памятаем, як гэтая бурбалка надзьмувалася «незалежнымі» СМІ ў Беларусі і эўрабалбатунамі на Захадзе. Фронтаўцам тады тэлефанавалі журналісты з Эўропы і пыталіся: «А праўда, што ў вас ужо царства свабоды?» Фронтаўцы, зразумела, здагадваліся, што антыбеларускай дзейнасьцю займаюцца ўшчыльную ня толькі сумнавядомыя палітычныя фігуры Ганс Вік і Аляксандр Рар. Але, прызнацца, ніхто ня ведаў рэчаіснасьці, што нямецкая падтрымка антычалавечага рэжыму зайшла так далёка і шырока. З энэргіяй, вартай гітлерскіх гаўляйтэраў, германскія чыноўнікі розных узроўняў, (у тым ліку і вышэйшага ўзроўню) прафэсійна дапамагалі Маскве і яе халуйскаму менскаму рэжыму душыць беларускі народ, нашу моладзь. Яны з сваёй лібэральнай дэмакратыі аказвалі канкрэтную падтрымку мярзотнай дыктатуры і ратавалі яе з усіх сілаў. Цяпер гучыць агаворка, што маўляў, сярод іншых Берлін рыхтаваў таксама «беларускіх крыміналістаў». Сама практыка абвяргае гэты фальшывы пасыл: крымінальная злачыннасьць у Беларусі расьце, міліцыя не дае рады, а часам адкрываюцца крымінальныя справы супраць розных чыноў міліцыі.
А нехта спрачаўся з Зянонам Пазьняком і іншымі фронтаўскімі аналітыкамі, калі яны казалі пра паскудную ролю Нямеччыны ў Беларусі. Гульня Берліна з псэўдаапазыцыйнымі бразготкамі вінцучкамі-мілінкевічамі-лебедько – гэта толькі вяршыня айсбэрга. Цудоўна ведаюць немцы, хто такі Лебедько і Мілінкевіч, і працягваюць падтрымку палітычных жулікаў ды агентуры. А вось цяпер раскрыліся больш сур’ёзныя факты – Берлін рыхтаваў зьнішчальнікаў беларускага народу.
Няхай ведаюць у Берліне – у вызваленай ад маскоўскай акупацыі Беларусі адбудзецца суд, на які будуць прыцягнуты і Вік, і Рар, і шэраг іншых германскіх фігур, якія дастойны залатога значака «Отличник КГБ».

х х х

Як вядома, Ленін ніколі ня быў у Нава-Беліцы, цяперашнім раёне горада Гомеля. Але помнік яму перажыў усе буры апошніх 60 гадоў. Каля кінатэатра «Мір» ён так і паказвае правай рукой у сьветлую будучыню. Яго рэгулярна падмалёўваюць і залапліваюць, высаджваюць каля яго кветкі. Ён не перастае быць «цвіком праграмы» мясцовай раённай улады. Апошнім часам каля беліцкага Леніна ня пройдзеш. Усе перагароджана і ўскапана. Ідзе генэральны рамонт Леніна. Уласна не самога яго, а ўсяго навакольля. Замест асфальтнага пакрыцьця вакол п’едэстала кладуць гладкія і бліскучыя пліты мармура і граніта. Падкручваюць трубы для будучага фантана. Мясцовыя жыхары чакаюць, што тут будзе модная сьветла-музыка з пераліваньнем вады. Вось куды ідуць немалыя грошы з гарадзкога бюджэту на добраўпарадкаваньне горада. У той самы час працягваецца разбурэньне помнікаў культуры і гісторыі, разгортваецца лукашыстоўскае прамываньне мазгоў насельніцтва на акупанцкай мове. На ўсё гэта цяжка глядзець. Але ва ўсім гэтым ёсьць таксама вычварнасьць формы і духа позьняга русіфікатарскага маньерызму.

х х х

Патрыёты-фронтаўцы меркавалі, што рэжым дасьць адмашку на запаўненьне паштовых скрынак насельніцтва ахапкамі макулатуры: улёткамі «кандыдатаў» ад рэжыму і псэўдаапазыцыі, якія будуць завабліваць людзей на выбары. Аднак, да гэтага часу папяровага цунамі не назіраецца. Зрэдку ў скрынку закінуць газэтку або прасьціну-улётку. На прыканцы жніўня па ўсёй сталіцы і ў многіх іншых гарадах паштовыя работнікі (ад рэжымнай службы) раскідалі вельмі шчыльна, літаральна ў кожную скрынку вялікія ўлёткі «Говправды». Усё ў гэтых «говпр» выканана на акупанцкай мове. Цікава пацытаваць гэты «шэдэўр дэмагогіі»:
«Говори правду» – это новая сила, цель которой построить Беларусь для граждан, а не для больших и маленьких начальников. Мы – новое большинство! (…) Что ждём от вас: описания местных проблем или идей, как сделать Беларусь лучше (…). Что делаем мы: ведём переписку с властью, добиваемся встреч с чиновниками и депутатами; организуем сбор подписей, собрания и пикеты, привлекаем к проблеме или идее внимание СМИ и граждан».
На прыканцы гэтай заяўкі «новага большінства» ёсьць цэлы шэраг з адрасамі, тэлефонамі і часам прыёму грамадзянаў «обшчественных пріёмных» гэтай «Говправду». Тут і Менск, і Віцебск, і Рэчыца, і нават Хоцімск з Рагачовым. Адным словам, «магутная сіла»! Цікава, а пра што можна гаварыць з гэтымі «праўдалюбцамі»? А пра ўсё! У іхных зваротак няма аніводнай канкрэтнай ідэі, на якой базавалася б іхная ідэалогія або палітычная пазыцыя. Усё гэта нагадвае псіхіятрычную службу нейкай «гарачай лініі», дзе кожны можа «ізліць душу», падзяліцца сваёй дэпрэсіяй, пакрычаць на ўладу і іншых сваіх вінаватых. Вядома, што баявым кіраўніком-штабістам гэтай дэмагогіі зьяўляецца ўжо вядомы гэбоўскі правакатар Дзімітрыеў. Вядома, што ў «Говправде» круцяцца шалёныя грошы, якія ўсплываюць кожны раз, калі рэжыму патрэбныя «гаваруны» на розныя тэмы. Але бальшыня беларусаў ня ловіцца ўжо на такую груба зьляпаную блясну.

х х х

5 верасьня Радыё Свабода паведаміла пра «стварэньне новай маладзёвай арганізацыі». Называецца яна па-маладзёваму «крута» — «Альтэрнатыва». Заяўлена пра мэты: «Гэта папулярызацыя ідэй дэмакратычнай незалежнай Беларусі. Гэта інфармацыйны накірунак, адукацыйны. І ў цэнтры ўвагі вулічны ўдзел – адстойваньне сваіх правоў актыўным чынам».
І хто ж гэта ёсьць «дэміургам-стваральнікам» гэтай «Альтэрнатывы»? А гэта такі Алег Корбан. Яму 27 гадоў, але ў яго даволі насычаная палітбіяграфія. Ён пасьпеў пабыць у «Маладым Фронце», потым у 2010 г. быў кіраўніком выбарчага штабу па Менску вядомага правакатара Я. Раманчука. За гэта праходзіў па справе «масавых беспарадкаў», але ў жніўні 2011 г. справа была спынена і ён стаўся старшынём структуркі пад тытулам «Маладыя дэмакраты». Сп. Корбан прашумеў таксама сваім выступам у стылі «анты-Лебедько» — аказваецца, ён быў і актыўным сябрам АГП. І вось, пакінуўшы АГП, гэты імпэтны маладзён бярэ курс на самастойнае плаваньне і прызначае сябе капітанам чарговай маладзёвай структуры.
Дарагія юнакі і дзяўчаты, не далучайцеся да структурак, утвораных варожымі Беларусі сіламі і ўзначаленых падлеткавымі папамі-гапонамі!

Янка Базыль

8/9/2012 › Навіны, Курапаты


Навіны
Аналітыка
Актуаліі
Курапаты
Фотаархіў
Беларускія Ведамасьці
Змаганьне за Беларусь
Старонкі гісторыі
Цікавая літаратура

Пошук:




Каляндар:

Верасень 2012
П А С Ч П С Н
« Жні   Кас »
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Ідзі і глядзі:

НАРОДНАЯ ПРАГРАМА «ВОЛЬНАЯ БЕЛАРУСЬ»

С. Навумчык. «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988-1995)»

З. Пазьняк. «Прамаскоўскі рэжым»

Зянон. Паэма «Вялікае Княства»

З. Пазьняк. «Развагі пра беларускія справы»

Курапаты  — беларуская сьвятыня

Збор фактаў расейскага тэрору супраць беларусаў

З. Пазьняк. «Беларуска-расейская вайна»

«Новае Стагоддзе» (PDF)

«Гутаркі з Антонам Шукелойцем» (PDF)

Парсіваль

RSS


Беларуская Салідарнасьць:

ПЛЯТФОРМА НАРОДНАГА ЯДНАНЬНЯ.

1. Беларуская Салідарнасьць гэта ёсьць плятформа Беларускага Адраджэньня, форма ідэйнай лучнасьці паміж беларусамі і пазыцыя змаганьня з акупацыйным антыбеларускім рэжымам. Яе дэклярацыя салідарнасьці простая і надзейная, па прынцыпу Каліноўскага:
— Каго любіш?
— Люблю Беларусь.
— Дык узаемна.

2. Зьместам беларускага яднаньня ёсьць Беларуская нацыянальная дзяржава. Сымвалам Беларускай дзяржавы ёсьць нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.

3. Беларуская Салідарнасьць стаіць за праўду Беларускага Адраджэньня, якое кажа: «Не правы чалавека — галоўнае для беларусаў, а незалежнасьць і свабода, бо не бывае „правоў чалавека“ пад акупацыяй». Трэба змагацца за свабоду і вызваленьне Беларусі, а не прасіць «правоў» у рэжыма і акупантаў. Акупанты правоў не даюць. Яны пакідаюць нам «права» быць рабочым матэрыялам дзеля іхных імпэрскіх інтарэсаў.

4. Беларуская Салідарнасьць сцьвярджае і абараняе дэмакратычныя каштоўнасьці народнага агульнанацыянальнага кшталту, якія мусяць шанаваць і бараніць усе беларусы перад небясьпекай агрэсіўнай пагрозы з Расеі і перад палітыкай антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі на Беларусі.

5. Беларуская Салідарнасьць мацуе грунт, кірунак дзеяньняў і ідэі беларускага змаганьня ў абарону беларускай незалежнасьці, мовы, культуры, беларускай нацыянальнай уласнасьці, маёмасьці і беларускай дзяржаўнай сістэмы дэмакратычнага існаваньня нацыі.

6. Усіх беларусаў як нацыю злучае і яднае беларуская мова, беларуская гісторыя, беларуская зямля, беларуская культура, беларуская дзяржава і ўся беларуская супольнасьць людзей — Беларускі Народ.

7. Усе беларусы, незалежна ад сьветапогляду і палітычных кірункаў, яднаюцца дзеля абароны беларускіх каштоўнасьцяў, беларускіх сымвалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

8. Формы дзейнасьці Беларускай Салідарнасьці могуць быць рознымі, але заўсёды павінна ўлічвацца антыбеларуская палітыка прамаскоўскага рэжыму на Беларусі і пагроза нашаму нацыянальнаму, культурнаму і дзяржаўнаму існаваньню. Таму ва ўсіх справах — Беларусь перад усім. Трэба шанаваць усё беларускае. Шанаваць беларускую дзяржаўнасьць. Шанаваць беларускую мову і беларускі народ. Шанаваць беларускую зямлю і беларускую культуру. Шанаваць здабытак народнай працы. Беларус беларуса мусіць бараніць перад небясьпекай. Беларус беларусу мусіць дапамагаць. Беларус беларуса павінен падтрымліваць паўсюдна на Беларусі і ва ўсім сьвеце.


Сябры й партнэры:

Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ


Беларуская Салідарнасьць // 2000—2024